Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Тэорыя .doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.01.2024
Размер:
843.26 Кб
Скачать

Формы беларускай нацыянальнай мовы

Нацыянальная мова – гэта сродак пісьмовых і вусных зносін нацыі, яе генетычная памяць, духоўная скарбонка. Яна кансалідуе народ у нацыю. Асноўнымі формамі (разнавіднасцямі) існавання беларускай нацыянальнай мовы (таксама як і іншых нацыянальных моў) з’яўляюцца дыялектная і літаратурная мова. Дыялектная мова – гэта тэрытарыяльна неаднастайная мова народа, якая мае абмежаванае пашырэнне і вусную форму бытавання. Дыялектная мова існуе ў выглядзе мясцовых гаворак. Гаворка – гэта мова аднаго або некалькіх населеных пунктаў. Беларускія дыялекты аб’яднаны ў два тэрытарыяльныя дыялекты (паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні). У апошні час сфера ўжывання народных гаворак звузілася, зменшылася колькасць іх носьбітаў. Аднак гаворкі застаюцца крыніцай узбагачэння літаратурнай мовы.

Літаратурная мова – апрацаваная, упарадкаваная і нармалізаваная форма нацыянальнай мовы, якая прызначана абслугоўваць разнастайныя сферы грамадскай дзейнасці чалавека. Для яе характэрна адзінства, устойлівасць, стабільнасць. Стабільнасць літаратурнай мовы забяспечваюць моўныя нормы – замацаваныя ў маўленчай практыцы правілы вымаўлення, словаўжывання, пабудовы сказаў і тэкстаў.

Раздзел 2 функцыянаванне беларускай мовы ва ўмовах білінгвізму Паняцце білігвізму

Значная частка насельніцтва Беларусі валодае дзвюма мовамі – беларускай і рускай. Паводле статыстычных даных, у нашай краіне 83,7% складаюць беларусы (перапіс 2009 г.), з іх 53,22% назвалі беларускую мову сваёй роднай, акрамя таго, яшчэ 13,49% этнічных беларусаў вызначылі беларускую мову ў якасці другой мовы, якой свабодна валодаюць. Аднак функцыі рускай мовы ў нашай краіне шырэйшыя за функцыі беларускай: руская мова пераважае ў такіх сферах, як дзяржаўнае кіраванне, навука, адукацыя, справаводства, тэхнічная дакументацыя і інш.

Білінгвізм, або двухмоўе, – гэта папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. Калі ва ўжытку знаходзяцца некалькі моў, гавораць пра шматмоўе, або полілінгвізм.

Вылучаюцца наступныя разнавіднасці двухмоўя:

  • індывідуальнае – дзвюма мовамі карыстаюцца асобныя члены калектыву;

  • групавое – двухмоўнымі з’яўляюцца сацыяльныя групы;

  • поўнае – двухмоўе ўласцівае розным групам народа.

Ва ўмовах білінгвізму часта ўзнікае такая з’ява, як інтэрферэнцыя.

Інтэрферэнцыя (ад лац. inter – паміж, узаемна і ferens, ferentis – які нясе, пераносіць) – памылковае зблытванне розных элементаў моў, якія кантактуюць. Беларуска-руская і руска-беларуская інтэрферэнцыя можа адбывацца на ўсіх моўных узроўнях (фанетычным, акцэнталагічным, словаўтваральным, лексічным, марфалагічным, сінтаксічным).

Пранікненне спецыфічных фанетычных рысаў з адной мовы ў другую вядзе да фанетычнай інтэрферэнцыі (напрыклад, у рускім маўленні білінгва сустракаюцца такія беларускамоўныя фанетычныя рысы, як цвёрдае р, ч на месцы рускіх мягкіх р’ і ч’, фрыкатыўнае γ на месцы выбухнога г, мяккія дз’ і ц’ на месцы д’ і т’, афрыката дж, пераход зычных в, л у ў, прыстаўныя зычныя в, г, прыстаўныя галосныя а, і, ярка выражанае аканне і г.д.). Гэтыя асаблівасці вельмі ўстойлівыя і могуць заставацца ў беларуска-рускага білінгва на ўсё жыццё.

