Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

бел яз

.pdf
Скачиваний:
42
Добавлен:
18.02.2016
Размер:
1.94 Mб
Скачать

з іх характэрны для дакладных навук (фізіка, матэматыка, хімія) (ды-

стыляцыя – перагонка, квазізоркі – квазары, счапленне – кагезія, сублімацыя – узгонка і інш.), юрыспрудэнцыі (фальсіфікацыя – падлог, выпадак – казус, стандарт – норма, вымаганне – рэкет, рэкламацыя – прэтэнзія і інш.), спорту (перашкода – бар’ер, арбітр – суддзя, сэт – партыя, бой – паядынак, нападаючы (нападнік) – бамбардзір, вароты – брамка, гнуткасць – гібкасць, жгут – скрутак, закалка – гарт і інш.), эканомікі (андэррайтэр – гарант, ануітэт – рэнта, залог – заклад, ін’екцыя – упрыскван-

не, улік – справаздачнасць і г.д.). У сінанімічныя адносіны ўступаюць найменні славянскага паходжання, найменне славянскае і запазычаны тэрмін, два або больш запазычаныя тэрміны і інш.

У тэрмінасістэме батанікі сустракаюцца стылістычныя сінонімы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Напрыклад: лотаць

лопух, нюнькі, бабоўнік, жаўтушнік, мядзведжая лапка; купальнік – буквіца, гарнік, касцян, пералёт; гарлачык – лілея, калітка, булдаўка, вадзяніца, макаўка, гладышыкі, бубэнчыкі, куўшынкі; трыпутнік – прыдарожнік, бабка, серпарэзнік, міжперсніца; лопух – лапушнік, дзядоўнік, рапей, брылі, калюгі, ранік і інш.

Лінгвістамі неаднаразова падкрэслівалася, што ў рэальнай тэрміналогіі значнае месца займаюць шматкампанентныя тэрміны тыпу

імпульс – колькасць руху, браканьерства – незаконнае паляванне і рыбны промысел, бліцтурнір – маланкавы турнір і пад. Куды іх адносіць – да сінтаксічных сінонімаў-дублетаў ці да сінтаксічных варыянтаў (Я.М. Сцепановіч лічыць іх дэфініцыйнымі сінонімамі) – застаецца адкрытым пытаннем.

На нашу думку, пары найменняў тыпу «слова – словазлучэнне» або «словазлучэнне – словазлучэнне», якія маюць тоеснае зна-

чэнне, варта лічыць сінтаксічнымі сінонімамі-дублетамі. На-

прыклад, дэзерцірства – ухіленне ад вайсковай службы, экспарт – знешні гандаль, бікамералізм – двухпалатная сістэма, халатнасць – нядбайнасць злачынная, бюлетэнь – лісток непрацаздольнасці, біпатрыды – двайное грамадзянства (юрыд.), гандбол – ручны мяч, звеславаць – пачаць веславаць, ватэрпола – воднае пола (спорт), арбітр – трацейскі суддзя, банкнота – банкаўскі білет, трата – пераводны вэксаль, распіска – пацвярджэнне атрымання (эканом.) і інш.

Шматкампанентныя пары сінонімаў-дублетаў розняцца галоў-

нымі кампанентамі (адміністрацыйнае правапарушэнне – адмі-

51

ністрацыйная правіннасць) або залежнымі кампанентамі (завочнае навучанне – навучанне без адрыву ад вытворчасці, фіктыўны шлюб – несапраўдны шлюб, Сусветны банк – Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, выгады пераліву – пабочныя выгады, выдаткі накладныя – выдаткі агульныя) і інш.

