Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

бел яз

.pdf
Скачиваний:
42
Добавлен:
18.02.2016
Размер:
1.94 Mб
Скачать

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

УСТАНОВА АДУКАЦЫІ «ГРОДЗЕНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

ІМЯ ЯНКІ КУПАЛЫ»

А.М. АСІПЧУК, В.В. МАРШЭЎСКАЯ, А.С. САДОЎСКАЯ

БЕЛАРУСКАЯ МОВА. ПРАФЕСІЙНАЯ ЛЕКСІКА

Дапаможнік па курсе «Сучасная беларуская мова»

для студэнтаў нефілалагічных спецыяльнасцяў

Гродна ГрГУ імя Я.Купалы

2008

УДК 811.162.3 (076)

ББК 81.411.3

А90

Рэцэнзенты:

Грабеншчыкова Н.С., кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рускай мовы ГрДУ імя Я. Купалы;

Сіплівеня Ж.С., кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства ГрДУ імя Я. Купалы.

Рэкамендавана Саветам філалагічнага факультэта ГрДУ імя Я.Купалы.

Асіпчук, А.М.

Беларуская мова. Прафесійная лексіка : дапам. / А.М. Асіпчук, А90 В.В. Маршэўская, А.С. Садоўская. – Гродна : ГрДУ, 2009. – 271 с.

ISBN 978-985-515-119-8

У дапаможніку змяшчаюцца звесткі пра суадносіны мовы і соцыуму, аб гісторыі мовы, з’яве білінгвізму і моўнай інтэрферэнцыі, стылістычнай дыферэнцыяцыі лексікі, асаблівасцях навуковага стылю мовы, лексічным складзе навуковага стылю, структуры і моўнай арганізацыі навуковага тэксту, сістэме жанраў навуковай літаратуры, асаблівасцях афіцыйна-справавога стылю, групах афіцыйна-справавой дакументацыі, якая функцыянуе ў прафесійнай сферы, аб культуры маўлення.

Прызначаны студэнтам нефілалагічных спецыяльнасцяў.

 

УДК 811.162.3 (076)

 

ББК 81.411.3

ISBN 978-985-515-119-8

© Асіпчук А.М., Маршэўская В.В.,

 

Садоўская А.С., 2009

 

© Установа адукацыі

 

«Гродзенскі дзяржаўны універсітэт

 

імя Янкі Купалы», 2009

ПРАДМОВА

Дапаможнік «Беларуская мова. Прафесійная лексіка» створаны на аснове тыпавой праграмы «Беларуская мова. Прафесійная лексіка. Вучэбная праграма для вышэйшых навучальных устаноў» (Мінск, 2001).

У ім змяшчаюцца звесткі пра асаблівасці навуковага і афіцый- на-справавога стыляў мовы, аб культуры маўлення.

Практычныя заданні, якія прыводзяцца ў дапаможніку, рознага тыпу: адны з іх дазваляюць разабрацца ў канцэпцыях паходжання і гістарычных каранях беларускай мовы, іншыя разлічаны на паглыбленнетэарэтычныхведаўпралексічныя, фанетычныя, арфаэпічныя, словаўтваральныя і граматычныя нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы; заданні закранаюць таксама праблемы бе- ларуска-рускай, у прыватнасці, марфалагічнай і сінтаксічнай, моўнай інтэрферэнцыі.

Заданні, прысвечаныя навучальна-прафесійнай сферы, даюць студэнтам звесткі пра тэрміналогію і прадмет яе вывучэння; спецыфіку семантычных працэсаў, якія ў ёй адбываюцца; замацоўваюць асаблівасці словаўтварэння і перакладу тэрмінаў з рускай мовы на беларускую.

Пры складанні рэфератаў і анатацый студэнты вучацца шукаць і вылучаць асноўную і дадатковую інфармацыю, авалодваць прынцыпамі разгортвання і кампрэсіі інфармацыі ў навуковым тэксце, правільна афармляць даведачна-бібліяграфічны апарат навуковай літаратуры.

