Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
белорусский язык УМК.docx
Скачиваний:
65
Добавлен:
08.11.2018
Размер:
454.46 Кб
Скачать

§ 29. Вялікая літара ў назвах дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў, помнікаў, рэліквій, узнагарод, прэмій, ордэнаў, грамат, прызоў

З вялікай літары пішуцца:

словы Дзяржаўны, Сцяг, Герб, Гімн і ўсе словы ў назве краіны ў складзе назваў дзяржаўных сімвалаў: Дзяржаўны Сцяг Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны Герб Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны Гімн Рэспублікі Беларусь;

усе словы (акрамя агульнай назвы) у назвах дзяржаўных і нацыянальных, ваенных і культурных рэліквій, помнікаў: Сцяг Перамогі, Крыж Ефрасінні Полацкай, Курган Славы, Курган Бессмяротнасці, Востраў Слёз, Помнік Перамогі;

першае слова ў назвах дзяржаўных узнагарод, дзяржаўных і міжнародных прэмій, грамат, кубкаў і інш.: Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міжнародная прэмія Міру, Нобелеўская прэмія, Кубак свету, Кубак федэрацыі (тэніс), Каралеўскі кубак;

усе словы ў назвах ордэнаў (акрамя слоў медаль, ордэн і ступень): медаль Залатая Зорка Героя Савецкага Саюза, Залатая Зорка Героя Сацыялістычнай Працы, Залатая Зорка Героя Беларусі, ордэн Айчыны І (ІІ, ІІІ) ступені, ордэн Маці, ордэн Пашаны, ордэн Славы І (ІІ, ІІІ) ступені, ордэн Францыска Скарыны, ордэн Ганаровага Легіёна (Францыя), Георгіеўскі Крыж; але: ордэн Дружбы народаў.

§ 30. Вялікая і малая літары ў назвах дакументаў, іх зводаў, унікальных прадметаў, твораў

1. З вялікай літары пішуцца:

аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах важнейшых дзяржаўных і міжнародных дакументаў, устаноўчых пагадненняў, заканадаўчых актаў, іх зводаў: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь, Чырвоная кніга Беларусі, Закон Рэспублікі Беларусь, Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Статут Вялікага Княства Літоўскага, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Літоўская метрыка, Скарыніяна, Біблія, Стары Запавет, Каран, Талмуд;

аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах прадметаў мастацтва і іншых адзінкавых і ўнікальных прадметаў, іх зводаў: Дзявятая сімфонія Бетховена, Венера Мілоская, Янтарны пакой, Алмазны фонд.

2. З малой літары пішуцца агульныя назвы стыляў у мастацтве і архітэктуры: барока, ракако, готыка, ампір, мадэрн.

§ 31. Вялікая і малая літары ў назвах памятных і знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох

1. З вялікай літары пішуцца:

аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах знамянальных эпох, перыядаў і падзей у гісторыі: Варфаламееўская ноч, Адраджэнне, Рэфармацыя, Крыжовыя паходы, Лядовае пабоішча, Крычаўскае паўстанне, Супраціўленне;

аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах дзяржаўных, традыцыйных і рэлігійных свят, знамянальных дат: Дзень Канстытуцыі, Дзень Перамогі (9 Мая), Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), Новы год, Дзень жанчын (8 Сакавіка), Свята працы (1 Мая), Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі (7 Лістапада), Нараджэнне Хрыстова, Дзень памяці, Дзень беларускай навукі, Дзень ведаў, Ушэсце Гасподняе, Уваскрэсенне Хрыстова, Вялікая субота, Таццянін дзень, Радаўніца, Вялікдзень, Каляды, Купалле, Дабравешчанне, Наўроз, Рамадан.

2. З малой літары пішуцца назвы родаў і відаў гістарычных падзей і эпох, асобных гадоў, дзён і інш.: імперыялістычная вайна, першая сусветная вайна, другая сусветная вайна, лютаўская рэвалюцыя, паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, кайназойская эра, ледавіковы перыяд, неаліт, эпоха феадалізму, капіталістычная фармацыя, перыяд аднаўлення, залаты век, высакосны год, дзень адчыненых дзвярэй, санітарны дзень, месячнік дарожнай бяспекі, год спакойнага сонца.