Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

9. 7. Помнікі культуры горада, дзе размяшчаецца навучальная ўстанова

Мінск

Помнікі гісторыі і культуры сталіцы Рэспублікі Беларусь – горада Мінска займаюць значнае месца ў культурнай спадчыне беларускага народа, нашай краіны. Больш як 900-гадовы складаны шлях гістарычнага развіцця горада адзначаны помнікамі, якія адлюстроўваюць лёс, працоўную дзейнасць і творчасць не толькі многіх пакаленняў мінчан, а ўсяго беларускага народа.

Петрапаўлаўская царква

Пабудавана ў 1613 г. з цэглы праваслаўным брацтвам, якое існавала пры Петрапаўлаўскім манастыры. У 1795 г. рэканструявана і перайменавана ў Кацярынінскую (вядома і пад назвай Жоўтая) царкву. У 1870 – 1871 гг. перабудавана: зроблены купал на квадратным пастаменце, пабудаваны новыя трох’ярусныя чатырохгранныя шатровыя вежы на галоўным фасадзе.

Перабудовы ажыццяўляліся і ў канцы ХІХ ст.: быў зняты купал і зменены галоўны фасад, да заходняга фасада зроблена прыбудоўка. Храм пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1972 – 1973 гг. рэстаўрыраваны паводле праекта Мінскіх навукова-рэстаўрацыйных і вытворчых майстэрняў Міністэрства культуры БССР.

Царква – мураваная трохнефавая шасцістаўповая базіліка з пяціграннай апсідай і 2 вежамі. Галоўны (заходні) фасад – трохчасткавы партал: цэнтральная частка завершана высокім трохвугольным франтонам, над уваходам вялікае паўцыркульнае акно, дзве бакавыя часткі дэкарыраваны неглыбокімі нішамі паўцыркулярнага абрысу, фланкіраваны трох’яруснымі вежамі-званіцамі, якія завершаны шлемападобнымі купаламі. Над больш нізкай апсідай – франтон асноўнага аб’ёму з люкарнай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, паміж імі ў неглыбокіх нішах размешчаны вокны, якія асвятляюць бакавыя і цэнтральны нефы. Сцены завершаны тонкапрафіляваным карнізам. У інтэр’еры цэнтральны неф мае цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі, бакавыя нефы – крыжовыя скляпенні.

У архітэктуры помніка захаваліся элементы рэнесансу і барока.

Царква Аляксандра Неўскага

На Вайсковых могілках пабудавана ў 1898 г. з цэглы ў гонар перамогі рускіх войск у руска-турэцкай вайне 1877 – 1878 гг.

Царква – мураваны крыжова-купальны трохнефавы аднаапсідны чатырохстаўповы храм-помнік. У цэнтры сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі ўзвышаецца масіўны купал на васьмігранным светлавым барабане, завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Меншыя дэкаратыўныя купалы сіметрычна размешчаны над дахамі бакавых нефаў. Дамінантай кампазіцыі з’яўляецца высокая двухярусная званіца з шатровым пакрыццём, размешчаная над бабінцам. Багатую пластыку фасадам надаюць шматлікія аркатурныя паясы, складаныя дэкаратыўныя арачкі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі, разеткі, арнаментальны карніз, калонкі. Дэкаратыўныя элементы вылучаны белым колерам. Алтарная частка аддзелена ад асноўнага памяшкання. Вышэй за яго на 3 паўкруглага абрысу прыступкі. Цэнтральны неф адкрываецца ў бакавыя арачным праёмам. У бабінцы пры ўваходзе ў цэнтральны неф – мемарыяльныя дошкі з імёнамі 118 воінаў беларусаў 30 – ай артылерыйскай брыгады і 119-га Каломенскага палка, якія гераічна загінулі пад Плеўнай.

Царква – помнік архітэктуры псеўдарускага стылю.

