Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

8. 1. Славутасці старажытнай Беларусі і часоў Вялікага княства Літоўскага

Культура старажытнай Беларусі (Полацкага княства) з самага свайго пачатку была пастаўлена ў сувязь з праваслаўем.

Дзейнасць вядомай беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай (каля 1110 – 1173 гг. ) была прысвечана асвеце роднага народа. Будучая асветніца нарадзілася ў сям’і князя Святаслава Георгія, малодшага сына Усяслава Чарадзея. У 12 год Прадслава пад імем Ефрасінні прымае пострыг у манастыр. За манастырскімі сценамі яна не хаваецца ад свецкіх клопатаў, а, наадварот, бярэ чынны ўдзел у культурным і палітычным жыцці Полацкай зямлі. Яна пасялілася ў сафійскім саборы ў келлі-галубніцы і “нача книгы писати своими руками”. Працэс пісьма тады быў вельмі складаны і марудны. Гэтай справай займаліся выключна мужчыны. Ужо адно тое, што маладая жанчына ўзялася за такую цяжкую працу, было подзвігам. З “Жыція” зразумела, што частка перапісаных князёўнай кніг ішла на продаж, а атрыманыя грошы раздавалі бедным. Яна таксама перакладала літаратуру з грэчаскай, а магчыма, і з лацінскай моў. Заснавала два манастыры, у якіх дзесяткі пісьменных людзей пачалі перапісваць кнігі. Адкрыццё Ефрасінняй новых манастыроў, яе педагагічная дзейнасць далі магутны штуршок развіццю школьнай справы: дзеці ў тагачасных школах вучыліся чытанню, пісьму, лічэнню і царкоўным спевам.

Па яе загаду дойлід Іаан пабудаваў сусветна вядомую царкву Спаса – узор Полацкай архітэктурнай школы. Мясцовы ювелір Лазар Богша зрабіў для Ефрасінні славуты крыж – бясцэнны помнік старажытнабеларускага прыкладнога мастацтва.

Асветніца амаль паўстагоддзя ўплывала на палітыку Полацка. Была своеасаблівым сцягам змагання палачан за незалежнасць. Яе прах дастаўлены ў Спаскі манастыр ў Полацку, дзе захоўваецца і сёння.

Дзейнасць вядомага царкоўнага прамоўцы Кірылы Тураўскага (1130 – каля 1182 г. ) вызначалася складаннем 8-мі слоў-казанняў, двух прытчаў пра душу і цела, пра сляпога і кульгавага, два казанні пра манаскі і ангельскі вобраз, пасланні, каноны, спавядальныя малітвы, у якіх выявіліся духоўныя перажыванні аўтара.

Літаратурная спадчына, якая засталася пасля Кірылы Тураўскага, вельмі багатая. Дзякуючы свайму красамоўству, гуманістычнай накіраванасці яны ўвайшлі ў залаты фонд старажытнай літаратуры. У літаратуры заходнееўрапейскіх народаў ХІ – ХІІ стст. не было нічога, што пераўзыходзіла б па сваіх вартасцях “Словы Кірылы Тураўскага”. Таму Кірыла Тураўскі лічыцца першым сярод пісьменнікаў еўрапейскага ўзроўню, што жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Праваслаўная царква шануе яго памяць 28 красавіка (па старому стылю).

Аўраамій Смаленскі (Працалюбівы). Асветнік, рэлігійны дзеяч і мастак. Нарадзіўся ў сярэдзіне ХІІ ст. у Смаленску ў заможных бацькоў, якія да яго ўжо мелі 12 дачок. З дзяцінства выхаваны ў духу строгай хрысціянскай набожнасці і прывучаны да сістэматычных кніжных заняткаў. Калі Аўраамій дасягнуў сталага ўзросту, ён адмовіўся жаніцца і вырашыў прысвяціць сябе справе рэлігійнага служэння і асветы. Пасля смерці бацькоў раздаў іх маёмасць манастырам, цэрквам і бедным, а сам пайшоў у манастыр, размешчаны ў ваколіцах Смаленска. Тут ён старанна вывучаў творы Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, жыціі святых: Яўхімія, Савы, Антонія, Феадосія і інш. У гэты час Раман Расціславіч заснаваў у горадзе вучылішча, у якім навучаліся па славянскіх, грэчаскіх і лацінскіх кнігах. Аўраамій садзейнічаў росквіту гэтага вучылішча, дапамагаў фарміраваць яго бібліятэчны фонд. Пасля 30 гадоў манаскага служэння ў 1198 г. ён прыняў сан прасвітэра і стаў вядомы як прапаведнік і настаўнік не толькі для манаскай браціі, але і для духоўных асоб. Гэта выклікала зайздрасць у часткі духавенства, і Аўраамію прыйшлося перайсці ў Крыжаўзвіжанскі манастыр у Смаленску. Сюды да яго пачало прыходзіць яшчэ больш людзей за духоўнай парадай, настаўленнем. Яго поспех у веруючых выклікаў зайздрасць у духавенства. Прасвітэра абвінавацілі ў ерасі і распаўсюджванні забароненых кніг, а таксама ў спакушэнні жанчын і пераманьванні духоўных дзяцей. На судзе, які ўзначаліў князь і епіскап, ён змог апраўдацца, але яму забаранілі свяшчэннадзейнічаць і загадалі вярнуцца ў той жа самы манастыр. Але, дзякуючы папулярнасці Аўраамія сярод народу, царкоўныя ўлады вымушаны былі адмяніць сваю забарону і прызначыць яго ігуменам новага манастыра. Аўраамій заклікаў людзей помніць пра Бога, маліцца, каб не быць пакаранымі на судзе божым. Памёр ён у 1224 г., пражыўшы ў манастыры 50 гадоў. За актыўнае прапаведаванне хрысціянства і ўзорнае жыццё праваслаўная царква кананізавала асветніка. Яго вучань манах Яфрэм напісаў “Жыціе прэпадобнага Аўраамія Смаленскага”.

