Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать
  1. Уводзіны. Прадмет беларусазнаўства

Метадычныя рэкамендацыі. Асэнсаваць такія паняцці, як нацыянальны нігілізм, інтэлектуальныя донары, беларусазнаўства, прадмет беларусазнаўства, метадалогія беларусазнаўства, айчыннае беларусазнаўства, эміграцыйнае беларусазнаўства, замежнае беларусазнаўства.

Мэтанакіраванае выхоўванне беларусаў доўгі час у духу няведання, ігнаравання сваёй гісторыі, мовы, нацыянальных традыцый прывяло да ўсталявання нацыянальнага нігілізму. Нас паслядоўна скіроўвалі, арыентавалі на культуру другіх суседніх народаў. Даволі часта беларусы выхоўваліся як інтэлектуальныя донары, што ўзбагачалі чужы духоўны патэнцыял, станавіліся нацыянальнай гордасцю іншых культур (С. Полацкі, С. Манюшка, М. Глінка, Ф. Дастаеўскі, А. Міцкевіч і інш. ). Каб добра ведаць дасягненні беларускага народа ў культуры, мове, літаратуры і г. д., дасканалае развіццё беларускай нацыі, у лік базавых дысцыплін у ВНУ ўсіх тыпаў 23 верасня 1992 г. рашэннем калегіі Міністэрства адукацыі РБ было ўключана беларусазнаўства.

Беларусазнаўства – навука, якая вывучае адметнасць і агульнасць беларусаў, іх нацыянальны рух, узаемаадносіны з суседзямі; гэта комплекс ведаў гісторыка-філалагічных і іншых навук пра Беларусь і беларускі народ; яго сацыяльную і этнічную гісторыю, матэрыяльную і духоўную культуру, мову і літаратуру, умовы бытавання; сістэма навуковых ведаў аб найбольш агульных заканамернасцях фарміравання і развіцця беларусаў і ўсяго, што з імі звязана.

Праблемы беларусазнаўства

  1. Фарміраванне беларускага этнасу і развіццё нацыянальных меншасцей.

  2. Фарміраванне этнічнай тэрыторыі беларусаў.

  3. Геаграфічнае становішча, прыродныя ўмовы, экалагічнае становішча і іх уплыў на беларусаў.

  4. Складванне і развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры.

  5. Гісторыя зараджэння і развіццё розных канфесій.

  6. Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці.

  7. Складанасці станаўлення беларускай дзяржаўнасці.

  8. Атрыбуты нацыянальнага суверэнітэту.

  9. З’яўленне і стан беларускай дыяспары.

10. Асаблівасці жыццядзейнасці беларускага народа на фоне суседніх этнасаў.

Прадмет беларусазнаўства: найбольш агульныя заканамернасці фарміравання, станаўлення і развіцця беларускага этнасу, яго самасвядомасці, дзяржаўнасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры; узаемаадносін з іншымі этнасамі і дзяржавамі.

Метадалогія беларусазнаўства (метады):

  1. Гістарычны.

  2. Лагічны (аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыя).

  3. Параўнаўчы.

  4. Структурна-функцыянальны (сістэмны падыход).

  5. Праблемны.

  6. Статыстычны.

Міжпрадметныя сувязі. Беларусазнаўства дыялектычна звязана з гуманітарнымі і прыродазнаўчымі навукамі (этнаграфія, гісторыя Беларусі, геаграфія Беларусі, гісторыя дзяржавы і права Беларусі, дэмаграфія Беларусі, педагогіка, літаратуразнаўства, мовазнаўства). У сваю чаргу, дасягненнямі беларусазнаўства карыстаецца грамадазнаўства.

Этапы развіцця беларусазнаўства (паводле даследаванняў Шыбекі З. В. )

Падрыхтоўчы этап (канец XVIII ст. – 80-ыя гг. XIX ст. ) прадстаўлены імёнамі вучоных і студэнтаў Віленскага універсітэта: Міхаіл Баброўскі, Ігнат Даніловіч, Антон Марціноўскі.

2-і этап (1880 – 1904 гг. ) – студэнты-народнікі, што выступалі на старонках падпольнага часопіса “Гоман” (1881 г. ): М. Янчук, М. Доўнар-Запольскі, Ф. Багушэвіч, Генрых Татур (археолаг), Карусь Каганец.

3-і этап (1905 – 1917 гг. ) – класікі беларускай літаратуры; газета “Наша ніва”; В. Ластоўскі, А. Разенфельд, Б. Тарашкевіч.

4-ы этап (1918 – 1928 гг. ) – уздым беларусазнаўства: У. Пічэта, Д. Жылуновіч (Ц. Гартны), М. Янчук, Я. Карскі, Ігнат Абдзіраловіч.

5-ы этап (канец 20-ых гг. – І палова 80-ых гг. XX ст. ) – заняпад беларусазнаўства: Я. Запруднік, А. Калубовіч, В. Кіпель, А. Адамовіч.

6-ы этап (80-ыя гг. – 1995 г. ) – адраджэнне;

7-ы этап (з мая 1995 г. ).

Вывучэнне беларускага краю пачалося даўно, але навуковы характар яно набывае ў той час, калі фарміруецца беларуская нацыя (XIX ст. ).

Курс беларусазнаўства стаў уводзіцца ў працэс навучання ў апошнія перадрэвалюцыйныя і першыя паслярэвалюцыйныя гады, у перыяд нацыянальнага адраджэння.

Беларусазнаўства як вучэбная дысцыпліна было замацавана з 1918 г.: курсы беларусазнаўства ў Мінску працавалі з красавіка 1918 – 1927 гг.; вышэйшыя курсы беларусазнаўства ў Петраградзе – з 1918 г.; летам 1918 г. у Маскве ў Беларускім народным універсітэце прачытаны курс беларусазнаўства для настаўнікаў. У гэты курс уваходзілі лекцыі па гісторыі, мове, этнаграфіі, антрапалогіі, літаратуры, мастацтву беларускага краю, землекарыстанні, лесазнаўству, кааперацыі. У 1920 г. курс лекцый па беларусазнаўству выдадзены ў Маскве на рускай мове.

У перыяд сталінскіх рэпрэсій справа беларусазнаўства пайшла ў зваротным накірунку. Гэтую справу ўзнавіла беларуская эміграцыя, якая за мяжой стварала беларускія навучальныя ўстановы, нацыянальна-культурныя суполкі (у Аўстраліі, ЗША, Францыі, Канадзе, Аўстрыі, Германіі і інш. ). Асабліва выдзяляюцца такія цэнтры: Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк), беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны (Лондан), цэлы комплекс устаноў у Польшчы, Літве і інш., Усходнееўрапейская акадэмічная асацыяцыя (штат Мерыленд, 1973г. ).

Плыні беларусазнаўства як навукі:

- айчыннае беларусазнаўства,

- эміграцыйнае,

- замежнае.

Навукоўцы, якія даследуюць праблемы развіцця Беларусі, аб’ядналіся ў Міжнародную асацыяцыю беларусістаў (МАБ). Першы міжнародны кангрэс МАБ адбыўся ў маі 1991 г. у Мінску.