Варыянтамі з’яўляюцца тэрміны, якія адрозніваюцца паміж сабой фанетычнымі або словаўтваральнымі элементамі і поўнасцю супадаюць сваім значэннем (адыманне – адніманне, арбіт-

ражор – арбітражыст, аўкцыянер – аўкцыяніст), а таксама кароткія варыянты поўнага тэрміна. Скарачэнне здзяйсняецца пропускам аднаго з кампанентаў тэрміналагічнага словазлучэння (дыс-

персія хуткасці гуку – дысперсія гуку), заменай словазлучэння тэрмінам, утвораным шляхам усячэння (імпульсны сігнал – імпульс, іскравы разрад – іскра, намінальная вартасць – на-

мінал). Важным сродкам у дасягненні кароткасці тэрміна лічыцца абрэвіяцыя (біялагічны эквівалент рэнтгена – бэр, ЦПК – Цывільны працэсуальны кодэкс, МВФ – Міжнародны валютны фонд, ЕВФП – Еўрапейскае валютна-фінансавае пагадненне, ФІФА – Міжнародная федэрацыя футбольных асацыяцый). Ска-

рачэнне можа дасягацца таксама сродкамі сімволікі (г-прамяні – электрамагнітнае выпрамяненне з вельмі кароткай даўжынёй хвалі (менш 0,1 нм) і інш.).

З’ява антаніміі ў айчынным мовазнаўстве пачала разглядацца ў 50-я гг. XX ст. Антонімы разглядаліся вучонымі як суадносныя, карэлятыўныя паняцці, якія не могуць існаваць адзін без другога. На суадноснасць семантыкі антонімаў звярталі ўвагу Р.А. Будагаў, В.І. Іванова, Л.А. Новікаў і інш. У прыватнасці, М.М. Шанскі адзначаў, што «антонімы з’яўляюцца словамі рознага гучання, якія выражаюць супрацьлеглыя, але суадносныя адно з другім паняцці» [20, с. 64]. Для антанімічных пар і радоў характэрны ўзаемадапаўняльнасць, узаемазалежнасць, узаемавыключальнасць кампанентаў. Яны выступаюць як спецыфічнае моўнае адлюстраванне відазмяненняў і супрацьлегласцей у прадметах і з’явах аб’ектыўнага свету [14]. Антонімамі можна назваць словы, якія «супрацьпастаўляюцца па самай агульнай і істотнай для іх значэння семантычнай прыкмеце і знаходзяцца на палярных пунктах адпаведнай лексікасемантычнай парадыгмы» [21, с. 202].

З’ява антаніміі, якая праяўляецца ў існаванні слоў з супрацьлеглым значэннем, у мове навукі мае свае асаблівасці. Так, напрыклад, словы, якія ўтвараюць антанімічную пару ў агульналітаратурнай мове лёгкі – цяжкі (камень), у мове спорту антонімамі не з’яўляюцца:

52

лёгкая – цяжкая (атлетыка) (лёгкая атлетыка – ‘від спорту, які ахоплівае хадзьбу, бег, скачкі, кіданне кап’я, дыска, штурханне ядра і пад.’; цяжкая атлетыка – ‘комплекс фізічных практыкаванняў па падыманні цяжараў (штангі, гіры, гантэлі і інш.)’. Выкарыстанне літаратурнага антоніма мокры да тэрміналагічных словазлучэнняў сухі плод (плод з сухім каляплоднікам), сухая касцянка (касцянка з сухім мезакарпам (у какосавай пальмы)) мяняе іх значэнне: мокры плод (касцянка) = ‘якія трапілі пад дождж і намоклі’.

Значэнне супрацьлегласці можа ўзнікаць у слове як вынік яго спецыфічнага выкарыстання ў мове навукі. Напрыклад, зменная ў матэматычнай логіцы – ‘моўны выраз, які служыць для абазначэння адвольнага аб’екта з нейкага фіксаванага мноства аб’ектаў. Зменная называецца свабоднай, калі ў выраз, у які яна ўваходзіць, магчымая падстанова замест зменнай імёнаў аб’ектаў з абсягу яе значэнняў. Калі названая падстанова немагчымая (па сэнсе выразу), то зменная называецца звязанай’. Такім чынам, узнікае антанімічная пара свабодны – звязаны; у эканоміцы бык (‘удзельнік таргоў, які чакае павышэння цэн і іграе на павышэнне цэн на біржы’) – антанімічны слову мядзведзь (‘спекулянт, які іграе на паніжэнне цэн на біржы’).

