Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

Этапы фарміравання беларускай літаратурнай мовы

І. 1870 г. – “Словарь белорусского наречия” Івана Насовіча – ураджэнец Магілёўшчыны.

ІІ. Шмат карыснага па вывучэнні роднага слова, культуры свайго народа зрабіў этнограф, пісьменнік, гісторык Аляксандр Ельскі. Яго работы: “Пра беларускую гаворку” (1885), “Слоўнік жабрачае гаворкі на Белай Русі” (1886), “Слова пра матэрыялы для вывучэння беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры” (1886).

ІІІ. Найбольш адметны след у беларускім адраджэнні пакінула моладзь, што вучылася ў ВНУ Пецярбурга: беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага універсітэта, якім з 1912 – 1916 гг. кіраваў беларускі фалькларыст і этнограф Аляксандр Разенфельд – аўтар кнігі “Беларускія народныя песні”, “З жыцця беларуса”.

ІV. Пачынаючы з 70-ых гг. ХІХ ст. у Расійскай імперыі пра культуру, мову Беларусі была выдадзена вялікая колькасць літаратуры. Акрамя таго, аб існаванні беларускай мовы як самастойнай пісаў харвацкі філолаг-славіст І. Ягіч. Ён ішоў ад чэшскага даследчыка XVІ ст. Беняшоўскага.

V. У 1903 г. на другім з’ездзе РСДРП у прынятую праграму партыі ўваходзіць:

  • права насельніцтва атрымліваць адукацыю на роднай мове;

  • права кожнага грамадзяніна гаварыць на роднай мове на сходах;

  • увядзенне роднай мовы нароўні з дзяржаўнай ва ўсіх установах.

Шмат паклапаціўся аб вяртанні беларускай мовы на законны пасад Ф. Багушэвіч. В. Ластоўскі патрабаваў дыферэнцыравана ставіцца да беларусаў:

a) тых, хто перайшоў на чужую мову дзеля выгады,

б) тых, хто адмовіўся ад роднага слова “праз сваю цемнату”.

У сваёй публікацыі “Што трэба ведаць кожнаму беларусу” ён пісаў: “А хто стыдаецца роднай мовы, варты таго, каб і яго добрыя людзі стыдаліся, як вырадка, каб ім пагарджалі, як недалюдкам. Бо, стыдаючыся роднай мовы, ён крыўдзіць не толькі дзядоў-бацькоў сваіх, але і ўвесь народ. Справядлівы, добры чалавек ніколі не стыдаецца роднай мовы. Ён і сам гаворыць сваёй роднай мовай і глядзіць, каб і іншыя яе шанавалі”.

Такім чынам, амаль цэлае стагоддзе, ад канца XVІІІ да пачатку ХІХ ст., адбываўся працэс складвання агульнай пісьмова-літаратурнай мовы і намнога даўжэй зацягнулася складванне вуснай яе формы і апрацоўкі арфаэпічных норм. У гэты час намецілася тэндэнцыя да свядомай і мэтанакіраванай выпрацоўкі арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў новай літаратурнай мовы, але мова змагла рэалізавацца значна пазней.

3. 4. Нацыянальнае адраджэнне 1900 – 1920 гг

Сацыяльнай асновай узнікнення на пачатку ХІХ ст. новай беларускай пісьменнасці і складання новай літаратурнай мовы быў уздым нацыянальнай самасвядомасці. Рэвалюцыйныя падзеі абудзілі да актыўнага жыцця шырокія слаі насельніцтва Беларусі, пашырылася кола людзей, якія размаўлялі па-беларуску.

У 1906 г. распачынае сваю работу ў Пецярбургу першае беларускае выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца”, друкуецца першая беларуская легальная газета “Наша доля”, а пасля яе забароны – “Наша ніва”. Сваёй праграмнай дзейнасцю яны вызначаюць развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. У гэтых выданнях друкуюць свае творы заснавальнікі сучаснай беларускай мовы – Я. Купала, Я. Колас, Цётка, М. Багдановіч, ролю якога ў фарміраванні станоўчых адносін да беларускай мовы цяжка пераацаніць. Мэтай сваёй літаратурнай дзейнасці ён паставіў доказ літаратурнасці беларускай мовы, яе вызначэнне як развітой, прыгожай еўрапейскай мовы.

