Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

9. 3. Нацыянальны тэатр і музыка

Тэатр эпохі феадалізму (ад крыніц да 1861г. )

Працэс гiстарычнага развiцця Беларусi вызначыў не толькi лёс беларускай нацыi, але i шляхi фармiравання яе культуры, у тым лiку тэатра, яго вiды, спецыфiчныя формы i сродкi мастацкай выразнасцi.

Адметнай рысай старажытнага славянскага насельнiцтва Беларусi з’явiлася яго вялiкае захапленне музыкай, песнямi, карагоднымi танцамi, якiмi суправаджалiся розныя бакi сямейнага, культавага i вытворчага жыцця людзей. У XIII – першай палове XVII стст. на Беларусі ўзнікае новы эпічны жанр – гістарычныя песні і паданні, якія прысвячаліся барацьбе беларускага народа супраць іншаземных захопнікаў. Значнае месца займалi лірычныя песні.

Тэатр Беларусi быў арганiчна звязаны з агульным развiццём мастацкай культуры народа i нёс на сабе адбiтак яго своеасаблiвасцi. На працягу стагоддзяў два магутныя патокi – народнае i прафесiйнае тэатральнае мастацтва – вызначалi характар гэтай формы грамадскай iдэалогii. Усе яго вiды i разнавiднасцi па-свойму служылi розным класам i сацыяльным праслойкам, адлюстроўвалi ў драматычным дзеяннi ўсю складанасць палiтычных iдэй, эстэтычных паняццяў, народных уяўленняў аб светабудове, а таксама псiхалогiю, мiфалогiю i паэтычную творчасць народа. Вандроўныя акцёры карысталіся рознымі струннымі і ўдарнымі інструментамі (гудкамі, свістулькамі, дудамі, трубамі, рагамі, бубнамі, дудкамі, сурнамі, скрыпкамі). У XVII ст. у Смаргоні была створана спецыяльная акадэмія, дзе рыхтавалі акцёраў і дрэсіравалі мядзведзяў. Выступленні скамарохаў садзейнічалі ўзнікненню ў XVI ст. народнага лялечнага тэатра – батлейкі, які ўключаў песні, танцы, маналогі, дыялогі. Хаця хрысціянская царква адмоўна ставiлася да выступленняў скамарохаў, гэта нiколькi не перашкаджала росту iх папулярнасцi сярод простых людзей, галоўным чынам, вясковых жыхароў.

На тэрыторыi Беларусi вельмi рана стала праяўляць сябе ўзаемадзеянне розных культур, i ўжо ў XIV – XVI стст. выявiлася цесная сувязь тэатра, архiтэктуры, выяўленчага мастацтва як з усходнееўрапейскiм, так i заходнiм арэолам сярэдневяковага i рэнесанснага мастацтва. Народныя вiды тэатра – скамарохi, батлейка, кiрмашовы тэатр, народная драма – мелi больш працяглую гiсторыю – ад XII да пачатку XXст. У народных формах тэатра панавала беларуская мова. Менавiта на гэтых падмурках з’явiўся станоўчы герой з народа – адважны казак, хiтрамудры Мацей. Яны высмейваюць паноў, ксяндзоў, купцоў i з павагаю i любоўю адносяцца да абяздоленых. Народны тэатр меў не толькi найбольш масавага i дэмакратычнага гледача, але i больш шырокi арэол сваёй дзейнасцi – ён абслугоўваў як вёску i мястэчка, так i горад.

Старажытны перыяд гiсторыi тэатра Беларусi (IX – XIII стст. ) звязаны з эпохай Кіеўскай Русi. Побач з пышнымi богаслужэннямi ў храмах, упрыгожаных маляўнiчымi фрэскамi, дзе можна было пачуць урачыстыя спевы псалмоў, заўсёды суседнiчалi народныя святы, на якiх гаспадарылi першыя народныя акцёры – скамарохi. Яны былi арганiзатарамi i ўдзельнiкамi “бясоўскiх iгрышч” – Русалiй, прысвечаных культу вады, русалак i сонца, абрадаў, якiя ўключалiся ў купальскую ноч з пошукамi траў, вогнiшчамi i гульнямi. Творчасць скамарохаў - – носьбiтаў вусна паэтычнай народнай творчасцi - – пранiзвала ўвесь сярэдневяковы быт: аселыя скамарохi былi абавязковымi ўдзельнiкамi забаў князя, былi i музыкантамi ў яго дружыне. Iх выступленнi можна было ўбачыць на гарадской плошчы i на сельскiм вяселлi. Мастацтва вандроўных скамарохаў было сацыяльна абвостраным. Праслаўленне iмi радасцей жыцця i асуджэнне аскетызму сустракала напады з боку царквы.

У XIV – XV стст. завяршаецца аб’яднанне шэрага заходнiх i паўднёва-заходнiх княстваў i лiтоўскiх плямён у Вялiкае княства Лiтоўскае, Рускае i Жамойцкае. Асаблiвага развiцця ў гэтыя стагоддзi дасягнула скамароства, якое, з аднаго боку, пачало дыферэнцыраванне - – аддаваць перавагу “вузкай спецыялiзацыi”, падрыхтоўцы выканаўцаў на тых або iншых iнструментах, спевакоў i казачнiкаў, танцораў i акрабатаў, фокуснiкаў, дрэсiроўшчыкаў мядзведзяў. З другога боку, назiраецца iмкненне да паказу вялiкiх вiдовiшчаў. У тэатральным побыце з’яўляецца гурт скамарохаў, здольны выконваць не толькi традыцыйны рэпертуар, якi складаўся з асобных нумароў, але i цэлыя спектаклi. Нараджаецца асобны тып тэатральных вiдовiшчаў – прадстаўленне народных драм, матэрыял для якiх чэрпаўся з нацыянальнага фальклору. Народнай беларускай драме былi ўласцiвы спалучэнне элементаў трагедыi i ўмоўных прыёмаў, своеасаблiвы стыль акцёрскага выканання: падкрэсленыя гратэскавыя рысы, сфармiраваны гук i асаблiвая напеўная дэкламацыя. Персанажы мелi пэўныя маскi, акцёры не паглыблялiся ў псiхалагiчныя матывiроўкi. Дзеянне пераважала над словам. Народная драма ў Беларусi ўключала пантамiму, песнi, танцы, байкi, iшла ў музычным суправаджэннi. З XVII ст. шырокае распаўсюджанне ў скамаростве атрымлiвае “мядзведжая пацеха”. Цэнтрам дрэсiроўкi мядзведзяў становiцца Смаргонь.

У мэтах падрыхтоўкі пеўчых у шэрагу гарадоў функцыянавалі спецыяльныя царкоўныя школы. Добра напрактыкаваныя ў сваёй справе пеўчыя ў многім садзейнічалі таму, што богаслужэнне ў праваслаўных цэрквах набыло вельмі ўрачысты характар, моцна ўплывала на пачуцці і псіхіку людзей.

У 1569 г. Вялiкае княства Лiтоўскае становiцца часткай новай дзяржавы – Рэчы Паспалiтай. У гэтых умовах узмацняецца прыцясненне беларускай нацыянальнай культуры. У 1698 г. сейм забараняе ўжываць беларускую мову як афiцыйную i замяняе яе польскай.