Царква Марыі Магдалены і Старажоўская брама

Сучасная вуліца Кісялёва была пабудавана ў 1847 г. з цэглы на паўночнай ускраіне горада, на белых Старажоўскіх могілках. У 1950-ыя гг. будынак рэканструяваны. У ім размешчана Цэнтральная лабараторыя мікрафотакапіравання і рэстаўрацыі дакументаў цэнтральных дзяржаўных архіваў.

Першапачаткова Царква Марыі Магдалены – аднакупальны аднаапсідны храм. Да прамавугольнага ў плане асноўнага аб’ёму з усходняга боку далучаны нязначна выступаючая апсіда, з заходняга – вялікая прыбудова. Пры рэканструкцыі храма апсіда закрыта чатырохкалонным порцікам, пастаўлена на высокі цокаль. У цэнтры асноўнага аб’ёму на светлавым цыліндрычным барабане ўзвышаўся вялікі купал (не захаваўся), які пры дапамозе ветразяў падтрымлівалі масіўныя слупы. Сцены фасадаў царквы падзелены высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і дэкарыраваны пілястрамі. Па ўсім перыметры будынка праходзіць тонкапрафіляваны карніз. Інтэр’ер зальны трохнефавы. Перакрыцці крыжовыя і цыліндрычныя.

Царква – помнік архітэктуры псеўдарускага стылю.

Старажоўская брама размешчана перад царквой. Пабудавана ў канцы ХІХ ст. з цэглы. Брама аднапралётная, манументальная, кампазіцыйна падкрэслівае галоўны ўваход у будынак. Яе плоскасць дэкарыравана пілястрамі, арачнымі нішамі, бакавымі валютамі, завершана развітым шматпрафіляваным карнізам. Збераглася частка агароджы. Брама вырашана ў эклектычных формах.

Касцёл Сімяона і Алены, Чырвоны касцёл

Галоўным фасадам выходзіць на плошчу Незалежнасці, арганічна ўпісваецца ў яе ансамбль. Пабудаваны з цэглы ў 1908 – 1910 гг. паводле праекта архітэктараў Т. Пайздэрскага, У. Марконі. Трохнефавы трохвежавы храм асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з развітай паўцыліндрычнай апсідай.

Цэнтральны неф і трансепт накрыты ўзаемаперпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі. Ядром кампазіцыі з’яўляецца высокая прамавугольная чатырох’ярусная вежа, якая ўзвышаецца з паўночна-ўсходняга боку. Абапал алтарнай часткі галоўную вежу дапаўняюць яшчэ 2 невялікія шатровыя вежы. З паўднёва-заходняга боку да галоўнага фасада прыбудавана аднапавярховая галерэя, з якой спачатку быў уваход у плябанію. Уваходы аформлены мамбурамі. Высокія шчыты фасадаў будынка аздоблены дэкарыраванымі архітэктурнымі паясамі, машыкулямі і інш. Плоскасці сцен прарэзаны паўцыркулярнымі высокімі рознавялікімі аконнымі праёмамі. У цэнтры галоўнага фасада над галоўным уваходам, а таксама над уваходамі ў крылах трансепта знаходзяцца вялікія вокны-ружы. У дэкаратыўным аздабленні значная роля належыць каларыстычнаму вырашэнню будынка: спалучэнне чырвонага колеру цагляных сцен з тонкімі загладжанымі швамі і жоўтай чарапіцай дахаў.

З 1975 г. будынак прыстасаваны пад рэспубліканскі творчы клуб кінематаграфістаў – Дом кіно. Мае кіна- і канферэнц-залы (на 250 месцаў кожны). Інтэр’еры захавалі сваю прасторавую выразнасць і ў выніку мадэрнізацыі набылі новыя эксплуатацыйныя якасці. У мастацкім аздабленні памяшканняў вылучаюцца вітражы, якія запаўняюць праёмы акон, і люстры з медзі. У былой алтарнай частцы вітражы з выявамі юнакоў, якія ўвасабляюць алегорыі 5 мастацтваў. У кампазіцыі “Ружа” – нібы алыя вымпелы. Каларыт вітражоў – зеленаваты з чырвонымі ўкрапінамі. У адзіны комплекс з касцёлам уваходзяць плябанія – мураваны двухпавярховы будынак і частка мураванай агароджы з брамай.

