Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

6. Веравызнанні народаў беларусі

Метадычныя рэкамендацыi. Гэта тэма працягвае вывучэнне духоўнай культуры беларусаў i iншых этнiчных груп насельнiцтва праз такую спецыфiчную форму адлюстравання рэчаiснасцi i ўнутранага свету чалавека, як веравызнанне. Таму студэнтам трэба асэнсаваць такiя паняццi, як язычнiцтва, канфесiя, хрысцiянства, храм, праваслаўе, каталiцызм, унiяцтва, рэлiгiйнае сектанцтва, iудаiзм, пратэстантызм, мусульманства.

План

  1. Дахрысцiянскiя вераваннi нашых продкаў

  2. Хрысцiянства i iншыя рэлiгii як формы грамадскай свядомасцi розных народаў на Беларусі

  3. Сучасны рэлігійны стан на Беларусі

Склад.: дац. Мельнікава Т. М.

6. 1. Дахрысцiянскiя вераваннi нашых продкаў

Як вядома з гiстарычных (археалагiчных) крынiц, рэлiгiйныя ўяўленнi ў насельнiцтва, якое знаходзiлася прыкладна 40 – 30 тыс. гадоў таму назад на тэрыторыi сучаснай Беларусi, склалiся ва ўмовах старажытнага першабытнаабшчыннага грамадства. Першасная рэлiгiя называлася язычнiцтвам. Язычнiцкiя вераваннi iснавалi ў розных формах i мелі наступныя рысы:

1) полiтэiзм (шматбожжа). Пакланялiся Перуну – богу грому, маланкi i дажджу; Валосу (Вялесу) – богу жывёлы, багацця, гандлю i г. д. Iснаваў культ сонечных багоў: Хорс, Дажбог, Купала, Ярыла;

2) вера ў духаў. Нашы продкi не маглi растлумачыць розныя прыродныя з'явы i таму верылi ў iснаванне духаў добрых i злых. Мiж iншым, адсюль узнiкла магiя белая i чорная, прамысловая, ваенная, любоўная i г. д.;

3) розныя вiды пакланенняў. Доўгi час пакланялiся камяням, надзяляючы iх якасцямi дапамогi ў час якiх-небудзь выпрабаванняў. Таксама назiралася пакланенне дрэвам, крынiцам, узгоркам, жывёлам, розным прыродна-геаграфiчным з'явам.

6. 2. Хрысцiянства I iншыя рэлiгii як формы грамадскай свядомасцi розных народаў на Беларусі

Першыя хрысцiянскiя мiсiянеры на Беларусi з’явіліся ў ІХ ст. Па афiцыйнай думцы хрысцiянiзацыя Беларусi звязана з хрышчэннем Кiеўскай Русi ў 988 г. Па неафiцыйнай думцы хрысцiянства ў Полацкiм княстве было прынята непасрэдна з Вiзантыi i раней, як у Кiеве (таму што яшчэ да 988 г. полацкi князь Рагвалод i яго дачка Рагнеда былi знаёмы з хрысціянствам). Акрамя таго, у летапiсах адзначаецца, што ў Х ст. у Полацку прапаведаваў хрысцiянства iсландскi мiсiянер Торвальд Вандроўнiк, якi заснаваў у Полацку хрысцiянскi манастыр.

Летапiсцы не адзначаюць хрышчэнне Полацкага княства, якое праводзілася ў Кiеве i Ноугарадзе, “агнём i мячом”. Гэта ўказвае на тое, што хрышчэнне на Беларусi праходзiла больш мiрна, i хрысцiянства доўга суiснавала разам з язычнiцтвам.

У 992 г. у Полацку была заснавана праваслаўная епархiя. Адметнасцi вiзантыйскай культуры замацавалiся ў беларускiх архiтэктурных i мастацкiх школах. Напрыклад, у Полацку быў пабудаваны Бельчыцкi манастыр, аналага якому не было ва ўсёй усходняй Русi. Яго асаблівасцямі з’яўляюцца: какошнiкi, крыжава-купальныя храмы з высока ўзнятымi барабанамi (такі ж Спаса-Праабражэнскi сабор у Полацку), манументальны жывапiс у славянска-вiзантыйскiм стылi: фрэскi, мазаiка, iканастасы.

