Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

Устаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

(25. 03. 1918 г. )

“Год назад народ Беларусі разам з народамі Расіі скінулі ярмо расійскага царызму, які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь; ні пытаючыся народу, і ён кінуў наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расійскіе цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай. Самі народы Беларусі, у асобе свайго ўстаноўчага Сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных звязях Беларусі…

Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічэбную перавагу беларускі народ: Магілёўшчыну, беларускія часьці Міншчыны, Гродзеншчыны (з Гроднай, Белостокам і інш. ), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часьці суседніх губерняў, заселеныя Беларусамі.

Беларуская Народная Рэспубліка падцьверджывае ўсе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларусі, якія абвешчаны Устаўной Граматай ад 9 сакавіка 1918г…. "(Белар. гістарычны часопіс. 1993 г. № 1. С. 71 – 72. ).

25 сакавіка 1918 г. была прынята Трэцяя ўстаўная грамата, якая абвяшчала незалежнасць БНР, што яна павінна ўключыць усе землі, дзе жыў і меў колькасную перавагу беларускі народ згодна з этнаграфічнай картай, якую склаў акадэмік Я. Карскі.

Трэцяя ўстаўная грамата павінна была завяршыць працэс самавызначэння і канчаткова канстатаваць стварэнне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Па праблеме тэрыторыі Трэцяя Устаўная грамата не пакідала недамовак. Затое ўзаемаадносіны з Расіяй былі складаныя. Грамата ўказвала на поўную самастойнасць і незалежнасць БНР.

Узяўшы курс на пошукі пагаднення з германскімі акупацыйнымі ўладамі, многія лідэры БНР лічылі, што пры падтрымцы ўлады кайзера магчыма будзе рэалізаваць свае канчатковыя планы. Падобная тактыка ў выніку прывяла да расколу фракцыі БСГ – фактычнага ініцыятара абвяшчэння незалежнасці БНР.

Падводзячы вынікі, трэба адзначыць, што БНР не карысталася падтрымкай народа, таму што беларускі народ у вырашэнні пытання аб агульнадзяржаўным ладзе Беларусі не ўдзельнічаў. Пытанне аб дзяржаўным ладзе Беларусі вырашала нікім неабраная Рада БНР. Таму БНР успрымалася народам, як фарміраванне, створанае групай інтэлігентаў неканстытуцыйным шляхам. Правячыя колы БНР звязвалі свае надзеі на ўзмацненне ўлады з Германіяй. Гэта было аб’ектыўна. Бальшавікі адракліся ад Беларусі, падпісаўшы Брэсцкі мір. Дык з кім можна весці перагаворы?

Трэба адзначыць, што акт ад 25 сакавіка 1918 г. пры ўсім яго значэнні толькі прадэклараваў жаданую незалежнасць, ен застаўся толькі палітычнай акцыяй. Для шырокіх народных мас ён быў нечаканым, яны былі не падрыхтаваны для ўспрыняцця ідэй разрыву з Расіяй.

Нацыянальнае самавызначэнне, утварэнне самастойнай дзяржаўнасці, як канкрэтна-гістарычны працэс, мяркуе не толькі абвяшчэнне тых ці іншых дэкларацый, але фактычнае функцыяніраванне рэальнай сістэмы органаў улады, якія абапіраюцца на асобны дзяржаўны механізм, апарат для кіравання і прымусу выканання законаў і пастаноў, што прымаюцца вярхоўнай і мясцовай уладай. Гэтага ў БНР не было; Рада БНР дэкларавала тэрыторыю, але тэрытарыяльнага размеркавання не было, не было і пагранічнай службы. У БНР не было арміі, унутранай, фінансавай, падатковай сістэмы.

БНР з'яўлялася зародкам дзяржаўнага ўтварэння, але так і не змагла здзейсніць свае прадстаўнічыя і паўнамоцныя функцыі – яны абмяжоўваліся паўнамоцтвамі нацыянальных прадстаўніцтваў пры германскай акупацыйнай адміністрацыі.

Рада БНР рабіла ўсё магчымае для ўтрымання ўлады ў сваіх руках, развівала сваю актыўнасць з боку дыпламатыі, консульскіх прадстаўніцтваў і гэтак далей. Але ўсё гэта пакідалася на паўдарозе, так як афіцыйнага прызнання іншымі дзяржавамі БНР не атрымлівала. Тым не менш барацьбу лідэраў беларускага руху за стварэнне сваёй нацыянальнай дзяржавы нельга недаацэньваць. Як пісаў М. В. Доўнар-Запольскі, эпоха Рады “назаўсёды застанецца адлюстраваннем нацыянальных імкненняў значнай большасці беларускіх арганізацый, імкненняў і спадзяванняў, якімі яны былі ахоплены ў момант вызвалення” (Гісторыя Беларусі. Мн., Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 1994. С. 477).

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, першая спроба ўтварэння беларускай дзяржаўнасці мела вялікае гістарычнае значэнне. Абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і дзейнасць яе рады аказалі ўплыў на развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа: рада БНР прымусіла бальшавіцкі ўрад перагледзець сваю палітыку ў адносінах да Беларусі і пайсці па шляху ўтварэння тыповай савецкай дзяржавы.