Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Тэорыя .doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.01.2024
Размер:
843.26 Кб
Скачать

Раздзел 1 мова ў грамадстве Мова і соцыум

Мова – адметная форма культуры народа, у ёй найперш выяўляецца духоўная самабытнасць пэўнай грамадскай супольнасці людзей. Як катэгорыя сацыяльная, яна з’яўляецца неабходнай умовай існавання грамадства, тым падмуркам, на якім яно трымаецца. Разам з тым без супольнасці людзей сама мова існаваць не можа. Яна з’яўляецца галоўным сродкам зносін людзей, ёй ахоплены ўсе сферы духоўнага і матэрыяльнага жыцця грамадства. Пры гэтым мова – важны элемент аб’яднання любога грамадства. Са знікненнем мовы адбываецца працэс яго разбурэння і ўрэшце яно перастае існаваць. І такіх прыкладаў у гісторыі шмат.

Карыстанне мовай – маўленчая дзейнасць – з’ява індывідуальная, бо ўласцівая пэўнаму чалавеку. Яна дапамагае кожнаму заявіць аб сабе як пра арыгінальную асобу са сваім духоўным светам, інтэлектуальным патэнцыялам. Мова канкрэтнага чалавека – гэта не толькі яго сацыяльная прыналежнасць, узровень культуры, але нават спецыяльнасць і род заняткаў.

Мова – складаная знакавая сістэма. І тое, што мы ведаем, як жылі нашы продкі тысячы гадоў таму, пра што яны марылі, аб чым рупіліся, і тое, што мы можам выказваць свае думкі, перадаваць пачуцці, – гэта ўсё дзякуючы яе ўніверсальнаму характару і поліфункцыянальнасці.

Функцыі мовы ў грамадстве

Прызначэнне мовы вельмі шырокае. Яна абслугоўвае непасрэдна або апасродкавана ўсе сферы чалавечага жыцця. Універсальны характар мовы вызначае разнастайнасць яе функцый.

Функцыі мовы:

  • камунікатыўная – мова служыць сродкам зносін, сродкам людскіх дачыненняў;

  • намінатыўная (назыўная) – мова называе прадметы і з'явы рэчаіснасці, дзякуючы гэтаму яны ўсведамляюцца намі як дыферэнцыраваная рэальнасць;

  • пазнавальная (кагнітыўная) – мова дае нам магчымасць далучыцца да набыткаў сусветнай культуры і адначасова з’яўляецца інструментам пазнання;

  • экспрэсіўная – мова з’яўляецца адным з галоўных спосабаў выражэння думак і пачуццяў чалавека, перадае не толькі інфармацыю, але і настрой, светапогляд, стаўленне да прадмета гутаркі і суразмоўцы;

  • мастацкая (эстэтычная) – найбольш поўна ўвасабляецца мова ў мастацкай літаратуры (прозе, паэзіі), сцэнічным маўленні;

  • акумулятыўная – дапамагае захаваць і перадаць у спадчыну наступным пакаленням багатыя культурныя традыцыі;

  • этнічная – мова забяспечвае ўсведамленне свайго этнічнага «я» ў сусветнай супольнасці людзей.

Мова і маўленне

Спосабам існавання і праяўлення мовы з’яўляецца маўленне. Сам тэрмін «маўленне» абазначае вуснае і пісьмовае валоданне моваю, моўную дзейнасць. Мова і маўленне – паняцці блізкія, узаемазвязаныя, але розныя. Маўленне ў параўнанні з моваю вызначаецца большай рухомасцю, большай свабодай у выбары і канкрэтным выкарыстанні моўных сродкаў. Мова – сістэма сродкаў зносін, а маўленне – рэалізацыя гэтай сістэмы. Формы праяўлення мовы – вуснае і пісьмовае маўленне.

Вуснае маўленне адбываецца ва ўмовах непасрэднага кантакту суразмоўнікаў. Значнае месца адводзіцца мелодыцы (тэмп, тон, тэмбр голасу і інш.). Адыгрываюць пэўную ролю нямоўныя сродкі: жэсты, міміка, пэўныя рухі.

Для пісьмовага маўлення характэрна:

  • адсутнасць агульных для ўдзельнікаў зносін жыццёвых абставін і агульнага жыццёвага вопыту;

  • адсутнасць жэстаў, мімікі, інтанацыі;

  • максімальна ўзбагачаны слоўнік;

  • максімальна ўскладнены сінтаксіс.

Маўленне носіць індывідуальны характар. Маўленне – гэта двухбаковая з’ява: працэс (маўленчая дзейнасць) і вынік гэтага працэсу, рэалізацыя (тэкст).

Адрозніваюць унутранае і знешняе маўленне. Калі афармленне думкі адбываецца без выказвання – гэта ўнутранае маўленне, а з выказваннем (пісьмовым ці вусным) – знешняе маўленне. Знешняе маўленне рэалізуецца ў маналагічнай або дыялагічнай форме.

Вынікам маўленчай дзейнасці чалавека з’яўляецца тэкст.

Соседние файлы в предмете Белорусский язык