У XVI – XVIII стст. найбольшае распаўсюджанне атрымаў школьны тэатр пры езуiцкiх калегiях. Школьныя драмы ставiлiся ў Мiнску, Полацку, Пiнску, Магiлёве, Вiцебску, Оршы, Нясвiжы, Гродне, Слонiме i iншых гарадах на лацiнскай, радзей польскай i беларускай мовах. Сюжэты для школьнай драматургii скарыстоўвалiся розныя. Спачатку толькi з Бiблii (стварэнне свету, страсцi Хрыстовы i iнш. ), затым з жыцця святых i антычнасцi. Атрымалi развiццё i драмы-маралiтэ, якiя асуджалi прыдворныя норавы, а таксама творы, звязаныя з падзеямi айчыннай гiсторыi. Школьныя драмы мелi не толькi палiтычныя i рэлiгiйныя мэты, але i чыста дыдактычныя: развiваць у дзяцей майстэрства рыторыкi i акцёрскiя навыкi. Школьны тэатр, скарыстоўваючы прафесiйны вопыт заходнееўрапейскага тэатра барока, бярэ ад яе не толькi яскравасць формы i дынамiку дзеяння, але i ўяўны пафас, алегарызм, сiмволiку i перабольшаны панегiрызм. У палiтычнай дзяржаве, якой была Рэч Паспалiтая, ён прылучыў сваiх гледачоў i да каштоўнасцей еўрапейскай культуры таго перыяду, тым больш што вядучай мовай выканання была лацiнская мова. Зразумела, што галоўнай мэтай школьнага тэатра была рэалiзацыя дыдактычных задач (па магчымасцi ў каталiцкай iнтэрпрэтацыi). Але школьны тэатр iснаваў не толькi ў лацiнска-польскiм модным асяроддзi, ён уключаў у сябе iнтэрмедыi i iнтэрлюдыi, дзе сюжэты выбiралiся з гушчы народнага жыцця, а прадстаўленнi iшлi на мясцовых беларускiх дыялектах. Нягледзячы на тое, што езуіты спрабавалі зрабіць школьны тэатр лабараторыяй акаталічвання і апалячвання маладых пакаленняў беларусаў, усё ж ён нёс у сабе рысы нацыянальнага тэатральнага мастацтва. Спектакль уяўляў сабой пышнае відовішча з музыкай, песнямі, танцамі, паміж дзеямі выконваліся інтэрмедыі, хоры, балеты. Значную ролю ў развiццi школьнай сцэны адыгралi iнтэрмедыi – сатырычныя сцэнкi бытавога характару, якiя пераклiкалiся з асноўным зместам прадстаўлення, у шэрагу выпадкаў парадыравалi яго або развiвалi рабочую лiнiю (яны iгралiся памiж асноўнымi дзеяннямi драмы); у iх выкарыстоўвалiся прыёмы традыцыйнага народнага тэатра. У iнтэрмедыях героi размаўлялі на мове свайго народа, прадстаўлялi сялян, гараджан, шляхту i iнш.

У XVII ст. школьны тэатр перажывае эвалюцыю. На яго падмостках з iнтэрмедыi нараджаецца новы драматычны жанр – камедыя. З’яўляюцца пастаноўкi чыста свецкага характару, якiя ўключалi вакальныя i балетныя сцэны. У канцы XVIII ст. мелася 22 школьныя тэатры. Вялiкую ролю ў практыцы беларускага школьнага тэатра адыгралi дапаможнiкi Ф. Ланга, Я. Пантася i М. К. Сарбеўскага.

Народны тэатр, якi ў гэты перыяд быў адасоблены ад гарадской культуры, меў у той жа час галiну судачынення з прафесiйным тэатрам. Размова iдзе аб батлейцы – народным лялечным тэатры, якi сумяшчаў у сабе прынцыпы народнага дзейства, тэатр аднаго акцёра, драматургiю школьнай сцэны i афармленне мiстэрый. Пачатак яе быў пакладзены ў XVI ст. Прыйшла яна да нас з Захаду. Найбольш доўгі час з немясцовага рэпертуару паказваліся ёю спектаклі “Цар Ірад”, у аснове якога ляжаў кананічны сюжэт, “Цар Максіміліян”. Пачынаючы з канца XVI ст. паказвалi батлейку невялiкiя групы шкаляроў i семiнарыстаў, якiя хадзiлi па мястэчках i вёсках.

У XVII – XVIII стст. батлеечны тэатр пераходзiць з рук шкаляроў у рукi мяшчан i сялян, адпаведна змяняецца рэпертуар. Пазней царква пачынае актыўную барацьбу з батлейкай, забараняе яе, бо яна не прапагандавала рэлiгiю.

У другой палове ХVIII ст. ствараюцца прыгонныя тэатры ў Нясвiжы i Слуцку. Род Радзiвiлаў быў у гэты час амаль ці не самым багатым родам Еўропы. Дом меў магчымасць запрашаць акцёраў з Iталii i Францыi, ставiць спектаклi з багатымi дэкарацыямi i касцюмамi. У ХVIII ст. у сваiх рэзiдэнцыях у Нясвiжы, Слуцку князямi Радзiвiламi былi створаны тэатральныя трупы. Гэты тэатр быў спачатку аматарскiм: у спектаклях прымалi ўдзел члены княжацкай сям'i, шляхта, кадэты Нясвiжскага корпуса разам з прыгоннымi спевакамi, танцорамi, статыстамi. Першы спектакль быў пастаўлены ў 1740 г. i называўся “Узор справядлiвасцi”. Прадстаўленнi праходзiлi ў суправаджэннi Нясвiжскай капэлы ў спецыяльна пабудаваным будынку, якi называўся “Камедыенгауз”. У Нясвiжскiм прадмесцi Альба прадстаўленнi праходзiлi ў “Зялёным тэатры” пад адкрытым небам. Спектаклi iшлi на польскай i французскай мовах. У рэпертуары творы самой Францiшкi Урсулы Радзiвiл: камедыi “Дасціпнае каханне” (1746), “Каханне – зацiкаўлены суддзя” (1747), “Што ўбачыў – не пройдзе” (1749), “Гульнi фартуны” (1750) i iншыя. Пiсала князёўна i трагедыi: “Суддзя без розуму”, “Золата ў вогнiшчы”, “Бессаромнасць у пастцы”. Перакладала творы Мальера. У 1753 – 1762 гг. Радзiвiл прыдаў тэатру прагрэсiўны характар. Ён запрасiў да сябе iтальянскiх, французскiх i нямецкiх акцёраў, музыкантаў i выкладчыкаў. Гэты тэатр iснаваў да 1809 г. Самымi знакамiтымi настаўнiкамi ў драматычных i оперных школах былi Пуцiнi i Дзюпрэ. Жонка князя Міхала Казіміра Радзівіла Уршуля Францішка Радзівіл не толькі першай стварыла ў гісторыі ўсходніх і заходніх славян прыватнаўласніцкі свецкі аматарскі тэатр, але і забяспечыла яго ўласнай драматургіяй. Яе першая камедыя “Дасціпнае каханне” была пастаўлена ў 1746 г. у загараднай рэзідэнцыі Альба паблізу Нясвіжа. Трэба заўважыць, што ў Расіі першая тэатральная пастаноўка датуецца 1749 г., у Польшчы – 1765 г. Да гонару нясвіжскага тэатра Радзівілаў тут заўсёды гучалі беларускія песні літаратурнага паходжання і народныя.

