Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

7. 2. Развіццё нацыянальнай культуры і грамадскай думкі ў эпоху Адраджэння

Эпоха Рэнесансу ў Беларусі (XVІ – першая палова XVІІ ст. ) – гэта часы росквіту Вялікага княства Літоўскага, самага дасканалага ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе права, самабытнай культуры, старабеларускай мовы, станаўлення свецкіх форм мастацтва. Як зазначыў прарок беларускага нацыянальнага адраджэння паэт Ф. Багушэвіч: “…мягка Княства прасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мораў, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца – Беларусь”. У гістарыяграфіі і літаратуразнаўстве гэта эпоха атрымала назву залатога веку Беларусі.

Найважнейшай культурнай падзеяй ранняга гуманістычнага Адраджэння ў Беларусі (першая палова XVІ ст. ) стала заснаванне Францыскам Скарынаю беларускага кнігадрукавання, яго шырокае распаўсюджанне ў другой палове XVІ – першай палове XVІІ ст. Пашырэнне кнігавыдавецкай справы, непасрэдныя кантакты з культурнай элітай заходняй Еўропы праз універсітэты, дзе вучыліся выхадцы з Беларусі, садзейнічалі фарміраванню беларускай культуры. Асветнікі Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і іншыя карысталіся беларускай мовай, выдавалі на ёй кнігі.

Калі разглядаць светапогляд Скарыны як сістэму ўзаемазвязаных прынцыпаў і ўстановак, то неабходна адзначыць наступнае. У яго светапогляднай структуры дамінуюць духоўна-практычныя каштоўнасныя формы асваення рэчаіснасці – катэгорыі дабра, ліха, кахання, справядлівасці. Скарына значна пашырыў межы духоўна-маральнай свабоды чалавека. Прынцыпам скарынаўскага светапогляду з’яўляецца дэмакратызм.

Скарына зрабіў спробу перагледзець артадаксальна-хрысціянскую трактоўку праблемы чалавечага існавання, згодна з якой зямное жыццё чалавека не ўяўляе самазадавальняючай каштоўнасці, гэта толькі падрыхтоўка да жыцця замагільнага. Звяртаюць на сябе ўвагу меркаванні Скарыны аб сэнсе жыцця і вышэйшым дабры. Гэтыя праблемы разглядаюцца ў прадмовах да “Прытчаў Саламона”, “Еклесіяста” і інш.

Рэнесансна-гуманістычная трактоўка Скарынай праблемы “чалавек – грамадства” атрымала сваё развіццё ў айчыннай этычнай думцы, у прыватнасці, ў творах яго суайчынніка і сучаснага паэта-лацініста Міколы Гусоўскага. Для яго любоў да айчыны – самае прыгожае і ўзвышанае пачуццё.

Значны ўклад у развіццё айчынных этнічных уяўленняў, у рашэнне праблемы духоўна-маральнай свабоды ўнёс Сымон Будны. У цэлым яго этычныя погляды рэфармацыйныя, хрысціянска-гуманістычныя, хаця некаторыя моманты мелі атэістычны аспект.

С. Будны лічыў, што ў маральных адносінах людзі роўныя паміж сабой, дабро ці зло не закладзена ў іх прыродзе, а з’яўляецца вынікам абставін, асяроддзя; саслоўна-класавае становішча, уласнасць робяць істотны ўплыў на маральную свядомасць і паводзіны чалавека.

Радыкальнае сацыяльна-палітычнае вучэнне эпохі Адраджэння звязана не толькі з Рэфармацыяй, але і з рэнесансным гуманізмам.

Сцвярджаючы ідэі рэлігійнай, маральна-інтэлектуальнай, нацыянальна-культурнай свабод, умераныя гуманісты пастаянна сутыкаліся з немагчымасцю рэалізацыі ўсіх гэтых аспектаў свабоды ў рамках наяўнай сацыяльнай рэчаіснасці. Разам з тым яны меркавалі, што гэтую перашкоду можна пераадолець пры дапамозе рэформ, удасканалення дзяржаўных устаноў, судаводства, дзеючага заканадаўства, вярхоўнага кіраўніцтва.

Фарміраванне нацыянальнай свядомасці звязана з утварэннем беларускай народнасці, станаўленнем і развіццём яе духоўнай культуры, філасофскай і грамадска-палітычнай думкі. Самасвядомасць ёсць акт усведамлення чалавекам, сацыяльнай групай, народам свайго прадвызначэння і месца ў прыродна-сацыяльным свеце, задач, інтарэсаў, мэт, годнасці, сваёй этнічнай і духоўнай спецыфікі. Нацыянальная свядомасць беларускага народа гэтага часу – адбітак узроўню і спецыфікі айчыннага грамадскага інтарэсу, які характарызаваўся пазнаваннем феадальных адносін, моўнай залежнасцю беларускай культуры ад старажытнарускай духоўна-культурнай традыцыі. На працягу ХІУ – XVІ стст. фарміруецца беларуская народнасць, складваюцца асаблівыя рысы яе культуры, мовы, псіхічнага складу, узнікае паняцце “Белая Русь”. Важнай перадумовай фарміравання нацыянальнай свядомасці з’яўлялася развіццё беларускіх гарадоў, мяшчанскага саслоўя, гарадской культуры.

Адзін з істотных кампанентаў нацыянальнай свядомасці беларусаў XVІ – XVІІ стст. – любоў да роднага краю, да яго культуры, зацікаўленыя адносіны да свайго мінулага, сучаснага, будучага. Такім чынам, станаўленне нацыянальнай свядомасці – састаўная і неад’емная частка працэсу развіцця духоўнай культуры беларускага народа. У XVІ – XVІІ стст. закладваліся яго асновы, фарміраваліся істотныя кампаненты, што атрымала адлюстраванне ў грамадска-палітычнай думцы, у творах Ф. Скарыны, М. Гусоўскага, С. Буднага і іншых. Праблемы, якія прадстаюць перад грамадствам, усё больш усведамляюцца як “нацыянальныя задачы”; сцвярджаецца актыўная любоў да канкрэтных радзімы і народа, г. зн. да беларускай зямлі і беларускага народа; прапагандуюцца зацікаўленыя адносіны да роднай культуры і гісторыі; даказваецца неабходнасць усебаковай свецкай адукацыі дзеля моладзі, будавання школ, развіцця кнігадрукавання, вядучымі атрыбутамі духоўнай культуры народа прызнаецца родная мова, нацыянальна-гістарычныя традыцыі; упершыню абгрунтоўваецца думка аб нацыянальнай годнасці, гонары за сваю радзіму, народ, культуру.