Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

3. 3. Утварэнне беларускай літаратурнай мовы. Самасвядомасць і беларуская мова і літаратура

Мова – адзіная з’ява, якая аб’ядноўвае народ у нацыю. Асноўнай прыкметай нацыянальнай самасвядомасці з’яўляецца выкарыстанне нацыянальнай мовы.

Беларуская мова ў сваім развіцці прайшла складаны перарывісты шлях. У яе фарміраванні выдзяляецца 5 перыядаў.

  1. Полацкі – ІХ – ХІІ стст.

  2. Літоўска-беларускі – ХІІ – XVІ стст.

  3. Перыяд засілля Рэчы Паспалітай – XVІ – XVІІІ стст.

  4. Перыяд уладарання Расійскай імперыі – XVІІІ – ХХ стст.

  5. Сучасны.

У перыяд усталявання Полацкага княства фарміруецца буйны мясцовы дыялект, пад уплывам якога старажытнаславянская мова набывае шэраг асаблівасцей, якія сведчаць аб станаўленні старабеларускай мовы: “дзеканне”, “цеканне”, “яканне”, зацвярдзенне шыпячых і “р”. На старажытнабеларускай мове складаюцца Смаленскія граматы, Полацкія граматы, укладанні, розныя дзяржаўныя акты.

Старажытная беларуская пісьменнасць прадстаўлена мясцовымі летапісамі, граматамі, старажытнымі пячаткамі, посудам, берасцянымі граматамі. Адбываецца працэс фарміравання беларускай мовы, што знаходзіць адлюстраванне ў бытавым пісьме. Мясцовыя літаратурныя школы з’яўляюцца ў Тураве і Полацку. Асвета Полаччыны цесна звязана з праваслаўем. Выдатныя дзеячы кніжнай асветы – Клімент Смаляціч, Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая.

У беларускай мове да ХІV ст. складаюцца спецыфічныя з’явы, якіх не было ў іншых усходнеславянскіх мовах. На тэрыторыі Беларусі да ХІУ ст. ужываецца беларуская і царкоўнаславянская мова, якая ў XVІ ст. прыходзіць у заняпад.

Літоўска-беларускі перыяд цесна звязаны з полацкім. У дачыненні да беларускай мовы гэтага часу ўжываецца метафара “залаты век”. Беларуская мова на тэрыторыі ВКЛ выконвала дзяржаўную функцыю, абслугоўвала патрэбы дзяржаўнага кіравання. На ёй развіваецца і афіцыйнае справаводства, ствараюцца буйнейшыя помнікі еўрапейскай грамадска-палітычнай думкі – статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588 гг., на беларускай мове ўбачылі свет усе зводы законаў старажытнай дзяржавы: Вісліцкі статут – 1423 – 1438 гг., Судзебнік Казіміра Ягайлавіча – 1468 г., Трыбунал – 1586 г., статуты, а таксама вялікая колькасць дакументаў, метрыкі ВКЛ.

Мова нашых продкаў выконвала дзяржаўную функцыю на ўсёй тэрыторыі дзяржавы, была сродкам зносін паміж людзьмі розных нацыянальнасцей. Пасля Люблінскай уніі беларускія землі перайшлі пад уладу Рэчы Паспалітай, асобнасць і незалежнасць іх як дзяржаў была страчана.

Пачынаючы з XVІІ ст. узмацняецца польская экспансія, беларуская мова з афіцыйнага ўжытку выцясняецца. З 1696 г. статус дзяржаўнай мовы на былой тэрыторыі княства замацоўваецца за польскай мовай. Аднак народ, нягледзячы на ўзмацненне паланізацыі, захоўваў агульнанародную мову, яе слоўнікавы склад, праз вусную народную творчасць: казкі, прыказкі, прымаўкі, загадкі, песні, абрады.

У канцы XVІІІ ст. пасля далучэння беларускіх зямель да тэрыторыі Расійскай імперыі наглядаецца значнае ўзмацненне эканамічных сувязей паміж рознымі раёнамі Беларусі, што абумовіла больш інтэнсіўнае працяканне працэсу фарміравання беларускай нацыі і мовы. Ва ўтварэнні новай беларускай нацыянальнай мовы з гэтага часу вялікую ролю адыгрываюць народныя гаворкі цэнтральных раёнаў Беларусі ва ўзаемадзеянні з паўночна-ўсходнім дыялектам.

У распрацоўцы беларускай мовы паклалі пачатак першыя ананімныя рукапісныя творы, так званыя гутаркі, напрыклад “Гутарка Данілы са Сцяпанам”, пасля якіх выходзяць у свет ананімныя паэмы. На развіццё беларускай літаратурнай мовы вялікі ўплыў аказала творчасць В. І. Дуніна-Марцінкевіча, які не толькі пісаў па-беларуску, але і займаўся асветніцкай дзейнасцю.

Значную ролю ў развіцці новай беларускай літаратурнай мовы адыграў Ф. Багушэвіч, у творах якога была зроблена літаратурная апрацоўка паўночна-ўсходняга дыялекту. Але ў сувязі з тым, што беларуская мова царскім самаўладдзем не прызнавалася, была забаронена як мова нацыянальная, працэс яе развіцця адбываўся вельмі стыхійна. Практычнае і навуковае развіццё мовы ішло самастойна. Новая беларуская мова складвалася ва ўмовах поўнага адрыву ад старой пісьмовай мовы. Старажытныя пісьмовыя помнікі (рукапісы, старадрукаваныя кнігі) існавалі толькі ў адзінкавых экземплярах, была знішчана ўся літаратура, якая была звязана з рэвалюцыйнымі падзеямі 1863 г. Новая літаратурная мова выпрацоўвае нанава лексічныя, граматычныя, іншыя моўныя нормы. Стваральнікі новай беларускай мовы мелі магчымасць звярнуцца да адзінай крыніцы – жывой мовы народа. Гісторыя новай літаратурнай мовы – гэта гісторыя складання нанава графічнай сістэмы, новых правапісных нормаў, істотнае папаўненне новай лексікі.

Новая літаратурная мова адкінула ўсё кансерватыўнае, што ішло ад старой пісьменнасці, адпалі польскія запазычанні.

Беларуская літаратурная мова – мова апрацаваная пісьменнікамі, мовазнаўцамі, навуковымі супрацоўнікамі, унармаваная, занесеная ў слоўнікі.