Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ekzamenatsionnye_voprosy_po_istorii_Belarusi.doc
Скачиваний:
27
Добавлен:
15.04.2019
Размер:
1.68 Mб
Скачать

24. Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай і яе падзел паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй.

З эканамічнага крызісу, выкліканага разбурэннем гаспадаркі "Паўночнай вайной", РП, асабліва Беларусь, выходзіла вельмі марудна. Да сярэдзіны 18 ст. большасць беларускіх гарадоў і мястэчак заставаліся ў глыбокім заняпадзе. Эканамічны крызіс у РП ускладняўся крызісам палітычным, бо ўся дзяржава РП апынулася ў стане поўнай анархіі і безуладдзя. Перш за ўсё таму, што ў гэты час у найбольшай меры праяўляўся так званы час "залатых шляхецкіх вольнасцей". У іх аснове ляжала права ліберум вета (свабода забароны) пры галасаванні ў сойме. Гэта азначала, што даволі толькі аднаму са ста дэпутатаў сказаць "не пазволям!" як пастанова ці закон у сойме не прымаліся. Такое права давала магчымасць подкупу дэпутатаў.

Другім тормазам развіцця быў абавязак дэпутатаў строга прытрымлівацца інструкцый, атрыманых імі на павятовых семіках, што таксама паралізавала работу сойма. Такім чынам, палітычную праграму шляхты ў гэты час у РП можна звесці да аднаго галоўнага патрабавання – нічога новага. З 1652 да 1764 года з 55 скліканняў дзяржаўнага сойма 42 пасяджэнні былі сарваны праявай гэтых шляхецкіх вольнасцей.

Трэцяй бядой у гэты час для РП было безупыннае сапернічаства магнатаў і іх групіровак за дзяржаўную ўладу. Справа ў тым, што пасля смерці ў 1572 годзе апошняга караля і вялікага князя з дынастыі Ягайлавічаў Жыгімонта ІІІ Аўгуста, усталявалася традыцыя выбрання на сойме чарговага манарха. Кожная магнацка-шляхецкая групіроўка імкнулася прывесці на трон свайго чалавека. Гэтыя ўнутраныя канфлікты раздзіралі краіну, даводзячы яе нават да грамадзянскай вайны, як гэта было ў 1700 годзе.

Крызісныя з'явы ў РП прыцягнулі ўвагу Расіі, Аўстрыі, Прусіі і Швецыі, каб падтрымаць разлад у краіне, час ад часу ўводзячы туды свае войскі.

У другой палове 18 ст. патрыятычна настроеная частка кіруючых колаў РП прадпрыняла спробу рэфармаваць яе палітычны лад. Галоўным у гэтых рэформах было жаданне ўмацаваць вярхоўную ўладу і абмежаваць свавольства магнатаў і шляхты. Спроба выклікала вялікае незадавальненне як шляхты і магнатаў, так і суседніх дзяржаў. Расія і Прусія выкарысталі для ўмяшання ва ўнутраныя справы РП адмову сойма 1766 года надаць роўныя правы некатолікам: пратэстантам (дысідэнтам) і праваслаўным (схізматыкам). З дапамогай Прусіі ў польскім горадзе Торунь была створана ў 1767 годзе пратэстанцкая канфедэрацыя, а пад патранажам Расіі – Слуцкая канфедэрацыя ад праваслаўных. Гэтыя аб'яднанні выдалі маніфесты з пералікам усіх уціскаў і крыўд, што цярпелі некатолікі, і з просьбаю аб пратэкцыі іх расійскай імператрыцы, а таксама прускага, англійскага і дацкага караля. Пад уціскам расійскіх войск, раскватараваных пад Варшавай, рэформы былі спынены.

У 1768 годзе, незадаволеныя палітыкай караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, стаўленніка Расіі, частка магнатаў і шляхты стварыла Барскую канфедэрацыю (крэпасць Бар на Украіне). Канфедэраты выступалі як барацьбіты за панаванне каталіцкай царквы, за незалежнасць і цэласнасць краіны. У ёй прынялі ўдзел такія магнаты, як Кароль Радзівіл, М.К. Агінскі, М.Пац і інш. Але ў 1772 годзе ўзброеныя сілы канфедэратаў былі разбіты А.Суворавым пад Сталовічамі (каля Баранавіч). Яшчэ за месяц да гэтай перамогі ў жніўні 1772 года ў Пецярбургу была падпісана канвенцыя аб падзеле тэрыторыі РП паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Гэты быў першы падзел РП.

