Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ekzamenatsionnye_voprosy_po_istorii_Belarusi.doc
Скачиваний:
27
Добавлен:
15.04.2019
Размер:
1.68 Mб
Скачать

74. Сучасная культура Беларусі. Пашырэнне “масавай культуры”. Праблемы захавання беларускай мовы і нацыянальнай культуры.

Адыход ад жорсткай ідэалагічнай абмежаванасці звязаны перш за ўсё з ходам «перабудовы» у СССР, калі пачаўся працэс паступовага адказу ад найбольш дыскрэдытаваўшых сябе палітычных і эканамічных метадаў гаспадарання. Гэты працэс суправаджаўся расшырэннем дэмакратыі, вядучую ролю ў якой іграла «галоснасць» ў сродках масавай інфармацыі.

Кіруючыя колы БССР не толькі пляліся ў хвасце перабудоўчых працэсаў, а нават стараліся іх затармазіць. Напрыклад, тагачасны першы сакратар ЦК КПБ Я. Сакалоў безпадстаўна заяўляў, што быццам бы ў рэспубліцы створаны ўсе магчымасці для развіцця беларускай мовы і беларускай нацыянальнай культуры. А таму, «хто памыляецца ў гэтых пытаннях», — са змрочным намёкам гаварыў ён, — «трэба дапамагчы разабрацца». А між тым, у выніку інтэнсіўнай русіфікацыі беларускай культуры, як і ўсяго жыцця за апошнія дзесяцігоддзі існавання БССР, вырасла не адно пакаленне людзей, цалкам ці ў значнай ступені адарваных ад нацыянальна-культурнай глебы. Практычна амаль усё насельніцтва гарадоў Беларусі жыло як рускамоўны народ, выхоўваючыся ў асяроддзі рускай культуры. Адсюль абыякавасць да свайго нацыянальнага, адсутнасць гістарычнай памяці, пагарда да нацыянальных каштоўнасцей. Нацыянальны нігілізм ахапіў практычна ўсе пласты беларускага грамадства, а нават сціплыя спробы захаваць ці абараніць нацыянальнае — расцэньваліся, як нацыяналізм. На паўсядзённым, бытавым узроўні мянушка «нацыяналіст» гучала як абраза або пракляцце.

У склаўшыхся ўмовах, калі ва ўсіх рэспубліках СССР сталі ўзнікаць розныя партыі, арганізацыі і грамадскія рухі, шэраг актыўных, патрыятычна накіраваных літаратараў, артыстаў і прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Беларусі стварылі ў чэрвені 1989 года (г. Вільнюс) Беларускі народны фронт (БНФ) «Адраджэнне». Гэты грамадскі рух ставіў перад сабою мэту — адраджэнне і далейшае развіццё беларускай нацыянальнай культуры і прыняцце закона аб дзяржаўнасці беларускай мовы. Папярэднічала гэтаму руху дзейнасць маладзёжных аматарскіх аб’яднанняў «Талака» у Мінску, «Паходня» у Гродне і інш. Актыўная грамадская пазіцыя гэтых суполак спалучалася з дзейсным удзелам у рэстаўрацыйных работах у Мінску, Гродне, Лідзе, Оршы і інш. У 1989 годзе распачало сваю дзейнасць Таварыства беларускай мовы (ТБМ) імя Ф. Скарыны, на чале якога стаў выдатны паэт Ніл Гілевіч. Пад уплывам гэтых рухаў у студзені 1990 года, Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб дзяржаўнасці беларускай мовы і аб свабодным карыстанні рускай мовай, як мовай міжнародных і міжнацыянальных зносін. Гэтае палажэнне аб мовах было зацверджана і ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прынятай 15 сакавіка 1994 года.

Кардынальна змяніліся ўмовы для развіцця нацыянальнай культуры пасля абвяшчэння ў жніўні 1991 г. незалежнасці і суверэнітэта Беларусі і стварэння ў снежні гэтага ж года Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Цяпер ужо адсутнічаў «цэнтр», ад якога ўсё залежала і амаль усё яму падпарадкавалася. Лёс беларусаў цяпер стаў залежыць ад саміх беларусаў.