У перыяд 1905 – 1907 гг. нацыянальная інтэлігенцыя выступае перад народам з прамовамі, заклікамі, выдаюцца першыя падручнікі для пачатковай школы (“Першае чытанне для дзетак-беларусаў”). Нараджаецца нацыянальны беларускі тэатр І. Буйніцкага. Упадак развіцця нацыянальнай культуры змяняецца яе паскораным развіццём. Імпульсам у гэтай з’яве з’яўляецца памяць народа і яго духоўнае аднаўленне праз родную мову. Штуршком, які выводзіць этнас і яго самасвядомасць з ізаляцыі, з’яўляецца дзейнасць культурнай эліты этнасу, яго духоўных лідэраў. Такі этап (пачатак ХІХ – ХХ ст. ) называецца адраджэннем. Яно пачынаецца з абвяшчэння роднай мовы найвялікшай каштоўнасцю. Родная мова – тая жывая вада, якая вяртае да жыцця этнічную самасвядомасць.

Пасля Кастрычніцкіх падзей 1917 г. у час абвяшчэння БССР беларуская мова была вызначана дзяржаўнай мовай БССР.

Статус дзяржаўнай беларуская мова набывае ў 20-ыя гг., якія ўвайшлі ў гісторыю як перыяд беларусізацыі. Пад беларусізацыяй разумелася ўсебаковае развіццё беларускай культуры, перавод справаводства на беларускую мову, беларуская мова выкарыстоўвалася як сродак зносін паміж дзяржаўнымі ўстановамі.

У 1921 г. прайшлі дыскусійныя сходы адказных работнікаў Мінскай партыйнай арганізацыі па беларускім пытанні, у выніку чаго было выпрацавана 13 тэзісаў пад назвай “Беларускае нацыянальнае пытанне і Камуністычная партыя”. Але праца па адраджэнні ўскладнялася недахопам настаўнікаў, культурна-асветных работнікаў. Многія з іх у 1915 – 1920 гг. пакінулі Беларусь, таму ЦВК Беларусі ў 1921 г. звярнуўся з заклікам да настаўнікаў вярнуцца. СНК РСФСР прыняў спецыяльны дэкрэт, на выснове якога “культурнікаў-беларусаў” адкамандзіроўвалі на Радзіму (адпусцілі з арміі каля 300 настаўнікаў да канца 1921 г. ). Так, з Адэсы вярнуліся выдатныя дзеячы культуры: Сцяпан Некрашэвіч (1883 – 1937), які працаваў загадчыкам беларускай секцыі пры губернскім аддзеле народнай асветы, Міхайла Піятуховіч (1891 – 1938), Міхайла Грамыка (1885 – 1969) – вучоны і паэт, які настаўнічаў у Адэсе. Апошні апісаў гэту падзею ў вершы “Апошняе даруй”:

Ад гэтых сініх вод павінен я далёка

Падацца аж туды, дзе шапацяць лясы,

Дзе гукае з лазой над возерам асока

Ды на шнурох калышуцца аўсы.

Мой родны край мяне гукнуў да працы,

Як і другіх раскіданых сыноў,

Каб з крыўдай, цемраю, бяздольнасцю змагацца,

Каб край ажыў, расквеціўся каб зноў.

Цяжкасцю на шляху нацыянальнага адраджэння з’яўлялася адсутнасць кніг, падручнікаў, слоўнікаў на беларускай мове, таму пачалася работа па стварэнні і выпуску вучэбнай і навукова-папулярнай літаратуры на беларускай мове. З 1 снежня 1920 г. – да 1 снежня 1921 г. было надрукавана 5 падручнікаў на беларускай мове тыражом 79 000 экземпляраў.

Афіцыйны курс на ажыццяўленне беларусізацыі пачаўся ў ліпені 1924 г., калі пленум ЦК КПБ намеціў шырокую праграму нацыянальна-культурнага адраджэння. 15 ліпеня 1924 г. ІІ сесія ЦВК БССР прыняла пастанову “Аб практычных мерапрыемствах правядзення нацыянальнай палітыкі.” З гэтага часу праграма беларусізацыі набыла сілу закона.

Пад беларусізацыяй у шырокім сэнсе разумелася:

1) развіццё беларускай культуры: школ, тэхнікумаў, ВНУ на беларускай мове, адкрыццё культурна-асветных устаноў, развіццё беларускай літаратуры, выданне на беларускай мове кніг, газет, часопісаў;

2) вылучэнне беларусаў на партыйную, савецкую, прафесійную і грамадскую работу;

3) перавод справаводства партыйнага, дзяржаўнага, прафесійнага, кааператыўнага апаратаў і часцей Чырвонай Арміі на беларускую мову.

Адной з “далікатных” праблем беларусізацыі з’яўлялася карэнізацыя: толькі карэнныя беларусы павінны быць каля руля ўлады. Тым не менш, асноўнымі крытэрыямі былі: дзелавыя якасці, веданне асаблівасцей Беларусі, валоданне беларускай мовай. За ўпартае нежаданне вывучаць беларускую мову ў 1926 г. з партыі было выключана 27 чалавек.

