Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

Асаблівасцi беларускага нацыянальнага характару

Нацыянальны характар – своеасаблiвая сукупнасць розных псiхалагiчных рысаў i якасцей, уласцiвых большасцi прадстаўнiкоў пэўнай нацыянальнай супольнасцi. Асаблiвасцi нацыянальнага характару адлюстроўваюцца ў найбольш распаўсюджаных рысах паводзiн, пачуццяў, перажыванняў. Нацыянальны характар – шматфактарная з'ява, якая залежыць ад адначасовага ўплыву дэтэрмiнант: прыродна-геаграфiчных, дэмаграфiчных, сацыяльна-палiтычных, эканамiчных, канфесiйных, этнагенетычных, iрацыянальна-мiстычных i iншых.

Каб вызначыць нацыянальны характар, трэба ўзяць “тыповага беларуса”. Рысы псiхалогii беларусаў ўмоўна дзеляцца на станоўчыя i адмоўныя.

Станоўчыя рысы.

1. Талерантнасць (цярпiмасць) да прадстаўнiкоў розных нацый, канфесiй, да людзей з iншым складам мыслення (са старажытнасцi да сучаснасцi на Беларусi нiколi не было крывавых канфлiктаў на нацыянальна-рэлiгiйнай глебе. На працягу ХІV – XVІІ стст. на Беларусi склалася полiэтнiчная полiканфесiйная структура насельнiцтва (пасяленнi яўрэяў, палякаў, татараў), і таму ў ХХ ст. на Беларусі налічваецца прыкладна 120 нацыянальнасцей, 26 канфесiй, 30 палiтычных партый).

2. Мяккасць, пяшчотнасць, паэтычнасць натуры, што ідуць ад своеасаблiвага хараства беларускай прыроды:

Радасна i шумна шалясцяць асiны –

Гоман жоўталiсця я пачуў у iх.

I нiтуюць неба струны-павуцiны

Ў сонечных праменнях чыстых, залатых.

Заплялася песня, заплялася ў нiцях –

Абнiмаў рукамi залаты прастор …

Кружыцца лістота, кружыцца, iмчыцца,

Высцілае ў полi восеньскi ўзор.

Аркадзь Куляшоў

3. Адсутнасць агрэсiўнасцi, ваяўнiчага нацыяналiзму i месiянскай свядомасцi.

4. Мяккасардэчнасць, гуманнасць, мiласэрнасць, спачуванне блiзкаму.

5. Мужнасць, жыццястойкасць, вынослiвасць (успомніце перыяды войнаў).

6. Шчырасць, добразычлiвасць, гасцiннасць, што замацавана ў народнай мудрасці “Госць у хаце – Бог у хаце”.

7. Паводле мiжнароднай статыстыкi беларусы – адзiн з самых працавiтых народаў. В. Ластоўскi казаў:“Наш народ любiць праўду i красу, ён спакойны i разважлiвы, а пры гэтым цвёрды”.

Адмоўныя рысы

1. Некаторая пасiўнасць i апатычнасць.

2. Нерашучасць, абыякавасць, iнертнасць як вынiк гiпертрафірава-най талерантнасцi і памяркоўнасцi:

Круцiлі цябе, як каму падабалася,

Кожны строiў, наводзiў цябе на свой строй,

на свой лад,

Ажно часам жальба, як кляцьба, разлягалася,

Ды нячутай ляцела, уміраючы, у грудзi назад…

Янка Купала “Беларушчына”(1908)

2. 2. Беларускія тапанімічныя назвы. Імёны і прозвішчы

За апошні час у беларускім мовазнаўстве з’явілася шмат арыгінальных прац, прысвечаных даследаванню спецыфікі ўласных імёнаў, тапанімічных назваў, у выніку чаго выдзелілася новая галіна мовазнаўства – анамастыка (ад грэч. onomastike – майстэрства даваць імёны), якая вывучае функцыянальныя і моўныя своеасаблівасці ўласных імёнаў.

Колькасць анамастычных назваў не паддаецца ўліку. На Беларусі больш за трыццаць тысяч афіцыйных назваў населеных пунктаў, апрача гэтага, шмат неафіцыйных.