Аўтары лекцый: А.М. Асіпчук – «Гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы»; «Лексікалогія і лексікаграфія» (таксама пытанне «Групы афіцыйна-справавой дакументацыі» ў лекцыі «Афіцыйна-справавы стыль»); а таксама практычных заданняў для студэнтаў факультэта фізічнай культуры (пазначаныя сімвалам ), В.В. Маршэўская – «Асаблівасці словаўтварэння беларускай навуковай тэрміналогіі»; «Сістэма стыляў беларускай мовы. Асаблівасці навуковага стылю мовы»; «Жанры навуковага маўлення» (таксама пытанне «Асаблівасці лексіка-се- мантычных працэсаў у тэрміналогіі» ў лекцыі «Лексікалогія і лексікаграфія»); а таксама практычных заданняў для студэнтаў юрыдычнага факультэта (пазначаныя сімвалам ); А.С. Садоўская – «Мова і соцыум»; «Білінгвізм і моўная інтэрферэнцыя», «Афіцый- на-справавы стыль»; «Культура маўлення»; а таксама практычных заданняў для студэнтаў факультэта эканомікі і кіравання (пазначаныя сімвалам ). Заданні, пазначаныя сімвалам *, рэкамендуюцца для выканання студэнтамі ўсіх названых факультэтаў.

3

ЛЕКЦЫЙНАЯ ЧАСТКА

Лекцыя 1. МОВА І СОЦЫУМ

Мэта лекцыі – раскрыць асаблівасці функцыянавання мовы ў грамадстве, сфарміраваць уяўленне аб агульных звестках пра мову, яе паходжанне, функцыі, узаемасувязь з культурай.

Задачы:

выявіць і адзначыць погляды на прыроду і сутнасць мовы;

ахарактарызаваць існуючыя ў літаратуры гіпотэзы паходжання мовы;

вызначыць сутнасць функцый, якія выконвае мова ў грамадстве;

прааналізаваць адметныя асаблівасці нацыянальнай мовы.

Пытанні

1. Сутнасць і прырода мовы.

2.Гіпотэзы паходжання мовы.

3.Функцыі мовы ў грамадстве.

4.Нацыянальная мова і духоўная культура народа.

Праблемныя пытанні

1. Хто і як стварыў мову?

2. Якая функцыя для беларускай мовы з’яўляецца асноўнай?

Рэкамендаваная літаратура

1. Азарка, В.У. Беларуская мова: спецыяльная лексіка / В.У. Азарка [і інш.] – Мінск, 2005.

2.Гіруцкая, Л.А. Беларуская мова (прафесійная лексіка) / Л.А. Гіруцкая. – Мінск, 2005.

3.Каўрус, А.А. Слова наша роднае / А.А. Каўрус. – Мінск, 1986.

4.Лыч, Л.М. Беларуская нацыя і мова / Л.М. Лыч. – Мінск, 1994.

5.Мікуліч, Т.М. Мова і этнічная самасвядомасць / Т.М. Мікуліч. – Мінск, 1996.

6.Падлужны, А.І. Моваіграмадства/ А.І. Падлужны. – Мінск, 1997.

7.Сямешка, Л.І. Беларуская мова / Л.І. Сямешка. – Мінск, 1999.

1. Сутнасць і прырода мовы

Уявіць сённяшняе жыццё без мовы немагчыма. Усе тыя сувязі, якія існуюць паміж людзьмі, цалкам грунтуюцца на мове. Дзякуючы мове мы можам карыстацца ўсімі назапашанымі чалавецтвам ве-

4

дамі, разам з тым яна з’яўляецца галоўным сродкам зносін людзей, моваю ахоплены ўсе сферы духоўнага і матэрыяльнага жыцця грамадства. Як жа вызначаецца навукай сутнасць, існасць мовы?

Адказы на гэтае пытанне існавалі розныя. «Адны вучоныя разглядалі мову як з'яву біялагічную, такую, як здольнасць есці, піць, хадзіць. Лічылася, што мова закладзена ў самой біялагічнай сутнасці чалавека і перадаецца ў спадчыну. Другія даследчыкі лічылі мову з'явай псіхічнай, адносілі яе да сферы падсвядомай псіхафізіялагічнай дзейнасці. Падобныя сцвярджэнні маюць аднабаковы характар. На самай справе, мова – з'ява біялагічная і псіхічная, але ў тым сэнсе, што ў чалавеку генетычна закладзена здольнасць авалодаць мовай, г.зн. ён валодае псіхафізіялагічным механізмам, які забяспечвае магчымасць маўлення. Але рэалізаваць гэтую здольнасць чалавек можа толькі ў стасунках з іншымі людзьмі – носьбітамі пэўнай мовы (вы ведаеце выпадкі, калі маленькія дзеці, пазбаўленыя чалавечых кантактаў, раслі ў іншым асяроддзі і набывалі звычкі гэтага асяроддзя). Мова не перадаецца, як іншыя біялагічныя прыкметы, у спадчыну кожнаму канкрэтнаму чалавеку. Чалавек вучыцца мове ад іншых людзей, сама па сабе яна не сфарміруецца нават у генія. Дзіця, незалежна ад нацыянальнасці і генаў бацькоў, пачне размаўляць на той мове, якую чуе з першых дзён жыцця» [7].