Беларусізацыя стрымлівалася тым, што ў пачатку 1919 г. значная частка беларускіх тэрыторый адышла да Расіі. На далучаных тэрыторыях працягвалася інтэнсіўная русіфікацыя. Так, у 1923 г. адзначалася, што спроба адкрыць беларускую школу ў Віцебскай і Гомельскай губернях сустракала не толькі раўнадушша, але і часцей варожыя адносіны. Асабліва характэрнай была такая з’ява для Віцебскай губерні. Тут, нягледзячы на неаднаразовыя ўказанні Наркамаасветы РСФСР, не была адкрыта беларуская секцыя, якая б занялася правядзеннем культурна-асветнай работы на беларускай мове. Нацыянальны нігілізм распаўсюдзіўся сярод сялян, камуністаў, камсамольцаў, кіруючых работнікаў. Многія з іх не змаглі правільна зразумець значэнне ўзбуйнення Беларусі, выступалі супраць правядзення беларусізацыі. Выкладанне на беларускай мове ва ўсіх школах вялося да 1927 г. Для ажыццяўлення адраджэння дзяржаўныя ўлады пайшлі на супрацоўніцтва з інтэлігенцыяй Беларусі, якая знаходзілася ў эміграцыі. 11 ліпеня 1923 г. выйшла сумесная пастанова ЦВК СССР і ЦВК БССР аб абвяшчэнні амністыі для шэрага катэгорый асоб: удзельнікам антысавецкіх нацыянальных беларускіх аб’яднанняў перыяду 1918, 1919, 1920 гг., якія паходзяць з працоўных; усім беларускім палітычным і культурным дзеячам; былым удзельнікам беларускіх нацыянальна-асветніцкіх арганізацый; членам беларускіх нацыянальных урадаў: Вялікай Беларускай Рады, Найвышэйшай Рады, Урада БНР і інш., якія не прымалі актыўнага ўдзелу ў змаганні з савецкай уладай; былым сябрам партыі беларускіх эсэраў і іншых партый, хто публічна аб’явіў аб сваім выхадзе з партыі і лаяльнасці да савецкай улады. Так, у кастрычніку 1923 г. у Мінск вярнуўся пісьменнік Максім Гарэцкі (1893 – 1939). Да арышту, 18 ліпеня 1930 г., ён плённа працаваў у камуністычным універсітэце, Беларускай акадэміі навук і інш. У канцы 1927 г. на Беларусь вярнуўся актыўны беларускі нацыянальна-палітычны дзеяч, былы прэм’ер урада БНР В. Ластоўскі (1883 – 1938). Але як толькі на Беларусі зашугала полымя барацьбы з “нацдэмаўшчынай”, яны сталі першымі ахвярамі сталінізму.

У разгортванні працэсаў беларусізацыі важная роля належала інтэлігенцыі. Плённа працаваў у гэтым накірунку Наркамат асветы, які ў снежні 1920 г. узначаліў У. Ігнатоўскі. хутка Наркамат ператварыўся ў своеасаблівы штаб па кіраўніцтве беларусізацыяй. Вакол гуртаваліся такія патрыёты Беларусі, як Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, М. Грамыка і інш. Сярод іх былі прадстаўнікі бальшавікоў: Дз. Жылуновіч, А. Бурбіс, Баліцкі, Ільючонак. Яны былі людзьмі розных палітычных поглядаў, але ўсіх іх аб’ядноўвала жаданне прысвяціць свой талент справе развіцця беларускай культуры.

На змену палітыцы беларусізацыі прыйшла контрбеларусізацыя. КПБ прыкладвала вялікія намаганні да таго, каб адцясніць ад правядзення беларусізацыі нацыянальна свядомых прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Таму ІІ з’езд КПБ (лістапад, 1927 г. ) канстатуе, што нацыяналістычныя колы інтэлігенцыі падмяняюць пралетарскі змест культуры дробнабуржуазным, адыходзяць ад формулы “культура пралетарская па зместу і нацыянальная па форме”. Гэта азначала канчатковую падмену агульначалавечых каштоўнасцей класавымі. Рабіўся страшэнны вывад аб контррэвалюцыйнасці нацыянал-дэмакратаў. Гэта ўжо быў сігнал да падрыхтоўкі фізічнай расправы з тымі, хто марыў аб паглыбленні нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Крута былі зменены адносіны да інтэлігенцыі: пачалася барацьба афіцыйнай улады з лепшай часткай інтэлігенцыі, якая выступала супраць партыйнага дыктату. Такім прадстаўнікам інтэлігенцыі надаваўся ярлык нацыяналістаў, што прыраўноўвалася да кулака, ці нэпмана.