Касцёл і плябанія – помнікі архітэктуры з рысамі неаготыкі і стылю “мадэркі”.

Кляштар бернардзінак

Кляштарны комплекс заснаваны ў 1633 г. з цэглы (паводле іншых звестак у 1642 г. ) Размешчаны насупраць мужчынскага бернардзінскага кляштара праз вуліцу Бакуніна (былая Вялікая Бернардзінская). Пасля пажару 1741 г. рэканструяваны. Пасля вызваленчага паўстання 1863 – 1864 гг. у манастыры працавала дзяржаўная следчая камісія, некалькі гадоў знаходзіліся зняволеныя паўстанцы, у тым ліку К. В. Марцінкевіч (дачка В. Дуніна-Марцінкевіча).

Кляштар складаецца з мураванага касцёла (цяпер праваслаўны кафедральны сабор) і жылога корпуса (цяпер жылы дом), якія ствараюць адзіную кампазіцыю з унутраным дворыкам.

Касцёл – прамавугольная ў плане трохнефавая шасціслуповая двухвежавая базіліка з трохграннай апсідай і прыбудаванымі сіметрычна з 2 бакоў прамавугольнымі ў плане сакрыціямі. Цэнтральны неф накрыты двухсхільнымі дахамі, больш нізкія бакавыя – аднасхільнымі. Галоўны паўночна-заходні фасад карнізнымі цягамі падзелены на 3 ярусы. Вылучаецца трохчасткавае чляненне і па вертыкалі дзве бакавыя часткі – асновы 2 трох’ярусных вежаў, якія завершаны складанымі барочнымі купаламі, раскрапаны пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, плоскімі паўцыркульнымі нішамі ў ніжніх і лучковымі праёмамі ў верхніх ярусах. Паміж вежамі складаны па абрысе шчыт, дэкарыраваны падвойнымі пілястрамі, карнізнымі паясамі. У інтэр’еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, бакавыя – крыжовымі.

Кляштар - – помнік архітэктуры барока.

Магілёў

Горад Магiлёў мае больш як 700-гадовую гiсторыю. Адпаведна паведамленню Магiлёўскай хронiкі ў 1267 г. быў заснаваны Магiлёўскi замак. Iснуе шэраг паданняў аб узнiкненнi назваў горада, адна з якiх звязана з мянушкай князя Iльва Данiлавiча Могiя (магутны леў), над магiлай якога быў насыпаны курган, названы Магiлай льва.

Магiлёў – цэнтр навукi i культуры вобласцi. Тут знаходзяцца: архiў Магiлёўскай вобласцi, Магiлёўскi абласны краязнаўчы музей з фiлiяламi музея дзекабрыстаў, музей этнаграфii, Мастацкi музей iмя В. К. Бялынiцкага-Бiрулi, абласныя тэатры – драматычны i лялечны. Створаная матэрыяльна-тэхнiчная база, прафесiйны ўзровень кадраў культуры i мастацтва забяспечылi правядзенне за апошнiя гады такiх маштабных сусветных акцый, як Сусветны музыкальны фестываль “Залаты шлягер”, плэнэр жывапiсу iмя В. К. Бялынiцкага-Бiрулi, фестываль аўтэнтычнага фальклору Беларускага Падняпроўя.

Упершыню ў пiсьмовых крынiцах Магiлёў сустракаецца ў ХІV ст. у “Спiсе рускiх гарадоў далёкiх i блiзкiх”. У канцы ХІV – XV ст. Магiлёў належаў Ядвiзе, жонцы польскага караля Ягайлы. У 1561 г. Магiлёў атрымаў права на гарадское самакiраванне, у 1577 г. – магдэбургскае права i герб (на блакiтным полi цагляная башня з надпiсам “Пячаць месца Магiлёва”). Тут стваралiся брацтвы, у 1632 г. была заснавана Магiлёўская праваслаўная епархiя, у той час адзiная ў Беларусi.