Хрысцiянства прыйшло з Усходу Вiзантыi ў канцы Х ст. i набыло грэчаскi праваслаўны абрад, яно ахапiла найперш заможныя слаi насельнiцтва i гараджан.

Распаўсюджванне хрысцiянства адбывалася ў форме жорсткага змагання супраць паганскiх звычаяў i абрадаў, якiя пусцiлi магутныя каранi за шмат гадоў. Новая рэлігія прынесла як станоўчыя, так і адмоўныя рысы.

Адмоўнае. Пасля “хрышчэння Русi” язычнiцкае мiнулае славян свядома закрэслiвалася: забараняліся масавыя народныя гуляннi, “iгрышчы”, карагоды, паэтычныя творы; епiскапы скуплялi, адбiралi, палiлi летапiсы; знiшчалi помнiкi старажытных славян, стараабрадныя святынi – кнiгi, храмы, манастыры.

Барацьба супраць “iдалапаклонства” нанесла непапраўны ўрон развiццю культуры. Каб трывала ўладкавацца на нашай зямлi, хрысцiянства ўсё ж такi прымiрылася з язычнiцкiмi звычаямi, а найбольш жывучыя ўключыла ў свой рытуал (асаблiва пахавальны):

тры стагоддзі працягваўся пасля прыходу хрысцiянства язычнiцкi абрад насыпання курганоў над памерлымi;

царква пагадзiлася з язычнiцкiм святам Каляды, прымеркаваўшы да яго свае святы: нараджэнне Хрыста i вадохрышча;

Купалле (7 лiпеня) хрысцiянства сумясцiла са сваiм у гонар Iаана Хрысцiцеля, у вынiку яно набыло падвоеную назву “Iван Купала”.

“Засвойваючы хрысцiянства па знешнасцi, народныя масы заставалiся вернымi традыцыям язычнiцтва. Яно жыве ў глыбiнi свядомасцi народа; само хрысцiянства аб'язычнiваецца, прыстасоўваецца да простага светаразумення,”- так сцвярджаў У. Пiчэта (Курс белорусоведения. Лекции, читанные в Белоруском народном университете в Москве летом 1918г. М., 1918 – 1920. С. 14. ).

Станоўчае:

Царкоўнае i свецкае развiццё: садзейнiчала пашырэнню пiсьменнасцi ў Старажытнай Беларусi, далучэнню да высокай вiзантыйскай культуры, манастыры сталi месцам складання летапiсаў, спрыяла перапiсцы рэлiгiйных кнiг, а пазней – твораў свецкай лiтаратуры, заснаванню розных навучальных устаноў, станаўленню беларускай дзяржаўнасцi;

Беларусь стала мостам памiж усходнiм i заходнiм тыпамi культур;

Беларусь стала прыкладам сiнтэзу дзвюх процiлеглых хрысцiянскiх традыцый – праваслаўя i каталiцтва.

Але насельнiцтва захавала язычнiцтва, якое з'яўляецца фактарам аховы этнакультурнага фонду ўсходнеславянскiх народаў ад яго размывання пад уплывам, у большасцi, хрысцiянскай рэлiгii.

Каталiцтва на Беларусi. Каталiцтва прыйшло ў сярэдзіне XV ст. i стала дзяржаўнай рэлiгiяй толькi пасля падпiсання ў 1385 г. Крэўскай унii. Акаталiчванне Беларусi пачалося з захаду, дзе ў XIV ст. ужо iснавалi Вiленская каталiцкая епархiя (1387) i тры каталiцкiя епархii ў Крэве (Ашмянскi р-н), Абальцах (Талочынскi р-н), Гайне (Лагойскi р-н), акрамя таго, шэсць каталiцкiх касцёлаў.

У XIV – XV cтст. дзяржаўныя ўлады ВКЛ ствараюць для каталiцтва больш спрыяльныя ўмовы, таму ў XV – XVI стст. было на Беларусi 93 каталiцкiя парафii.

Пратэстанцтва на Беларусi. Пачатак рэфармацыйнага руху на Беларусi адносіцца да стварэння першай у Слуцку ў 1535 г. пратэстанцкай абшчыны. У сярэдзiне XVI ст. з'яўляюцца пратэстанцкія абшчыны ў Нясвiжы, Брэсце, Ляхавiчах, Койданаве i iнш.