Акцэнталагічная інтэрферэнцыя звязана з разыходжаннямі ў націску ў рускіх і беларускіх лексемах: рус. вести́ – бел. ве́сці, рус. оди́ннадцать – бел. адзіна́ццаць, рус. посла́нец – бел. паслане́ц.

Прычынай існавання словаўтваральнай інтэрферэнцыі з'яўляецца несупадзенне словаўтваральных фармантаў аднакаранёвых беларускіх і рускіх слоў: рус. читательница – бел. чытачка, рус. детский – бел. дзіцячы, рус. шептаться – бел. шаптацца, рус. беспринципный – бел. беспрынцыповы, рус. вблизи – бел. паблізу.

Лексічная інтэрферэнцыя выклікана наяўнасцю разыходжанняў або частковага падабенства ва ўласналексемным і семантычным аспектах беларускай і рускай моў. Напрыклад, ужыванне білінгвам у беларускай мове выразу гуляць ролю замест адыгрываць ролю абумоўлена неаднолькавым аб’ёмам значэнняў і асаблівасцямі ўжывання ў рускай і беларускай мовах слоў іграць (играть) і гуляць (гулять). Лексічная інтэрферэнцыя падзяляецца на ўласна-лексічную (калі ў рускім маўленні выкарыстоўваюцца беларускія словы і наадварот): Леший его ведает, отчего так часто его бьёт (И.Мележ); лексіка-семантычную (калі ў маўленні выкарыстоўваюцца словы ў значэннях, якія характэрны для іншай мовы): Урал богатырём приветливым ручник дороги разостлал (Р.Бородулин); лексіка-стылістычную (рускія і беларускія словы маюць аднолькавае значэнне, але належаць да розных стыляў маўлення): рус. хвороба (дыялектн.) – бел. хвароба (літаратурн.), руск. смак (разм.) – бел. смак (літаратурн.). Лексічная інтэрферэнцыя праяўляецца, у прыватнасці, і ў міжмоўнай аманіміі (словы з розных моў поўнасцю або часткова супадаюць у гучанні або напісанні, але маюць рознае значэнне): рус. качка «укачванне» – бел. качка «вадаплаўная птушка»; рус. сварка «злучэнне металічных частак шляхам сплаўлівання» – бел. сварка «спрэчка».

Марфалагічная інтэрферэнцыя звязана з разыходжаннямі ў граматычным афармленні рускіх і беларускіх лексем, асабліва тых, якія маюць агульныя карані. Гэта разыходжанні ў родзе, ліку, склоне назоўнікаў, ва ўтварэнні сінтэтычных формаў вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў, у склонавых формах лічэбнікаў, ужыванні дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў і г.д. Напрыклад, рус. золотая медаль, широкая дверь – бел. залаты медаль, шырокія дзверы; рус. писать чернилами – бел. пісаць чарнілам; рус. чистый – чище, бел. чысты – чысцейшы.

Сінтаксічная інтэрферэнцыя выклікаецца адрозненнямі ў будове словазлучэнняў, простых і складаных сказаў. У словазлучэннях выразна праяўляецца нацыянальная спецыфіка мовы. Таму механічнае перанясенне ма-дэляў пабудовы словазлучэнняў з адной мовы ў другую вядзе да парушэння нормаў (параўн. бел. паслаць па інжынера, два разы на тыдзень, створаны на ўзор, з прычыны занятасці, спазніцца праз дождж і інш. руск. послать за инженером, два раза в неделю, создан по образцу, по причине занятости, опоздать из-за дождя и др.).

Узровень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені авалодання другой мовай, ад здольнасці свядомага адрознення фактаў розных моў, а таксама ад ступені роднаснасці моў, якія знаходзяцца ў кантакце. Праблема інтэрферэнцыі ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму надзвычай актуальная. Ад яе канструктыўнага вырашэння залежыць не толькі правільнасць і чысціня вуснага і пісьмовага маўлення, але і сам факт захавання і існавання беларускай мовы, а ў выніку – і беларусаў як этнічнай адзінкі.

Соседние файлы в предмете Белорусский язык