«Кожны чалавек валодае не мовай увогуле, а канкрэтнай мовай (ці мовамі), што належыць пэўнаму народу. У гэтым праяўляецца дваісты характар мовы: з аднаго боку, яна з'ява індывідуальная, бо ўласціва чалавеку. Яна дапамагае кожнаму індывідууму заявіць аб сабе як пра арыгінальную асобу, са сваім духоўным светам, інтэлектуальным патэнцыялам. З другога боку, з'ява грамадская (ці сацыяльная), бо належыць канкрэтнай грамадскай супольнасці. Сацыяльная прырода мовы заключаецца найперш у тым, што яна аснова і форма грамадскай свядомасці і разам з тым унікальны і універсальны сродак зносін людзей, феномен духоўнай культуры чалавецтва» [7].

Такім чынам, мова – з’ява грамадская, якая ўзнікла на пэўным этапе развіцця чалавецтва і з’яўляецца вынікам прынцыпова новага якаснага ўзроўню развіцця чалавека і сацыяльнай арганізацыі грамадства.

Мова забяспечвае бесперапыннасць этнічнага і культурнага развіцця любой грамадскай супольнасці на працягу яе гісторыі, з'яўляецца спосабам захавання адзінства народа ў прасторы і часе, формай трансляцыі ад пакалення да пакалення сацыяльнага вопыту і духоўнай культуры народа.

5

2. Гіпотэзы паходжання мовы

Дзе і як узнікла мова? Калі гэта адбылося?

На зямным шары налічваецца вялікая колькасць жывых істот, але сярод іх толькі чалавек валодае членападзельнай мовай, якая з’яўляецца яго галоўнай прыкметай і вылучае з астатняга біялагічнага свету. Гэты факт дае падставу меркаваць, што само паходжанне і станаўленне чалавека адбылося дзякуючы мове. Паколькі пераважную большасць часу існавання чалавека мова ўжывалася толькі ў вуснай форме, а пісьменства, якое фіксуе і захоўвае вынікі моўнай дзейнасці чалавека, існуе ўсяго каля 5000 гадоў, дакладных і строга аргументаваных звестак пра тое, калі і як узнікла мова, якія этапы развіцця прайшла, у вучоных няма. Таму праблема паходжання мовы з’яўляецца цалкам гіпатэтычнай. Аналізуючы розныя падыходы ў вырашэнні гэтай праблемы, можна выдзеліць два асноўныя накірункі: а) мова створана чалавекам у працэсе яго эвалюцыйнага развіцця; б) мова створана звышнатуральнай сілай. Існуе некалькі гіпотэз паходжання мовы, найбольш пашыраныя з іх наступныя.

Самая старажытная філасофская канцэпцыя мовы – лагасічная (логасная). Яна пабудавана на міфолага-рэлігійных уяўленнях пра мову як дар Бога і існуе ў некалькіх разнавіднасцях: ведычнай, канфуцыянскай, біблейскай.

Паводле міфолага-рэлігійнай тэорыі, у аснове свету ляжыць духоўны пачатак. Дух уздзейнічае на матэрыю, якая знаходзіцца ў хаатычным стане, уладкоўвае яе формы. Вянец тварэння духу – чалавек. Для абазначэння духоўнага пачатку ўжываліся тэрміны «Бог», «Дао», «Логас». Так, згодна з хрысціянскай філасофіяй, «Слова» існавала да з'яўлення чалавека і непасрэдна кіравала інертнай матэрыяй. Яно стварыла свет з першаснага хаосу. Вось як гаворыць пра гэта ў Бібліі евангеліст Іаан: «У пачатку было слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог. Яно было спачатку ў Бога. Усё праз яго пачало быць, і без Яго нічога не пачало быць, што пачало быць».