Клімент Смаляціч (? – пасля 1164 г. ). Царкоўна-палітычны дзеяч, мысліцель і асветнік. Нарадзіўся ў першай палове ХІІ ст. у Смаленску. Быў манахам Зарубскага манастыра каля Кіева. Стаў вядомы дзякуючы сваей адукаванасці, эрудыцыі, літаратурнаму таленту. Высокую адукацыю ён, верагодна, атрымаў у Канстанцінопалі. Як прыхільнік развіцця ўсходнеславянскай культуры, змагар супраць засілля ў рускай царкве грэчаскага духавенства, К. Смаляціч агітаваў за царкоўную аўтакефалію. Ён даказваў, што назначэнне мітрапалітаў для Кіеўскай Русі – унутраная справа рускага праваслаўя, і дыктат Візантыі ў гэтым пытанні пярэчыць інтарэсам народа, царквы, дзяржавы. Паводле яго пераканання мітрапаліты-грэкі, якія дрэнна валодаюць славянскай мовай, не маглі даць столькі карысці для царкоўнага ўпарадкавання і народнай асветы, колькі можна было чакаць ад мітрапалітаў мясцовага паходжання. Назначэнне мітрапалітаў-чужаземцаў без адабрэння княжацкай улады было знявагай для апошняй, служыла зручнай падставай для ўмяшання грэчаскіх імператараў у справы славянскіх дзяржаў. Патрыятычнасць і шчырае імкненне вучонага манаха садзейнічаць развіццю мясцовых традыцый у жыцці ўсходняга славянства выклікала прыхільнасць да яго мясцовай улады. Невыпадкова знаёмы з яго прамовамі князь Ізяслаў Мсціславіч, які заняў у 1146 г. велікакняжацкі прастол, паступіў, як яго продак Яраслаў Мудры. У 1147 г. ён склікаў у Кіеве епіскапскі сабор і прапанаваў удзельнікам выбраць першасвяшчэнніка для Кіеўскай Русі без адабрэння канстанцінопальскага патрыярха. Пры гэтым Ізяслаў Мсціславіч назваў К. Смаляціча самым дастойным кандыдатам. Становішча новага мітрапаліта было нялёгкім. Яго дзейнасць усхвалявала толькі Ізяслава Мсціславіча. Пасля смерці Ізяслава (1154), калі вялікакняжацкі прастол заняў былы смаленскі князь Расціслаў Мсціславіч, К. Смаляціч у яго асобе таксама атрымаў саюзніка, гатовага змагацца за самастойнасць рускай царквы. Аднак і на гэты час частка епіскапаў на чале з Ніфантам Ноўгарадскім не падтрымала мітрапаліта Клімента. Узнікла рэальная пагроза ўнутрыцаркоўнага расколу.

У сакавіку 1155 г. кіеўскі трон заняў правізантыйскі настроены суздальскі князь Юрый Далгарукі, які саслаў мітрапаліта Клімента ва Уладзімір Валынскі, а мітрапаліцкую кафедру аддаў назначэнцу патрыярха Канстанціну. Аднак праз 3 гады новы кіеўскі князь Мсціслаў Ізяславіч аднавіў К. Смаляціча на гэтай пасадзе. Барацьба за мітрапаліцкае месца выклікала царкоўную смуту. Каб спыніць разлад, князі Расціслаў і Мсціслаў адхілілі ад спраў абодвух мітрапалітаў і прызначылі ў жніўні 1161 г. на мітрапаліцкае месца Феадора, які праз некалькі месяцаў памёр. Расціслаў зноў прапанаваў кандыдатуру К. Смаляціча. Каб надаць справе законны выгляд, ён паслаў прасіць благаславення ў патрыярха. Але канстанцінопальскі патрыярх накіраваў у Кіеў мітрапалітам Іаана ІV. У выніку дзяржаўнай мудрасці і дыпламатычнай гібкасці Расціслава барацьба вакол самага прынцыповага для царкоўнага жыцця пытання сціхла. Так скончылася гісторыя з увядзеннем на мітрапаліцкі трон К. Смаляціча, які звязаў жыццё і дзейнасць з барацьбой за царкоўную незалежнасць ад Візантыі. Права прысылаць у Кіеў першасвяшчэнніка захавалася за патрыярхам. І ўсё ж ідэя рускай праваслаўнай аўтаноміі, якую так энергічна адстойваў вучоны манах са Смаленска, не памерла, але здзейснілася на практыцы толькі ў канцы XVІ ст.