Сучасная лінгвістычная навука вылучае ў анамастыцы антрапаніміку, у якой вывучаюцца імёны людзей, прозвішчы, імёны па бацьку, мянушкі, і тапаніміку, што вывучае геаграфічныя аб’екты: назвы вёсак, гарадоў, мястэчкаў, хутароў, пасёлкаў, засценкаў, вуліц, праспектаў, дарог, азёр, рэк, нізін, гор, далін, урочышчаў і г. д. Сярод тапанімічных назваў вылучаюць айконімы – назвы населеных пунктаў – гарадоў, мястэчкаў, пасёлкаў, вёсак, хутароў, засценкаў, раз’ездаў, а таксама ўрбонімы – назвы ўнутрыгарадскіх аб’ектаў – плошчаў, вуліц, праспектаў, паркаў, тэатраў, музеяў, гасцініц, помнікаў і г. д.; мікратапонімы – назвы дробных, невялікіх аб’ектаў – палёў, узлескаў, гаёў, баравін і г. д. Асобна стаяць гідронімы – назвы азёр, рэчак, ручаёў, сажалак, вадасховішчаў, забалочаных мясцін, калодзежаў, крыніц, равоў, канаў і каналаў; дрымонімы – назвы лесу – пушчаў, хвойнікаў, дуброў, лазнякоў, бярэзнікаў, алешнікаў і г. д.; касмонімы і астронімы – назвы зон касмічнай прасторы, галактык, сузор’яў, назвы нябесных цел. У анамастычных працах выдзяляюць таксама заонімы – уласныя імёны (мянушкі) жывёл, хранонімы – назвы адрэзкаў часу (Новы год, Тройца, Вялікдзень, Пакровы, Радуніца, Спас), тэонімы – імёны багоў, міфалагічных істот.

Разгляд назваў беларускага этнасу і тэрыторый яго пражывання патрабуе адказаў на шматлікія пытанні, і, ў першую чаргу, аб генезісе самой назвы Белая Русь. Беларусь – гэта этнонім – мігрант. Як лічаць даследчыкі, спалучэнне Белая Русь упершыню ўжыў канцлер Польшчы Я. Чарыкоўскі ў XIV ст. Аднак гэта назва, як указвае даследчык В. Шур у сваёй кнізе “З гісторыі ўласных імёнаў”, бытавала яшчэ ў IX ст. Яе першымі сталі ўжываць волжскія булгары са значэннем “заходняя Русь”. У пісьмовых жа помніках, як адзначае В. Тацішчаў, тэрмін Белая Русь упершыню засведчаны ў Раскольніцкім і Растоўскім рукапісах пад 1135 г. для абазначэння зямель Растова-Суздальскага княства. Аж да XVIII ст. гэтай назвай усходнія славяне і суседнія з імі народы называлі самыя разнастайныя ўсходнеславянскія землі.

У розных даследаваннях можна прачытаць, што Белай Руссю спачатку называлі Наўгародскія, Пскоўскія, Растоўскія, Мурамскія землі. Аўтар “Хронікі Еўрапейскай Сарматыі” А. Гваньіні сцвярджаў, што ёсць траякая Русь: Белая, Чорная, Чырвоная. Белая – каля Кіева, Мазыра, Мсціслаўля, Віцебска, Оршы, Полацка, Смаленска і зямлі Северскай, якая здаўна належыць Вялікаму княству Літоўскаму. Словы-азначэнні Белая, Чырвоная, Чорная, вядомыя з X – XII стст., у спалучэнні з уласным назоўнікам Русь напачатку мелі выключна геаграфічны, прасторавы сэнс. У той перыяд многія народы свету для размежавання напрамкаў свету выкарыстоўвалі каляровыя абазначэнні: поўнач сімвалізавалася чорным колерам, поўдзень – чырвоным, усход – жоўтым ці блакітным, захад – белым.

У пазнейшы перыяд ва ўсходнеславянскіх народаў колерныя азначэнні пачалі выконваць іншую функцыю: белы – сімвалізаваў станоўчыя адзнакі, вышэйшы нябесны пачатак, чорны – абазначаў процілеглыя якасці і паняцці, і таму ў XIV ст. назва Белая Русь была замацавана за Маскоўскай Руссю, на долю якой выпала роля цэнтра. У XVI ст. тэрмін Белая Русь набыў значэнне “Вялікая Русь”, а Іван III уключыў назву ў царскі тытул.