Утэрмінасістэмах розных галін навукі рэалізуюцца два структурныя тыпы антанімічных адносін – лексічны і словаўтваральны. Лексіка-словаўтваральны тып (цеплаўстойлівасць – холадаўстойлівасць) непрадуктыўны.

Улексічным тыпе антаніміі супрацьлегласць значэнняў выражаецца рознымі каранямі. Напрыклад: упарадкаванне (‘поўная заканамернасць, парадак, сіметрыя ў размеркаванні атамаў, малекул, крышталяў, якія ўтвараюць цвёрдае цела’) – хаатычнасць (‘адсутнасць парадку, сіметрыі ў размеркаванні чаго-небудзь’); алігаполія (‘стан рынку, пры якім абмежаванай колькасці прадаўцоў супрацьстаіць вялікая колькасць пакупнікоў’) – алігапсонія (‘стан рынку, пры якім абмежаванай колькасці пакупнікоў супрацьстаіць вялікая колькасць прадаўцоў’). Лексічны тып антаніміі асабліва пашыраны сярод назоўнікаў аддзеяслоўнага (ці адпрыметнікавага) паходжання: выпарэнне (‘пераход рэчыва з вадкага ці цвёрдага стану ў газападобны’) – кандэнсацыя (‘пераход рэчыва з газападобнага стану ў вадкі ці крышталічны’); крохкасць (‘здольнасць цвёрдых цел разбурацца пры механічных уздзеяннях без прыкметных пластычных дэфармацый’) – пластычнасць (‘уласцівасць цвёрдых цел вытрымліваць без разбурэння дэфармацыі і захоўваць іх пасля таго, як знешнія сілы перастаюць дзейнічаць’). Яшчэ прыклады: нацыяналізацыя – прыватызацыя, пакаранне – памілаванне, страты – даходы,

53

шлюб – развод, аналогія – неадпаведнасць, ісцец – адказчык, крэдытор – даўжнік, штраф – узнагарода, правы – абавязкі

(юрыд.) і інш.

У словаўтваральны тып антонімаў уключаюцца тэрміны, у якіх процілегласць значэнняў выражаецца словаўтваральнымі сродкамі. Як правіла, значэнне антаніміі ўзнікае як вынік карэляцыі супрацьлеглых па сэнсе прыставак, якія далучаюцца да аднаго і таго ж тэрміна, або як вынік выкарыстання прыстаўкі, якая надае тэрміну супрацьлеглы сэнс. Напрыклад: адліў – прыліў, негатыў – пазі-

тыў, сіметрыя – асіметрыя, часцінка – антычасцінка, рэчыва – антырэчыва, свет – антысвет і інш.

Сярод састаўных тэрмінаў-антонімаў можна вылучыць дзве групы:

1) антанімічныя пары з рознакаранёвымі кампанентамі, дзе супрацьлегласць выражаецца: а) лексічнымі асновамі відавых кампанентаў састаўных тэрмінаў: высокі мяч – нізкі мяч, высокае вядзенне мяча – нізкае вядзенне мяча, гол у свае вароты – гол у чужыя вароты, задняя лінія – пярэдняя лінія, левы абаронца – правы абаронца; аферта вольная – аферта цвёрдая; палітыка «танных грошай» – палітыка «дарагіх грошай»; б) лексічнымі асновамі родавых кампанентаў састаўных тэрмінаў: запаволіць тэмп – павялічыць тэмп;

2) найменні з аднакаранёвымі кампанентамі, антанімічнасць якім надаюць супрацьлеглыя па сэнсе прыстаўкі ў складзе відавых кампанентаў або (што назіраецца значна часцей) супрацьлеглы сэнс надае прыстаўка ў складзе толькі аднаго з відавых кампанентаў антанімічнай пары: згінальныя рухі – разгінальныя рухі, рацыянальны лік – ірацыянальны лік; акрэдытыў адзыўны – акрэдытыў безадзыўны і інш.