Першы беларус, хто падтрымаў iдэi рэфармацыi, – Ф. Скарына. Пазiцыi праваслаўнай i каталiцкай цэркваў былi падарваны, калi да пратэстантызму прымкнулi магнаты Радзiвiлы, Хадкевiчы, Сапегi i iнш. Мiкалай Радзiвiл Чорны ў сваiм замку ў Бярэсцi залажыў рэфармацыйны збор у 1553 г. (спачатку ён схiляўся да лютэранства, але з 1550-ых гг. прыняў кальвiнiзм).

Значэнне эпохi Рэфармацыi на Беларусi:

актывiзацыя духоўнага жыцця, развiццё культуры;

вялiкае значэнне надавалася выхаванню дзяцей i iх навучанню ў пачатковых школах пры пратэстанцкiх зборах у Вiцебску, Арлове, Любчы, Навагрудку, Койданаве i iнш.;

70-ыя гг. XVI ст. – спробы стварыць першую рэфармацыйную акадэмiю ў Вiльнi, аднак каталiцкiя колы перашкодзiлi гэтай справе;

узнiкла рэфармацыйнае кнiгадрукаванне. Першыя друкарнi – у Бярэсцi, Нясвiжы, Любчы, Лоску.

Адначасова з лютэранствам i кальвiнiзмам сфармiраваўся на Беларусi арыянскi (антытрынiтарысцкi) рух, які патрабаваў:

правядзення рэформ у рэлiгii i дзяржаўным жыццi да поўных змяненняў;

лiквiдацыi прыгоннiцтва, прыватнай уласнасцi, шляхецкiх прывілеяў.

Прадстаўнiкамi арыянскага руху былі Якуб з Калiнаўкi і Павел з Вiзны. Але хутка антытрынiтарызм быў заканадаўча забаронены, а члены гэтых абшчын былi вымушаны пакiнуць беларускiя землi. Наступленне на Рэфармацыю пачалося пасля заключэння Люблiнскай унii ў 1569 г. Дзяржаўнай рэлiгiяй становіцца каталiцызм, а беларуска-польскай дзяржавай – Рэч Паспалiтая.

Асноўнымі праваднiкамi палiтыкi польскага касцёла былі манаскiя ордэны езуiтаў, дамiнiканцаў, францысканцаў, базыльян, бенедыкцiнцаў, бернардзінцаў.

Езуіты – члены каталіцкага манаскага ордэна “Таварыства Ісуса” (1534); навучальныя ўстановы ў Вільні і Полацку; 79 рэзідэнцый у Бярэсці, Нясвіжы, Гродне, Слуцку.

Дамініканцы – іх кляштары размяшчаліся ў Ашмянах, Віцебску, Гродне, Мінску, Нясвіжы, Полацку, Слоніме. Дамініканцам належалі гімназіі, павятовыя школы.

Францысканцы прапаведавалі рэлігійны аскетызм; удзельнічалі ў інквізіцыі; іх кляштары ў Гродне, Ашмянах, Мінску, Паставах.

Базыляне ў ХІІІ ст. вядуць сябе як католікі, з XVІІ ст. пераходзяць ва ўніяцтва; 52 манастыры (Гродна, Мінск, Полацк, Магілёў); школы пачатковыя і сярэднія; у 1641г. у Мінску адкрылі семінарыю. У першай палове ХІХ ст. іх манастыры ператварыліся ў праваслаўныя.

Бенедыкцінцы прыйшлі з Польшчы ў XVІІ ст. (Нясвіж, Пінск, Мінск, Орша).

Бернардзінцы з’явіліся на Беларусі ў другой палове XV ст. (Гродна, Полацк, Мінск).

Такім чынам, у другой палове XVІ ст. На Беларусі панавала хрысціянства рымскага касцёла (каталіцтва).

Уніяцтва – з’ява унікальная на Беларусі, якая ўзнікла як выйсце са складанай сітуацыі існавання каталіцтва і праваслаўя. У 1596 г. адбыўся Берасцейскі сабор, што стварыў уніяцкую царкву. У інтарэсах уніі заснавалі ордэн базыльян.