У далёкай старажытнасці рымляне сцвярджалі: «Рым будзе жыць, нават калі будуць дрэнныя шаўцы, але калі будзе дрэнная школа — Рым загіне». Гэтая ісціна гаворыць, што ад стану адукацыі ў першую чаргу залежыць поспех нацыянальна-культурнага адраджэння. У рэспубліцы была распрацавана і пачала ажыццяўляцца праграма дашкольнага і школьнага навучання і выхавання. Ужо ў 1993/94 навучальным годзе 80% першакласнікаў у Беларусі вучыліся на роднай мове. Сталі стварацца прынцыпова новыя навучальныя ўстановы: гімназіі, ліцэі і каледжы. На пачатак 1992 года працавала 33 гімназіі, 12 ліцэяў і 2 каледжы. З’явіліся прыватныя гімназіі. Узніклі і пашырылі сваю дзейнасць недзяржаўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. У звычайных школах ішло вызваленне праграм ад празмернай заідэалагізаванасці, здзяйснялася вывучэнне нефальсіфікаванай гісторыі Беларусі. У беларускіх ВНУ былі ўведзены навучальныя курсы «Беларусазнаўства», «Паліталогія», «Гісторыя культуры» і «Культуралогія». Нягледзячы на эканамічна-фінансавыя цяжкасці, беларуская дзяржава на 10% павялічыла нават заробак для заахвочвання тых выкладчыкаў і настаўнікаў, якія выкладалі прадметы на беларускай мове (у 1996 годзе гэтая надбаўка была адменена прэзідэнтам). Ва ўсіх вышэйшых навучальных установах уведзены ўступны экзамен па беларускай мове, а ў педагагічных інстытутах на ёй сталі праводзіцца дзяржаўныя экзамены. У шэрагу ВНУ, у тым ліку і ў медуніверсітэце, было ўведзена вывучэнне беларускай мовы, як прадмета (сацыялагічныя дасле-даванні пацвердзілі, што большасць студэнтаў адносяцца да гэтага станоўча). На жаль, развіццю працэса перашкаджае інертнасць і нацыянальная абыякавасць значнай часткі выкладчыкаў.

З мэтай прыбліжэння вышэйшай школы да ўзроўню яе ў перадавых краінах, у пачатку 90-х гадоў пачаўся працэс стварэння універсітэтаў на базе існуючых інстытутаў. Так, былі створаны Беларускі тэхнічны аграрны універсітэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт. Беларускі педагагічны універсітэт, Беларускі лінгвістычны універсітэт, Мінскі універсітэт культуры і інш. Акадэміямі сталі Мінская кансерваторыя і інстытут фізкультуры. Ва універсітэтах і акадэміях стала вучыцца больш 60% усіх студэнтаў дзённай формы і больш за 70% ад усіх выкладчыкаў ВНУ — працаваць у іх. Гэтыя навучальныя ўстановы сталі весці падрыхтоўку па 145 спецыяльнасцях, што складала 80% ад агульнай колькасці.

Галоснасць, што пачалася на хвалі перабудовы, прынесла новыя, не звыклыя для простых людзей, з’явы ў культурным жыцці. Зніклі кантроль і забарона на творчую працу і яе прадукцыю. Дзякуючы гэтаму, са спецхранаў і сховішчаў былі вернуты і надрукаваны творы М. Гарэцкага, А. Гаруна, П. Гала-вача, В. Ластоўскага, І. Дварчаніна, Я. Чачота, Т. Зана, Я. Лучыны, Л. Геніюш, К. Буйло і інш.

У той жа час рэзка скарацілася дзяржаўнае фінансаванне культуры, бо эканоміка рэспублікі стала крута ісці пад адхон, у бяздонную яму ўсеагульнага крызіса. Гіперінфляцыя абясцэніла ўсе духоўныя здабыткі. З пачаткам рыначных адносін галоўнай каштоўнасцю сталі грошы, прыбытак. Лексіка простага беларуса папоўнілася новымі, нязвыклымі для беларускага вуха словамі: брокер, дылер, спонсар, рэкет, кідала, кілер, путана і інш. Нецэнзурныя выразы ўжо перасталі шакіраваць нашых жанчын не толькі на вуліцы, а нават у кінакарціне, кнізе, па тэлебачанню. Многія з задавальненнем сталі слухаць такія пошлыя песні, як «... вот такая, вот, зараза, девушка моей мечты», або «Чё ты хошь?..». Гэта яскравыя прыклады бязгустоўнасці, дурнога густу, або «кліч». Іх суб’ект — аснова, асяроддзе для так называемай «масавай культуры». Сённяшняя «масавая культура» распаўсюджваецца больш за ўсё праз:

а) ПОП-музыку (горшую яе частку);

б) дызайн адзення і прамысловых вырабаў;

в) парнаграфічную і, ўвогуле, літаратуру для «лёгкага чытання», баявікі і бястселеры;

г) многія тэлеперадачы: рэкламу, бясконцыя прымітыўныя тэле-серыялы, розныя шоў.

Вядома, што «масавая культура», і ў тым ліку горшыя яе гатункі, не вычэрпваюцца вышэй названымі каналамі. Яны існуюць і ў жывапісе, і ў скульптуры, нават ў прыкладным мастацтве.

Каб просты чалавек быў неўспрыймальным, асабліва да горшай праявы так называемай «масавай культуры», кіча і пошласці, трэба выхоўваць у яго высокі густ з маленства. Уся сістэма адукацыі грамадзяніна павінна мець прадуманую і навукова абаснаваную сістэму фарміравання высокіх пачуццяў і добрага густу. Такую мэту мае ўвядзенне навучальных прадметаў «Гісторыя культуры Беларусі» і «Культуралогія».

