Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вялюга2-рэд.doc
Скачиваний:
95
Добавлен:
05.09.2019
Размер:
2.69 Mб
Скачать

Літаратура

1. Антанюк, Л. А. Беларуская навуковая тэрміналогія / Л. А. Анта­нюк. – Мінск, 1987.

2. Асновы культуры маўлення і стылістыкі. – Мінск, 1992.

3. Каўрус, А. А. Дакумент па-беларуску: Справаводства. Бухгалтэ­рыя. Рыначная эканоміка / А. А. Каўрус. – Мінск, 1994.

4. Лепешаў, І. Я. Практыкум па беларускай мове / І. Я. Лепешаў, Г. М. Малажай, К. М. Панюціч. – Мінск, 2001.

5. Ляшчынская, В. А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка: вучэб. дапамож. / В. А. Ляшчынская. – Мінск, 2001.

6. Цікоцкі, М. Я. Стылістыка беларускай мовы / М. Я. Цікоцкі. – Мінск, 1995.

1. Функцыянальныя стылі маўлення

1.1. Агульнае паняцце пра функцыянальныя стылі маўлення

У аснову выдзялення стыляў браліся розныя прынцыпы (сацыяльны, жанравы, эмацыянальна-экспрэсіўны, функцыянальны), але найбольш па­шыраным і навукова абгрунтаваным з’яўляецца функцыянальны. Паводле яго, «Стыль з’яўляецца функцыянальнай разнавіднасцю мовы, формай яе грамадскага выкарыстання» [30].

Размоўны (гутарковы) стыль абслугоўвае бытавую або прафесійную сферу і рэалізуецца часцей у форме вуснага маўлення: неафіцыйнага і ня­змушанага, без папярэдняга абдумвання, непадрыхтаванага. Для жывога вус­нага маўлення характэрна суб’ектыўнасць, ацэначнасць, дыялагічнасць, эма­цыянальнасць, выкарыстанне экспрэсіўна-эмацыянальнай, гутарковай (у тым ліку і прастамоўнай) лексікі, эліптычных сказаў, якія на ўзроўні сінтаксісу выяўляюцца ў разнастайных няпоўных сказах з выклічнікамі і часціцамі. Важную ролю ў вусных зносінах адыгрываюць інтанацыя, жэсты, міміка.

Навуковы стыль абслугоўвае патрэбы грамадства ў галіне навукі, тэхнікі і адукацыі. Гэта стыль навуковых прац (падручнікаў, манаграфій, лекцый, артыкулаў, рэцэнзій і інш.). Для яго характэрна лагічнасць, аб’ек­тыўнасць, дакладнасць, яснасць, доказнасць выкладу, абстрактная лексіка, вузкаспецыяльная і агульнанавуковая тэрміналогія, абрэвіятуры, пэўны па­радак слоў у сказе, устаўныя і разгорнутыя сінтаксічныя канструкцыі. Лек­сіка з эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкай, вобразныя сродкі, пыталь­ныя і клічныя сказы, як правіла, не ўжываюцца.

Афіцыйна-справавы (афіцыйна-дзелавы) стыль абслугоўвае патрэ­бы людзей у сферы іх дзяржаўнай, грамадскай, вытворчай і юрыдычнай дзейнасці. Рэалізуецца ён у дзяржаўных дакументах, законах і кодэксах, дэкрэтах і ўказах, дагаворах, кантрактах, інструкцыях, афіцыйных паве­дамленнях, даверанасцях, пратаколах, аб’явах, заявах, даведках, службо­вых запісках і іншых канцылярскіх паперах.

Усе дакументы можна падзяліць на групы:

1) распарадчыя (пастановы, распараджэнні, дырэктывы, рашэнні, за­гады і інш).

2) адміністрацыйна-арганізацыйныя (статуты, палажэнні, інструкцыі, планы, справаздачы, дамовы, кантракты);

3) асабістыя (заява, аўтабіяграфія, распіска, даручэнне);

4) інфармацыйна-даведачныя (даведкі, зводкі, дакладныя і тлума­чальныя запіскі, агляды,акты, тэлеграмы).

5) справавыя лісты (ліст-запытанне, ліст-просьба, ліст-прапанова, ліст-зва­рот, ліст-папярэджанне, ліст-напамін, ліст-запрашэнне, суправаджальны ліст).

Галоўная рыса службова-справавой мовы – дакладнасць, паслядоў­насць, лаканічнасць і лагічнасць. Кожны дакумент афармляецца па стан­дартнай форме. Канцылярскія штампы з’яўляюцца характэрнай асабліва­сцю афіцыйна-справавой мовы.

Як асобная функцыянальная разнавіднасць літаратурнай мовы, афі­цыйна-справавы стыль мае свае прыкметы: 1) шырокае ўжыванне грамад­ска-палітычнай і прафесійнай тэрміналогіі, скарочаных слоў і абрэвіятур; 2) строгі і пэўны парадак членаў сказа; 3) насычанасць сказа аддзеяслоўны­мі назоўнікамі; 4) істотная перавага складаных сказаў; 5) амаль поўная ад­сутнасць эмацыянальнай лексікі і пытальных і клічных сказаў; 6) выкары­станне ўстойлівых выразаў-штампаў і зваротаў тыпу парадак дня, вышэй­названы, прыняць да ведама, камюніке, ратыфікацыя, слухалі, пастанаві­лі, выдадзена для прадстаўлення, аказаць садзейнасць, прыцягнуць да ад­казнасці, заслухаўшы і абмеркаваўшы даклад і інш.

Публіцыстычны стыль выкарыстоўваецца ў СМІ (газетах, часопісах, на радыё, тэлебачанні, у дакументальным кіно), у агітацыйна-прапагандыс­цкіх выступленнях. Публіцыстычныя творы адрасуюцца масаваму гледачу, чытачу і слухачу з мэтай данесці інфармацыю і ўплываць на яго перака­нанні і паводзіны, таму гэтаму стылю ўласціва вобразнасць, даходлівасць, інфармацыйнасць, грамадзянскасць, палемічнасць выкладу, што дасягаец­ца ўжываннем фразеалагізмаў, крылатых выслоўяў, параўнанняў, эмацыя­нальна-ацэначных слоў, публіцыстычнай і грамадска-палітычнай лексікі тыпу суверэнітэт, дэмакратыя, грамадскі, палітычны, шматпартый­насць, прыхватызацыя, эканамічная прастора, міратворчая місія, народ­ная дыпламатыя, актыўная жыццёвая пазіцыя, свабодная эканамічная зо­на, экалогія акаляючага асяроддзя і інш.

Мастацкі стыль (стыль мастакай літаратуры) абслугоўвае духоўную сферу грамадства. Яго функцыя – маральна-этычнае і эстэтычнае ўздзеян­не на чытача і слухача праз мастацкія вобразы.

Своеасаблівасць мастацкага стылю заключаецца ў тым, што ён, выконваючы эстэтычную функцыю, практычна выкарыстоўвае сродкі ўсіх стыляў. Для яго характэрна вобразнасць, эмацыянальнасць, лірычнасць, абгрунтаванае выкарыстанне кніжнай і гутарковай лексікі, сінтаксічнае багацце, выкарыстанне вобразных сродкаў мовы (паэтычных і народна-паэтычных слоў – дыямент, ветразь, віцязь, веснаход, адвечны, веснавей, долечка, красная дзяўчыначка, зямліца, рэчанька, зараначка; метафар, эпітэтаў, параўнанняў і інш.).