Значэнне уніі: 1) пераўтварэнне уніяцкай царквы ў нацыянальную (80 % насельніцтва Беларусі); 2) дазволіла Беларусі захаваць сваю самастойнасць, зберагчы мову і культуру.

Беларускiя мусульмане. У 1855 г. на Беларусi было 3125 татар. Татары беларуска-лiтоўскiх губерняў спавядалi iслам сунiцкага кiрунку (з арабскага суна – звычай, сiнонiм тэрмiна хадзiс – паданне пра Мухамеда).

Сунiты лiчаць законнымi прадстаўнiкамi Мухамеда трох халiфаў: Абу – Бекiра, Амара, Асмана.

У XVII – XVIII стcт. мусульманскiя абшчыны Рэчы Паспалiтай былi самастойнымi. Пры вырашэннi спрэчак яны звярталiся да муфтыя Атаманскай iмперыi (Турцыя), цi Крыма.

У 1831г. мусульмане заходніх губерняў пачалi падпарадкоўвацца Таўрычаскаму магаметанскаму духоўнаму праўленню.

Склад Таўрычаскага магаметанскага духоўнага праўлення:

муфтый (галава праўлення з лiку вышэйшага духавенства),

кадзiй – эскер (намеснiк муфтыя);

павятовыя кадзiі.

У канцы XVIII ст. мусульманская канфесiя на Беларусi мела сетку мячэцяў. Вакол iх групавалiся татарскiя абшчыны i мусульманскiя прыходы. У мусульман не было вучылішчаў для навучання духавенства, гэта выконваў чалавек, якi ведаў рэлiгiйныя рытуалы, абрады, Каран.

У адрозненне ад хрысцiянства ў iсламе няма пасрэднiкаў памiж Богам i чалавекам; адсутнiчае духавенства, якое можа адпусцiць грахi ад iмя Бога; мусульманiн сам павiнен адказваць за свае грахi; мула выконваў рэлiгiйныя i судовыя функцыi ў сваiм прыходзе.

На працягу XIX ст. усе мулы былi з дваранскага саслоўя, храмы будавалiся за кошт прыхаджан. У 1755 г. выйшаў указ, згодна з якiм мусульманскi прыход павiнен налiчваць 200 чалавек мужчынскага полу, толькi тады ён атрымае дазвол будаваць мячэць. Так паўсталі мячэці ў 1809 г. у мястэчку Мiр на Татарскай вулiцы, у 1815 г. у Ляхавiчах, у сярэдзіне ХІХ ст. ва Уздзе i Смiлавiчах, у 1803 – 1804 гг. у Слонiме.

Частка мусульман удзельнiчала ў вайне 1812 г. на баку Напалеона, а таксама ў паўстаннях 1830 – 1831 гг., 1863 – 1864 гг., але ўлады ставіліся да iх памяркоўна: дазвалялi мець маёнткi, валодаць прыгоннымi сялянамi-хрысцiянамi, наймаць сялян-хрысцiян, набываць землi, займаць розныя пасады, працаваць у палiцыi.

Як i сярод iншых канфесiй, адбываюцца пераходы з мусульманства ў праваслаўе ці каталiцтва (адзiнкавыя выпадкi). Улады дапамагалi (рэдка) грашыма (для будавання мячэцяў), разглядалi спрэчныя судовыя справы.

Татары збераглi сваю рэлiгiю i засвоiлi польскую мову, але ў 80-ыя гг. ХІХ ст. iм забаранiлi весцi богаслужэннi i чытаць рэлiгiйныя кнiгi на польскай мове. Дзецi мусульман вучылiся чытаць арабскiя тэксты i пiсаць арабскiм алфавiтам у школах пры мячэцях з 6 – 8 гадоў. Iх вучылi мула, цi яго памочнiк (мязiм), цi годжы (настаўнiк).

Хадзiць у мячэцi можна было толькi пасля заканчэння курсаў у годжыя. Каран вучылi праз Тэжвiд – падручнiк (тэкст на старажытна-турэцкай мове з тлумачэннямi на беларускай мове). Хамаiл – збор малiтваў на арабскай i старатурэцкай мове з тлумачэннямi рэлiгійных абрадаў на беларускай цi польскай мове. Кiтабы – рукапiсныя зборнiкi, дзе падрабязна апiсвалiся абрады, рытуалы, асноўныя абавязкi мусульманiна.