Да нас дайшоў толькі адзіны твор К. Смаляціча – “Пасланне Фаме прасвітэру”. У развіцці чалавечай гісторыі аўтар вылучае 3 перыяды – “Запавет”, “Закон” і “Дар Божы”. Мысліцель характарызуе Бога як непазнавальную, абсалютную істоту, якая, аднак, пазнаецца ў сваіх тварэннях.

Сярод вядомых военачальнікаў старажытных часоў вядома дзейнасць Давыда Гарадзенскага (каля 1270 – каля 1328 г. ). Ён не палохаўся доўгіх пераходаў, дасканала валодаў мячом, кап’ём, лукам. Стаўшы зяцем Гедыміна, у якасці ваеннага намесніка едзе ў Гародню, змагаецца за свабоду горада. Былі ў гарадзенскага ваяводы славутыя паходы: на выручку суседняга Навагародка, паход дружыны ў Вагеншторф. Вялікая заслуга Давыда – у аб’яднанні беларускіх, літоўскіх і пскоўскіх воінаў супраць агульнага ворага – крыжакоў. Ён разбіў рыцараў у Мазовіі, дайшоў да Франкфурта-на-Одэры. Для Беларусі зрабіў вельмі многа, аб’яднаўшы ўсіх яе тагачасных саюзнікаў.

Адным са славутых дзеячаў ВКЛ быў Радзівіл Мікалай Чорны (1515 – 1565) – вядомы палітычны, культурны і рэлігійны дзеяч ВКЛ. Паходзіць з сям’і кашталяна. Атрымаў уплывовую пасаду земскага маршалка, удзельнічаў у пасольскіх місіях у іншыя краіны. У 1550 г. стаў канцлерам ВКЛ, атрымаўшы правы на захаванне найважнейшых дзяржаўных актаў у сваім архіве. Яго дзейнасць адыграла вялікую ролю ў развіцці мецэнацтва ўсіх галін дзяржавы, асабліва кнігадрукавання; заснаваў першую на тэрыторыі Беларусі друкарню. Пад яго апекай дзейнічала друкарня ў Нясвіжы, дзе друкаваліся кнігі Сымона Буднага, Мацея Кавячынскага, Лаўрэнція Крышкоўскага. Дзейнасць Радзівіла Мікалая Чорнага аказала ўплыў на царкоўна-рэлігійнае і культурнае жыццё ВКЛ.

Сярод найбольш адукаваных прадстаўнікоў беларускай шляхты трэба вылучыць Казіміра Лышчынскага (1634 – 1689), які пасля заканчэння езуіцкай калегіі атрымаў выдатную адукацыю. Ён займаўся юрыдычнай практыкай, выбіраўся паслом ад шляхты Брэсцкага ваяводства на соймы ў Варшаве (1669, 1670, 1672). У сваім маёнтку адкрыў школу, вучыў дзяцей шляхты і сялян пісьму, лічэнню, выкладаў мовы і асновы навук, выдатна будаваў сваю гаспадарчую дзейнасць. У 1687 г. ён быў абвінавачаны ў атэізме, духоўны суд прыняў рашэнне спаліць яго. Кароль Ян ІІІ замяняе спаленне на адсячэнне галавы. Пакаранне адбылося 30 сакавіка 1869 г. у Варшаве.

Цяжка пераацаніць значэнне дзейнасці Ф. Скарыны, М. Гусоўскага, В. Цяпінскага, С. Буднага ў фарміраванні нацыянальнай культуры, станаўленні літаратуры ВКЛ на сусветны ўзровень.

Францыск Скарына (каля 1490 – каля 1551 гг. ) сваёй выдавецкай і літаратурна-асветніцкай дзейнасцю вызначыў нацыянальную спецыфіку беларускай культуры эпохі Адраджэння, садзейнічаў далучэнню яе да еўрапейскай культурнай традыцыі. Усходнеславянскі першадрукар, мысліцель і гуманіст увесь свой талент прысвяціў навучанню “люда паспалітага”, да сваіх кніг ён пісаў прадмовы з мэтай выклікаць у суайчыннікаў цікавасць да ведаў, патрыятызм, адчуванне асабістай годнасці.