У нясвіжскім тэатры Радзівілаў, што складаўся з балета і музычнай капэлы, у розныя гады XVIII ст. працавалі вядомыя італьянскія балетмайстры Пуціні і Дзюпрэ, іграў турэцкі аркестр. Запрашэнне з-за мяжы вядомых дзеячаў культуры і мастацтва, зразумела, істотна адбілася і на рэпертуары тэатра, аднак без паказу спектакляў на мясцовыя тэмы ён ніяк не мог абысціся, бо гэта, па-першае, найбольш падабалася тутэйшым гледачам і, па-другое, было ў інтарэсах саміх артыстаў і музыкантаў, сярод якіх пераважалі жыхары навакольных вёсак. Ствараліся спецыяльныя школы, дзе пад кіраўніцтвам вопытных замежных майстроў беларускую моладзь вучылі ігры на розных музычных інструментах, танцам, спевам, балетным танцам. Нямала талентаў з такой моладзі, пераважна прыгоннай па сваім сацыяльным статусе, набыло сабе славу і прызнанне далёка за межамі Беларусі, а Антон Лойка нават замяніў італьянскага балетмайстра на пасадзе кіраўніка балетнай школы.

Адначасова з нясвіжскім працаваў слуцкі тэатр. Яго ўладальнікам быў Геранім Радзівіл. Па ўказанні апошняга ў 1756 г. у балетную трупу тэатра былі дастаўлены з Еўропы негрыцяняты, якіх сталі вучыць танцам. Пасля смерці мецэната тэатр аб’ядналі з нясвіжскім. Шмат прадстаўнікоў замежжа знаходзілася таксама сярод акцёраў і музыкантаў гэтага тэатральнага калектыву.

У апошняй чвэрцi ХVIII ст. у Шклове iснавала прыгонная тэатральная трупа графа Зорыча. У тэатры была вялiкая трупа акцёраў i выкладчыкаў. Былi запрошаны акцёры i спевакi з Францыi i Iталii, Германii i Чэхii. У тэатры быў такi высокi ўзровень, што пры яго расфармiраваннi ў 1800 г. група артыстаў была перададзена ў трупы пецярбургскiх iмператарскiх тэатраў, а аркестр – у Маскву.

Значны цэнтр тэатральнага і музычнага жыцця быў створаны ў Слоніме Міхалам Казімірам Агінскім. У палацы існавала канцэртная зала, якая не ўступала мангеймскай. Акрамя таго, дзейнічаў “плавальны тэатр”, які перамяшчаўся па канале і р. Шчара. У 1780 г. было пабудавана спецыяльнае памяшканне для тэатра. Пры ім існавала школа. Тут працавалі інструментальны аркестр, оперны ансамбль. М. К. Агінскі сам быў адораным чалавекам. Ён з’яўляўся аўтарам некалькіх опер на ўласныя лібрэта. Слонімскі тэатр выязджаў на гастролі ў Варшаву, меў некалькі труп, у тым ліку балет і драматычны калектыў. Слонімскі аркестр быў адным з найбольшых у тагачаснай Еўропе. Беларускі горад Слонім стаў месцам адной з першых прэм’ер знакамітай араторыі “Сатварэнне свету” Ё. Гайдна, напісаць якую натхніў яго Міхал Казімір Агінскі. У магіляўчан жа была магчымасць слухаць оперу Д. Паізіелы “Уяўная палюбоўніца”.

Ужо ў канцы XVI ст. уводзіцца лінейная сістэма нотнага пісьма на занятках па царкоўных спевах у брацкіх школах, з’яўляецца магчымасць для азнаямлення іх навучэнцаў з нотнымі зборнікамі рэлігійных песень польскіх і нямецкіх аўтараў, з балгарскімі і грэчаскімі распевамі. У XVI – XVIII стст. свецкія бытавыя песні пачалі выключаць з друкаваных зборнікаў, забараняць спяваць па-беларуску, яны сталі разыходзіцца ў сваім родным краі ў рукапісах і хутка набылі характар народных песень з уласцівай ім жывучасцю.

Ніякім сілам не ўдалося спыніць пранікненне мясцовага беларускага матэрыялу ў музыку і харавое мастацтва тэатраў, што ладзіліся ў панскіх маёнтках. Да ўдзелу ў такіх спектаклях прыцягваліся і таленавітыя дваровыя людзі. Імі камплектаваліся аркестры і хоры, балетныя і оперныя трупы, што не магло не паўплываць на насычанасць іх рэпертуару беларускім матэрыялам. Амаль цалкам складалася з мясцовых інструменталістаў і вакалістаў школьная капэла, якая існавала ў 30 – 90-ыя гг. XVIII ст. у бурсе Віцебскага езуіцкага калегіума і адыграла вялікую ролю ў музычным жыцці горада. Інструментарый капэлы складалі скрыпкі, басэтлі, квартвіёлы, габоі, валторны, трубы, клавікорд і арган. У яе рэпертуар уваходзілі не толькі танцавальная музыка, але і канты, сімфоніі і оперы.

Найбольш здольных прыгонных акцёраў і музыкантаў пасылалі для прафесійнага навучання за межы Беларусі, у тым ліку і ў Італію. Пасля некаторыя з іх выступалі на сцэнах Варшавы, Масквы і Пецярбурга. З 78 акцёраў створанага ў Маскве ў 1672 г. пры двары цара Аляксея Міхайлавіча рускага тэатра 70 чалавек з’яўляліся беларусамі. Адным словам, за XVII – XVIII стст. беларуская музычна-тэатральная культура ўзнялася на такі ўзровень, што была ў стане ўплываць на развіццё гэтай сферы іншых народаў, асабліва рускага. Так, з імем выдатнага беларускага музыканта-тэарэтыка ў галіне царкоўнай музыкі Мезенца звязана станаўленне рускай музычна-тэарэтычнай навукі, а ўраджэнец Пінска Епіфаній Славінецкі быў аўтарам першых рускіх кантаў, Сімяон Полацкі адыграў вялікую ролю ў стварэнні рускага музычнага тэатра. Беларускі флейтыст Андрэй Кулакоўскі, цымбаліст Крыштанор Правінскі, скрыпач Сцяпан Булавінскі ігралі пры многіх польскіх дварах і ў маёнтках, а спявак Іван Календа выступаў у Маскве.

Сведчаннем цеснай злучнасці музычнага жыцця Беларусі з Еўропай трэба прызнаць той факт, што ў першай выкарыстоўваліся практычна ўсе музычныя інструменты, якія ведала апошняя. Лічаць, што з XVII ст. на Беларусі забытаваў і такі папулярны на сёння музычны інструмент, як гітара. Адсюль вынікае, што былі ў нас тады прафесійныя выканаўцы на гэтым інструменце і напісаныя для яго ноты.

Роднасным для гітары інструментам прынята лічыць лютню, якая таксама мае яшчэ больш раннюю і досыць доўгую гісторыю на Беларусі. Славуты лютніст Войцах Длугарай у 80-ыя гг. XVI ст. служыў у капэле польскага караля Стэфана Баторыя. Ёсць звесткі, што Войцах Длугарай выпусціў свой уласны зборнік нот для лютні. Не меншай папулярнасцю карыстаўся ў XVII ст. лютніст Кагута, які служыў у капэле Радзівілаў. Даволі інтэнсіўнае музычнае жыццё на Беларусі садзейнічала таму, што яно паступова, але трывала стала пераходзіць на шлях высокага прафесіяналізму (“Полацкі сшытак”, яму прыкладна 300 – 350 гадоў, аўтары невядомы).

Прафесіяналізм у беларускай нацыянальнай музыцы не згасаў і ў больш позні час, хаця ён быў зусім нялёгкім для нашага народа. Вялікім дасягненнем музычнага мастацтва Беларусі другой паловы XVIII ст. з’яўляецца камічная опера Рафаэля Вардоцкага “Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас” Тэкст яе напісаны на польскай мове. Прэм’ера оперы адбылася ў 1790 – 1791 гг. Галоўнымі персанажамі оперы выведзены антычныя багі і высакародныя героі (літаратары, музыканты, паэты, спевакі), побач з якімі і вобраз простага беларускага селяніна. Важная з’ява ў музычным жыцці Беларусі – ананімны зборнік “Курант” (1733), аснову якога складае папулярная любоўная лірыка. З усіх яго 38 кантаў да сённяшняга дня захаваўся 31.