Абасноўваўся гэты драпежніцкі акт на афіцыйным узроўні цынічна: быццам "асветленыя" манархі вымушаны былі ўзяць пад сваю апеку землі РП, якія з-за анархіі і магнацкіх спрэчак прыходзяць да заняпаду. Да Расіі адышлі інфляндская зямля і ўсходняя частка Беларусі з Полацкам, Віцебская, Мсціславам і Рагачовым. Усяго 92 тыс. кв. км з 1,3 млн. насельніцтва.

Пасля першага падзелу РП многім стала зразумела, што без кардынальных рэформ у бок буржуазна-дэмакратычных змяненняў незалежнасць краіны не захаваць. З 1773 года ўсе Вальныя (агульныя) соймы, каб пазбегнуць ужывання права "ліберум вета" , сталі аб'яўляць сябе канфедэрацкімі, на якіх рашэнні прымаліся простай большасцю галасоў. У тым жа годзе быў ліквідаваны Ордэн езуітаў і было створана першае ў свеце Міністэрства асветы – Адукацыйная камісія. Ініцыятарам яе стварэння быў беларускі магнат, падканцлер ВКЛ Яўхім Храбтовіч. Значны даход ад уласнасці распушчанага ордэна перадаваўся справе адукацыі. Адукацыйная камісія рашуча ўзяла курс на рэалізацыю асветніцкіх ідэй у культурным жыцці РП. За 21 год свайго існавання яна шмат зрабіла ў справе стварэння свецкай адукацыі ў дзяржаве.

Вялікую ролю адыграў Чатырохгадовы (Вялікі) сойм (1788-1792 гг.), на дзейнасць якога паўплывала Французская рэвалюцыя. Вяршыняй яго дзейнасці з'явілася прыняцце 3 мая 1791 года першай у Еўропе (другой у свеце пасля ЗША) канстытуцыі. Гэты асноўны закон сваім зместам быў накіраваны на развіццё дзяржавы ў прагрэсіўна-буржуазным напрамку:

    • Канстытуцыя 3 мая 1791 года адмяніла права "ліберум вета"

    • зрабіла паслабленні ў прыгонніцтве

    • вызначыла размежаванне паміж заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладай у дзяржаве

    • прыняла рашэнне аб стварэнні на тэрыторыі РП і Беларусі незалежнай ад Масквы праваслаўнай епархіі.

Канстытуцыю адобрылі Францыя і Англія, а ў Расіі яна і праводзімыя ліберальныя рэформы вызвалі раздражэнне і варожасць. Расійскі ўрад чакаў заканчэння вайны з Турцыяй, каб зноў пачаць інтэрвенцыю.

Нарэшце 35-тысячны корпус расійскіх войск разбіў 15-тысячную польска-літоўскую армію і ў студзені 1793 года тры драпежнікі дамовіліся і зноў падзялілі суседнюю дзяржаву. Расіі дасталася новая частка Беларусі па лініі Друя-Пінск. Гэта быў другі падзел РП.

Каб абараніць гонар зганьбаванай дзяржавы, патрыёты Польшчы і ВКЛ узнялі паўстанне супраць Расійскай імперыі. Кіраўніком паўстання быў абраны нашчадак старажытнага беларускага шляхецкага роду, змагар за незалежнасць ЗША генерал-лейтэнант Андрэй Тадэвуш Касцюшка. У красавіку 1794 года пасля вызвалення Вільні паўстанне ахапіла ўсю Заходнюю Беларусь. На тэрыторыі ВКЛ паўстанне ўзначаліў палкоўнік Якуб Ясінскі. Галоўнай мэтай паўстання было "аднаўленне незалежнасці" ў межах 1772 года, а таксама патрабаванні волі і роўнасці. У маі Касцюшка выдаў дэкрэт – Паланецкі універсал, у якім была адменена асабістая залежнасць сялян ад феадалаў. Сяляне стваралі атрады, якія называліся касіянерскімі (узброеныя косамі). На Беларусі ў паўстанні прыняло ўдзел каля 25 тысяч чалавек. Але паўстанцы не змаглі супрацьстаяць аб'яднаным сілам Расіі, Аўстрыі і Прусіі. Галоўную ролю ў падаўленні паўстання адыграў А.Сувораў, які за гэта атрымаў званне фельдмаршала і вялікі абшар зямлі з прыгоннымі ў Кобрынскім павеце. Пасля задушэння паўстання адбыўся трэці падзел РП. Яна знікла з карты свету як дзяржава, а Беларусь поўнасцю ўвайшла ў склад Расіі, стаўшы Паўночна-Заходнім краем. Кацярына ІІ загадала выбіць у гонар далучэння новых зямель спецыяльную медаль з надпісам: "Отторгнутое возвратіх".

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]