Супрацьлеглым па сваім значэнні можа быць адзін і той жа тэрмін (яго лексіка-семантычныя варыянты). Параўнаем: пячэ (сонца, мароз). Такая здольнасць слова выражаць супрацьлеглыя значэнні без змянення сваёй формы ў лінгвістыцы атрымала назву энантыёсемія. Напрыклад, ваяка – 1) ‘воін, баец, салдат’ і 2) ‘пра таго, хто не апраўдвае званне воіна, байца’.

Паронімы. Гіпонімы Паронімы – словы, блізкія паводле гучання, але розныя па-

водле значэння, якія маюць, як правіла, адзін корань і належаць да адной часціны мовы. Напрыклад, альянс (‘саюз, аб’яднанне на аснове дагаворных абавязацельстваў’) – альяс (‘расліна алоэ’); імігрант (‘перасяленец з якой-небудзь краіны’) – эмігрант (‘ча-

54

лавек, які перасяліўся са сваёй радзімы ў іншую краіну’); інжынерны (факультэт, войскі) – інжынерскі (дыплом, абавязкі); канцэсія (‘дагавор аб перадачы замежнай фірме ў эксплуатацыю на пэўны тэрмін прыродных багаццяў, прадпрыемстваў і інш. гаспадарчых аб’ектаў, якія належаць дзяржаве’) – канфесія (веравызнанне – 1) ‘прыналежнасць да пэўнай рэлігіі; прызнанне асобай рэлігійнага вучэння якой-небудзь царквы’, 2) ‘рэлігійнае аб’яднанне, якое мае сваё распрацаванае веравучэнне, культ і ўстойлівую арганізацыйную структуру’); камітэт (‘выбарны орган, які кіруе якойнебудзь работай’) камітэнт (‘асоба, якая даручае камісіянеру заключыць якую-небудзь здзелку: куплю, продаж і інш.’); трасат (‘асоба, абавязаная заплаціць па пераводным вэксалі’) – трасант (‘асоба, якая выдае другой асобе пераводны вэксаль; вэксаледаўца’); лакаўт (‘адна з форм барацьбы прадпрымальнікаў супраць рабочага класа ў заходніх краінах’) – накаўт (‘стан баксёра ў час бою, калі ён пасля вельмі моцнага ўдару на працягу 10 секунд не можа падняцца і лічыцца пераможаным’); спаборнасць (‘адзін з функцыянальных прынцыпаў, які вызначае працэсуальную дзейнасць суда з мэтай забеспячэння паўнаты фактычнага і доказнага матэрыялу, неабходнага для ўсебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання акалічнасцей справы, устанаўлення ісціны па справе’) – спаборніцтвы (‘спартыўная сустрэча для выяўлення пераможцы’).

Рода-відавыя адносіны лексічных адзінак называюцца гіпаніміяй. Тэрміны, што абазначаюць больш шырокае, родавае паняцце, называюцца гіперонімамі, а тэрміны, якія абазначаюць больш вузкае, відавое паняцце, – гіпонімамі.

Як заўважае Я.М. Сцепановіч, на рода-відавых адносінах пабудавана ўся біялагічная наменклатура, змест відавога паняцця шырэй родавага, а аб’ём вузей. Напрыклад, у заалогіі з сям’і кашачых тыг-

ры, ільвы, пантэры, барсы, пума, ягуар, дамашні кот адносяцца да роду кошак сапраўдных, рысь – да роду рысяў, гепард – да роду