Друкарскую дзейнасць Ф. Скарыны працягваў С. Будны (1530 – 1593), беларускі гуманіст і асветнік, заснавальнік друкарні ў Нясвіжы. Ён пісаў пра неабходнасць засваення беларускай культуры, выкладаў на беларускай мове. С. Будны – сапраўдны майстар літаратурнага перакладу. Яго перакладчыцкі талент найбольш ярка выявіўся ў час працы над Свяшчэнным Пісаннем. Будны, як вядома, перакладаў Біблію на польскую мову, якая на той час побач са старабеларускай, царкоўнаславянскай і лацінскай з'яўлялася адной з літаратурных моў Беларусі. Мяркуючы паводле ўласных выказванняў С. Буднага і шматлікіх спасылак у тэксце Новага Запавету 1574 г., перакладчык карыстаўся самымі разнастайнымі папярэднімі выданнямі і рукапісамі Свяшчэннага Пісання: лацінскімі, яўрэйскімі, грэчаскімі і рознымі славянскімі, а таксама шматлікімі творамі старажытных тэолагаў, якія хоць неяк закраналі ці цытавалі біблейскія тэксты. У час працы над Новым Запаветам ён абапіраўся на ранейшыя пераклады, зробленыя выдатнымі еўрапейскімі вучонымі: Ларэнцам Валам, Эразмам Ротэрдамскім, Марцінам Лютэрам, Себасцьянам Касталіёнам, Тэадорам Базам, Мікалаем Зэгерам. Са старажытных аўтараў Будны нязменна карыстаўся творамі Тэртуліяна, Эўсебія, Эпіфанія, Ераніма. Беларускі перакладчык меў пад рукой Біблію Скарыны, пераклад Пятра Мсціслаўца і Івана Фёдарава, Брэсцкую Біблію 1563 г., пераклад Станіслава Мужыноўскага, Чэшскую і Харвацкую Бібліі ды шэраг іншых тэкстаў Свяшчэннага Пісання.

Можна адназначна сцвярджаць: ніхто з тагачасных еўрапейскіх перакладчыкаў новазапаветных твораў не выконваў папярэдне такой грандыёзнай тэксталагічнай працы, як С. Будны. Дзякуючы надзвычайным аналітычным здольнасцям беларускага асветніка, яго таленту, шырокай эрудыцыі, глыбокай дасведчанасці ў пытаннях экзагетыкі і, галоўнае, дасканаламу веданню старажытных моў, навукова-крытычны ўзровень выдання Новага Запавету 1574 г. стаўся, бадай, самым высокім сярод усіх вядомых на той час у Еўропе. Сам жа асветнік з характэрнай для яго чалавечай сціпласцю не лічыў яго цалкам дасканалым і пазбаўленым хібаў. Ён не разлічваў на шчодрыя ўзнагароды і не шукаў лаўраў лепшага перакладчыка. “Якая ласка мне будзе, – пісаў ён, – не ведаю. Але пра тое зусім не дбаю. Мне досыць ужо таго, што не закапаў майго малога таленту, а прынёс карысць… Усю маю працу няхай ацэняць наступныя пакаленні”.

С. Будны выявіў сябе як выдатны майстар паэтычнай “эпікграмы”. Ствараючы панегірыкі на гербы беларускіх магнатаў, паэт вытрымліваў усе каноны эмблематычнай паэзіі, існуючыя ў заходнееўрапейскіх літаратурах. Дзякуючы менавіта С. Буднаму “эпікграмы” на гербы сталі неад'емнай рысай лацінамоўнай літаратуры Беларусі. Яго паэтычныя традыцыі, але ўжо на беларускай мове, пазней прадоўжылі паэты барока А. Рымша, Л. Мамоніч, М. Сматрыцкі, С. Собаль і інш.

Васіль Цяпінскі (Амельяновіч) каля 1540 – 1603(?) Беларускі гуманіст-асветнік, пісьменнік і кнігавыдавец. Нарадзіўся ў сям’і дробнага гаспадарскага баярына Полацкага павета Мікалая Амельяновіча. Імя Васіля Цяпінскага разам з братамі Жданам і Іванам Войнамі ўпершыню ўпамінаецца ў дакументальных крыніцах 1560-ых гг. (завяшчанне маці 1563 г., працэс 1564 г. з Ю. Осцікавічам, які зрабіў напад на маёнтак Цяпінскіх – Свіраны). Жонка Цяпінскага Соф’я Данілаўна паходзіла з роду князёў Жыжэмскіх. Васіль меў радавы маёнтак Цяпіна (каля Лепеля), спадчынныя і набытыя ўладанні ў Мінскім, Лідскім, Ашмянскім, Віленскім паветах.

