Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

3. 5. Механізмы разбурэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў ва ўмовах таталітарызму 1930 – 1980 гг.

З канца 20-ых гг. ХХ ст. у Беларусі пачынаецца кампанія па разгрому так званага нацыянал-дэмакратызму, што азначала прамое адмаўленне беларусізацыі.

Тэндэнцыі барацьбы з нацдэмамі адлюстраваліся на ХІІ з’ездзе КП (б) Б:

1) была абвешчана ідэя абвастрэння класавай барацьбы;

2) галоўнай небяспекай быў аб’яўлены правы ўхіл (нацыянал-дэмакратызм), які абвінавачвалі ў падтрымцы хутарскіх гаспадарак, дапушчэнні мірнага ўрастання кулака ў сацыялізм, тармажэнні ходу калектывізацыі, аслабленні тэмпаў індустрыялізацыі, супрацоўніцтве з капіталістычнымі элементамі;

3) абвяшчалася ўзмацненне наступу на кулака і нэпмана, “бязлітасная пралетарская рэпрэсія”;

4) культура ставілася пад палітычны і ідэалагічны кантроль партыйных органаў (класавы змест літаратуры і мастацтва);

5) інтэлігенцыю падзялілі на буржуазную і пралетарскую;

6) разгарнулі школы для дзяцей рабочых, батракоў і сялянскай беднаты;

7) праводзілася падрыхтоўка маладых кадраў, якія выйшлі з пралетарскага асяродку (уся сістэма адукацыі была ідэалагізаванай);

8) курс нацыянальнай палітыкі быў накіраваны на ліквідацыю і да таго абмежаваных суверэнных правоў рэспублік, на поўнае іх падпарадкаванне цэнтру, на пераўтварэнне СССР ва унітарную дзяржаву.

У негатыўным кантэксце тэрмін “нацыянал-дэмакратычныя ідэалы” упершыню з’яўляецца ў рэзалюцыі пленума ЦК КП (б) Б 1926 г. “Аб нацыянальнай палітыцы ў БССР”, што прывяло да з’яўлення тэрміна “беларускі нацыяналізм”. З пераходам да калектывізацыі сацыяльнай асновай “нацдэмаўшчыны было аб’яўлена кулацтва”.

Апагеем узрастаючай кампаніі па разгрому нацыянал-дэмакратызму стала сфальсіфікаваная справа “антысавецкай, контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі” “Саюз вызвалення Беларусі” (СВБ) 1931 г., у выніку якой было асуджана 90 чалавек (работнікі навукі, культуры, мастацтва). У 1937 г. амаль усе, хто праходзіў па “справе СВБ”, былі асуджаны паўторна да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітавана з іх частка ў 1956 г., частка ў 1988 г. Першы ўдар, такім чынам, быў зроблены па адукаванай, незалежна думаючай інтэлігенцыі.

Сталінская наменклатура з яе прынцыпам назначэнства не мірылася з самастойнасцю кадраў на месцах, што прывяло да наступных удараў па нацыянальных самастойных рэспубліках. Таталітарны рэжым імкнуўся да унітарнай дзяржавы. У Беларусі вялася барацьба па нацыянальнай прыкмеце, свядома вынішчалася ўсё беларускае.

А самы моцны ўдар быў зроблены па беларускай мове – пастановай СНК БССР “Аб зменах і спрашчэннях беларускага правапісу ад 35 жніўня 1933 г. ”, у выніку якога адбылося наўмыснае скажэнне лексічных і граматычных норм беларускай мовы, яна наблізілася да рускай мовы.

Той жудасны час вельмі яскрава апісаў у сваім вершы “Простая мова, або Экзамен па мовазнаўстве” Казімір Камейша:

– Хто ты ёсць?

І пытанне на вуснах шыпіць,

Як укус.

– Беларус!

– ?

– Так і ёсць, Беларус!

Мой найцяжкі экзамен

Прымае сягоння НКУС.

– Памыліўся, шаноўны, ты ў гэтай графе,

Вусны крывяцца

Акантоўкай галіфэ,

– Гэта простая мова.

І пісаць усё трэба ў двукоссі.

– Вось як?. .

Я стаю і маўчу,

Абліваюся потам.

Калі возьмуць мой лёс

У двукоссе калючага дроту.

Мая простая мова,

Лёс твой матчыным словам галосіць,

Як цябе два арлы небяспечна двукосяць.

Два арлы, ды з адною, як паглядзіш, пароды.

Разам з простаю мовай

Двукосяць народы.

Мая простая мова!

Я і сам прастаган,

Як экзамен той здаў,

На зямлі сваёй роднае

Стаўся чужынцам.

Палітыка контрбеларусізацыі ўключала: скарачэнне колькасці беларускамоўных школ, народных дамоў, хатаў-чытальняў; ліквідацыю нацыянальных сельсаветаў; змяншэнне выдання беларускіх кніг, газет; перавод справаводства на рускую мову; замену беларускіх чыноўнікаў рускімі.

У канцы 30-ых гг. ХХ ст. была сфабрыкавана справа аб існаванні на Беларусі “аб’яднанага антысавецкага падполля, нацыянал-фашысцкай арганізацыі” на чале з кіраўнікамі А. Чарвяковым, М. Галадзедам, М. Гікалам. Паводле гэтай справы арыштавалі каля 100 членаў Саюза пісьменнікаў БССР. Буйным цэнтрам “шпіёнска-разведвальнай работы” аб’яўлялася АН Беларусі. Амаль поўнасцю была знішчана беларуская інтэлігенцыя.

У 1960 – 1980 гг. пачаўся працэс дэнацыяналізацыі: адбываецца размыванне ў значнай часткі людзей менталітэту, развіваецца комплекс непаўнацэннасці, сораму за родную мову, за сваё паходжанне; існуе рускае аднамоўе. Да сярэдзіны 70-ых гг. ва ўсіх гарадах і райцэнтрах Беларусі не засталося ніводнай беларускамоўнай школы і дзіцячага садка, а на сяле – беларускія школы пераведзены на рускую мову. Па колькасці выдадзеных кніг на беларускай мове Беларусь займала апошняе месца сярод усіх рэспублік былога СССР.

Беларускае нацыянальнае адраджэнне набірае свой рух толькі на пачатку 90-ых гг. Але ў сувязі з тым, што яшчэ ў даваенны час былі падрыхтаваны нацыянальныя кадры, пачыналі сваю дзейнасць многія пісьменнікі, якія звязвалі ролю мовы з нацыянальным адраджэннем і дзякуючы іх руплівым намаганням па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці, яна была захавана і яе ўзлёт назіраўся напрыканцы мінулага стагоддзя.