гепардаў. Яшчэ прыклады гіпонімаў з эканомікі, права, спорту: банк

банк акцыянерны, банк узаемаашчадны, банк дзяржаўны, банк інавацыйны, банк іпатэчны, банк каптыўны, банк квазідзяржаўны, банк-каменеджэр, банк камерцыйны, Банк Сусветны, банк дамашні, банк цэнтральны; права – права аўтарскае, права на ўнясенне прапаноў, права на жыллё, права на матэрыяльнае забеспячэнне, права на спадчыну, права на адукацыю, права на аб’яднанне ў грамадскія саюзы, права на адпачынак, права на ахову здароўя, права на судовую абарону, права на працу, права на ўдзел у кіраванні дзяржаўнымі і грамадскімі справамі, права

55

адклікання дэпутата, права подпісу, права поўнага гаспадарчага вядзення, права ўласнасці, права прытулку, права прыватнае, права экстэрытарыяльнасці; удар – удар вонкавым бокам пад’ёму, удар вонкавым бокам ступні, удар унутраным бокам пад’ёму, удар унутраным бокам ступні, удар галавой у скачку, удар здалёк, удар нізам, удар нажніцамі, удар ад варотаў, удар рэзаны, удар абарончы, удар па мячы, удар звыш блока, удар плоскі, удар па шайбе, удар з краю сеткі, удар з лёту, удар з нізкай перадачы, удар з месца, удар з адскоку, удар з паваротам, удар укарочаны, удар цераз сябе і інш.

Такім чынам, спецыяльная лексіка падпадае пад уплыў усіх тых лексіка-семантычных працэсаў, якія характэрны літаратурнай мове ў цэлым. Ёй уласцівы мнагазначнасць, аманімія, сінанімія, варыянтнасць, антанімія і інш. Аднак усе гэтыя працэсы маюць свае асаблівасці, яны працякаюць у тых межах, якія не парушаюць семантычнай пэўнасці тэрміна.

4. Паходжанне лексікі беларускай мовы

Лексічны склад беларускай мовы фарміраваўся на працягу многіх стагоддзяў, няспынна развіваўся і ўдасканальваўся. Менавіта ў лексіцы адлюстравалася і гісторыя развіцця беларускага народа.

Вылучаюцца два вялікія пласты нашай лексікі паводле пахо-

джання: спрадвечная і запазычаная.

Спрадвечная лексіка складаецца з чатырох пластоў слоў:

1) індаеўрапейскія словы (самыя старажытныя, ≈ III–I тыс. да н.э.). Абазначалі жыццёва важныя прадметы жывой і нежывой пры-

роды: Бог, душа, вера, неба, вечар, зіма, дзень, маці, брат, дзед, сын, воўк, зерне, мёд, соль, салома, балота, гарэць, драмаць, есці;

лічэбнікі два, тры, сто; займеннікі вы, сам, ты і мн. інш.;

2) агульнаславянскія (праславянскія) словы (≈ II тыс. да н.э. – I тыс. н.э.): дзіця, бабка, сірата, удава, заяц, бык, конь, лебедзь, крыўда, ласка, праўда; назвы прадуктаў харчавання: блін, піва, сала, квас, каша, масла, крупа, дрожджы і інш.; ваенныя тэрміны: абарона, бой, вайна, дружына, кап’ё, лук, полк, страла і інш.; колеры: белы, жоўты, зялёны, русы, рыжы, светлы, чорны, сіні і

інш. Пласт агульнаславянскай лексікі хоць і нешматлікі (≈ 2000 слоў), але з’яўляецца ядром слоўніка кожнай славянскай мовы;

3) агульнаўсходнеславянскія словы (VІІІ – ХІІІ стст.): сям’я,

ваявода, дань, воласць, выкуп, пастух, бондар, знахар, мельнік, селянін, клык, жаваранак, снягір, грэчка, качарга, лыжка, сарочка, рэпа, адзінаццаць, дванаццаць, дзевяноста і інш.;

56

4) уласнабеларускія словы (ХІV – ХVІІ стст.): асілак, ва-

дзянік, вайсковец, араты, працаўнік, вясковец, сейбіт; бусел, берасцянка, алешнік, ваўчкі, заранка, вясёлка, надвор’е, золак, світанне, спёка, цемра, сакавік, красавік; спадніца, хустка, абрус; дранікі, зацірка; пакута, пяшчота, хвароба, байка, вы-

казнік, дзейнік і інш. Менавіта ўласнабеларускія словы складаюць нацыянальную спецыфіку лексічнай сістэмы нашай мовы [2].