З усіх вядомых на Беларусі музычных цэнтраў, несумненна, першае месца па-ранейшаму належала Нясвіжу. У XVIII ст. тут функцыянавалі оперна-балетны тэатр, сімфанічны, духавы народны аркестры і музычна-тэатральная школа. Акрамя мясцовых выканаўцаў тут мелі сталую службу нямецкі дырыжор і кампазітар I. Голянд, італьянцы кампазітары Д. Канстанціні і Д. Альберціні, чэшскі піяніст і кампазітар Я. Дусік. Да іх кагорты далучаліся не пазбаўленыя таленту мясцовыя людзі: княгіня Уршула Радзівіл, віленскі кашталян Мацей Радзівіл, які напісаў шэраг оперных, аркестравых і фартэпіянных твораў. У 1786 г. у Нясвіжы пастаўлена опера “Войт альбанскага сялення” Мацея Радзівіла. Ён выступаў у трох асобах: кампазітара, аўтара лібрэта і спевака.

У XVIII ст. у тэатральным мастацтве пануючым становiцца царкоўнае i прыдворнае, якое знаходзiць адлюстраванне ў школьным i прыгонным тэатрах.

У канцы XVIII ст. побач з элiтарным мастацтвам магнацкiх латыфундый атрымоўвае развiццё мастацтва гарадскiх труп, рэпертуар якiх адлюстроўваў iдэi буржуазнага асветнiцтва. Антыподам мастацтву магнацкiх двароў i царквы з’явiлася таксама дэмакратычнае тэатральнае мастацтва народных мас, якое абапiралася у сваiм развiццi на фальклорныя традыцыi.

Мяняецца быт арыстакратыi. Палацы мысляцца як “маленькiя Версалiі”. Пры дварах ствараюцца капэлы, янычарская музыка i рагавыя аркестры. Тэатральныя забавы Радзiвiлаў, Сапегаў, Тышкевiчаў, М. А. Агiнскага, Тызенгаўза, Зорыча i iншых абслугоўвае вялiзная армiя прыгонных артыстаў. Таксама ў спектаклях iгралi i танцавалi навучэнцы кадэцкiх корпусаў. У оперным рэпертуары прыгоннага тэатра пераважалi опера-буфанада, опера-серыя, ставiлiся “зiнгшпiлi”, а ў балетным – аднаактавыя пастаралi, дывертысменты з танцамi ў масках, экзатычныя “турэцкiя балеты” i харэаграфiчныя кампазiцыi на тэмы антычнай мiфалогii. Драматычны рэпертуар характарызаваўся як класiчнымi трагедыямi i камедыямi заходнееўрапейскiх аўтараў, так i мясцовымi вопытамi драматургii на польскай мове. У тэатрах iшлi оперы М. К. Агiнскага, I. Д. Галадзеда і iнш., ставiлiся балеты на музыку iтальянскiх, нямецкiх, французскiх i польскiх кампазiтараў. Ставiлiся таксама “шатэншпiлi” – спектаклi ценевага тэатра, паказвалiся прадстаўленнi “камедыi дэль артэ” i марыянетак. Спектаклi iшлi на адкрытым паветры – у “зялёных тэатрах”.

Першая палова ХVIII ст. – час узнiкнення ў Беларусi будынкаў i прафесiйнага тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва, якое стваралася рукамi запрошаных мастакоў i беларускiмi майстрамi-жывапiсцамi.

Зараджэнне капiталiстычных адносiн стварае новы тып тэатра на тэрыторыi Беларусi – камерцыйны. Гэты тэатр, апрача класiчных жанраў, трагедыi i камедыi, шырока прапагандаваў рамантычную драму, меладраму i вадэвiль. Падобны тэатр атрымаў распаўсюджанне ў канцы ХVIII ст., у перыяд, калi пасля трох падзелаў Рэчы Паспалiтай (1772, 1793, 1795) Беларусь была аб’яднана з Расiяй, што мела для лёсу беларускага народа i яго культуры асабiстае значэнне.

Каля 1770 г. каля Слонiма была створана гетманам Вялiкага княства Лiтоўскага тэатральная трупа. Тэатр быў прыдворным, у iм выступалi польскiя спевакi, драматычныя акцёры, прыдворны хор i балет. У тэатры таксама быў фiлiял у мястэчку Целяханы. Тэатр меў вялiкую сцэну, на якой ставiлiся тэатралiзаваныя баталii коннiкаў i водныя феерыi (частка сцэны затаплiвалася вадой з канала i па ёй плавалi лодкi). Прадстаўленнi тэатра суправаджала Слонiмская капэла Агiнскага. Рэпертуар складаўся з балета, опер iтальянскiх кампазiтараў, опер самога Агiнскага, якi пiсаў музыку разам з Марыяй на ўласныя лiбрэта, а таксама на лiбрэта Метастаза, Ляхнiцкага, Халiнскага. Найбольш знакамiтыя оперы – “Пераменены фiлосаф” i “Палі Елiсейскiя”. У Сяльцах (зараз гэта тэрыторыя Польшчы) быў яшчэ адзiн фiлiял тэатра Агiнскага. Там у 1786 г. была пастаўлена меладрама “Цыган”.

У XIX ст. Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч у фальварку Люцынка каля Iвянца стварыў беларускi тэатр. У трупу ўваходзiла сям’я пiсьменнiка. Сам Дунiн-Марцiнкевiч меў бясспрэчны камедыйны талент. У спектаклях прымалi ўдзел яго дочкi Камiла, Мальвiна, сын Мiраслаў, а таксама вучнi яго школы i мясцовыя сяляне. Тэатр паставiў першую беларускую оперу “Сялянка” ў 1852 г. на мiнскай аматарскай сцэне. Героi загаварылi на мове свайго народа, заспявалi свае песнi i заскакалi ў сваіх танцах. З’яўленне прафесiйнай драматургii на беларускай мове было важнейшай падзеяй для лёсу нацыянальнага тэатра першай паловы ХIХ – пачатку ХХ ст. Тэатр вельмi многа зрабiў для абуджэння нацыянальнай самасвядомасцi.

У гэты перыяд працягвае сваё развiццё народны тэатр. Шырокае распаўсюджанне атрымлiвае батлейка. Асноўнымi выканаўцамi i папулярызатарамi яе былi рамеснiкi i сяляне. Пераважаць сталi iнтэрмедыйныя сцэнкi, якiя былi напоўнены сацыяльнай сатырай, вострай крытыкай пануючых князёў. Батлейка ў гэты час была вядома пад рознымi назвамi. На кiрмашах паказваюць народныя штукары-фокуснiкi, канатаходцы i мядзведзнiкi, дэманструецца “раёк” з iмправiзацыямi i прыгаворкамi рамеснiкаў, скамарошныя сцэны.

У гэты час у розных мястэчках Беларусi былi своеасаблiвыя народныя цыркавыя школы, дзе з пакалення ў пакаленне перадавалася мастацтва беларускiх штукароў. З канца ХVIII ст. развiваецца народная драма ў сваёй новай якасцi: традыцыйную бiблейскую “Цар Iрад” замяняюць антыпрыгоннiцкiя i антыманархiчныя п’есы “Лодка” i “Цар Максiмiлiян”.