На мяжы I – II тысячагоддзяў новай эры Чорнай Руссю называлі землі яцвягаў па прычыне іх чорнага адзення: Гародзен (Гродна), Навагародак (Наваградак), Услонім (Слонім), Здзітава і інш., якія былі каланізаваны славянамі. У канцы XIII ст. тэрыторыя Чорнай Русі была ўключана ў ВКЛ, а сама назва пашырылася на ўсю славянскую частку княства. Прыметнік чорная ў той перыяд меў значэнне “замежная, падпарадкавальная”. На думку іншых даследчыкаў, Чорнай Руссю з X – XI стст. называлі самыя розныя землі ўсходніх славян (дрыгавічоў, радзімічаў, дулебаў і інш. ), дзе язычніцтва доўга не саступала месца праваслаўю.

Чырвонай Руссю называлі паўднёва-заходнія землі Кіеўскай Русі, дзе галоўнымі гарадамі былі Львоў, Перамышль, Самок, Галіч. У пісьмовых крыніцах тэрмін Чырвоная Русь фіксуецца з XV ст. З XVIII ст. гэтая назва амаль не ўжывалася.

У першай палове XVII ст. тэрмін Белая Русь замацоўваецца за ўсходняй часткай сучаснай Беларусі (Віцебшчына, Магілёўшчына, часткова Міншчына); Гродзеншчыну, паўночна-заходнюю Міншчыну ў той перыяд называюць Літвою, а заходнюю частку – Чорнай Руссю.

Паводле адной тэорыі, Белай Руссю пасля XIII ст. называлі землі Русі, якія не былі заваяваны мангола-татарамі (сучасная Беларусь, Пскоўшчына, Наўгародчына). Паводле другой, назва Беларусь (Белая Русь) паходзіць ад колеру адзення жыхароў або ад фізічнай адзнакі яе насельнікаў, якія ў параўнанні з суседнімі народамі больш светлыя, бялявыя.

Канчатковая геаграфічная прывязка найменняў Белая, Чорная Русь за сучаснай Беларуссю, як адзначыў А. Катэрлі, адбываецца з XVI да XVIII ст. Этнонім беларусы, на думку А. Белага, у канцы XIX – XX ст. выцясняе іншыя агульныя для ўсёй Беларусі назвы (ліцьвіны, русіны, руськіе і інш. ). Дзве тэорыі ўзнікнення назвы Беларусь прыводзіць У. Караткевіч у нарысе “Зямля пад белымі крыламі”: “Ёсць некалькі варыянтаў паходжання гэтай назвы… Першы: белае адзенне даўніх вясковых людзей, белыя іхнія валасы, белы колер скуры. Другі (а ён аніяк не супярэчыць з першым), калі на нашы старажытныя славянскія землі прыйшлі татара-манголы – здолелі адбіцца ад іх амаль адны толькі мы. Паў Уладзімір, Разань, Кіеў. Да Ноўгарада захопнікі не дайшлі толькі таму, што пачаліся дажджы.

Мы – адбіліся, і менавіта таму мы “белая”, чыстая ад нашэсця татараў Русь. А гэта да шмат чаго абавязвае, і вы заўсёды памятайце гэта”.

На пачатку XX ст. назва Беларусь выкарыстоўваецца як геаграфічнае найменне Магілёўскай, Мінскай, часткі Віцебскай, Гродзенскай і Віленскай губерняў. У дачыненні да паўднёва-заходніх тэрыторый ужывалася назва Літоўскае Палессе.

Практычна ў нас на Беларусі няма ніводнай гістарычнай назвы, пра якую не было б складзена адна ці некалькі легендаў аб яе паходжанні. Не з’яўляецца выключэннем з гэтага правіла і сама сталіца Беларусі – Мінск. Згодна адной легендзе ён бярэ сваю назву ад мясцовай рэчкі Менка, другой – ад месца, дзе адбываўся інтэнсіўны абмен таварамі паміж тубыльскімі і прыезджымі купцамі. Не выпадкова таму і старажытныя назвы Мінска – Менеск, Менск, дзе выразна прысутнічае корань слова мен.

Калі беларускія землі апынуліся пад уплывам культуры Рэчы Паспалітай, у службовым справаводстве беларускую мову пачалі паступова замяняць польскай мовай, і таму на польскі лад (і па аналогіі з польскім горадам Мінск-Мазавецкі) сталі пісаць Мінск. На гэты факт не звярнулі ўвагі і царскія чыноўнікі пасля таго, як Мінск у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) быў далучаны да Расійскай імперыі.