У 1567 г. служыў малодшым афіцэрам коннай роты аршанскага старасты Ф. Кміты-Чарнабыльскага. Прымаў удзел у Лівонскай вайне 1558 – 1563 гг. Служыў у падканцлера Вялікага княства Літоўскага Яўстафія Валовіча, пратэктара рэфармацыйнага руху, які падтрымліваў кнігавыдавецкую і асветніцкую дзейнасць на Беларусі і ў Літве. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў пачатку 1570-ых ён жыў на Валыні. У канцы жыцця Цяпінскі, відаць, не захаваў за сабой усіх маёнткаў, бо ў студзені 1604 г. Полацкі гарадскі суд разглядаў справу паміж яго сынамі і жонкай пра падзел толькі Цяпіна. Астатнія маёнткі, магчыма, былі прададзены ім на пакрыццё выдаткаў, звязаных з кнігадрукаваннем.

Цяпінскі прадоўжыў гуманістычныя і культурна-асветніцкія традыцыі Ф. Скарыны, быў асабіста і ідэйна звязаны з С. Будным, падзяляў яго грамадска-палітычныя і рэлігійныя погляды. Як і С. Будны, ён прыйшоў ад кальвінізму да антытрынітарызму. У кнізе “Пра найважнейшыя артыкулы хрысціянскай веры” С. Будны паведамляў, што ў 1574 г. у доме “брата мілага Васіля Цяпінскага” адбыўся сінод антытрынітарыяў. У другой сваёй кнізе ён пісаў пра сінод 1578 г., на якім Цяпінскі адстойваў пазіцыю, што валодаць маёнткамі і зямлёй, а таксама ўдзельнічаць у справядлівых войнах супраць нашэсцяў і пагрозы тыраніі – гэта не грэх і не супярэчыць Бібліі, як даводзілі крайне левыя антытрынітарыі. Такія погляды асветніка супадалі з поглядамі шляхецкага крыла пратэстанцкага руху.

У 1570-ыя гг. Цяпінскі на свае сродкі арганізаваў друкарню (знаходзілася, відаць, у Цяпіне) з намерам выдаваць кнігі на беларускай мове. У яго была неблагая бібліятэка, неабходная яму для выдавецкай дзейнасці. Наважыўшыся надрукаваць Евангелле на дзвюх мовах – царкоўнаславянскай і старажытнарускай (беларускай), Цяпінскі распачаў цяжкую і складаную па тым часе работу па яе перакладзе. Зараз вядома толькі адно яго выданне Евангелля, якое выйшла каля 1570 г. і змяшчае евангеллі ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі (захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу). Гэта частка выдання выяўлена ў ХІХ ст. у рукапісным зборніку, куды былі ўплецены 62 друкаваныя аркушы Евангелля Цяпінскага. Прадмова да гэтага выдання на 6 аркушах напісана ім. Пры перакладзе Евангелля на беларускую мову Цяпінскі абапіраўся на стараславянскія пераклады Свяшчэннага Пісання асветнікамі Кірылам і Мяфодзіем.

Яго падыход да рэлігіі быў рацыяналістычны, талерантны. Рэлігійную адукацыю ён звязваў з асветай наогул. Евангелле адрасаваў і дарослым, і дзецям, і кальвіністам, і праваслаўным, і ўсім, хто хоча чытаць гэту частку Бібліі. Выданнем Евангелля Цяпінскі ставіў за мэту не толькі спрыяць рэлігійнаму выхаванню, але ўзняць асвету і нацыянальную самасвядомасць беларускага народа. Асноўную прычыну цяжкага становішча і заняпаду сваёй айчыны ён бачыў у афіцыйнай палітыцы паланізацыі і акаталічвання беларусаў, у падтрымцы гэтай палітыкі мясцовымі феадаламі, якія не толькі не дапамагалі народу развіваць сваю культуру, але і самі адракліся ад таго, што калісьці было зроблена іх “фалебными предками”, саромеюцца свайго паходжання і мовы. Даўно наспелай справай ён лічыў адкрыццё школ, у якіх выкладанне вялося б не на лацінскай ці польскай, а на беларускай мове, дастаткова багатай для выкарыстання яе ў навучальных установах. Такія школы і вывучаемыя ў іх прадметы, на яго думку, павінны адпавядаць усебаковаму развіццю адукацыі на роднай мове і, значыць, усебаковаму развіццю чалавека “для лепшого розсудку”, каб у іх “детки смыслы свои неяко готовали, острили и в вере прицвичали”. У сваім выданні Евангелля Цяпінскі змясціў 210 глос (слоў-перакладаў), якія тлумачылі на палях кнігі.