У гісторыю сусветнага тэатральнага мастацтва ўвайшлі выдатны спявак і акцёр В. Шмідкоф, акцёры К. Скібінскі, С. Дзешнер, З. Анчыц. У канцы XVIII ст. Беларусь была месцам частых гастроляў “бацькі польскага тэатра” В. Багуслаўскага. Сярод выхадцаў з беларускага народа найбольшы ўклад у развіццё нацыянальнай прафесійнай музыкі ўнеслі А. Абрамовіч (першая палова XIX ст. ) і І. Шадурскі. Пяру першага належаць праграмны музычны твор у васьмі частках “Беларускае вяселле”, кадрыля на тэмы беларускіх мелодый “Шэсць пораў года”, шэраг фартэпіянных фантазій, варыяцый, вальсаў, мазурак і інш.

У розныя гады дарэвалюцыйнага перыяду прыкметны след у фарміраванні беларускага нацыянальнага музычнага стылю пакінулі К. Кржыжаноўскі, М. Ельскі, І. Глінскі, П. Карафа-Корбут, Ф. Лапата, Я. Ёдка, М. Грушвіцкі. Паспяхова далучыўся да гэтай справы і вядомы наш этнограф і літаратуразнавец Мікалай Янчук. У 1911 г. ён да пятых угодкаў газеты “Наша ніва” пераклаў на музыку верш Я. Купалы “Не пагаснуць зоркі ў небе”, які быў вельмі папулярным у асяроддзі беларусаў-бежанцаў першай сусветнай вайны. Багацце і шматстайнасць музычнага жыцця на Беларусі падкрэсліваецца і фактам існавання ў пачатку XX ст. у Віцебску вельмі папулярнага сімфанічнага аркестра, якім кіраваў сусветна вядомы дырыжор Малькс.

Асаблiвае месца займалi сатырычныя сцэнкi, якiя высмейвалi памешчыкаў, шарлатанаў i воiнаў-хвалькоў. Увабраўшы ў сябе традыцыйныя сюжэты з фальклору i пiсьмовых крынiц i асэнсаваўшы iх з сацыяльна-крытычных пазiцый ХIХ ст., народная драма становiцца папулярным вiдам нацыянальнага тэатра ХХ ст.

У пачатку ХХ ст. князям Тышкевiчам у Свiслачы i Плешчанiцах былi створаны тэатральныя трупы. Прадстаўленнi былi няўстойлiвымi, аматарскiмi, iшлi ў суправаджэннi прыдворнай капэлы. У 1803 г. князь запрасiў для свайго тэатра iтальянскага кампазiтара Кiпрыянi. У тэатры было добрае тэхнiчнае абсталяванне, некалькi камплектаў дэкарацый i касцюмаў. У Свiслацкiм тэатры акрамя аматарскiх паказвалi спектаклi гастралюючых прафесiйных драматычных труп.

У 1898 г. у Мiнску ўзнiкла Таварыства аматараў элегантных мастацтваў. Яно мела чатыры секцыi, сярод якiх была i драматычная. Таварыства далучала мiнскага гледача да п'ес Лермантава, Чэхава, Астроўскага, Горкага.

З 1905 г. па ўсёй Беларусi пачынаюць дзейнiчаць тэатралiзаваныя вечары беларускай культуры. Цiкавасць да беларускага слова пашыраецца. У Вiльнi ствараюцца музычна-драматычныя гурткi. Менавiта ў рамках вечароў беларускай культуры ўпершыню былi пастаўлены знакамiтыя “Паўлiнка” Я. Купалы i “Модны шляхцюк” К. Каганца.

Гiсторыя беларускага прафесiйнага тэатра звязана з прозвiшчам I. Буйнiцкага. У 1907 г. у фальварку Палiвачы Вiленскай губернi iм была створана першая прафесiйная трупа. Спектаклi ўключалi пьесы, дэкламацыю, песнi, танцы. У рэпертуары былі п'есы Каганца, Ажэшкі, Чэхава, Крапiўнiцкага, Далецкiх. Цяжка пераацанiць уплыў гэтага тэатра на тэатральнае мастацтва Беларусi. Па сутнасцi, з гэтага тэатра пад яго уплывам сфармiравалася сённяшняя беларуская тэатральная школа. Тэатр Буйнiцкага многа гастраляваў, займаўся прапагандай навейшай беларускай лiтаратуры, абуджаў цiкавасць да беларускага фальклору.

Тэатральнае мастацтва Беларусi нельга ўявiць i без яшчэ дзвюх асоб. Гэта Уладзiмiр Iосiфавiч Галубок i Францiшак Карлавiч Аляхновiч. Калi першага называюць беларускiм Гогалем, то другога – беларускiм Чэхавым. У жніўні 1920 г. у Мінску ў памяшканні Беларускага рабочага клуба адкрыўся тэатр пад кіраўніцтвам У. Галубка, які з 1926 г. быў перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр. Галубком напiсана каля 40 драм i камедый. Ён выявiў глыбокi сэнс жыцця беларускага народа, адкрыў вытокi нацыянальнага характару, дзе працавiтасць i самаадданасць злучана са своеасаблiвым народным гумарам. Галубок, па сутнасцi, працягнуў традыцыi старажытнага беларускага народнага тэатра. У 1928 г. У. Галубку, першаму ў рэспубліцы, было прысвоена званне народнага артыста БССР. У сярэдзіне 20-ых гг. тэатральныя дзеячы першымі адкрылі лік сталінскім ахвярам.

Францiшак Аляхновiч арыентаваўся больш на еўрапейскую традыцыю. Ён па-мастацку асэнсоўваў цяжкае жыццё беларускiх мястэчак. Лёс не быў мiласцiвы нi да Галубка, нi да Аляхновiча. Абое спазналi жорсткую ўвагу ГПУ. У 1926 г., у час прыезду ў Мінск на акадэмічную канферэнцыю па правапісу, быў арыштаваны Ф. Аляхновіч. У 1927 г. яго асудзілі на 10 гадоў і саслалі на Салавецкія астравы. Толькі ў 1933 г. яму ўсміхнулася шчасце: па дамоўленасці з польскімі ўладамі Аляхновіча абмянялі на Браніслава Тарашкевіча. Сёння творчасць Аляхновіча і Галубка вяртаецца да беларускага народа.

У 1945 г. у рэспубліцы працавалі 12 тэатраў. У першыя пасляваенныя гады ў тэатральнай сферы разгарнулася кампанія за “чысціню” рэпертуару, яго пазбаўленне ад замежных твораў. У жніўні 1946 г. выходзіць пастанова ЦК УКП (б) “Аб рэпертуары драматычных тэатраў і мерах па яго паляпшэнню”, па якой усе драматычныя тэатры абавязваліся ставіць “штогод не менш 2-3 новых, высакаякасных у ідэйных і мастацкіх адносінах спектакляў на сучасныя савецкія тэмы”. У БССР у той час слаба былі прадстаўлены спектаклі беларускіх драматургаў. У чатырох тэатрах ішла толькі п’еса Віталя Вольскага “Несцерка”.

