Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

12. 3. Погляды вучоных на праблему дзяржаўнасці Вялікага княства Літоўскага. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец xvііі ст. – 1917 г. )

Далейшы шлях беларусаў да сваёй дзяржаўнасці адбываўся праз уваход феадальных княстваў-дзяржаў, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў Х – ХІІІ стст. у складзе Вялікага княства Літоўскага.

Беларуска-літоўскі перыяд нашай дзяржаўнасці можна падзяліць на два этапы: першы – з сярэдзіны ХІІІ ст. да 1569 г. (Люблінская унія), другі – з 1569 г. да канца XVІІІ ст.

Пытанне аб існаванні феадальнай дзяржаўнасці Беларусі ў Вялікім княстве Літоўскім рознымі аўтарамі вырашаецца супярэчліва. У гістарычнай навуцы вызначаюць некалькі пунктаў гледжання на прадмет дзяржаўнасці ВКЛ.

ВКЛ – выключна дзяржава літоўскіх феадалаў (Абецадарскі Л. У святле неабвержаных фактаў. Мн., 1969 г. С. 17 – 41). Па гэтай канцэпцыі яно ўтварылася на тэрыторыі ўласна літоўскай, усе без выключэння вялікія князі былі літоўскага паходжання. На вялікакняжым прастоле не было ніводнага князя-беларуса па паходжанні. Значная частка беларускіх зямель была ўласнасцю вялікага князя, ён раздаваў яе сваякам, назначаў намеснікаў.

Такім чынам, на Беларусі гаспадарылі нашчадкі вялікіх літоўскіх князёў. Мясцовыя князі знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад вялікага князя. Яны адыгрывалі другарадную палітычную ролю ў дзяржаве. Усе вышэйшыя пасады займалі феадалы літоўскага паходжання. Для захавання класавай еднасці князі шэрагам прывілей вымушаны былі пашыраць правы праваслаўных беларускіх феадалаў.

Літоўскія феадалы, на думку Абецадарскага, былі самымі вялікімі землеўладальнікамі ў дзяржаве, зямельная ўласнасць беларускіх феадалаў была значна меншай.

ВКЛ – выключна беларуская дзяржава. Сярод гэтых прац неабходна выдзеліць кнігу М. Ермаловіча “Па слядах аднаго міфа” (Мн., 1989). Прааналізаваўшы пісьмовыя крыніцы, М. Ермаловіч прыйшоў да вываду, што старажытная Літва знаходзілася не на тэрыторыі ўласна літоўскіх зямель, а на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым лічыць, што вядучую ролю ў стварэнні гэтай дзяржавы адыгрывала Новагародскае княства. (М. Ермаловіч. Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяд. Мн., 1990. С. 352. ).

Такім чынам, ВКЛ складаецца як поліэтнічная дзяржава, але перш за ўсё як беларуская, дзе значную ролю ў справаводстве і іншых сферах адыгрывала беларуская мова, беларуская культура, беларуская юрыспрудэнцыя і г. д. У час наступлення польска-каталіцкай рэакцыі яно паступова страчвала і сваю форму, і свой змест.

Загарульскі Э. лічыць, што нельга адмаўляць удзел беларускага этнасу ў стварэнні і ўпраўленні ВКЛ, але яно ніколі не было нацыянальнай беларускай дзяржавай (Загорульский Э. Древняя история Беларуси. Очерки этнической истории и материальной культуры (до ХІУ в. ). Мн., 1977).

ВКЛ – шматнацыянальная беларуска-ўкраінска-літоўская дзяржава, феадальная федэрацыя пануючых класаў усіх асноўных народнасцей, якія насяляюць яго тэрыторыю (М. Спірыдонаў). Палітычнай дзяржавай лічаць яго і аўтары кнігі “Этнаграфія беларусаў”.