Мяркуюць, што ў 1562 г. Цяпінскі надрукаваў у Нясвіжы 2 творы С. Буднага: “Катэхізіс” і “Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам”. У Супрасльскім зборніку XVІ ст. перад прадмовай да Евангелля Цяпінскага змешчаны “Катэхизисъ, або Соума Науки детей въ Христе Исусе”, магчыма, тэкст падрыхтаваны Цяпінскім.

Сімяон Полацкі (сапр. Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітніяковіч; 1629 – 25. 8. 1680). Беларускі і рускі пісьменнік, філосаф-асветнік, педагог, тэолаг, грамадскі і царкоўны дзеяч. Паходзіў, як мяркуюць даследчыкі, з купецкага саслоўя. У архіўных “роспісах двароў-палачан” род Пятроўскіх пазначаны поруч са Скарынамі і Цяпінскімі. Пачатковую адукацыю атрымаў у Полацку. Першым яго настаўнікам мог быць вядомы беларускі педагог і пісьменнік І. Іяўлевіч. У пачатку 1640-ых гг. – студэнт Кіева-Магілянскай школы (пазней – акадэміі), дзе сярод яго настаўнікаў былі выдатныя ўкраінскія вучоныя і пісьменнікі Пётр Магіла (заснавальнік школы і яе першы рэктар), Л. Барановіч, І. Гізель. У Кіеве атрымаў званне “дыдаскала” (настаўніка). Пазней, як мяркуюць даследчыкі, вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі. Захаваліся яго канспекты курсаў лекцый віленскіх філосафаў і тэолагаў А. Каяловіча, Л. Рудзінскага і інш. У Вільні Сімяон вывучаў рыторыку, тэарэтычную і практычную паэтыку, натурфіласофію і этыку. Рыторыку выкладаў вядомы прафесар С. Лаўксмін, а курсы паэтыкі і антычнай культуры грунтаваліся на фундаментальных працах новалацінскага паэта і тэарэтыка літаратуры М. Сарбеўскага. Акрамя роднай беларускай мовы ён дасканала ведаў лацінскую, польскую і царкоўнаславянскую мовы, пісаў на гэтых мовах вершы, прамовы, навуковыя трактаты. На думку некаторых даследчыкаў (В. Былінін і інш. ), у віленскі перыяд С. Полацкі ўступіў ва уніяцкі ордэн Васіля Вялікага і стаў базыльянінам. Уніяцтва ў той час замацавалася на Беларусі, яго прыхільнікі па-свойму імкнуліся пераадолець рэлігійны раскол беларусаў на праваслаўных і католікаў, карысталіся беларускай моваю.

У першай палове 1650-ых гг. С. Полацкі вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі. Якраз тады (1654) пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, якая працягвалася з перапынкам да 1667 г. і закончылася Андрусаўскім перамір'ем, паводле якога да Расіі былі далучаны Левабярэжная Украіна і Смаленшчына, а Беларусь у складзе Вялікага княства Літоўскага засталася ў Рэчы Паспалітай. У такіх трагічных умовах закончыўся беларускі перыяд творчасці С. Полацкага. Быў у яго і больш ранні, вучнёўскі этап творчасці, які прыпадае на дзесяцігоддзе вучобы ў Кіеве і Вільні (1643 – 1653). Пісаў тады паэт на старабеларускай, старапольскай і лацінскай мовах. Большасць польскіх і лацінскіх яго вершаў належаць да так званай школьнай паэзіі: гэта “перакладыроўка” тагачаснай універсітэцкай навукі і маральнай філасофіі ў сістэму сілабічнай паэтыкі барочнага кірунку. Тады паэтычны талент пісьменніка выявіўся пераважна ў свецкай тэматыцы, у кантрастнай вобразнасці, спецыфічнай для паэтычнай культуры барока “паэтычнай дасціпнасці”, якую даследаваў Сарбеўскі ў трактаце “Пра дасціпнасць і жарт” (1622 – 1627).

Сярод вядучых матываў школьнай паэзіі была вершаваная арыфмалогія – паэтыка-сімвалічнае тлумачэнне лічбаў, пераважна сакральных (3, 4, 7, 12 і інш. ). Праграмны твор С. Полацкага з арыфмалагічнага цыкла – верш “Сем вызваленых навук” – паэтычнае апісанне гуманітарнага “трывіума” (граматыка, дыялектыка, рыторыка) і “квадрывіума” (арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка). Граматыка як пачатак усіх навук адчыняе “браму мудрасці”. Пад дыялектыкай тады разумелі фармальную логіку, майстэрства спрэчак і доказаў. На думку пісьменніка, яна пачалася творчасцю філосафа Платона (428 – 348 да н. э. ) і лічылася “маці ўсім навукам”. Пад арыфметыкай мелася на ўвазе антычная піфагарыйская прагностыка, або прадбачанне на падставе сімвалічнага тлумачэння лічбаў. Геаметрыя вымярае даўжыню і вышыню “да самага неба”. Астраномію ў позніх схаластаў замяніла астралогія – вызначэнне па зорках і планетах лёсу чалавека і грамадства. Нарэшце, музыка далучала да гармоніі і навучала “сімфоніі” – узгадненню гукаў, слоў і музычных ладоў.

