Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

12. 1. Праблема беларускай дзяржаўнасці ў гістарычнай навуцы

У сучаснай навуковай літаратуры адлюстраваны розныя думкі па праблеме беларускай дзяржаўнасці (Басюк І. А. Беларуская дзяржаўнасць: асноўныя этапы і праблемы яе развіцця // Асновы тэорыі дзяржавы. Мн., 1995. С. 103 – 125; Сокал С. Ф. Гісторыя дзяржавы і права БССР (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1989. С. 17; Заяц Ю. А. У истоков белорусской государственности// Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы): Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Мн. . 3 – 5 лютага 1993; Ермаловіч М. Па слядах аднаго міфа. Мн., 1989; ён жа: Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды. Мн., 1990; Игнатенко И. М. Октябрьская революция: самоопределение Белоруссии. Мн., 1992; ён жа, Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі. Мн., 1995. С. 192 – 222).

Улічваючы навейшыя даследаванні па вышэйуказаных праблемах, умоўна можна выдзеліць наступныя перыяды станаўлення беларускай дзяржаўнасці:

- старажытнабеларускі (ІХ – першая палова ХІІІ ст. );

- беларуска-літоўскі (другая палова ХІІІ – XVІІІ ст. );

- Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVІІІ ст. – 1917 г. );

- абвяшчэнне БНР (25. 03. 1918 г. );

- стварэнне БССР (01. 01. 1919 г. );

- аб'яднанне Беларускай і Літоўскай рэспублік. (1919 г. ).

На першым пасяджэнні Саўнаркама Літвы і Беларусі 28 лютага 1919 г. было вырашана назваць рэспубліку “Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літва і Беларусія”.

Пытанне аб аб'яднанні рэспублік узнікла з прычыны пагрозы ваеннага нападу буржуазна-памешчыцкай Польшчы на Савецкую краіну.

- 31 ліпеня 1920 г. была прынята “Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь”. Гэты дакумент аб'яўляў пра аднаўленне БССР, абвешчанай яшчэ 1 студзеня 1919 г.

- 30 снежня 1922 г. БССР у складзе СССР.

- Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, прынятая Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 г.

12. 2. Вытокі беларускай дзяржаўнасці

Як вы ведаеце, да сярэдзіны ХІХ ст. на тэрыторыі, заселенай старажытнымі славянскімі супольнасцямі, пачалі фарміравацца раннефеадальныя княствы. На тэрыторыі Беларусі самымі значнымі былі Полацкае і Тураўскае княствы. Полацк – самы старажытны беларускі горад, і Полацкая зямля – найбольш моцнае княства з усіх, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі ў ІХ – ХІІІ стст. Горад і яго землі былі непадзельныя ў адміністрацыйных адносінах, і назвы “Полацк” і “Полацкая зямля” выкарыстоўваліся тады як сінонімы. “Полацкая зямля” – гэта назва дзяржаўнага ўтварэння, якое гісторыкі называюць Полацкім княствам. У момант яго ўзнікнення вялікая роля належала геаграфічнаму, этнічнаму і сацыяльна-эканамічнаму фактарам. Размяшчэнне горада мае шэраг геаграфічных асаблівасцей. У першую чаргу да іх адносяцца разгалінаваная рачная сетка, вялікая колькасць азёр, хваёвыя лясы. Ворыўныя землі на месцы гэтых лясоў былі асабліва ўрадлівымі. Полацкаму княству не пагражала палавецкая небяспека, а вялікі гандлёвы шлях у Заходнюю Еўропу, які праходзіў праз яго тэрыторыю, спрыяў хуткаму эканамічнаму і культурнаму развіццю.

Заканадаўчая ўлада ў Полацкім княстве належала вечу – народнаму сходу. Веча выбірала князя, абвяшчала вайну і заключала мір, прымала пастановы, якія рэгулявалі грамадска-прававыя адносіны.

Выканаўчая ўлада ў Полацкім княстве належала князю, які займаўся вайсковай справай, хадзіў у паходы са сваей дружынай. Акрамя таго, ён быў заняты адміністрацыйнай справай, вяршыў суд, ахоўваў гандлёвыя шляхі.

Полацкае княства існавала як дзяржава, у якой асноўным насельніцтвам былі прабеларускія плямёны крывічоў-палачан. Сацыяльнай сілай, якая адлюстроўвала мясцовыя палітычныя тэндэнцыі, было полацкае баярства, якое спрыяла ўзбагачэнню і росту тэндэнцый да незалежнасці.

Працяг славянізацыі краю і барацьба з варожымі нападкамі патрабавалі ўзмацнення вайсковай сілы князя і яднання мясцовых феадалаў. У ХІ ст. Полацкае княства было даволі моцным у ваенных і эканамічных адносінах. Пра гэта сведчыць тое, што ў 1021 г. былі далучаны да Полацка гарады Усвяты і Віцебск, полацкія князі двойчы займалі Ноўгарад (1021 і 1066 гг. ), змагаліся за Пскоў (1065) і Смаленск (1078).

У 30-ыя гг. ХІІ ст. у выніку феадальнага драблення і палітычнай барацьбы баярскіх груповак за ўладу адбываецца яго ўнутранае аслабленне. У 70 – 80 гг. ХІІ ст. полацкія і віцебскія князі пападаюць у залежнасць ад Смаленскага княства, і потым у ХІІІ – пачатку ХІУ ст. Полацкае, Мінскае, Друцкае і Віцебскае княствы былі ўключаны ў новае феадальнае фарміраванне – Вялікае княства Літоўскае.

Такім чынам, аб дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі ў часы Кіеўскай Русі можна гаварыць упэўнена. Полацк быў сталіцай буйнога княства са сваёй княжацкай дынастыяй, вечавым ладам, моцным войскам.

У канцы 80-ых – пачатку 90-ых гг. ХХ ст. у навуковай літаратуры ўсё настойлівей праводзіцца думка аб тым, што Полацкае княства з'яўляецца першай беларускай дзяржавай. Гэтую думку падтрымлівалі даследчыкі Г. Штыхаў, М. Ткачоў, М. Ермаловіч. Адвяргалі гэтае палажэнне даследчыкі А. Замскі, А. Ігнаценка, М. Піліпенка.

Галоўная лінія спрэчак па данай праблеме праходзіць не вакол палажэння: ці было Полацкае княства дзяржавай наогул ці не. Гісторыкі ў асноўным адзіныя ў думцы, што Полацкае княства мела ўсе атрыбуты дзяржаўнасці, якія па сацыяльна-эканамічным і культурным ўзроўні нічым не саступалі развітым дзяржавам таго часу.

Дыскусіруецца пытанне аб ступені самастойнасці гэтай дзяржавы: калі яно ўзнікла, на працягу якога часу ўваходзіла ў склад старажытнарускай дзяржавы, у якіх адносінах знаходзілася з Кіевам і калі выйшла са складу Русі. Спрэчкі выклікае той пункт гледжання, што ў ІХ – Х стст. Полацкая зямля была самастойнай дзяржавай, адасобленай ад Кіеўскай Русі.