П омнiкi архiтэктуры Магiлёва XVІІ – XVІІІ стст. розныя па сваiх тыпах. Асабiстую каштоўнасць прадстаўляе Мiкалаеўская царква (1669), што знаходзіцца на ўсходзе ад цэнтра горада, адрозніваецца сваёй арыгiнальнасцю i разным драўляным iканастасам. У цэнтры Магiлёва знаходзiцца вялiкая каменная пабудова – кафедральны касцёл Станiслава, збудаваны ў сярэдзiне XVІІІ ст. Фрэскi, якія пакрываюць касцёл, маюць вялiкую мастацкую каштоўнасць. Да гiсторыка-архітэктурных славутасцей горада адносіцца i палац Георгiя Канiскага. У Княжыцах захаваўся каменны храм сярэдзiны XVІІ ст., якi прыцягвае незвычайнасцю пабудовы.

Шмат цікавага ёсць i ў наваколлі Магiлёва. Недалёка ад горада знаходзяцца вёскі Дашкаўка i Салтанаўка – месцы баёў армii Баграцiона з напалеонаўскiмi войскамi. Тут 22 – 23 ліпеня 1812 г. корпус генерал-лейтэнанта Раеўскага ўпарта ваяваў з пераважаючымi сiламi французаў пад камандаваннем Дау. У 1912 г. на месцы бітвы ўзвялi помнiк-капліцу. На яе сценах пералічаны рускiя палкi i дывiзii, якiя прымалi непасрэдны ўдзел у гэтай бітве.

У гонар 200-годдзя перамогі над шведамi (Паўночная вайна) пры вёсцы Лясная, дзе ў 1708 г. праходзiла бiтва армii Пятра I з войскамi караля Карла ХІІ, збудаваны мемарыяльны комплекс: на гранiтнай скале раскінуў крылы бронзавы арол і рве сцяг ворага. Таксама ўзвялі помнiк-храм, які нагадвае старажытнарускую крапасную вежу. Да 250-годдзя бiтвы ў храме адчынены музей.

Магiлёў ператварыўся ў буйны гандлёвы i рамесны цэнтр з самай дасканалай сістэмай абарончых устаноў. У Беларусi не было горада, якi так як Магiлёў, меў бы тры паясы ўмацаванняў: першы – вакол замка (працягласцю каля 600 м); другi – абкружаў Стары горад з гандлёвай плошчай i кварталамi пасада (больш за 1400 м); трэцi – абкружаў Новы горад (звыш 5000 м). Умацаванні складаліся з iрвоў i валоў, на якiх стаялi сцены з вежамі i праязнымi варотамi-брамамi. Усяго налiчвалася 12 брам, з iх 4 у Замкавым вале – Алейная, Паветраная, Каралеўская, Дубравенская, збудаваныя з каменю ў канцы XVІІ ст. План горада атрымаў радыяльную сістэму вулiц, што было заканамерна ў сувязi з тапаграфiяй мясцовасцi. Асноўныя вулiцы бралi свой пачатак ад брам i сыходзiлiся, як у фокусе, на плошчы ля замка. Наяўнасць у горадзе некалькiх паясоў умацаванняў садзейнічала з’яўленню паўкальцавых вулiчных напрамкаў. Гэткая планiроўка структуры працягвае традыцыю старажытнарускага горадабудавання.