Тэатр iмя Я. Купалы

У красавіку 1917 г. пачало сваю дзейнасць Першае беларускае таварыства драмы і камедыі, якое дзейнічала да сярэдзіны 1920 г. У яго ўваходзілі ўдзельнікі драматычных гурткоў, хор, танцавальная група і аркестр народных інструментаў. Стваральнікам таварыства з’яўляўся Ф. П. Ждановіч. 23 красавіка былі пастаўлены спектаклі “Паўлінка” Я. Купалы і “У зімовы вечар” паводле Э. Ажэшкі ў памяшканні мінскага гарадскога тэатра. У таварыстве адбыўся дэбют у ролі акцёра Францішка Аляхновіча. Тут ён ажыццявіў пастаноўку сваёй п’есы “Бутрым Няміра”, дзе сыграў цэнтральную ролю, прычым з такім вялікім поспехам, што амаль адразу стаў знакамітым. хутка ён заснаваў сваю трупу “Беларускі народны тэатр”. Тэатр адначасова з’яўляўся цэнтрам музычнага жыцця. Ён меў хор, сімфанічны аркестр і балетную трупу. На яго сцэне праводзіліся сімфанічныя канцэрты, ставіліся музычныя спектаклі. Беларускi Дзяржаўны Акадэмiчны тэатр iмя Я. Купалы адкрыўся 14. 09. 1920 г. спектаклем “Рысь” па аповесцi “У зiмовы вечар” Э. Ажэшкі. 17. 09. 1920 г. была паказана “Паўлiнка” Я. Купалы. Заснаваны як Беларускi дзяржаўны тэатр, з 1926г. – Першы Беларускi дзяржаўны тэатр. У 1921 – 1931 гг. мастацкім кіраўніком тэатра працаваў Е. Міровіч. Тут вырасла таленавітае пакаленне майстроў нацыянальнай сцэны, такіх як Вольга Галіна, Глеб Глебаў, Генрых Грыгоніс, Уладзімір Крыловіч, Кацярына Міронава, Барыс Платонаў, Лідзія Ржэцкая, Уладзімір Уладамірскі (Малейка) і інш.

У 1944 г. тэатру прысвоена iмя Я. Купалы, у 1955г. – званне акадэмiчнага. Першы кiраўнiк Ф. Ждановiч. У 1921 – 1931гг. тэатр узначалiў Е. Мiровiч, якi выхаваў выдатных майстроў сцэны. У першыя гады ў асноўным ставiлiся фальклорныя i гiстарычныя беларускiя п'есы: “Перамога” Е. Мiровiча, “Мост” Е. Рамановiча. Выдатнай з’явай жыцця тэатра стала пастаноўка сатырычнай камедыi К. Крапiвы “Хто смяецца апошнiм” (1939). Лепшыя спектаклi 1960 – 1970 гг. створаны па п'есах беларускiх драматургаў: “Лявонiха на арбiце”, “Таблетку пад язык”, “Пагарэльцы” А.Макаёнка, “Раскiданае гняздо” Я. Купалы, “Людзi на балоце” I. Мележа i iнш., а таксама “Навальнiца” Астроўскага, “Рэвізор” Гогаля. Тэатр многа гастраляваў па СССР, выступаў у ПНР, удзельнiчаў у дэкадах беларускага мастацтва i лiтаратуры ў Маскве (1940, 1955). У фармiраванні творчага воблiку тэатра вялiкую ролю адыгралi рэжысёр – народны артыст БССР Е. Мiровiч i К. Саннiкаў, Н. Раеўскi, М. Зораў, Ф. Ждановiч i iнш. У 1940 г. тэатр узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Будынак тэатра пабудаваны ў 1890 г., у 1958 г. рэканструяваны.

БДТ - 2

Для падрыхтоўкі акцёрскіх кадраў у верасні 1921 г. у Маскве была заснавана беларуская драматычная студыя, якая з 1923 г. працавала на правах ВНУ. Студыю скончылі 34 чалавекі. На яе базе 21 лістапада 1926 г. у Віцебску быў створаны Другі Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2). У яго трупу ўвайшлі Вольга Барысевіч, Яніна Глебаўская, Аляксандр Ільінскі, Алена Лагоўская, Любоў Мазалеўская, Павел Малчанаў, Алена Радзялоўская, Канстанцін Саннікаў, Стэфанія Станюта, Цімафей Сяргейчык і інш. У хуткім часе ў рэпертуары тэатра з’явіліся такія пастаноўкі п’ес беларускіх аўтараў, як “Каля тэрасы” М. Грамыкі, “Пінская шляхта” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Модны шляхцюк” К. Каганца, “Апраметная” В. Шашалевіча. Апошні спектакль калектыў паказаў у Мінску, дзе знаходзіўся на гастролях з кастрычніка 1927 г. да вясны 1928 г.

Тэатр Лялек

Дзяржаўны тэатр лялек БССР. Створаны ў 1938 г. у Гомелі. У 1950 г. створаны нанава ў Мiнску; складаўся з 2 творчых груп, спектаклi iдуць на рускай i беларускай мовах. У рэпертуары пераважаюць пастаноўкi для дзяцей: казкi “Па шчупаковаму загаду” Е. Тарахоўскага, “Iван-царэвiч i шэры воўк” А. Быкава, “Зоркавы хлопчык” па А. Уайльду i iнш. Цiкавыя сцэнаграфiчныя i рэжысёрскія рашэнні атрымалi творы беларускай драматургii: “Дзед i журавель” В. Вольскага, “Срэбная табакерка” па казцы З. Бядулi, “Скажы сваё iмя, салдат” А. Вярнiцкага. Ставяцца спектаклi для дарослых: “Боская камедыя” I. Штока, “Ляўша” па аповесцi М. Ляскова i iнш. Тэатр гастралюе па рэспублiцы i за яе межамi. Удзельнiчаў у фестывалях тэатраў лялек у Беларусi i Талiне, Рызе, Каўнасе, Мiнску i Вiльнюсе, а таксама ў Балгарыi на фестывалі “Залаты дэльфiн”. У розныя гады ў тэатры працавалi артысты БССР: А. Аркадзьеў, М. Бабушкiн, дзеяч мастацтва БССР Б. Звiнаграцкi, Л. Быкаў. Размешчаны ў будынку кiнатэатра “Пiянер”, мае асобны зал для гледачоў на 400 месцаў.

Тэатр лялек дзіцячы узорны Дома культуры

Калектыў створаны ў 1961 г., у 1977 г. прысвоена званне народнага. Кiраўнiк – Г. Тэр-Маркар’ян. Сярод пастановак – п'есы-казкi “Гусяня”, “Машанька i мядзведзь” Р. Ландау, “Воўк, каза i казляты” Я. Грабоўскага, “Новае паліто караля” па Г. Х. Андэрсэну i iнш.

Народны тэатр мiмiкi i жэста

Калектыў створаны ў 1952 г., у 1967 г. атрымаў званне народнага. Рэжысёры: А. Трэпель, Ю. Арончык. Сярод пастановак – “Паўлiнка” Я. Купалы, “Канстанцiн Заслонаў” А. Маўзона, “Любоў Яравая” К. Транёва, “Хто ёсць хто” Горына. Лаўрэат Першага Усесаюзнага фестывалю самадзейнасцi мастацтваў, творчасцi працоўных (1975 – 1977).

Тэатр музычнай камедыi

Дзяржаўны тэатр музычнай камедыi БССР. Адкрыўся 17. 11. 1971 г. у Мiнску. Яркi, жыццярадасны спектакль “Паўлiнка” Семянякі азначаў нараджэнне беларускай нацыянальнай аперэты. Пастаўлены таксама аперэты – “Тыдзень вечнага кахання” i першая беларуская аперэта для дзяцей “Сцяпан – значны пан” Ю. Семянякі (1979), аперэта “Несцерка” Р. Суруса (1979). Асноўнае месца ў рэпертуары займаюць аперэты савецкiх кампазiтараў: “Халопка” М. Стрэльнiкава, “Пацалунак Чанiты” Ю. Мiлюцiна, “Патрабуецца гераiня” В. Баснэра (1975) i iнш. Сярод пастановак – класiчныя аперэты: “Сiльва”, “Марыца” I. Кальмана, “Цыганскае каханне” Ф. Легара (1974).