Каля 1656 г. С. Полацкі вярнуўся ў родны Полацк, прыняў праваслаўнае манаства і настаўнічаў у брацкай школе пры Богаяўленскім манастыры. Чалавек па натуры дзейсны, працавіты, ён выкарыстаў усе магчымасці для грамадскага і літаратурнага самавыяўлення. Былі ў яго жыцці хвіліны адзіноты і тугі, і тады пісаліся вершы-маленні з элегічным настроем. Напрыклад, у “Малітве ў час смутку” паэт просіць Бога вызваліць яго ад цяжкіх клопатаў і напасцяў. З прыходам С. Полацкага вакол Богаяўленскага манастыра згуртаваліся таленавітыя пісьменнікі, сярод іх і ранейшыя яго настаўнікі – іераманах Філафей Утчыцкі, Ігнацій Іяўлевіч, здольныя выхаванцы іх школы Васіль Яновіч, Сава Капусцін і інш. Гэта была, па сутнасці, полацкая школа беларускіх літаратараў і настаўнікаў, якая магла сапернічаць з тагачаснай Полацкай езуіцкай калегіяй.

Характэрная рыса яго паэтычных твораў полацкага перыяду – патрыятызм, любоў і пашана да свайго народа, да роднага горада і краю. Сярод твораў на гэту тэму элегічная малітва пра забранне цудатворнага абраза Багародзіцы з Полацка ў Маскву (1663), “Прылог да прападобнай маці Ефрасінні” (1663), у якіх паэт просіць святую заступніцу Беларусі дапамагчы вярнуць “в страну Полотскую” народную святыню. Амаль што апакаліпсічны ваенны “патоп” 1650 – 1660-ых гг., рэлігійная вайна, казацка-сялянскія паўстанні, пагроза захопу шведамі Беларусі і Літвы пахіснулі веру С. Полацкага ў стабільнасць Рэчы Паспалітай. Пісьменнік пачаў ускладаць надзеі, што яго Радзіму выратуе палітычны саюз з Расіяй. Таму, калі ў ліпені 1656 г. маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч прыбыў з войскам у Полацк, ён вітаў яго хвалебнымі “метрамі” – тэатралізаванымі сілабічнымі вершамі, якія зачыталі вучні паэта, праслаўляючы “вызваліцеля” беларускай зямлі, спадчынніка “польскай кароны”. Пазней у тым жа панегірычным стылі ён напісаў “Вершы да гасудара Аляксея Міхайлавіча Вялікія і Малыя і Белыя Русі самадзержца”, “Вершы да гасударыні царыцы”, “Вершы да гасудара царэвіча” і іншыя ўрачыстыя хваленні. Пра патрыятызм пісьменніка, якога ніколі не пакідала любоў да сваей радзімы – Беларусі і Рэчы Паспалітай, сведчаць дзве яго польскамоўныя сатырычныя паэмы – “Роспач караля шведскага” і Шведскі кароль шукае сваіх афіцэраў” (каля 1657 – 1660). У гэтых таленавітых памфлетах выкрывалася заваёўніцкая авантура Карла Густава Х, які ў сярэдзіне XVІІ ст. хацеў падзяліць Рэч Паспалітую, прыкрываючыся уніяй Швецыі і Вялікага княства Літоўскага. Вайна скончылася поўным паражэннем шведскай арміі. Гэтыя і іншыя творы беларускага перыяду (камічная дэкламацыя “Вітанне богалюбівага епіскапа Касліста Полацкага і Віцебскага…”, “Лякарства на грахі”, “Вершы ўцешныя да асобы адзінай”) сведчаць, што ён карыстаўся выяўленчымі сродкамі народнага смеху – гратэскам і травестацыяй. Адначасова С. Полацкі выявіў свой паэтычны талент у жанрах пастаралі (калядная вершаваная драма па матывах Евангелля ад Лукі “Гутаркі пастухоўскія”), оды (“Вершы да гасудара цара Аляксея Міхайлавіча…”, “Вершы да гасударыні царыцы”, “Вершы да гасудара царэвіча”, “Прывітанне нованароджанай царэўне Марыі”, “Віншаванне новаабранаму патрыярху”), элегіі (“Малітва ў смутку”, на польскай мове).