З пункту гледжання навукі на тапонім Магілёў усё вельмі проста: у аснове яго дахрысціянскае асабовае імя Магіла, да якога дадаецца суфікс – ёў. Такіх назваў населеных пунктаў патранімічнага паходжання ва ўсходнеславянскіх народаў нямала. Але ў беларускім народным паданні існуе даволі цікавае меркаванне, якое ў свой час захапіла і фантазію Я. Купалы. Паводле існуючай легенды, Магілёў быў закладзены ля магілы бясстрашнага змагара з сацыяльнай несправядлівасцю Машэкі. Гэты фальклорны сюжэт апрацаваў народны пясняр Я. Купала для сваёй паэмы “Магіла льва”, а  Е. Міровіч і В. Вольскі паклалі яго ў аснову п’есы “Машэка”. Распаўсюджанню легенды садзейнічала і напісанне беларускім кампазітарам Р. Пукстам оперы “Машэка”.

Яго высокую магілу –

Дзе лес ды вецер панаваў –

Знаць, што вялікую меў сілу,

“Магілай льва” народ назваў.

Над ёю з часам дрэвы палі,

І горад вырас, як з зямлі,

Яго Магілёвам назвалі,

Бо інакш прыдумаць не маглі.

Пры самым месцы, дзе хаваці

Людцы нябожчыкаў нясуць,

Гару з магіламі відаці –

Яе Машэкавай завуць.

Некаторыя навукоўцы лічаць, што заснавальнікам горада была канкрэтная гістарычная асоба Леў Данілавіч Могій – кіеўскі князь, які заснаваў замак на месцы сучаснага Магілёва: ад зліцця прозвішча Могій і імя Леў ўзнікла сучасная тапанімічная назва.

Адзін з самых распаўсюджаных славянскіх тэрмінаў горад, гарадзьба ляжыць у аснове тапоніма Гродна. Паводле розных старажытных пісьмовых крыніц вядомы наступныя яго варыянты: Городень, Городна, Городня. Апошнім часам на старонках мастацкай літаратуры, літаратурна-мастацкіх часопісаў усё часцей замест афіцыйна прынятай цяпер назвы Гродна ўжываецца старажытны тапонім Гародня.

Назва Брэста выводзіцца ад слова “бяроста” (бярозавая кара). У старажытных летапісах гэты горад зазначаўся як Берасце (Бярэсце).

Апроч гістарычных найменняў цікавымі з’яўляюцца назвы населеных пунктаў, у якіх увасоблены:

– геаграфічныя і прыродна-кліматычныя своеасаблівасці роднага краю (г. Браслаў Віцебскай вобласці – ад балтыйскага слова brastá – брод; населеныя пункты: Вялікае Памета (Расонскі р-н), Сасновае Балота (Бярэзінскі р-н), Белыя балоты (Гродзенскі р-н), Балотаўскі (Шумілінскі р-н), Бараўляны, Баравая (ад бор).

– характар вытворча-прафесійнай дзейнасці людзей, спосабы і формы задавальнення імі сваіх матэрыяльных і духоўных патрэб (Рудзенск (Пухавіцкі р-н), Рудаўка – Нясвіжскі і Браслаўскі р-ны) ад назвы “руда” – від прыроднай мінеральнай сыравіны або назва невялікага прадпрыемства, дзе прымітыўным спосабам выплаўлялі жалеза з руды; Ганчары (майстры па вырабу глінянага посуду), Кавалі, Дзегцяроўка (гоншчыкі дзёгцю);

– сацыяльныя слаі насельніцтва (Бірчукі Пухавіцкага р-на – ад бірчы – зборшчыкі подаці); Біскупцы Ваўкавыскі і Лідскі р-ны – ад назвы духоўнай асобы – біскуп; Княжыцы Магілёўскі р-н; Халопенічы Крупскі р-н; – адлюстраваныя ў назвах міжэтнічныя працэсы:

Жмойдзякі (Івацэвіцкі р-н), Жамойск (Докшыцкі р-н) назвы, утвораныя ад адной з этнічных груп літоўскага насельніцтва;

Відзы, Відзінскі Браслаўскі р-н – ад назвы жыхароў Відзеўшчына Маладзечанскага р-на гістарычнай вобласці Латвіі – Відземе;

Кашубінцы (Гродзенскі р-н), Ляхавічы (Брэсцкая вобл. ) – назвы польскага этнанімічнага паходжання; Койданава (з 1932 г. – Дзяржынск – ад імя татарскага хана Койдана).