Галоўны дырыжор тэатра А. Лапуноў, галоўны мастак А. Андрасовiч. У саставе трупы (1982) народны артыст БССР Ю. Лазоўскi, Н. Гайдай, В. Мазур i iнш. Будынак тэатра пабудаваны ў 1981г. (архiтэктар А. Ткачук, В. Тараноўскi). Пры пабудове ў аб’ём тэатра ўключаны будынак былога клуба тонкасуконнага камбiната, якi пасля рэканструкцыi выкарыстаны для арганiзацыi вестыбюля, фае, гардэробаў i службовых памяшканняў. У прыбудаваным да яго новым аб’ёме размешчана амфiтэатральная зала на 800 месцаў. Звернуты да плошчы Мяснiкова галоўны ўваход акцэнтаваны парадным парталам са скульптурнай групай “Муза” (бронза, скульптар Д. Зiльберт).

Тэатр на сучасным этапе

Нягледзячы на складанасці эканамічнага жыцця, назіраецца тэндэнцыя павелічэння тэатральнай сеткі. Калі ў 1985 г. у рэспубліцы налічвалася 17 тэатраў, то на канец 1993 г. працавалі ўжо 24 творчыя калектывы. Яны фінансаваліся за кошт рэспубліканскага, абласных, гарадскіх бюджэтаў.

Побач з прызнанымі ў свеце творчымі калектывамі Беларускага акадэмічнага тэатра оперы і балета, Беларускага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Купалы прафесійным майстэрствам вылучаюцца акцёрскія трупы Маладзёжнага тэатра, тэатра-лабараторыі “Вольная сцэна”, які адкрыў свой першы сезон у 1991 г. (зараз – Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі). Прэм’ерай спектакля была п’еса Міколы Арахоўскага “Ку-ку”. У яго рэпертуары творы на сучасную тэматыку, а таксама гістарычныя (“Сабака з залатым зубам, або Сон начальніка выцвярэзніка”; “Паваліўся нехта”; “Галава”; “Віта брэвіс, або Нагавіцы Святога Георгія”; “Барбара Радзівіл”).

У 1989 г. у рэспубліцы налічвалася тры беларускамоўныя тэатры, а ў 1993 г. – 12. Большасць тэатраў фарміраваліся як рускамоўныя, таму для іх пераходу на нацыянальныя рэйкі дзейнічалі па некалькіх напрамках: ажыццяўлялі пастаноўку некаторых спектакляў на беларускай мове ў рускіх тэатрах, перакладалі і давалі сцэнічнае жыццё сусветнай драматургіі на беларускай мове, стваралі студыі пры тэатрах. Ужо к канцу 80-ых гг. тэатрам было дазволена жыць па законах унутранага самаразвіцця.

Iдэя нацыянальна-культурнага адраджэння стала зместам работы беларускага тэатра імя Я. Купалы (“Страсці па Аўдзею” (1998); “Тутэйшыя” (1990); “Iдылія” (1991); “Звон – не малітва” (1992)). З 1990 г. пачынаецца супрацоўніцтва тэатра Я. Купалы з Беластоцкім тэатрам імя А. Венгеркі. Арганізуюцца гастролі ў Беласток (“З нагоды мокрага снегу”, “Дом на мяжы”). У 1994 г. Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы атрымаў новую назву – Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы.

Беларускі Дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Я. Коласа ў апошнія гады ставіць п’есы класікаў рускай і замежнай драматургіі.

Рэпертуар Альтэрнатыўнага тэатра пачаў складацца з драматургіі абсурду – абсалютна новага накірунку для нашага тэатра (“Кароль памірае”, “Гулянне”, “Ноч”, “Аркестр”, “Камедыя” і інш. ).

У 80-ыя гг. узнікае студыйны рух, які прынёс карысць развіццю тэатральнай справы. Пачалі наладжвацца фестывалі тэатраў-студый. Спачатку адбыўся гарадскі фестываль, дзе былі сабраны студыйныя калектывы Мінска, потым, у 1989 г., – рэспубліканскі, а ў 1991 г. – міжнародны, пад назвай “Студыйныя камедыі” (Літва, Украіна, Расія, Германія і інш. ).

Значнай падзеяй у тэатральным жыцці стаў Першы міжнародны фестываль монаспектакляў, які праходзіў у Мінску ў кастрычніку 1993 г. Арганізацыя гэтага фестывалю – першая творчая акцыя Беларускага нацыянальнага цэнтра Міжнароднага інстытута тэатра (МІТ). Ён узнік на Беларусі ў 1992 г. Фестываль атрымаў назву “Я”.

Сярод спектакляў, з якімі выступілі прадстаўнікі далёкага і блізкага замежжа, былі такія як “Свячэнне Альбіёна” (тэатр “Арганаўт”, Лондан), “Інвакацыя”(тэатр ММ, Люблін), кампазіцыі Ігара Ларына “Мой першы сябра” і “Яўген Анегін” (Санкт-Пецярбург), “Каса” В. Фрыча (Бон), “Спевы Лазаравы” І. Радзічкава (Вільнюс) і “Шэрачка з Машэрачкай” М. Каляды (ТЮГ, Яраслаўль). На фестывалі ад Беларусі быў паказаны спектакль “Дзіця з Віфлеема”.

Фестываль “Маладзечанская сакавіца-94” прысвячаўся майстрам тэатральнага мастацтва. У ім прынялі ўдзел Стэфанія Станюта, Аляксандра Клімава, Расціслаў Янкоўскі, Віктар Лебедзеў, Зінаіда Браварская і іншыя прызнаныя майстры беларускай сцэны.

Асноўныя пытанні тэатральнага жыцця рэспублікі разглядала першая ўсебеларуская тэатральная канферэнцыя “Тэатральнае мастацтва Беларусі і праблемы нацыянальна-культурнага адраджэння” (лістапад, 1993 г. ). Канферэнцыя прапанавала: па-першае, правядзенне атэстацыі не толькі ўсіх дзяржаўных тэатраў, наданне ім адпаведнай катэгорыі (акадэмічны, рэспубліканскі, абласны, муніцыпальны і г. д. ), але і тэатральных кіраўнікоў, па-другое, новыя прынцыпы дзяржаўных датацый; па-трэцяе, паступовы перавод усіх труп дзяржаўных тэатраў на кантрактную аснову. Галоўная мэта рэформы – даць новы імпульс развіццю тэатральнага мастацтва, стварэнню ўмоў для існавання разнастайных мадэляў тэатраў, аказаць дзяржаўную падтрымку таленавітым мастакам.

Нягледзячы на складанасці эканамічнага жыцця, сучасны тэатр як адзін з самых старажытных відаў мастацтва чарговы раз даказаў сваю унікальную жыццяздольнасць. Акрамя дзяржаўнай з'явілася і прыватная мадэль тэатра, умацоўваюцца тэатры-студыі.

Музыка на сучасным этапе

Традыцыйным стала правядзенне музычных фестываляў “Віцебская восень”, “Мінская вясна”, “Беларуская сакавіца” і інш.

У 80-ыя – пачатку 90-ых гг. у творчае музычнае жыццё прыйшлі новыя таленты, імёны якіх хутка сталі вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. На 1 чэрвеня 1989 г. у склад Саюза кампазітараў Беларусі ўваходзіла 86 чалавек, на канец 1994 г. іх колькасць дасягнула 107 чалавек. Уладзімір Браслоўскі (нар. у 1947 г. ), Віктар Войцік (нар. у 1947 г. ), Алег Залётнеў, Уладзімір Дарохін, Людміла Шлег, Сяргей Бельцюко, Аляксандр Навахрост, Андрэй Бандарэнка, Аляксандр Рашчынскі, Віктар Капыцько, Уладзімір Кур'ян, Вячаслаў Кузняцоў, Алег Елісеенкаў, Алег Соні, Зміцер Еўтуховіч і інш.