ВКЛ – літоўска-беларуская дзяржава (Грынкевіч А. Прынцыпы і факты: Вытокі дагматычнага падыходу да гісторыі Беларусі феадальнага перыяду// Літаратура і мастацтва. 1989 г., 29 верасня. С. 5). 3 гэтым пунктам гледжання ў шмат чым змыкаецца пазіцыя Думіна С. (Думин С. В. Об изучении истории Великого княжества Литовского // Советское славяноведение. 1988. № 6 С. 90).

ВКЛ Рускае і Жамойцкае – форма дзяржаўнага ўтварэння не толькі літоўскага, але і беларускага народа, і яго ўзнікненне было вынікам аб'яднаўчых тэндэнцый, існаваўшых на землях Заходняй Русі.

Назіраюцца самыя разнастайныя пункты гледжання.

Складанае вырашэнне гэтай праблемы ў значнай ступені тлумачыцца рознымі падыходамі даследчыкаў. Яны лічаць галоўным крытэрыем вызначэння этнічнай прыналежнасці ВКЛ палітычны, другія – этнічны, трэція – культурны, чацвёртыя – геаграфічны аспект. Між тым, толькі ўлік усёй сукупнасці крытэрыяў дапаможа вырашыць праблему.

Дзяржава – асноўны інструмент палітычнай улады. Прыкметамі дзяржавы з'яўляюцца: наяўнасць асобнай сістэмы органаў і ўстаноў, якія выконваюць функцыі дзяржаўнай улады – права, якое замацоўвае даную сістэму нормаў, санкцыянаваных дзяржавай; вызначаная тэрыторыя, на якую распаўсюджваецца юрысдыкцыя данай дзяржавы.

Такім чынам, пры адказе на пытанне “Вялікае княства Літоўскае – што гэта за дзяржава?” – трэба зыходзіць з таго, што сутнасць дзяржавы вызначаецца ні мовай, ні культурай, ні этнічным складам насельніцтва, а палітычнай арганізацыяй пануючага класа. Дзяржава – гэта “машына ў руках аднаго класа для панавання над другімі”. Як вынік з гэтага вызначэння, ВКЛ забяспечвала панаванне ўсяго класа феадалаў незалежна ад яго нацыянальнай прыналежнасці.

Нягледзячы на тое, што ВКЛ і не з'яўлялася чыста беларускай дзяржавай, яно пакінула глыбокі след у гісторыі нашага народа. Менавіта ў межах гэтага княства завяршыўся працэс этнічнай кансалідацыі беларусаў, далейшае развіццё атрымала і беларуская дзяржаўнасць.

Першага ліпеня 1569 г. быў прыняты акт Люблінскай уніі, які аб'яднаў дзве дзяржавы ў федэратыўную – Рэч Паспалітую. Сярод насельніцтва гэтага шматэтнічнага аб'яднання апынуўся і беларускі народ. У XVІІ – XVІІІ стст. палітычная абстаноўка ў Беларусі ўскладнілася і яе дзяржаўнасць не атрымала свайго развіцця, была дэфармавана.

Істотна не палепшыліся ўмовы для развіцця беларускай дзяржаўнасці і пасля ўключэння Беларусі ў склад Расіі, якое адбылося ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795). Рускі царызм не толькі не даў Беларусі аўтаноміі, яна была ўключана ў агульнарасійскую адміністрацыйна-тэрытарыяльную сістэму, але і не прызнаваў беларусаў як самастойны народ. Да насельніцтва Беларусі праводзілася русіфікатарская палітыка.

Гарады Беларусі страцілі высокі статус, які яны мелі па магдэбурскаму праву. 3 1873 г. дзеянне Статута ВКЛ 1588 г. было ліквідавана, уводзілася агульнарасійскае заканадаўства.

Уваход зямель Беларусі ў склад Расіі быў адмоўным перыядам развіцця беларускай дзяржаўнасці.

12. 4. БНР і яе лёс

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. праблема дзяржаўнасці набыла асаблівую актуальнасць. Падзенне царызму паставіла на парадак дня пытанне: які дзяржаўна-палітычны лад усталюецца на прасторах Расійскай імперыі?