Да запазычаных адносяцца словы іншамоўнага паходжання, якія ў выніку семантычнага і фанетыка-марфалагічнага асваення зрабіліся лексічнымі адзінкамі беларускай мовы. Асноўная прымета запазычанага слова – яго функцыянальная значымасць, якая заключаецца ў тым, што слова абазначае прадметы і паняцці, якія не маюць адэкватнага абазначэння ў самой беларускай мове або з’яўляюцца семантычнымі ці стылістычнымі сінонімамі да адпаведнага беларускага слова. З іншых моў у беларускую мову такія словы пранікаюць як вусным шляхам (г.зн. перш трапілі ў жывую гаворку, а пазней пашырыліся ў пісьменнасці), так і кніжным (пачыналі ўжывацца ў пісьменнасці і літаратурнай мове, а потым паступова пераходзілі ў гаворку). Выдзяляюцца дзве вялікія групы запа-

зычаных слоў: са славянскіх моў і з неславянскіх. Прывядзём прыклады.

Са славянскіх моў:

а) стараславянізмы (або царкоўнаславянізмы): вобраз, вочы,

воблака, храбры, продак, раб, цвярдыня, уладыка, храм, чэсны, благаславенне і інш.;

б) з рускай мовы: ссылка, пераварот, забастоўка, подзвіг, гадавіна і інш.;

в) з украінскай мовы: бацькаўшчына, вербалоз, ежа, агортваць, боршч, прыкмета, заляцанне, хутар, варэнік, побыт, журыцца, галушка, забабоны, лунаць і інш.;

г) з польскай мовы: касцёл, скарб, вяндліна, відэлец, гузік, карысць, сродак, скарга, рахунак, гатунак, здрада, апека, сукенка, літасць, айчына, пісар, кабета, хлопец, шчыры, дранцвець і інш.;

д) з чэшскай мовы адзінкавыя прыклады: калготы, блакіт. З неславянскіх моў:

а) балтызмы (літоўскія і латышскія словы): жвір, пуня, клу-

ня, свіран, коўш, бурбалка, клыпаць, жуда і інш.;

б) цюркізмы (пераважна з татарскай мовы). Пачалі пранікаць у мову ўсходніх славян яшчэ ў старажытныя часы з мовы цюркскіх плямёнаў, што рабілі набегі на землі славян: арда, баран, калчан,

57

сарафан, балван, балда, лафа (салдацкае жалаванне; выгода), атаман, кінжал, халва, плоў, айва, гарбуз, бархан, туман, буран, торба, чамадан і інш.;

в) грэцызмы трапілі ў нашу мову яшчэ ў старажытнасці ў сувязі з прыняццем хрысціянства. Пераважна гэта словы навукі, асветы, культуры, мастацтва, адукацыі: ікона, царква, алфавіт, ар-

фаграфія, графіка, кафедра, бактэрыя, дыягназ, трахея, мікроб, іон, істэрыя, філалогія, лексіка, алебастр, акіян, кіт, дэльфін, эпоха, элегія, камедыя і інш.;

г) лацінізмы ў нашу мову прыйшлі праз польскую, чэшскую і іншыя заходнееўрапейскія мовы: каляндар, прафесія, доктар,

літара, нацыя, тэкст, легенда, ангіна, вакцына, інфаркт, вірус, бацыла, біцэпс, імпульс, інстытут, лекцыя, глобус, экзамен, абітурыент, аратар і інш.;

д) германізмы: афіцэр, маўзер, лагер, штаб, фронт, фланг, алкаголь, бутэрброд, цукар, вафля, гальштук, партвейн, паштэт, бінт, аспірын, гантэлі, цэйтнот, гросмайстар, штраф і інш.;