Падобныя тлумачэнні, толькі ў іншых тэрмінах, ляжаць у аснове індуізму і канфуцыянства. Побач з Божым паходжаннем мовы хрысціянская філасофія тлумачыць слова і як чалавечую з'яву. Бог стварае чалавека і адкрывае яму дар слова, г.зн. Божае слова, якое стварыла чалавека, становіцца потым здабыткам чалавека.

Пытанне пра паходжанне мовы разглядалася і ў антычнай філасофіі. Яшчэ ў VII–VI ст. да н.э. старажытнагрэчаскія вучоныя імкнуліся знайсці сувязь паміж словамі, «імёнамі» і высветліць, які характар паходжання мовы – прыродны ці ўмоўны. Пазней гэтыя праблемы асэнсоўваліся ў філасофіі эпохі сярэдніх вякоў і Адраджэння.

6

З XVI ст. у Еўропе пашыраецца тэорыя паходжання мовы, у аснове якой ляжыць рацыянальная філасофская канцэпцыя «грамадскай дамоўленасці». Паводле яе, грамадская дамоўленасць адрознівае чалавечае грамадства ад першабытнага статка, дзе пануюць варожасць і барацьба кожнага. Прычыны пераходу да супрацоўніцтва тлумачыліся па-рознаму: ідэалістычна – божым паходжаннем чалавека і яго маралі; матэрыялістычна – агульнасцю інтарэсаў людзей. Паводле гэтай філасофіі, не Божае «Слова-Логас», а сам чалавек-мысляр, яго розум з'яўляюцца крыніцай навуковых адкрыццяў, працы. Аднак гэта тэорыя не тлумачыла, адкуль узялася мова, як чалавек авалодаў ёю.

Пазней на аснове філасофіі грамадскай дамоўленасці былі рас-

працаваны т.зв. этымалагічныя, ці натуралістычныя, гіпотэзы паходжання мовы: гукапераймальная, выклічнікавая і інш. Так, паводле гукапераймальнай гіпотэзы, мова ўзнікла са здольнасці чалавека пераймаць гукі навакольнага свету (птушак, звяроў). Згодна з выклічнікавай тэорыяй, штуршком для ўзнікнення мовы былі натуральныя інстынктыўныя гукавыя комплексы накшталт ой-ой, ха-ха як рэакцыя на пэўныя вонкавыя раздражняльнікі.

Відавочна, гэтыя гіпотэзы не даюць адказу на пытанне, як узнікла мова.

Вялікая ўвага праблеме паходжання і развіцця мовы надавалася ў працах французскіх і нямецкіх філосафаў (Ж.Русо, І.Гердэра і інш.). Але найбольш разгорнутае асвятленне атрымала гэтая праблема на пачатку XIX ст. у даследаваннях нямецкага філосафа і лінгвіста Вільгельма фон Гумбальта. На яго думку, «узнікненне мовы абумоўлена ўнутранай праблемай чалавецтва». Мова, па Гумбальту, – гэта жывая дзейнасць чалавечага духу, адзіная энергія народа, якая ідзе з глыбінь чалавечай існасці і напаўняе ўсё яго жыццё. Мова не проста сродак зносін людзей, яна тая сіла, якая робіць чалавека чалавекам. Канцэпцыя Гумбальта апіралася на ідэю ўзаемазвязанага развіцця мовы, мыслення і «духу народа». «Мова і духоўная сіла народа развіваюцца не асобна адна ад адной і не паслядоўна адна за другой, а складаюць выключна і непадзельна адно і тое ж дзеянне інтэлектуальнай здольнасці».

У XIX ст. была распрацавана т.зв. матэрыялістычная тэо-

рыя паходжання мовы, ці «працоўная», або «сацыяльная». Па-

водле яе, мова ўзнікла як вынік сумеснай дзейнасці перашабытных людзей (неабходнасць узаемаразумення стымулявала ўзнікненне гукавых комплексаў). Першабытныя людзі як бы прымацоўвалі гукавыя комплексы да прадметаў, дзеянняў. Паступова з развіццём

7

грамадства слова ўжывалася не толькі для абазначэння канкрэтнага, але і цэлага класа прадметаў. Абстрагуючыся ад прадмета, мова ператваралася ў своеасаблівы знак. Такім чынам, вытокі мовы ўзыходзяць да пачатку сумеснай працоўнай дзейнасці і іншых грамадскіх стасункаў у працоўным калектыве [7].