Цыганкі (Сенненскі і Шархошчынскі р-ны), Цыганоўка (Зэльвенскі р-н) – у назвах увасоблена цыганскае насельніцтва.

Беларуская нацыянальная тапанімія вельмі багатая. Шкада, што зусім з іншых пазіцый зыходзіла мясцовая адміністрацыя, калі паласавала назвы беларускай зямлі. Усё тое, што зроблена з назвамі беларускай зямлі адміністрацыяй Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, не ідзе ні ў якое параўнанне з учыненнем адразу ж пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 г. Зніклі назвы: Раманава (Леніна Горацкага р-на), Алеская (вёска Розы Люксембург), Прапойск (Слаўгарад), Блудзень (Першамайскае Бярозаўскага р-на), Ігумен (Чэрвень), Шацілкі (Светлагорск).

Асаблівую цікавасць выклікае паходжанне ўласных імён і прозвішчаў. Адны з іх маюць празрыстую ўнутраную форму, паходжанне іх лёгка высвятляецца, асабліва калі яны сугучныя з агульнымі назоўнікамі або з’яўляюцца складанымі словамі. Такіх імён у беларускай мове (як і ў рускай, і ўкраінскай) параўнальна мала: Надзея – імя дзяўчыны, жанчыны і надзея – тое, на што можна спадзявацца; Уладзімір – хто валодае мірам, Любамір – любы міру (людзям) ці той, хто любіць мір і інш. Частка такіх імён шырока бытавала ў XI – XVIII стст. (Багдан, Багалеп, Яраполк і інш. ). Такія ўласна славянскія імёны, як і некаторыя іншыя дахрысціянскага перыяду, выконвалі некалькі функцый:

  1. служылі для абазначэння асобы і вылучэння яе з ліку іншых;

  2. павінны былі абараняць носьбіта імені ад злых сіл.

Большасць жа імёнаў можна растлумачыць, выкарыстоўваючы спецыяльныя слоўнікі або факты з розных моў. У свой час у Візантыі былі сабраны і кананізаваны (зроблены царкоўнымі) лепшыя імёны лацінскай і грэчаскай моў і моў суседніх краін. Таму большасць нашых усходнеславянскіх хрысціянскіх асабовых імёнаў – гэта грэчаскія, старажытнарымскія, старажытнаяўрэйскія, сірыйскія і егіпецкія мовы. Так, напрыклад, імёны Андрэй, Васіль, Галіна – з грэчаскай мовы; Эдуард, Марына, Юлія – з лацінскай. Многія імёны ў беларускай народна-дыялектнай мове набылі разнастайныя дыялекты; Софья – Зося; Васілій - Васіль, Базыль; Елена – Алена і інш.

У старажытны час многія ўласныя імёны ў славян утвараліся ад назваў жывёл, раслін і г. д. (Заяц, Дуб, Сокал…). У пазнейшы час ім на змену прыйшлі новыя імёны, дзе адчувалася семантыка слоў-характарыстык: Яраполк, Уладзіслаў.

Пасля хрысціянства ў першыя два – тры стагоддзі існавала двухіменне – спалучэнне хрысціянскага і язычніцкага імёнаў для абазначэння адной асобы (напрыклад, адзін з сыноў полацкага князя Барыса быў Рагвалод – Васіль). Паводле сведчання даследчыкаў, ва ўсходніх славян у XV – XVI стст. каляндарныя імёны мелі 89 % насельніцтва, а язычніцкія – 11 %.

Многія беларусы каталіцкага веравызнання мелі два імя. Так, класік беларускай літаратуры меў наступнае поўнае імя і прозвішча: Францішак Бенядзікт Казіміравіч Багушэвіч. У эпоху сярэднявечча былі вядомымі знатныя беларускія дзеячы: Мікалай – Крыштоф Радзівіл, гетман Ян-Еранім Хадкевіч.

У выніку розных гістарычных абставін на Беларусі атрымалі пашырэнне і ўзаемадзеянне дзве сістэмы ўласных імёнаў: візантыйска-грэчаская і рымска-каталіцкая (Васіль – Базыль, Іван – Ян, Варвара – Барбара, Іосіф – Юзэф, Сцяпан – Стэфан і г. д. ).