е) галіцызмы (з французскай мовы): акардэон, баль, вальс,

вернісаж, жанр, журы, раяль, бігудзі, памада, адэкалон, гарнітур, бра, вітрына, атэль, кавалер, какетка, камандор, гараж, кабіна, сапёр, баржа, міна, маршал, карабін, лікёр, кампот, марынад і інш.;

ё) англіцызмы: аўт, бокс, гандбол, футбол, клуб, трактар, мічман, снайпер, бар, піжама, плед, вельвет, джынсы, віскі, пунш, джэм, бекон, крэкер, кактэйль, кекс, джунглі, лідар, мітынг і інш.;

ж) італізмы: акорд, арыя, бас, флейта, опера, маэстра, карнавал, гірлянда, саната, палац, вермішэль, макарона, памідор, лаванда, інтанацыя, кар’ера, бандыт, фашызм і інш.;

з) з галандскай: бакен, баркас, боцман, канвой, марціра, дамкрат, брас, краб, апельсін і інш.;

і) з іспанскай: арлекін, балеро, гітара, румба, танга, самбрэра, какаін і інш.;

к) з фіна-ўгорскіх (фінскай, карэльскай, эстонскай, комі): кілька,

навага, салака, сёмга, тундра, нарты, сані і інш.;

л) з кітайскай: чай, жэньшэнь;

м) з японскай: івасі, соя, кімано, самурай, цунамі, каратэ, дзюдо і інш.

Пранікненне іншамоўных слоў – з’ява заканамерная для любой мовы. Гэта вынік палітычных, гандлёвых, эканамічных і культурных сувязей, цесных моўных кантактаў народаў свету. Запазы-

58

чанні не парушаюць нацыянальнай самабытнасці беларускай мовы, яны ўзбагачаюць яе лексічную сістэму.

5. Лексіка паводле сферы выкарыстання

У адносінах выкарыстання словы беларускай мовы не з’яўляюцца аднолькавымі: адны з іх ужываюцца ўсімі носьбітамі мовы незалежна ад іх пражывання, прафесіі, узросту, роду заняткаў, адукацыйнага і культурнага ўзроўню; другія – актыўна ўжываюцца толькі на пэўнай тэрыторыі, прадстаўнікамі асобных прафесійных ці сацыяльных груп насельніцтва, г.зн. з’яўляюцца тэрытарыяльна, прафесійна ці сацыяльна абмежаванымі. З гэтага вынікае, што лексіка сучаснай беларускай мовы ў залежнасці ад сферы выкарыстання падзяляецца на дзве вялікія групы: агульнаўжывальную і

абмежаванага ўжывання.

Агульнаўжывальная (агульнанародная) лексіка з’яўляецца асновай слоўнікавага складу беларускай мовы: без гэтых слоў нельга сфармуляваць і выказаць думку, без іх немагчыма далейшае развіццё і ўдасканаленне самой лексікі. Сюды адносяцца такія словы, якія вядомы ўсім носьбітам і шырока выкарыстоўваюцца імі без усякіх абмежаванняў. Гэта словы розных часцін мовы і роз-

ных стылістычных разрадаў (дзень, каліна, заўтра, хадзіць, гаварыць, весела, мы, свой, два і многія іншыя) [2].

Лексіка абмежаванага ўжывання падзяляецца на дыялект-

ную, жаргонную і спецыяльную. Коратка спынімся на гэтых лексічных разрадах.

