Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
! ПРАКТИКУМ-- ИСТОРИЯ ФИЛОСОФИИ.doc
Скачиваний:
32
Добавлен:
12.11.2019
Размер:
2.02 Mб
Скачать

Гісторыя філасофскай думкі Беларусі – гісторыка-філасофская дысцыпліна, што вывучае традыцыю мыслення (пераважна філасофскага, але не толькі) на тэрыторыі Беларусі.

Гісторыя філасофскай думкі Беларусі з аднаго боку з’яўляецца часткай больш шырокай дысцыпліны – гісторыі заходняй альбо еўрапейскай філасофіі (у якой ступені мы можам лічыць філасофіяй усходнія, індыйскія і кітайскія тыпы думкі, застаецца дыскусійным пытаннем). У гэтым агульным кантэксце гісторыя філасофскай думкі Беларусі даследуе лакальную альбо рэгіянальную традыцыю мыслення, звязаную з зонай усходнееўрапейскага памежжа. Ядром гэтай зоны з’яўляецца тэрыторыя сучасных Беларусі і Украіны. Пры гэтым яна мае адкрытыя межы на Поўнач (Літва і прыбалтыйская зона) і на Поўдзень (з аднаго боку Малдова і Румынія, што звязваюць усходнееўрапейскае памежжа з Балканамі і еўрапейскім поўднем, з другога – татарскі Крым і Турцыя – гістарычны выхад праз Асманскую імперыю ў Блізкі Усход ды ісламскую цывілізацыю). З захаду і ўсходу гэтая зона мае выхад на Польшчу – у лацінскі свет і ў Расію – класічны варыянт праваслаўна-еўразійскага свету.

Такім чынам, прадметам гісторыі філасофскай думкі Беларусі з'яўляецца не гісторыя нацыянальнай філасофіі, а лакальная традыцыя думкі, падабенства з якой шукаюць сёння беларуская, літоўская, часткова ўкраінская і польская культуры.

Нацыянальная ж гісторыя філасофіі – гэта адначасова і адзін з мадэрных праектаў, які з’яўляецца ў другой палове XIX стагоддзя, і тая наратыўная і дысцыплінарная рамка, у якую ўкладаюцца сёння вынікі нашай работы, тая форма, у якой увасабляюцца лакальныя традыцыі думкі у сённяшнім свеце нацый.

Другая схаластыка. Другая палова XVI стагоддзя – часы адраджэння схаластыкі, якая выступае як “новая”, малодшая альбо “другая”.

Першая схаластыка як тып мыслення пачала фарміравацца ў Еўропе ў XI – XII стагоддзях. У XIII – XIV стагоддзях схаластыка дасягае свайго апагею, а са з’яўленнем тамізму (сістэмы Томаша Аквінскага) афармляецца ў аўтаномную тэарэтычную канструкцыю. Цэнтрамі яе з’яўляліся Сарбона і Оксфард.

У XIV – XV стагоддзях на фоне адраджэнска-рэфармацыйнага мыслення схаластыка «адступае», але неўзабаве аднаўляецца, уключае ў сябе асобныя элементы ідэйнай спадчыны Рэнесансу і ў XVI стагоддзі зноў выходзіць на авансцэну ўжо як «малодшая», альбо «другая схаластыка».

Узнікненне другой схаластыкі было звязана з дзейнасцю езуіцкіх філасофскіх асяродкаў у Іспаніі і Партугаліі – у Саламанцы і Коімбры.

Ключавой інтэлектуальнай падзеяй для гэтага тыпу філасофскай культуры стаў выхад у 1597 г. ў Саламанцы «Метафізічных разваг» Францыска Суарэса (1548-1617), якія на працягу наступных двух стагоддзяў вытрымалі больш за дзвесці выданняў па ўсёй Еўропе і служылі базавым тэкстам для другой схаластыкі.

Калі параўноўваць першую і другую схаластыкі, то першая схаластыка ў свой час з’яўлялася адзіным тыпам філасофскага пазнання, а другая схаластыка стала адказам на гуманістычна-рэфармацыйнае мысленне і адпаведна вымушана была ўлічваць шматлікія «новыя» веды, палемізаваць з імі або нават уключаць ва ўласную сістэму. Такім чынам, другая схаластыка як сістэма ўсё больш станавілася толькі фармальнай матрыцай, структурай, гатовай да абнаўлення ўласнага зместу.

У Беларусі і Літве другая схаластыка з’яўляецца ў другой палове XVI ст. у межах езуіцкай сістэмы адукацыі (калегіумы, Віленская Езуіцкая Акадэмія) і выступае як гістарычна першы тып прафесійнай філасофскай культуры.

