Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ekzamenatsionnye_voprosy_po_istorii_Belarusi.doc
Скачиваний:
27
Добавлен:
15.04.2019
Размер:
1.68 Mб
Скачать

49. Масавыя рэпрэсіі дзеячаў беларускай культуры (20-30-я гг. Хх ст.).

Беларуская культура ў 20-я – 30-я гады ХХ стагоддзя дасягнула значных поспехаў. Яны маглі б быць яшчэ большымі, калі б не масавыя рэпрэсіі.

Рэпрэсіі — гэта неабгрунтаванае прыцягненне да крымінальнай адказнасці за так званыя «контррэвалюцыйныя злачынствы». Прычыны рэпрэсій былі абумоўлены тыранічнай прыродай таталітарнага палітычнага савецкага рэжыму, які ўзяў на ўзбраенне метад дыктату, фарсіраванай індустрыялізацыі і гвалтоўнай калектывізацыі. Яны вынікалі з лозунгу «дагонім і перагонім», сталінскага вучэння аб абвастрэнні класавай барацьбы ў перыяд будаўніцтва сацыялізма. «Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва, — сцвярджаў Сталін, — з’яўляюцца неабходным элементам наступлення» (Сталин И.В. Соч., т. 13, с. 41). Рэпрэсіі вынікалі і з камуністычнай ідэі інтэрнацыяналізму, сусветнай рэвалюцыі. На Беларусі рэпрэсіі пачаліся ўжо ў першыя гады савецкай улады. З 20-х гадоў у рэспубліцы, як і ў цэлым па СССР, пачаў фарміравацца рэпрэсіўны механізм, які ўключаў заканадаўчую базу, а таксама сістэму судовых і пазасудовых органаў, папраўна-працоўных лагераў. Спачатку ў якасці метадаў рэпрэсіі выкарыстоўвалася крытыка, а потым арышты, лагеры, растрэлы.

Рэпрэсіі закранулі ўсе слаі беларускага грамадства. Да растрэлу прыгаворваліся нават дзеці з 12-гадовага ўзросту. Ужо ў 1920 годзе было арыштавана 860 членаў Беларускай партыі сацыял-рэвалюцыянераў. Арышты і пакаранні ўзмацніліся ў канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў, калі пачалася барацьба з так званым нацыянал-дэмакратызмам. Гэтая барацьба была накіравана супраць беларусізацыі, беларускай мовы і культуры. Прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі абвінавачвалі ў тым, што яны быццам бы ставілі нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя.

Кульмінацыяй распраў над інтэлігенцыяй у 1930–1931 гг. стала сфабрыкаваная справа аб нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі». Па ёй было арыштавана 108 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Сярод арыштаваных былі нарком асветы А. Баліцкі, З. Жылуновіч, прэзідэнт АН БССР У. Ігнатоўскі. Абвінавачванне ў прыналежнасці да кіраўніцтва «СВБ» было прад’яўлена Я. Купалу, Я. Коласу. Я. Купала ў знак пратэсту нават зрабіў спробу самагубства.

У 1933 г. пачалася новая хваля рэпрэсій. Людзей арыштоўвалі за ўжыванне беларускай мовы, выданне на ёй літаратуры, за працы па гісторыі, якія быццам бы не аб’ектыўна яе трактавалі. Былі арыштаваны І. Дварчанін, М. Лунін, Л. Калюга, Ю. Таўбін і іншыя. У гэтым жа годзе былі раскрыты 59 паўстанцкіх, 19 дыверсійных груп, 20 шпіёнскіх ячэек, 4 тэрарыстычныя арганізацыі.

Найбольш вялікія страты беларуская культура панесла ў 1937–1938 гадах. У гэтыя гады рэпрэсіраваны А. Дудар, М. Зарэцкі, П. Галавач, В. Вольны, В. Каваль, Т. Кляшторны, Ю. Лявонны, В. Маракоў, І. Харык і шмат іншых. Зноў згусціліся хмары над Я. Купалам і Я. Коласам. На першага было выбіта 41 паказанне, на другога — 31.

Цяжкія страты панесла тэатральнае мастацтва (Ф. Ждановіч, М. Ра-фальскі, У. Галубок і інш.), навука. У 1930 годзе былі арыштаваны 33 навуковыя супрацоўнікі, 1935 — 16, 1936 — 15, 1937 — 45, 1938 — 27. Сярод арыштаваных былі прэзідэнт АН Беларусі І. Сурта, віцэ-прэзідэнт Т. Домбаль, акадэмікі Я. Афанасьеў, Б. Тарашкевіч, В. Сербента. На працягу 1930–1938 гг. зняты з пастоў і арыштаваны 5 наркомаў асветы (ужо адзначаны А. Баліцкі, а таксама А. Пластун, А. Чарнушэвіч, А. Дзякаў, У. Півавараў). Страты панеслі кампазітары, мастакі, святары.

Рэпрэсіі падвяргалася мова, ужыванне якой скарачалі. Скарачаліся беларускамоўныя школы, народныя дамы, хаты-чытальні, змяншалася выданне беларускіх кніг і газет, справаводства пераводзілася на рускую мову, з пасад кіраўнікоў звальняліся беларусы, распускаліся беларускія краязнаўчыя арганізацыі. Нерэпрэсіраваная частка інтэлігенцыі вымушана была стаць на шлях прыстасавання да рэжыму. Прыстасаваныя павінны былі чарніць вядомых дзеячаў беларускай культуры. Паэт-дэмакрат Ф. Багушэвіч быў абвешчаны «кулацкім паэтам». Я. Карскі — «вялікадзяржаўным чарнасоценцам», пісьменнік М. Гарэцкі — контррэвалюцыянерам. Адмаўлялася і забаранялася ўсё тое, што было зроблена арыштаванымі. Панавалі цэнзура, стан страху.

З верасня 1939 г. рэпрэсіі закранулі і далучаную да БССР Заходнюю Беларусь. Больш як 100 тысяч жыхароў Заходняй Беларусі было дэпартавана ў Сібір, нямала расстраляна як агентаў польскай разведкі.

Усяго за перыяд 1917–1953 гг. на Беларусі было рэпрэсіравана больш 600 тысяч жыхароў рэспублікі. Толькі пісьменнікаў арыштавана 238 чалавек, якіх пасля смерці Сталіна ў жывых засталося 20 («Звязда», 1992, 19 сакавіка). З ліку вядомых дзеячаў беларускага нацыянальнага руху 1917–1924 гг. рэпрэсіраваны ўсе, хто застаўся жыць на тэрыторыі СССР. У 30-я гады арыштавана 26 акадэмікаў, 6 членаў-карэспандэнтаў АН БССР. Гэтыя рэпрэсіі абяскроўвалі беларускую інтэлігенцыю, падрывалі яе творчыя сілы, ламалі лёс, моцна тармазілі культурнае развіццё.

Зараз ідзе працэс рэабілітацыі тых, хто быў рэпрэсіраваны. Рэабілітавана больш за 200 тысяч жыхароў Беларусі. Гэта лічба сведчыць аб тым, што рэпрэсіі былі незаконнымі. Многія не будуць рэабілітаваны ўвогуле, бо іх сем’і знішчаны поўнасцю і зараз няма каму ўзбудзіць справу. Але, няглядзячы на вялікія страты, культура беларускага народа працягвала развівацца.

Такім чынам, культурнае жыццё ў 20-я – 30-я гады праходзіла ў складаных, часта драматычных умовах. Гэта быў час значных дасягненняў і цяжкіх страт.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]