У гэтых умовах на палітычнай арэне выступае нацыянальна-вызваленчы рух з канцэпцыяй пераўтварэння цэнтралізаванай, унітарнай самадзяржаўнай манархіі ў федэратыўную дэмакратычную рэспубліку, у якой кожны кампактна пражываючы народ атрымаў бы нацыянальна-тэрытарыяльную, а этнічныя меншасці – нацыянальна-культурную аўтаномію.

Трэба адзначыць, што аўтаномнай праграмы прытрымліваліся пасля Лютаўскай рэвалюцыі фактычна ўсе беларускія нацыянальныя арганізацыі, што дзейнічалі на ўсход ад лініі фронту. У дакументах Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), Беларускай народнай партыі сацыялістаў, хрысціянска-дэмакратычнай згуртаванасці з тымі або іншымі адценнямі выказвалася патрабаванне палітычнай і нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай Федэратыўнай рэспублікі.

Аўтаномная Беларусь павінна была мець свой прадстаўнічы орган з заканадаўчымі функцыямі – Беларускую краёвую Раду ў Мінску, выбраную ўсімі жыхарамі краю. У кампетэнцыю Рады належала перадаць усе пытанні мясцовага жыцця. Знешнепалітычная дзейнасць і вайсковыя справы пакідаліся за агульна-расійскім парламентам. Для ажыццяўлення гэтай канцэпцыі з'езд сфарміраваў часовы выканаўчы орган – Беларускі нацыянальны камітэт (БНК).

Пазіцыя беларускага нацыянальнага руху была абумоўлена яго сацыяльнай неаднароднасцю, супрацьлегласцямі, якія ўзніклі і паглыбіліся паміж рознымі сацыяльнымі слаямі гэтага руху.

Вырашыць спрэчныя пытанні, нягледзячы на ўсе намаганні, прадпрынятыя другім з'ездам беларускіх партый і арганізацый, што адбыўся 8 – 12 ліпеня 1917 г. у Мінску, не ўдалося. Беларускі нацыянальны камітэт быў распушчаны і была створана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый, якая імкнулася аднавіць адзінства нацыянальнага руху.

Цэнтральная рада беларускіх арганізацый, якая была канстытуцыіравана як адзіны кіруючы і прадстаўнічы орган усяго беларускага нацыянальнага руху на першай сваёй сесіі (5 – 6 жніўня 1917 г. ) у Мінску, пераўтваралася ў Вялікую беларускую Раду.

Перамога Кастрычніка адкрыла магчымасць для стварэння новага грамадскага і дзяржаўнага ладу. У Беларусі ў стварэнні новага ладу важную ролю адыгралі рэгіянальныя з'езды Саветаў, што адбыліся ў лістападзе 1917 г. у Мінску: з'езд Саветаў працоўных і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці; трэці з'езд Саветаў сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерній; другі з'езд армій Заходняга фронту.

Дэлегаты з'ездаў віталі ўстанаўленне ўлады Саветаў і выразілі поўную падтрымку. Абласны з'езд вырашыў правесці перавыбары мясцовых Саветаў, прадстаўнікі Заходняга фронту прынялі рэзалюцыю, якая прадугледжвала стварэнне стройнай структуры Саветаў як органаў дзяржаўнай улады.

Абраныя ў выніку трох з'ездаў выканкому аб'ядналіся з прадстаўнікамі прафсаюзаў і стварылі вышэйшы орган краявой улады – адзіны абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронту. Тады ж было вырашана пытанне і аб выканаўчай уладзе – утвораны Савет народных камісараў (СНК) Заходняй вобласці і фронту.

Неабходна адзначыць, што замацаванне савецкай улады ў Беларусі адбывалася ў барацьбе з апазіцыйнымі бальшавікам палітычнымі сіламі. Адной з іх была беларуская нацыянальная арганізацыя. Калі пасля звяржэння самаўладдзя яны патрабавалі для Беларусі краявой аўтаноміі, то пасля Кастрычніка выставілі лозунг самавызначэння.

Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі паскорыла раскол БСГ на розныя сацыяльныя адценні і плыні, як правыя, так і левыя. Правае крыло, якое далучылася да ліберальна-буржуазных груповак, выступіла за стварэнне адзінай беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Патрабуючы “поўнага нацыянальнага самавызначэння Беларусі”, кіраўніцтва БСГ уступіла ў адкрытую барацьбу за ўладу, узяло на сябе ініцыятыву абвяшчэння незалежнасці.

Здзяйсненне лозунга ўзяла на сябе Вялікая беларуская рада, пераемніца Цэнтральнай рады, якая ўзнікла ў выніку крызісу БНК.

Для рэалізацыі ідэі нацыянальнага самавызначэння Вялікая беларуская рада ўступіла ў кантакт з выканаўчым камітэтам Беларускага абласнога камітэта (БАК). Беларускі абласны камітэт быў створаны на І Усерасійскім з'ездзе сялянскіх дэпутатаў у лістападзе 1917 г. У адрозненне ад беларускіх нацыянальных партый і арганізацый, якія стаялі на пазіцыі аддзялення Беларусі ад Расіі, БАК арыентаваўся на Расію і лічыў сваёй задачай дасягненне абласной аўтаноміі ў складзе Расіі. У пачатку снежня 1917 г. БАК звярнуўся ў Наркамнац па справах нацыянальнасцей з прапановай аб сумеснай працы па ўзмацненні Савецкай улады ў Беларусі. Наркамнац пагадзіўся з прапановай БАК і даў згоду на правядзенне Усебеларускага з'езда для вырашэння пытання аб самавызначэнні Беларусі на аснове савецкай формы дзяржаўнасці. Уступіўшы ў перагаворы з БАК, Наркамнац ставіў сваёй мэтай паралізаваць намеры ВБР, іншых нацыянальных партый і арганізацый, дабіцца аддзялення Беларусі ад Расіі і абвяшчэння яе буржуазнай дэмакратычнай рэспублікай. І хаця пазіцыя БАК, які арыентаваўся на Расію, была процілеглай пазіцыі ВБР, іх аб'яднала агульная мэта – захапіць палітычнае кіраўніцтва на Беларусі.

Гэтая рада разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай (ЦБВР) назначыла на снежань 1917 г. скліканне Усебеларускага з'езда для вырашэння пытання “Аб краявой уладзе”. Барацьба на з'ездзе разгарнулася вакол пытання аб формах самавызначэння Беларусі. Большая частка ўдзельнікаў не выказвала асаблівых сімпатый да аблвыкомзаха. ВБР выступіла за аб'яўленне незалежнасці Беларусі. З'езд не прызнаў легітымнасць бальшавіцкай улады. Была прынята рэзалюцыя аб стварэнні органа краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Гэта рашэнне з'езда СНК Заходняй вобласці і фронту расцаніў як контррэвалюцыйную спробу звяржэння ўстаноўленага ў выніку перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі грамадскага і дзяржаўнага ладу. Таму 18 снежня 1917 г. з'езд быў разагнаны. Члены прэзідыума з'езда не прызналі рашэнне СНК і не выканалі яго. 18 снежня 1917 г. яны правялі падпольнае пасяджэнне, на якім стварылі Выканаўчы камітэт Агульнабеларускага з'езда, які заняў антыбальшавіцкія пазіцыі.

У пачатку 1918 г. палітычная сітуацыя ў Беларусі змянілася. Адбылося наступленне нямецкіх войскаў, у выніку чаго значная частка Беларусі апынулася пад уладай германскіх акупантаў. Аблвыкомзах і СНК Заходняй вобласці і фронту 19 лютага 1918 г. спешна эвакуіраваліся ў Смаленск.

На захопленай нямецкімі акупантамі тэрыторыі Беларусі актывізаваўся беларускі нацыянальны рух. Яго кіраўніцтва свае далейшыя падзеі ў рэалізацыі планаў беларускай дзяржаўнасці звязвала з Германіяй.

Выканаўчы камітэт Савета Усебеларускага з'езда абвясціў сябе вышэйшай уладай і 21 лютага 1918 г. выдаў Першую устаўную грамату да народаў Беларусі.