Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

9. 4. Дэкаратыўна - прыкладное мастацтва

Беларускае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва багатае і разнастайнае. За доўгі і складаны шлях развіцця яно выпрацавала мноства формаў, надзвычай багатыя разнастайныя і шматслойныя матывы, у большасці якіх прасочваюцца шматвяковыя, а то і тысячагадовыя традыцыі. На яго фарміраванне і развіццё наклалі адбітак розныя фактары: геаграфічны, гістарычны, сацыяльна-эканамічны і інш.

У беларускім народным мастацтве арганічна спалучаюцца і старажытныя агульнаславянскія праявы, і больш познія дасягненні ўсходніх і заходніх суседзяў. Дзякуючы пераемнасці традыцый вобразы першабытных часоў мірна ўжываюцца з навейшымі, некаторыя старажытныя матывы хоць і захоўваюцца, але нярэдка мадыфікуюцца да непазнавальнасці.

Карані гэтага архаічнага пласта творчасці ідуць ў эпоху каменнага веку. У палеаліце пачалі стварацца скульптурныя выявы жывёл і людзей з гліны, каменю, косці, зявіліся высечаныя і выразаныя малюнкі і арнаменты на скалах, камянях, косці, дрэве, бяросце, скуры і г. д. Аднак вяршыняй мастацтва гэтага часу можна лічыць скульптурныя выявы людзей і жывёл.

У беларускім народным мастацтве архаічны пачатак выявіўся асабліва выразна. Захаваліся старажытныя формы керамічнага посуду, што бытавалі ў эпоху бронзы.

Асабліва бурны росквіт розных рамёстваў пачынаецца з XVІ ст. Шырока развіваецца мануфактурная вытворчасць. Узнікла вытворчасць габеленаў, паясоў, сукна, вырабаў з фаянсу, скуры і інш.

Складаныя, супярэчлівыя працэсы характэрны для народнага мастацтва Беларусі парэформеннага перыяду. Развіццё капіталістычных адносін закранула ўсе яго віды. Гарадскія цэхавыя рамёствы занепадаюць, мануфактурная вытворчасць ці згорваецца, ці пераходзіць на выпуск танных вырабаў, каб канкурыраваць з масавай прамысловай прадукцыяй.

Промысламі мастацкага характару былі толькі набойка, ганчарства, некаторыя віды пляцення, а з пачатку ХХ ст. – і роспіс. Практычна не мелі прамысловага характару разьба па дрэве, ткацтва, вышыўка, кавальства і іншыя традыцыйныя віды народнага мастацтва. Гэтыя абставіны дазвалялі яму захоўваць традыцыйнасць і практычна не падвяргацца ўплыву капіталістычных адносін.

Тым не менш парэформенныя змены, закрануўшы многія бакі жыцця грамадства, не абышлі і вёску з яе народным мастацтвам, што бытавала ў выглядзе хатняй вытворчасці на ўласныя патрэбы. Інтэрер сялянскага жылля запаўняюць дэкаратыўныя тканіны, вышыўкі, карункі, выразкі з паперы, аплікацыя саломай па дрэве і тканіне, разьбяная і размаляваная мэбля, фігурная кераміка і інш.

Усю гэту разнастайнасць праяў народнай культуры і заспелі беларускія этнографы канца ХІХ – пачатку ХХ ст., якіх непакоілі змены ў народным побыце, што прыводзілі да знікнення некаторых патрыярхальных звычаяў і абрадаў. Аднак у цэлым народнае мастацтва прадаўжала жыць і нават развівацца, узбагачацца новымі формамі, матывамі, зместам.

Разьба па дрэве

Найбольшую цікавасць з даступнымі відамі мастацкай апрацоўкі дрэва ўяўляюць традыцыйныя дзяўбаныя і разьбяныя вырабы, перш за ўсё прылады працы і посуд. У народзе цанілі практычнасць і функцыянальнасць рэчы, дэкор толькі дапаўняў выразную, прадуманую канструкцыйную форму вырабаў. Своеасаблівай манументальнасцю і скульптурнасцю вызначаецца дробны дзяўбаны посуд: сальнічкі, лыжкі, міскі, ступкі, карцы, чарпакі і інш. Некаторыя з гэтых вырабаў рабіліся ў выглядзе жывёл і птушак.

Дэкаратыўная разьба часцей за ўсё сустракаецца на прыладах працы, звязаных з апрацоўкай ільну, і перш за ўсё на прасніцах з іх шырокай гладкай паверхняй. Самы старажытны і пашыраны від разьбы – геаметрычная трохгранна-выемчатая. На плоскай паверхні вырабу звычайным нажом ці простым разцом выразалі неглыбокія выемкі геаметрычнага характару, часцей за ўсё трохгранныя, адкуль пайшла і назва разьбы.

Трохгранна-выемчатая разьба звычайна дапаўнялася контурнай, падобнай на гравіроўку, якая таксама кампануецца ў геаметрычныя ўзоры: зігзагі, прамавугольнікі, елачку, прамую і касую сетку і інш.

Рэльефная разьба ў беларускім народным побыце бытавала не надта шырока, гэта хутчэй уплыў горада і прафесійных рамесніцкіх вырабаў. Найбольш характэрныя ўзоры яе – набоечныя дошкі і формы для выпечкі пернікаў.

У афармленні ўбранства народнага жылля з канца ХІХ ст. пашырэнне набывае скразная разьба. Калісьці яна мела ярка выяўлены культавы характар. Наіўна-рэалістычныя фігуркі багоў з сялянскіх майстэрань упрыгожвалі храмы, каплічкі, крыжы, мемарыяльныя слупы і інш.