Як бы ні вырашалася ў навуцы праблема паходжання мовы, відавочным для ўсіх нас з’яўляецца тое, што жыццё мовы цесна звязана з жыццём грамадства. Мова не толькі дапамагае людзям зразумець адзін аднаго, але і захаваць здабыткі чалавечай гісторыі, навукі і культуры.

3. Функцыі мовы ў грамадстве

Мова – складаная знакавая сістэма. І тое, што мы ведаем, як жылі нашы продкі тысячы гадоў назад, пра што яны марылі, аб чым рупіліся, і тое, што мы можам выказаць свае думкі, перадаваць пачуцці, – гэта ўсё дзякуючы яе універсальнаму характару і поліфункцыянальнасці. Універсальны характар мовы вызначае разнастайнасць яе функцый.

Асноўнымі сярод усіх функцый (а іх налічваецца каля 25) мовы з'яўляюцца камунікатыўная (мова – найважнейшы і унікальны сродак узаемаадносін паміж людзьмі) і пазнавальная, ці кагнітыўная (мова забяспечвае магчымасць думаць і пазнаваць свет). Пры дапамозе гэтых дзвюх функцый асоба атрымлівае інфармацыю ад іншых людзей ці грамадскія суполкі, людзі перадаюць патрэбную інфармацыю іншым асобам. Але з дапамогай мовы людзі не толькі могуць паведамляць адзін аднаму патрэбную інфармацыю, але і назапашваць веды, фіксаваць, класіфікаваць, абагульняць пэўныя інтэлектуальныя дасягненні чалавецтва.

На базе дзвюх асноўных функцый мовы развіваюцца іншыя, больш прыватныя. У складзе камунікатыўнай функцыі вылучаюцца, напрыклад, рэгулятыўная, ці фатычная, пры дапамозе якой людзі наладжваюць кантакты паміж сабой, уступаюць у дыялогі і замыкаюць іх, рэгулююць адносіны паміж сабой, і акумулятыўная – функцыя назапашвання, захавання традыцый, культуры, гісторыі, нацыянальнай самасвядомасці народа.

У складзе пазнавальнай функцыі вылучаюць намінатыўную – функцыя наймення прадметаў, з'яў рэчаіснасці і эмацыйную – функцыя выражэння эмоцый, пачуццяў, настрою.

Словы з’яўляюцца яшчэ і сродкам мастацкай творчасці. Таму з камунікатыўнай і пазнавальнай функцыямі звязана эстэтычная, ці паэтычная, сутнасць якой у здольнасці мовы ўздзейнічаць на пачуцці

8

і думкі чалавека не толькі зместам, але і самой вонкавай формай: гучаннем, адборам слоў, іх спалучэннем. Гэтая функцыя праяўляецца ў імкненні да рытмічнасці, мілагучнасці, вобразнасці маўлення.

Вельмі важнай функцыяй мовы з'яўляецца этнічная, калі мова выступае прыкметай, сімвалам нацыі, сродкам этнічнай кансалідацыі. Асабліва выразна гэтая функцыя праяўляецца ў сітуацыях, дзе існуе культурна-моўная асіміляцыя аднаго народа другім. Мова ў такім выпадку з'яўляецца фактарам еднасці этнасу. Народ імкнецца захаваць яе як сведчанне сваёй нацыянальна-гістарычнай адметнасці і культурна-духоўнай самабытнасці. Для беларускай мовы гэтая функцыя набывае асаблівае значэнне, паколькі Беларусь як самастойная дзяржава можа выйсці на міжнародны ўзровень толькі пры ўмове валодання нацыянальнымі традыцыямі, нацыянальнай спадчынай, культурай і мовай.

4. Нацыянальная мова і духоўная культура народа

Беларуская мова – мова беларускага народа, адметная форма яго духоўнай культуры. Гэта – «адзежа душы», самы дарагі яго скарб. Нацыянальная мова – матэрыялізаваная душа народа, які выпрацаваў на працягу сваёй доўгай гісторыі спецыфічныя фанетычныя, лексічныя, граматычныя адзнакі. Яе характарызуе, напрыклад, заўсёды цвёрдае вымаўленне гукаў [р], [ч] (чароўны, чабор), наяўнасць складаных гукаў [дз], [дж] (дзеці, гляджу), мілагучнае спалучэнне зычных і галосных (салодкі, ільняны), выкарыстанне сэнсава і эмацыянальна ёмістых слоў (ліпень, вясёлка), характарыстычных фра-

зеалагізмаў (гады ў рады, як на дзяды) і інш.