Дыялектную лексіку складаюць словы, ужыванне якіх абмежавана пэўнай тэрыторыяй, гэта словы мясцовых гаворак (дыялектызмы). На тэрыторыі Беларусі выдзяляюць наступныя дыялекты: паўночна-ўсходні, паўднёва-заходні (асноўныя), сярэднебеларускі (цэнтральныя гаворкі) і заходнепалескі (брэсцка-пінскі). Кожны з гэтых дыялектаў мае свае асаблівасці, якія адрозніваюць іх адзін ад аднаго і ад літаратурнай мовы. Дыялектызмы, безумоўна, вядомы не ўсім носьбітам мовы, а толькі тым, хто жыве на той тэрыторыі, дзе гэтыя словы бытуюць. Напр., савяк (замест літ. падбярозавік), вятроўкі (замест літ. басаножкі), казлы (люцікі), пасоля (фасоля), ля, паля (паглядзі, глянь), гуліца (вуліца), тамака (там), настольніца (настольнік), барыла (бочка) і інш.

Сярод дыялектызмаў вылучаюць параўнальна невялікую групу абласных слоў, г.зн. такіх, якія ўжываюцца на больш-менш значнай тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваюцца ў мастацкіх тэкстах многіх аўтараў, але яшчэ не сталі літаратурнымі ў поўным сэнсе

59

гэтага слова. Абласныя словы падаюцца ў слоўніках літаратурнай мовы з паметай абл. (абласное): нацяты (нацягнуты), нябож (пляменнік), оступам (цесна абступіўшы, вакол), гучок (парастак), гуля і гула (гуз), жбан (збан), заложна (бесперапынна, настойліва, упарта) і інш.

Дыялекты – гэта самыя старажытныя моўныя адзінствы, нават больш старыя, чым сама беларуская мова. У дапісьмовы перыяд дыялекты былі адзінай формай зносін. У наш час дыялекты не ўтвараюцца, а паступова разбураюцца. Тым не менш, для нацыянальнай мовы яны – скарбніца, якую неабходна захоўваць (дастаткова ўспомніць, што менавіта з дыялектаў «вырастала» новая беларуская літаратурна-пісьмовая мова). Узбагачэнне літаратурнай лексікі за кошт народна-дыялектных слоў – гэта такі ж гістарычны працэс, як і папаўненне яе шляхам запазычання іншамоўных слоў.

У творах мастацкай літаратуры пісьменнікі выкарыстоўваюць дыялектызмы з мэтай стварэння мастацкага вобраза, для характарыстыкі дзеючых асоб, перадачы моўнага каларыту мясцовасці, у якой адбываецца дзеянне.

Жаргонная лексіка (фр. jargon – умоўная гаворка) – гэта гутарковая мова пэўнай групы людзей, аб’яднаных агульнасцю інтарэсаў, звычак, заняткаў, сацыяльнага становішча і г.д. Жаргонная лексіка (адвольна выбраныя моўныя элементы) фарміруецца на базе слоў літаратурнай мовы шляхам іх пераасэнсавання, метафарызацыі. Так, у мове моладзі, вучняў, студэнтаў можна пачуць такія жаргонныя словы, як продкі, шнуркі (бацькі), ажур (парадак), гнаць (гаварыць няпраўду), базар (размова), бомбы, шпоры (шпаргалкі), халтурыць (нядобрасумленна выконваць працу), філоніць (ухіляцца ад працы), бабкі (грошы ўвогуле), зелень (долары), драўляныя (айчынная валюта) і інш.; у мове спартсменаў: рамка (вароты), гарчычнік (жоўтая картка), вольнік (барэц вольнага стылю) і інш.; прыклады армейскіх жаргонаў: салага (увогуле малады салдат), дух, чарпак (ці чайнік), слон, дзед (радавы салдат у залежнасці ад часу знаходжання на тэрміновай службе), старлей (старшы лейтэнант), кусок (прапаршчык), самаход (самавольна пакінуць воінскую часць), дэмбель (дэмабілізацыя), адкасіць (ухіліцца ад воінскай службы) і інш. У часы Вялікай Айчыннай вайны склаўся франтавы жаргон: самавары (мінамёты), сабантуй (артабстрэл), кацёл (акружэнне), гасцінцы (снарады, міны) і інш.

Пэўным жаргонам карыстаюцца людзі, звязаныя агульнасцю інтарэсаў, часам негатыўнага характару (напр., у лексіконе амата-

60

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]