На сучасным этапе культурнага жыцця нашай рэспублікі плённа працуюць Р. Барадулін, Г. Бураўкін, Я. Брыль, А. Дудараў, С. Законнікаў і інш. Высокай грамадзянскай пазіцыяй вызначаюцца творы В. Быкава і Н. Гілевіча. Пісьменнік Вячаслаў Адамчык за цыкл раманаў («Чужая бацькаўшчына», «Год нулявы», «І скажа той, што народзіцца») у 1988 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Я. Коласа.

У 80-я — пачатку 90-х гадоў у беларускую літаратуру прышло новае таленавітае папаўненне. Гэта Адам Глобус, Андрэй Федарэнка, Анатоль Казлоў, Алесь Наварыч, Вітаўт Чаропка, Мікола Мятліцкі, Ул. Някляеў, Анатоль Сыс, Сяржук Сакалоў-Воюш, Леанід Дранько-Майсюк, Людміла Рублеўская, Ірына Багдановіч, Люба Тарасюк і многія іншыя. Саюз беларускіх пісьменнікаў стаў налічваць у 1994 годзе аж 454 чалавекі, гэта значыць, што за 5 гадоў арганізацыя ўзрасла на 141 удзельніка.

Нягледзячы на складанасці эканамічнага жыцця ў сучасны перыяд, назіралася тэндэнцыя павелічэння колькасці тэатральных калектываў. Калі ў 1985 годзе іх было ў рэспубліцы 17, то ў 1993 — стала працаваць 24. Прафесійныя беларускамоўныя драматычныя тэатры сталі працаваць ў Маладзечна, Слоніме, Мазыры. Новай з’явай тэатральнага жыцця стала яўленне прыватных тэатраў. Гэта незалежны тэатр у Гомелі, мецэнатам якога з’яўляецца расійска-амерыканскі прадпрымальнік. Не мае аналагаў у рэспубліцы Мінскі Альтэрнатыўны тэатр. Ён не атрымлівае дзяржаўнай грашовай датацыі, а існуе за кошт падтрымкі спонсараў. Рэпертуар гэтага тэатра пачаў складвацца з драматургіі абсурду — абсалютна новага накірунку для нас, але даўно ўжо асвоенага ў Еўропе. У тэатрах сённяшняга часу пладатворна працуюць рэжысёры В. Раеўскі, М. Пінігін, В. Маслюк, В. Мазынскі, В. Грыгалюнас, Р. Таліпаў. Па-ранейшаму прыносяць радасць людзям старэйшыя акцёры Беларусі А. Клімава, Р. Янкоўскі, З. Браварская. На беларускай сцэне з’явіліся таленавітыя маладыя сілы: В. Глазкоў, І. Ларын, П. Будрыс, Г. Пшэнік і іншыя.

Музычнае мастацтва на Беларусі вызначаецца тым, што вядучым жанрам застаецца сімфонія. У гэтым напрамку працуюць: Дз. Смольскі, В. Войцік, Ул. Дамарацкі, С. Бельцюкоў, А. Сонін. У. Дарохін, К. Цесакоў. Гэтыя майстры музыкальнай справы добра вядомы ўжо і сусветнай грамадскасці.

Новыя творы паявіліся і ў оперным жанры. Сярод іх опера Ул. Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха», якая ўпершыню была паказана ў двары Троецкага прадмесця пад адкрытым небам, С. Картэса «Візіт дамы», А. Банда-рэнкі «Князь Наваградскі» і інш.

Вялікую работу праводзіць пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга створаны ў 1987 годзе Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі. Традыцыйным стала правядзенне музычных фестываляў — «Славянскі базар», «Мінская вясна», «Беларуская сакавіца».

У сучасным выяўленчым мастацтве выразна пашырыліся нефармальныя тэндэнцыі. Адкрыліся недзяржаўныя галерэі: «Арт-творчасць», «Вітанова», «Жыльбел», «Верхні горад» і інш. З’явіліся неафіцыйныя творчыя аб’яднанні. У складзе адной з такіх суполак «Пагоня» працуюць відныя майстры А. Марач-кін, Я. Кулік, К. Харашэвіч, А. Шатэрнік.

Такім чынам, 80-я – 90-я гады адрозніваюцца значна большай стра-катасцю жанраў, форм, напрамкаў у культуры Беларусі, чым папярэднія дзесяцігоддзі. У гэты час змяняюцца абставіны культурнага жыцця, што ўносіць неабходнасць пошуку новых рашэнняў у творчасці. Дзейнасць жа па нацыянальна-культурнаму адраджэнню Беларусі, нягледзячы на пэўныя поспехі, не прывяла да кардынальных незваротных зрухаў, а ў апошнія гады стала нават тармазіцца.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]