Беларуская мова была і застаецца на нашай зямлі роднай моваю беларусаў. Яна трымае нас разам, цэментуе беларускую нацыю. Тэрмін родная мова, выкарыстаны ў час перапісу насельніцтва Беларусі 1999 года, паказаў наступнае: 81,2 % прызналі сябе беларусамі; 85,6 % з гэтай колькасці прызналі беларускую мову роднаю; болей за 40 % ад гэтай колькасці сцвердзілі, што карыстаюцца беларускаю моваю як формаю зносін паўсядзённа. Родная мова – гэта сістэма, якую пэўны народ самаідэнтыфікуе як сваю ўласную, надзвычай дарагую і каштоўную самому сабе, неад’емную ад гісторыі краю, адметную ад суседніх ці іншых моў.

Беларускаю моваю карыстаюцца штодзень у бытавых зносінах у вёсцы і горадзе. Беларускія словы, песні гучаць на вяселлях і радзінах, народных святкаваннях і проста за бяседным сталом. Іх можна пачуць па радыё і тэлебачанні, са сцэны тэатра і эстрады. На беларускай мове выходзяць газеты і часопісы, друкуюцца наву-

9

ковыя працы, падручнікі і дапаможнікі для школ і вышэйшых навучальных устаноў. Творы майстроў беларускай літаратуры заслужылі прызнанне ў нашай краіне і за яе межамі.

Мова – не толькі сродак, з дапамогай якога людзі абменьваюцца інфармацыяй. Гэта люстэрка жыцця народа, яго грамадскага і культурнага развіцця. Мова адлюстроўвае жыццёвы вопыт народа, асаблівасці яго мыслення і псіхікі, маральна-этычныя і эстэтычныя нормы. Інакш кажучы, мова замацоўвае ўсё тое, што прынята называць культурай. Яна з'яўляецца спецыфічным спосабам існавання і захавання культуры. Разам з тым мова – прадукт чалавечай культуры і яе важная частка, якую мы атрымліваем ад прадзедаў.

Любая культура з'яўляецца працэсам і вынікам асваення чалавекам рэчаіснасці. У розных народаў спосабы і вынікі гэтага асваення маюць агульнае і адметнае, спецыфічна-нацыянальнае. Усё гэта найперш адлюстроўваецца ў мове: у адметнасці слоўніка, у будове слоў, сказаў. Мова – гэта не толькі сувязь паміж людзьмі, але і людзей з прыродаю як важным складальнікам культуры. Гумбальт сцвярджаў: «У кожнай мове закладзена самабытнае светаўспрыманне. Як асобны гук стаіць паміж прадметам і чалавекам, так і ўся мова ў цэлым выступае паміж чалавекам і прыродай».

У кожнай мове ёсць назвы прадметаў, паняццяў, якія значаць больш, чым яны абазначалі спачатку. На працягу гісторыі развіцця многія словы акумулююць інфармацыю, звязаную з бытам, звычаем, культурай народа, абрастаюць разнастайнымі асацыяцыямі. Гэтая дадатковая, нацыянальна абумоўленая інфармацыя існуе ў свядомасці носьбітаў мовы і складае так званы нацыянальна-куль- турны кампанент значэння моўных адзінак. Прадметы і з’явы, якія адыгрываюць важную ролю ў жыцці пэўнага народа, маюць больш разнастайных назваў, чым аб’екты, якія не сустракаюцца або рэдка сустракаюцца ў жыцці. Так, прыкметнай адзнакай ландшафту Беларусі з’яўляецца балота, і беларуская мова мае больш за 20 яго назваў: дрыгва, дрыгвянік, багна, багнішча, твань, тхлань,

імшара і інш. Затое ў нашай мове зафіксавана толькі адна назва такой жывёліны, як вярблюд, у той час як у арабскай мове даследчыкамі адзначаецца каля 5000 розных яго назваў [7].

Мова – не толькі спосаб захавання духоўнасці і культуры, але і ў пэўнай ступені сродак іх фарміравання. Многія вучоныя схільны лічыць, што кожны народ бачыць свет праз прызму сваёй роднай мовы. Гэта значыць, што сама мова як своеасаблівы код культуры ў пэўнай ступені вызначае светапогляд і менталітэт народа, яго псіхічную і нацыянальна-культурную свядомасць.

10

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]