У 1858 г. быў выдадзены Каран у 2 тамах на польскай мове (падрыхтаваў Бучацкi). У 1907 г. група татарскай моладзi на Беларусi стварыла нелегальны Акадэмiчны гурток польскiх мусульман, дзе даследавалiся татарскiя паселiшчы. А ў 1909 г. у Вiльнi з'явілася асветнiцкая суполка татар па iнiцыятыве Альгерда Крычынскага, якая дапамагала бедным мусульманам, асабліва ў час першай сусветнай вайны, параненым салдатам-мусульманам, хавалi памерлых.

У час першай сусветнай вайны татары стваралi мусульманскiя воiнскiя часцi. Так, у 1917 г. на Румынскiм фронце дзейнічаў першы мусульманскi корпус пад кiраўнiцтвам генерала Мацея Сулькоўскага.

Дзякуючы сваёй працавiтасцi i высокай маральнасцi адносiны памiж татарамi i беларусамi былi добрыя, таму станоўча ставіліся i да iх канфесii.

У 30-ыя гг. XX ст. таталiтарызм i атэiстычная барацьба закранулi iслам. У 1936 г. зачыняецца мячэць у Мiнску, пабудаваная ў 1902 г. на вялiкай Татарскай вулiцы. На яе месцы змясцiлi прадуктовую базу. Закрылi iншыя мячэцi. Пасля Вялiкай Айчыннай вайны на Беларусi было зарэгiстравана 13 мусульманскiх абшчын, але мясцовыя ўлады рабiлi ўсё, каб iх закрыць. У 1955 г. у БССР засталiся толькi 2 мусульманскiя абшчыны: в. Мураўшчызна Iўеўскага раёна і в. Асмолава Нясвiжскага раёна. Да сярэдзiны 60-ых гг. дзейнiчала толькi адна абшчына. Але мясцовыя ўлады спадзявалiся на яе хуткi развал.

Iудаiзм. У другой палове XVIII ст. існавалі наступныя тыпы iудаiзму:

1) артадаксальны iудаiзм (iудаізм Вiленскi пад iмем Гаон - генiй),

2) хасiдызм (хасiд – набожны; вучэнне набожнасцi). Хасiдызм падтрымлiвае больш бяднейшых яўрэяў. Цадзiк (прапаведнiк) хасiдаў – духоўны кiраўнiк абшчыны. Цадзiк, прадстаўнiк хасiдызму на Беларусi, – рабiн Залман Баруховiч.

У сярэдзiне ХІХ ст. сярод беларуска-лiтоўскіх яўрэяў з'явiўся новы накiрунак – мусар (з iўрыту – мараль), які павiнен быў паставiць перашкоду казённай i свецкай асвеце, аберагаў традыцыйныя ўстоi яўрэйскага жыцця, асновы iудаiзму; малiтоўныя дамы гэтага накірунку заўсёды адчынены для ўсiх. Кiраўнiк мусара – рабiн І. Лiпкiн, вядомы як І. Салантэр.

Яўрэi жылi паводле пастаноў урада: “Палажэнне аб яўрэях” 1804 г. і 1835 г. Сiнагога цi малiтоўная школа адчынялiся толькi з дазволу губернатара. У 1847 г. царскi ўрад адкрыў вучылiшчы для падрыхтоўкi рабiнаў у Вiльнi i Жытомiры, але яўрэi не хацелi выбiраць гэтых выпускнiкоў: iм патрэбны былi не казённыя, а духоўныя рабiны.

У 1840 г. ствараецца “Комитет для определения мер преобразования евреев” на чале з мiнiстрам дзяржаўных маёмасцей графам Кiсялёвым, якi прапанаваў рэформу:

увесцi iнстытут губернскiх рабiнаў, якiя б атрымлiвалi грошы ад казны;

заснаваць школы, дзе б не вывучалi талмуд;

забаранiць нашэнне традыцыйнай вопраткi;

даць яўрэям магчымасць вярнуцца да земляробства.

Але поўнасцю гэта рэформа не здзейснiлася.

У канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. на тэрыторыi Беларусi пачалi разглядацца справы па так званых рытуальных забойствах, абвiнавачвалі яўрэяў у выкарыстаннi хрысцiянскай крывi. З боку хрысцiян адзначаўся антысемiтызм. Урад разгледзеў некалькi забойстваў, але вiны яўрэяў не знайшоў.

Царскi ўрад хацеў, каб яўрэi перайшлi ў хрысцiянства, для чаго ў 1817 г. было заснавана “Таварыства iзраільскiх хрысцiян”, а ў 1820 г. з'явілася праца Расiйскага бiблейскага таварыства над перакладам Новага Запавету на старажытнаяўрэйскую мову. Яўрэйскае грамадства палiчыла за лепшае не працiвiцца волi вярхоў, таму на працягу першай паловы ХІХ ст. адбывалiся пераходы з iудаiзму ў хрысцiянства.

У 1897 г. заяўляе аб сабе сусветная арганiзацыя сiянiстаў, мэтай якіх было заснаваць у Палесцiне – на радзiме яўрэяў, сiмвалам якой была свяшчэнная гара Сiён, яўрэйскую дзяржаву. У 1902 г. у Мiнску адбыўся Усерасiйскі з'езд сiянiстаў. Урад толькi назiраў за гэтым з надзеяй, што паменшыцца колькасць яўрэйскага насельнiцтва. Але паступова iдэi чыстага сiянізму (Базельская праграма) сталi адыходзiць на заднi план, а на першы план – праграма працы “в стране изгнания”. У 1907 г. указам Сената арганiзацыi сiянiстаў былi забаронены.

У гады першай сусветнай вайны многiя цэнтры яўрэйскай духоўнай культуры былi разбураны; яўрэi беглi на ўсход. Да 1917 г. на Беларусi было аж 704 сiнагогi. Толькі ў 1917 г. у Мiнску на 67 тыс. яўрэяў прыходзілася 83 сiнагогi, сярод якіх – харальная сiнагога (цяпер Дзяржаўны рускi тэатр), пабудаваная ў 1906 г.

Пасля 1917 г. пачалi прымусова зачыняцца хедэры (яўрэйскiя рэлiгiйныя школы); расла хваля вандалiзму супраць iудзейскай канфесii; з 1924 г. рэлiгii яўрэйскай школы пачалi iснаваць у падполлi. Гэтаму садзейнiчаў Камiтэт рабiнаў СССР (з 1922 – 1930 гг. знаходзiлiся ў Ленiнградзе). Камiтэт рабiнаў СССР размяркоўваў сродкi, якiя паступалi ад “Джойнта”, яўрэйскай дабрачыннай арганiзацыi ЗША (дзейнічала з 1914 г.). Дзякуючы гэтаму з 1924 г. на Беларусi пачала адраджацца яўрэйская рэлiгiйная адукацыя. Але Савецкая ўлада разруйноўвала сiнагогi, забiрала iх маёмасць. Да пачатку Вялiкай Айчыннай вайны на Беларусi не засталося нiводнага iудзейскага храма.

У 30-ыя гг. праводзіцца палiтыка масавых рэпрэсiй рабiнаў. У 1937/38 гг. адбываецца разгром неiснаваўшай бундаўска-сiянiсцкай арганiзацыi. Такім чынам, iудзейская канфесiя на Беларусi была разгромлена.

У Вялiкай Айчыннай вайне з 990 тыс. яўрэяў Беларусi загiнула 810 тыс. Гэта была катастрофа для беларускага яўрэйства.

Пасля Вялiкай Айчыннай вайны ўрад БССР не ішоў на шырокую рэгiстрацыю iудзейскiх абшчын i адкрыццё сiнагог; iудзеi збiралiся на прыватных кватэрах i дамах, дзе арганiзоўвалi мiньяны. На 1955 г. у Беларусi дзейнiчалi толькi 2 iудзейскiя абшчыны.

У гады хрушчоўскай “адлiгi” працягвалася наступленне на iудзейскую канфесiю. Была зарэгiстравана адна iудзейская абшчына ў Мiнску, якая дзейнiчала ў складаных умовах.

З канца 60-ых гг. праводзілася палiтыка дзяржаўнага антысемiтызму, што прывяла да нелегальных iудзейскiх абшчын.