Багата прадстаўлена архітэктура XVІІ – XVІІІ стст.: Ануфрыеўская царква (1798), Барысаглебская царква (1869), брама палаца Георгiя Канiскага (1853), брама i агароджа Мiкалаеўскага жаночага манастыра (XVІІ – XVІІІ), чыгуначны вакзал (1902), палац архiепiскапа (1780), палац архiрэя Георгiя Канiскага (1762 – 1785). Захаваная частка комплексу палаца займае квартал ля вала “Чырвоная зорка”. Першапачаткова комплекс меў сiметрычны характар: у глыбiні квартала размяшчаўся сам палац, а перад iм злева i справа – парадны двор, размяшчаліся манастырскiя келлi. Яны аб'ядноўваліся ажурнай металiчнай агароджай з пярэднiмi ўязнымi варотамi. Вароты i палац знаходзiлiся на адной кампазiцыйнай восi. План палаца – кампактны прамавугольнiк з невялiкiмi выступамi-рэзалiтамi ў вуглавых частках. Першапачаткова ён драбіўся на вялiкiя пакоi. Цэнтральны пакой быў на першым паверсе: вестыбюль i зала прыёму. На другiм паверсе знаходзiліся асабістыя пакоi, кабінет i бiблiятэка ўладальнiка. Трэцi паверх уключаў невялiчкiя пакоi, якiя прызначаліся для гасцей i абслугі. У вонкавай архiтэктуры палаца добра бачны тыповыя рысы барока: пластыка ў рашэннi фасада, нiшы, складанага рысунку налiчнiкi. Вялiкі, цікавы па форме дах збудавання гарманічна спалучаецца з характарам фасаду. Палац быў узведзены вядомым вiленскiм архiтэктарам Янам Глаўбiцам у 1762 – 1785 гг.

Гродна

Гродна ўпершыню ўпамінаецца ў 1128 г. Першаасновай горада была старажытнаруская крэпасць, збудаваная ў канцы ХІ ст. на высокім узгорку пры ўпадзенні ў Нёман р. Гараднічанка. Гісторыка-археалагічныя звесткі малююць агульную схему горада ў ХІІ – ХІІІ стст.: крэпасць, гандлёва-рамесныя пасады і Барысаглебскі манастыр.

У XVст. Гродна развіваецца ў архітэктурным плане далей. Пры Вітаўце перабудоўваецца старажытная крэпасць – Верхні замак, побач з ім узводзіцца Ніжні замак. Абарону горада трымалі фарпосты – умацаваныя манастыры.

У 1496 г. Гродна атрымлівае магдэбургскае права: на гарадской плошчы будуецца ратуша з высокай вежай, саборная Прачысценская царква, бернардзінскі манастыр з касцёлам, дом караля на месцы развалін Ніжняга замка і інш.

З цягам часу роля асобных частак горада мянялася: крэпасць ператварылася ў княжацкую цытадэль, потым ў парадную каралеўскую рэзідэнцыю; пасад з рынкам з гандлёва-рамеснага прыдатка крэпасці перарос у цэнтральную частку горада.

Архітэктура ХІІ ст. прадстаўлена такімі выдатнымі помнікамі, як Барысаглебская царква, рэшткі крэпасці і Ніжняй царквы; ХІУ ст. прадстаўляюць рэшткі Верхняй царквы, XVІ ст. – фрагменты каралеўскага замка Стэфана Баторыя. Архітэктура ХІІ – XVІІІ стст. адлюстравана касцёламі – Езуіцкі (1647 г. – XVІІІ ст. ) з аптэкай і калегіумам, Бернардзінскі (1595 г. – XVІІІ ст. ), Брыгіцкі (1635 г. – XVІІІ ст. ), каменная сінагога і інш. Гродзенскія манастыры былі абарончымі фарпостамі і таму ў структуры горада займалі вузлавыя пункты на асноўных вуліцах.

XVІІІ ст. характарызуеццая будаўніцтвам новых архітэктурных комплексаў – царква Раства Багародзіцы (1720 – 1751) і манастыр пры ёй, каралеўскі палац так званага Новага замка (1751), палац А. Тызенгаўза і інш.

Гістарычны цэнтр Гродна мае наступныя асаблівасці: горадабудаўнічая кампазіцыя фарміравалася з улікам маляўнічага прыроднага ландшафта; старажытная планіровачная структура збераглася – не адчула ўплываў пастаянных ператварэнняў канца XVІІІ – пач. ХІХ ст.