Зімой 1664 г. С. Полацкі прыняў запрашэнне пераехаць у Маскву. Меркаваў, што часова, а сталася – назаўсёды. Яму было даручана стварыць пры адным з маскоўскіх манастыроў лацінскую школу для падрыхтоўкі служачых Тайнага прыказа – асабістай канцылярыі цара. Ён стаў разам з вучоным візантыйцам Паісіем Лігарыдам дарадцам цара па царкоўных справах, перакладчыкам і рэдактарам. Яго запрашалі на прыдворныя ўрачыстасці, дзе паэт чытаў свае віншаванні ў вершах. Калі ў 1665 г. у цара нарадзіўся сын Сімяон, паэт з гэтай нагоды напісаў верш “Добрае прывітанне” (“Благоприветствование”) у вытанчанай форме барочнай паэтыкі. Уплыў паэта на царскі двор асабліва ўзмацніўся пасля 1667 г., калі ён быў прызначаны выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей. Галоўны клопат беларускага пісьменніка ў Маскве – педагагічныя, асветніцкія і выдавецкія справы. Яму ўдалося ажыццявіць сваю даўнюю мару – заснаваць пры царскім двары (“наверсе”) т. зв. “Верхнюю друкарню”, незалежную ад патрыяршай цэнзуры. Сярод першых надрукаваных у ёй кніг падручнік для дзяцей “Буквар мовы славенскай”. У той час грамаце вучыліся звычайна па біблейскім зборніку гімнаў і песняў, вядомым пад назвай “Псалтыр”. С. Полацкі пераклаў яго сілабічнымі вершамі і выдаў у друкарні пад назвай “Псалтыр рыфматворны”. Гэты твор стаў папулярным песеннікам у асяроддзі тагачасных адукаваных людзей.

У 1678 г. ён падрыхтаваў вялікі зборнік сілабічных вершаў “Рыфмалагіён, або вершаслоў”, які складаўся пераважна з хвалебных эпіграм, панегірыкаў і элегічных фрэнаў (плачаў), напісаных “на выпадак”. Ёсць у ім і буйныя творы новага для тагачаснай Расіі драматычнага жанру – п'есы “Камедыя прытчы пра блуднага сына” і трагедыя “Пра Навухаданосара цара…”. З яго драматургіі ў Расіі пачынаўся прафесійны тэатр. Цыкл вершаў пад назвай “Фрэны, або Плачы” на смерць расійскай царыцы Марыі Ільінічны – адзін з лепшых твораў паэта. Сярод яго багаслоўскіх прац арыгінальнасцю вызначаецца кніга “Вянец веры кафаліцкія” (1670). Яна, відаць, была багаслоўскім падручнікам для царскіх дзяцей, вучняў пісьменніка. Гэтым творам зацікавілася царэўна Софія (1654 – 1704). Захаваўся верш, прысвечаны ўручэнню рукапіснай кнігі вялікай князёўне Софіі Аляксееўне. Гэта тыповы панегірык, верш-хваленне, у якім дасціпна выкарыстана семантыка яе імя (Софія ў перакладзе з грэчаскай – мудрасць).

Даходзіла да канфліктаў з трагічным фіналам, пра што сведчыць лютае забойства стральцамі брата С. Полацкага, манаха Трубчэўскага манастыра Ісакія, якое адбылося ў 1674 г. ці 1675 г. у манастыры неўзабаве пасля вяртання Ісакія з кіеўскага паломніцтва. За год да смерці С. Полацкі працаваў над праектам рускай вышэйшай школы на ўзор Кіева-Магілянскай акадэміі. Мелася на ўвазе выкладанне ў ёй не толькі грэчаскай мовы і багаслоўя, але дасягненняў еўрапейскай гуманітарнай навукі і культуры, лацінскай мовы і натурфіласофіі. Пісьменнік памёр на 51-ым годзе жыцця.

Да беларускіх літаратараў XVІ ст. належыць імя Андрэя Рымшы (1550 – 1595), які з’яўляецца заснавальнікам панегірычнай паэзіі.

На развіццё беларускай культуры вялікі ўплыў аказалі Стэфан Зізаній – беларускі пісьменнік XVІ – пачатку XVІІ ст., Стэфан Лован – дзеяч Рэфармацыі на Беларусі, а таксама Іпацій Пацей (1541 – 1613) – пісьменнік, дзяржаўны дзеяч, адзін з арганізатараў Берасцейскай уніі 1596 г.

Адзін з першых усходнеславянскіх кнігадрукароў Пётр Мсціславец быў і выдатным гравёрам XVІ ст. У заснаванай друкарні выдаў “Часоўнік”, “Евангелле напрастольнае”, “Псалтыр” якія былі выкананы на высокім паліграфічным узроўні, мелі цудоўныя гравюры.

Гаворачы аб выдатных дзеячах сярэднявечнай Беларусі, нельга не выдзеліць асобу Льва Сапегі (1557 – 1633) , ён быў юрыстам, пісьменнікам, публіцыстам, канцлерам ВКЛ, удзельнічаў у стварэнні Статута 1588 г. – поўнага кодэкса законаў ВКЛ.