Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

4. 2. Перакройванне этнічных зямель беларусаў у хх ст.

Этнічная тэрыторыя, тэрыторыя кампактнага рассялення пэўнага народа, з якой цесна звязаны яго этнагенез і этнічная гісторыя, вызначаецца ўстойлівасцю на працягу многіх стагоддзяў. Тэрыторыя, на якой складвалася беларуская народнасць, распасціралася ад Заходняга Буга і сярэдняга цячэння Нёмана на ўсход да р. Сож і ад сярэдняга цячэння Заходняй Дзвіны на поўдзень да Прыпяці. Уласцівае кожнай этнічнай тэрыторыі геаграфічнае асяроддзе – гэта не толькі сфера пражывання, але і жыццёвая аснова. Умацаванню агульнасці тэрыторыі беларусаў спрыяла тая акалічнасць, што ўсё сумеснае жыццё беларускага народа і яго бліжэйшых продкаў праходзіла на адной і той жа тэрыторыі, у адных і тых жа межах.

Этнічная тэрыторыя беларусаў у розныя часы акрэслівалася неадназначна. З курса гісторыі вядома, што першым дзяржаўным утварэннем на тэрыторыі Беларусі было Полацкае княства. Найбольшай магутнасці яно дасягнула ў ХІ ст. У сярэдзіне ХІІІ ст. пачало фарміравацца Вялікае княства Літоўскае – беларуска-літоўская дзяржава. Першапачатковым ядром яе тэрыторыі стала Новагародская зямля. Сталіцай княства Літоўскага быў спачатку Новагародак, а потым – Вільня.

Паводле Люблінскай уніі (1569) Польшча і Вялікае княства Літоўскае аб’ядналіся ў федэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалітую. У складзе яе абедзве краіны пэўны час захоўвалі аўтаномную самастойнасць, мелі асобную адміністрацыю, войска, свае законы. У рамках гэтага дзяржаўнага ўтварэння этнічная Беларусь знаходзілася да канца XVІІІ ст. Пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі апынуліся ў складзе Расіі. Такім чынам, становішча ўскладнялася гістарычнымі ўмовамі, уваходжаннем этнічнай тэрыторыі беларусаў у поліэтнічныя дзяржавы. Пры этнічнай дыферэнцыяцыі насельніцтва Р. Ф. Эркерт і А. Ф. Рыціх зыходзілі найперш з канфесіянальнай прыналежнасці. Я. Ф. Карскі, М. В. Доўнар-Запольскі пры складанні адпаведных карт кіраваліся этналінгвістычнымі прыкметамі.

З канца ХІХ – пачатку ХХ ст. з развіццём нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі пачынаецца барацьба за аднаўленне беларускай дзяржаўнасці. У выніку 25 сакавіка 1918 г. была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1 студзеня 1919 г. была ўтворана Беларуская ССР. Беларуская Народная Рэспубліка і Беларуская ССР былі абвешчаны ў этнічных межах, г. зн. ахоплівалі тэрыторыю, населеную пераважна беларусамі. Так, пры абвяшчэнні БССР у яе склад былі ўключаны Гродзенская, Мінская, Віцебская, Магілёўская, Смаленская губерні, асобныя паветы Віленскай і Чарнігаўскай губерняў.

Аднак межы БССР на працягу 1919 – 1920 гг. неаднаразова мяняліся. Ужо хутка пасля ўтварэнняя БССР да Савецкай Расіі адышлі Магілёўская, Віцебская, Смаленская губерні. У 1921 г. без удзелу Беларусі было заключана Рыжскае пагадненне паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Па гэтым пагадненні да Польшчы адыходзілі землі Заходняй Беларусі. У складзе Беларускай ССР заставалася ўсяго 6 паветаў Мінскай губерні.

У 1924 – 1926 гг. адбылося вяртанне да БССР часткі тэрыторый РСФСР з большасцю беларускага насельніцтва. Першае ўзбуйненне БССР адбылося ў сакавіку 1924 г. за кошт далучэння да Беларусі паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў. Другое ўзбуйненне БССР адбылося ў снежні 1926 г., калі да Беларусі былі далучаны Гомельскі і Рэчыцкі паветы былой Гомельскай губерні.

У верасні 1939 г. да Савецкай Беларусі была далучана Заходняя Беларусь. Плошча БССР павялічылася да 334 тыс. км2. У кастрычніку 1939 г. тагачасным урадам СССР Літве былі перададзены Вільня і Віленскі край, у 1945 г. Польшчы – Беласток і Беластоцкая вобласць. У 1964 г. адбылося частковае ўдакладненне мяжы Смаленскай вобласці РСФСР і Магілёўскай вобласці БССР. Так склаліся сучасныя дзяржаўныя межы Беларусі.

З абвяшчэннем незалежнасці ў ліпені 1991 г. Рэспубліка Беларусь становіцца суверэннай дзяржавай, якая ажыццяўляе свае функцыі па ўсёй тэрыторыі і якая з’яўляецца паўнапраўным членам сусветнага супольніцтва.