Сучасныя беларускія імёны – гэта змененыя, трансфармаваныя паводле законаў беларускай фанетыкі і марфалогіі, у асноўным грэчаскія і рымска-каталіцкія, імёны. Напрыклад, Ульяна – ад рымскага Юліана, Таццяна – ад Таціана, Ахрэм – ад грэчаскага Ефраім, Астап – ад Еўстафіос.

У XI – XIII стст. пасля прыняцця хрысціянства афіцыйная царква забараняла выкарыстоўваць традыцыйныя язычніцкія імёны, якія для простых людзей былі зразумелыя сэнсам (гэта імёны тыпу “Бяляй”, “Хрыпун”, “Гуляй” і інш. ). У пазнейшы час царква змірылася, і на аснове язычніцкіх імён у рускай, беларускай і ўкраінскай мовах у розных варыянтах былі ўтвораны прозвішчы: Бялевіч, Бяляўскі, Бяляцкі, Бяляеў і інш.

Лексічны склад беларускіх прозвішчаў надзвычай багаты і разнастайны. З погляду гісторыі мовы антрапанімія (уласныя імёны, прозвішчы) з’яўляецца захавальніцай слоўнага багацця папярэдніх эпох. Паходжанне многіх беларускіх прозвішчаў матываванае. Даследчыкі адзначаюць, што шматлікія беларускія прозвішчы ўтварыліся семантычным спосабам – шляхам пераасэнсавання былых назваў-характарыстык асобы па тых ці іншых адзнаках ці ад гутарковых форм імёнаў. Прозвішчы, утвораныя ад апелятываў, складаюць у беларускай анамастыцы каля 40 % ад усіх вядомых. Апелятывы наступныя:

  1. назвы канкрэтных прадметаў (Квач, Квашк, Корж, Латка, Лаза, Струна…);

  2. назвы частак цела чалавека (Барада, Вус, Зуб, Зубец, Вуха, Шчака…);

  3. прозвішчы-мянушкі ад характэрных фізічных прыкмет сваіх уладальнікаў (Горб, Плеш, Сіняк, Шышка…);

  4. назвы рыб, птушак, раслін, насякомых, жывёл (Заяц, Лось, Пацук, Цюлень, Сом, Верабей, Сокал, Салавей, Чайка, Вярба, Саранча, Грэчка, Плюшч, Рэпа);

  5. назвы ягад і грыбоў (Баравік, Апенька, Ягада, Каліна, Маліна).

Нельга забываць, што на Беларусі прыкладна да XV ст. чалавека называлі па месцы, адкуль ён быў родам ці праявіў сябе як асоба (Е. Полацкая, А. Смаленскі, К. Тураўскі…).

Паступовы працэс фарміравання прозвішчаў уключаў у сябе некалькі перыядаў:

  1. адны прозвішчы паходзяць ад агульных назоўнікаў, якія паспелі на прамежкавым этапе набыць уласнае імя чалавека (Каваль, Рысь, Рабы…);

  2. другія – утварыліся ад уласных кананічных імён (Іван – Іванец – Іванюк – Іваненка – Іваноў);

  3. трэція – ад шматлікіх агульных назоўнікаў, якія падкрэслівалі характэрную асаблівасць чалавека і былі спачатку імёнамі-мянушкамі;

  4. назвы па прафесіі (Стралец, Шапавал, Каваль);

  5. паселішчы, дзе чалавек нарадзіўся (Туравец, Пінчук, Мінчук, Глускі, Слуцкі, М. Гусоўскі);

  6. па мясціне, дзе знаходзіўся фальварак, маёнтак, надзел, іншыя ўладанні чалавека (Падгайскі, Залескі, Падлужны, Забалотны, Паляшук);

  7. паводле характэрнай прыметы знешнасці, характару, звычкі (Маўчун, Скупы, Крыкун, Крывуцкі, Таўкач, Хітрун…);

  8. ад назваў народаў і этнічных груп, што некалі жылі або па розных прычынах трапілі на Беларусь, а пазней асіміляваліся сярод беларусаў (Кацапаў, Кацапоўскі – кацапамі на ўсходзе Беларусі называлі былых старавераў, што перасяліліся з цэнтральных абласцей Расіі – Паляк, Палякоў; Лях, Ляхавец – ляхамі на Украіне і Беларусі некалі прыніжана называлі палякаў).