Фізіякратызм. Як пэўная эканамічная дактрына і адначасова кірунак асветніцкага мыслення фізіякратызм узнік у Францыі ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Яго заснавальнікам быў Франсуа Кенэ (Quesnay), а найбольш вядомым прыхільнікам — маркіз дэ Мірабо. Фізіякратызм як эканамічная дактрына займаўся аналізам гаспадарчага развіцця краін і ў якасці галоўнай падставы гэтага развіцця вылучаў капіталізаваную сельскую гаспадарку, якая адзіная ў стане даваць чалавеку станоўчую даданую вартасць, альбо дадатковы натуральны прадукт. Эканамічная тэорыя фізіякратаў знайшла сваё сістэмнае адлюстраванне ў «Эканамічнай табліцы», Кенэ, якая змяшчала матэматычныя схемы цыркуляцыі і рэпрадукцыі гаспадаркі ў цэлым.

Самі фізіякраты лічылі сябе адкрывальнікамі новай сапраўднай навукі, якая ў стане закласці трывалы фундамент чалавечага прагрэсу. Тэрмін «фізіякратызм» (ужыты ўпершыню французкім абатом Бадо ў 1767 г.) азначаў «натуральны ды сацыяльны парадак, заснаваны на прыроднай неабходнасці і неаспрэчнай сіле відавочнага». Паводле меркаванняў прыхільнікаў фізіякратызму, гісторыя, палітыка, маральнасць, натуральныя навукі ды правазнаўства ўпершыню маюць шанс стаць дакладнымі навукамі.

У выніку адукацыйных рэформ, праведзеных Камісіяй Нацыянальнай Адукацыі, фізіякратызм стаў адзінай філасофскай школай (у сваіх неэканамічных версіях). Ён выцесніў не толькі традыцыйныя схаластычныя курсы і філасофію новых, але і спрычыніўся да адмены філасофіі самой па сабе, якая разглядалася як састарэлая форма ведаў, пераадоленая ў межах новага аптымістычнага светаўспрымання, якое імкнулася прымірыць паміж сабой фізічны (натуральны) і маральны ўклад рэчаў.

Фізіякратызм дамінуе ў Вільні ў канцы XVIII стагоддзя, замяняючы сістэматычныя філасофскія курсы, служыць адмысловай ідэалогіяй і філасофіяй Асветніцтва.

Філасофія новых (philosophia resentiorum). Сам тэрмін philosophia resentiorum першапачаткова ўзнік у межах схаластычнай філасофіі для абазначэння новаеўрапейскага рацыяналізму XVII стагоддзя, які нараджаўся і функцыяніраваў па-за школьнай філасофіяй і толькі паступова, на працягу XVIII стагоддзя быў уключаны ў яе сістэму.

У далейшым гэты тэрмін стаў выкарыстоўвацца для абазначэння вынікаў гэтай інкарпарацыі, як азначэнне філасофскай фармацыі, якая спрабавала сістэматызаваць набыткі новай філасофіі, адаптаваць іх для мэт навучання, а ў самых радыкальных сваіх праявах – рэфармаваць школьную філасофію, прывёўшы яе ў адпаведнасць з корпусам новых ведаў, які ўзнік у выніку развіцця эксперыментальнага прыродазнаўства.

Гэтая інкарпарацыя мела агульнаеўрапейскі характар. Знакавай постаццю для гэтага працэсу выступае постаць Хрысціана Вольфа, які ў сваёй «Логіцы, альбо разумных думках пра моц чалавечай развагі» (1712) ды іншых творах спрабаваў сінтэзаваць погляды Дэкарта, Спінозы, Лока і Лейбніца, адаптаваць іх да мэт інстытуцыйнага выкладання філасофіі. Характэрна, што сістэма Вольфа, будучы кампрамісам між схаластычнай формай і новаеўрапейскім зместам, панавала ва універсітэтах Германіі (і не толькі) практычна да Канта, але пры гэтым не пакінула істотнага следу ў новаеўрапейскім філасофскім каноне.

У Кароне першым асяродкам прыхільнікаў філасофіі новых стала кола Варшаўскіх піяраў на чале з А. Вісьнеўскім, які праз стварэнне новай праграмы навучання філасофіі ў духу resentiorum сцвердзіў гэтую філасофію як новую нарматыўнасць эпохі. Праца А. Вісьнеўскага Propositiones philosophica ex physica resentiorum (1746), а таксама серыя публічных дэманстрацый фізічных эксперыментаў выклікалі шырокую палеміку і спрыялі яе далейшаму пышырэнню.

У Кракаўскім універсітэце прыхільнікамі гэтага кірунку былі Л. Залускі і А. Путановіч. Апошні стаў першым прафесарам утворанай у 1765 г. кафедры philosophiae resentiorum.