У маі 1929 г. на Беларусі пачала працаваць камісія ЦКК УКП (б) на чале са старшынёй ЦКК КП (б) Украіны У. Затонскім. Яе мэта: вывучэнне практыкі правядзення нацыянальнай палітыкі ў БССР. Дзейнасць камісіі пакінула ў лёсе беларускай інтэлігенцыі трывалы след. Яна азнаменавала пачатак нацыянальнай трагедыі: недавер і варожасць да інтэлігенцыі, знішчэнне духоўнага патэнцыялу нацыі. У кастрычніку 1928 г. з пасады Першага сакратара ЦК КПБ у Маскву быў адазваны Я. Гамарнік. Замест яго быў назначаны адзін са сталінскіх вылучэнцаў; распачалася жорсткая вайна супраць інтэлігенцыі.

Да канца 1921 г. працавалі 10-месячныя настаўніцкія курсы і 1-гадовыя па дашкольным выхаванні. У 1921 – 1922 гг. праз гэтыя формы прайшлі падрыхтоўку амаль 1500 чалавек. У канцы 1923 г. адкрыліся Вышэйшыя курсы беларусазнаўства. Па рашэнні ІІ сесіі ЦВК БССР (ліпень 1924 г. ) ”Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі” беларуская, польская, руская і яўрэйская мовы прызнаваліся дзяржаўнымі, але беларуская мова была абрана ў якасці асноўнай для зносін паміж дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі ўстановамі. Мовай зносін СССР і іншых саюзных рэспублік з’яўлялася руская. Акрамя беларускіх школ беларуская мова з’яўлялася абавязковым прадметам выкладання ва ўсіх школах, незалежна ад таго, на якой мове яна працавала. Разгортвалася работа па беларусізацыі прафшкол, тэхнікумаў, ВНУ.

Важным накірункам моўнай палітыкі з’явілася павелічэнне колькасці кніг, газет, часопісаў на беларускай мове. У красавіку 1922 г. ствараецца кааператыўнае выдавецтва “Адраджэнне” (з канца 1922 г. – “Савецкая Беларусь”): яно выпускала творы беларускай мастацкай літаратуры, падручнікі на роднай мове, часопісы “Вольны сцяг”, “Полымя” і інш. У 1922 – 1923 гг. у Беларусі дзейнічае кааператыўнае выдавецтва “Вперёд”. У 1927 г. у Беларусі выходзіла 20 газет: 10 – на беларускай мове, 3 – на яўрэйскай, 3 – на рускай, 2 – на польскай, 1 – на літоўскай, 1 – на змешанай.

У канцы 20-ых гг. у Беларусі пачынаецца працэс згортвання нацыянальных моў. Пачатак гэтаму паклала праца Сталіна “Нацыянальнае пытанне і ленінізм” (сакавік, 1929 г., але надрукавана была толькі ў 1949 г. ).

Нараджалася таталітарная сістэма, пачалося паступовае наступленне на культуру нацыянальных меншасцей, якія пражывалі на тэрыторыі Беларусі. Так, разам з сялянамі-беларусамі высяляліся і сяляне іншых нацыянальнасцей. У 1929 г. было выселена 1500 польскіх сямей.

Прэзідыумам ЦВК БССР у 1924 г. была створана камісія па правядзенні нацыянальнай палітыкі. Беларуская мова стала мовай дзяржаўнага апарату БССР, мовай навучання ў школах, ВНУ, мовай перыядычнага друку.

У Канстытуцыі БССР 1927 г. у 22-ім артыкуле замацоўваўся дзяржаўны статус беларускай мовы.

Гаворачы пра нацыянальнае адраджэнне 20-ых гг. на Беларусі, трэба адзначыць дзейнасць больш як 10 беларускіх выдавецтваў, дзейнасці розных літаратурных аб’яднанняў, культурна-асветніцкіх устаноў, клубаў, гурткоў, курсаў. Адзін з архітэктараў палітыкі беларусізацыі У. Ігнатоўскі вызначае беларусізацыю як сродак развіцця беларускай мовы і культуры праз дзейнасць адміністрацыйных устаноў суда, устаноў улады, праз асвету. Першы беларускі ўрад узначальвае Цішка Гартны, вядомы беларускі пісьменнік. Для падрыхтоўкі работнікаў адукацыі ствараецца сетка рознага роду курсаў у Мінску і іншых гарадах, ствараюцца самыя спрыяльныя ўмовы для развіцця нацыянальнай навукі і культуры, рыхтуюцца адукаваныя кадры. Палітыка нацыянальнага адраджэння спынілася ў 30-ыя гг., і яе спыненне пачалося з абвяшчэння “нацдэмамі”, “ворагамі народа” прыхільнікаў беларусізацыі. Але і таго кароткага часу, калі беларуская мова набыла статус дзяржаўнай, было дастаткова для надання ёй літаратурнай формы, выпрацоўкі неабходных навуковых тэрмінаў, для таго, каб народ па-сапраўднаму адчуў сябе носьбітам літаратурнай развітой еўрапейскай мовы.