У оперным жанры з'явіліся новыя творы. Сярод іх: опера Уладзіміра Солтыса “Дзікае паляванне караля Стаха” (1988), Сяргея Картэса “Візіт дамы” (1990), Яўгена Глебава “Майстар і Маргарыта” (1990), Аляксандра Бандарэнкі “Князь Наваградскі” (1991), за гэты твор кампазітар быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1994).

Вядучым жанрам у беларускай музыцы застаецца сімфонія. Кожны з гэтых твораў мае сваю адметнасць у вырашэнні тэм: 8 Сімфонія (1992) Дзмітрыя Смольскага, камерная сімфонія Віктара Войціка “Апошняя восень паэта”. Майстры музыкі не засталіся ўбаку ад асвятлення страшэннай тэмы – рэпрэсій, сталіншчыны. Гэта новая тэма ў дзейнасці беларускіх кампазітараў апошняга часу. Адным з першых да эпохі сталінізму звярнуўся Фёдар Пыталёў ў сваёй восьмай сімфоніі “Памяці ахвяр сталінізму” (1987). Гэтай тэме прысвечана чацвёртая сімфонія “Курапаты” (1990) Кіма Цесакова і іншыя творы.

Развіваліся вакальна-сімфанічныя жанры, і ў першую чаргу кантата. Віктар Капыцько напісаў араторыю “Куранты” для барытона, хору і інструментальнага ансамбля па ананімным “Славянскім сшытку 1733 г. ”. Галіна Гарэлава стварыла кантату “У год сусветнага пажару” (1989). Гэты твор быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь (1992).

Прадаўжала развівацца беларуская песня. 90 % песень, якія пішуць зараз кампазітары, – гэта песні на словы беларускіх паэтаў (Эдуард Зарыцкі, Валерый Іваноў, Зміцер Еўтуховіч).

У гэты час плённа працавалі музычныя тэатры. У пачатку 90-ых гг. Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета выступіў з прапановай раздзялення опернай і балетнай труп (балет “Ундзіна” сучаснага нямецкага кампазітара Г. Хенцэ ў пастаноўцы швейцарскага балетмайстра А. Бернарда). Пачатак 90-ых гг. быў значным у творчых адносінах опернай трупы. У 1992 г. былі пастаўлены дзве оперы беларускіх кампазітараў: “Майстар і Маргарыта” Я. Глебава і “Князь Наваградскі” А. Бандарэнкі. У пачатку 1993 г. оперная трупа выехала на замежныя гастролі ў Іспанію з операй “Тоска” Дж. Пучыні, пастаўленай на італьянскай мове. Святло рампы ўбачылі іншыя спектаклі. Асаблівую цікавасць выклікала пастаноўка оперы Дз. Шастаковіча “Ледзі Макбет Мцэнскага павета”. Тэатр упершыню ўзяўся за пастаноўку вельмі значнага твора, які многія гады быў забаронены.

У тэатральным сезоне 1991/92 гг. на базе тэатра музкамедыі адкрыўся дзіцячы тэатр “Казка” (“Гісторыя Кая і Герды” С. Баневіча і “Дзіцячы бом” П. Чайкоўскага).

У 1992 г. у тэатры музкамедыі быў пастаўлены амерыканскі мюзікл “Хэло, Долі!”. У канцы 1991 г. на базе балетнай трупы тэатра музкамедыі ўзнік харэаграфічны калектыў “Мінск-балет”. У гэтым вялікая заслуга галоўнага балетмайстра тэатра Ніны Дзьячэнка (аднаактавы балет “Штраусіяна” і “Iспанскі дывертысмент”, “Шахерэзада”, аднаактавы балет “Шапэніяна”). У канцы 1993 г. трупа ажыццявіла першыя гастролі па рэспубліцы. Што тычыцца класічных аперэт, то большасць іх у репэртуары тэатра значацца ўжо шмат год. Сярод лепшых можна назваць “Сільву”, “Прынцэсу цырка” I. Кальмана, “Ноч у Венецыі” I. Шрауса.

Нягледзячы на складанасці эканамічнага жыцця, у рэспубліцы ствараюцца новыя музычныя калектывы, якія прапагандуюць нацыянальнае музычнае мастацтва. У 1993 г. іх колькасць дасягнула 25. Вялікую работу у гэтым напрамку праводзіць Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга створаны ў 1987 г. Тут сабраны лепшыя музычныя сілы рэспублікі.

У Гродне вялікай падзеяй у музычным жыцці з'явілася адраджэнне капэлы, якое адбылося ў маі 1992 г. Яе мастацкім кіраўніком стаў малады кампазітар Аляксандр Бандарэнка. У рэпертуары капэлы – праваслаўныя песнапенні, творы заходнееўрапейскіх кампазітараў, народныя беларускія песні ў адмысловых апрацоўках, сучасныя аркестравыя творы. Нягледзячы на фінансавыя праблемы, удалося пашырыць склад артыстаў, пры капэле створаны Ансамбль старадаўняй музыкі і ансамбль салістаў.

Цікавым музычным калектывам зарэкамендаваў сябе створаны ў 1992 г. абласны камерны хор з Маладзечна. У рэпертуары хору духоўная музыка рускіх і заходнееўрапейскіх кампазітараў, класічныя творы, народныя песні, музыка сучасных аўтараў, але аснову яго творчасці складаюць творы беларускіх кампазітараў.

Пошук і выкананне беларускай духоўнай музыкі з'яўляюцца галоўнымі напрамкамі творчай дзейнасці Дзяржаўнага камернага хору Беларусі, створанага ў 1988 г. Яго мастацкім кіраўніком з'яўляецца Іван Мацюхоў. Калектыў не адмаўляецца таксама ад выканання твораў рускіх і заходніх кампазітараў.

Музычная культура нарадзілася разам з народам, таму яе асновай з'яўляецца фальклор. Для адраджэння і захоўвання гэтай скарбніцы пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі створаны Дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”. У ансамблі надзвычай цікавы падбор народных інструментаў: апрача скрыпак, гармонікаў, цымбалаў гучаць старадаўнія – ліра, басэтля, дуда, жалейка і інш. З поспехам ансамбль гастралюе не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Неад'емнай часткай музычнага жыцця рэспублікі сталі фестывалі нацыянальнага музычнага мастацтва, дзякуючы якім абуджаецца цікавасць да роднай мовы, фальклорнага мастацтва. Стаў традыцыйным Фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, які ўпершыню прайшоў у чэрвені 1993 г. Яго правядзенню садзейнічала спонсарская дзейнасць некаторых дзяржаўных, сумесных, малых прадпрыемстваў.

Такім чынам, нягледзячы на цяжкасці сучаснага перыяду, звязаныя з эканамічнай рэформай і ўваходжаннем у рынак, музычнае мастацтва не стаіць на месцы. Плённа працуюць новыя выканаўчыя калектывы, якія адраджаюць забытыя старонкі беларускай музычнай культуры. Гэтаму садзейнічаюць музычныя фестывалі, якія занялі дастойнае месца ў культурным жыцці краіны. Музыка, песня спрыяюць адраджэнню роднай мовы, выхаванню нацыянальнай свядомасці, павышэнню нацыянальнага іміджу ў міжнародным супольніцтве незалежнай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь.