Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гісторыя Беларусі. Лекцыі.doc
Скачиваний:
137
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
1.19 Mб
Скачать

Установа адукацыі “Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт

імя П.М. Машэрава”

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

КУРС ЛЕКЦЫЙ

Віцебск

УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”

2011

УДК

ББК

Аўтары-складальнікі:

Дулаў Анатоль Мікалаевіч

Дзядзінкін Аляксандр Леанідавіч

Юрчак Дзяніс Валер’евіч

Гісторыя Беларусі: вучэбна-метадычны комплекс. У 2 ч. Ч.1. Курс лекцый / А.М. Дулаў, А.Л. Дзядзінкін, Дз.В. Юрчак. – Віцебск: УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, 2011.

ISBN

У кнізе змешчаны лекцыйны курс па гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён. Матэрыял структураваны ў адпаведнасці з экзаменацыйнымі пытаннямі па курсу “Гісторыя Беларусі” для студэнтаў негістарычных спецыяльнасцяў УА “ВДУ імя П.М. Машэрава” дзённай і завочнай формы навучання.

Рэкамендаваны для студэнтаў негістарычных спецыяльнасцяў УА “ВДУ імя П.М. Машэрава” дзённай і завочнай формы навучання пры падрыхтоўцы да заняткаў і экзамену па курсу “Гісторыя Беларусі.

2. Першабытны лад на тэрыторыі Беларусі

2.1 Беларускія землі ў каменным веку. Засяленне тэрыторыі Беларусі чалавекам

Самым працяглым перыядам у гісторыі чалавецтва з’яўляецца старажытнасць (да з’яўлення дзяржаўнасці і пісменнасці). Сучасныя даследчыкі прапануюць розныя варыянты перыядызацыі першабытнай гісторыі на Беларусі. Найбольш пашыранымі сярод перыядызацый з’яўляюцца агульнагістарычная (якую нельга блытаць з агульнагістарычнай ці агульнасусветнай перыядызацыяй усёй гісторыі), археалагічная і этнічная, згодна з якімі можна вылучыць наступныя этапы:

агульнагістарычная

археалагічная

этнічная

І. Праабшчына (першабытны чалавечы статак)

100-35 тыс. гадоў назад

І. Каменны век

1. Палеаліт (старажытны каменны век)

а) ніжні або ранні палеаліт (3,5 млн. гадоў назад-100 тыс. гадоў назад)

б) сярэдні палеаліт або эпоха мусцье (100-35 тыс. гадоў да н.э.)

в) верхні або позні палеаліт (35- 10 тыс. да н.э.)

2. Мезаліт (сярэдні каменны век: IX-V тыс. да н.э.)

3. Неаліт (новы каменны век: V – ІІІ тыс. да н.э.)

І. Даіндаеўрапейскі перыяд

(100 тыс. гадоў назад – ІІІ тыс. да н.э.)

ІІ. Ранняя родавая (мацярынская) абшчына

35 тыс. гадоў назад – ІІІ тыс. да н.э.

ІІІ. Позняя родавая (бацькоўская) абшчына

кан. ІІІ (ІІ) тыс. да н.э. – VІІІ - VІІ стст. да н.э.

ІІ. Бронзавы век

кан. ІІІ (ІІ) тыс. да н.э. – VІІІ - VІІ стст. да н.э.

ІІ. Індаеўрапейскі перыяд

(з канца ІІІ (ІІ) тыс. да н.э.)

ΙV. Суседска-родавая (тэрытарыяльная) абшчына

VІІІ - VІІ стст. да н.э. – V ст. н.э.

ІІІ. Ранні жалезны век

VІІІ - VІІ стст. да н.э. – V ст. н.э.

Каменны век з’яўляецца самым працяглым перыядам у гісторыі. Згодна з сусветнай перыядызацыяй ён пачаўся дзесьці 2,6 млн. гадоў таму, калі з’явіліся першыя прылады працы, і скончыўся толькі ў 10 тысячыгоддзі да н.э. Менавіта ў гэты час і сфарміраваўся сучасны чалавек. На сёняшні дзень існуе некалькі тэорый паходжання чалавека. Згодна з тэорыяй боскага тварэння (крэяцыянізм) чалавек быў створаны Богам. Такі падыход з’яўляецца самым старажытным і пануе ў хрысціянстве, ісламе і іншых рэлігіях свету. Акрамя таго, у апошні час набывае папулярнасць тэорыя знешняга умяшальніцтва, паводле якой людзі з’явіліся на планеце з космасу (самі каланізавалі зямлю, ці былі расселяны больш развітымі істотамі). Але на фоне вышэйназваных тэорый найбольш абгрунтаванай і распаўсюджанай выступае эвалюцыйная, стораная ў ХІХ ст. Ч.Дарвінам. Згодна з ёю чалавек вылучыўся з жывёльнага свету ў выніку эвалюцыі і натуральнага адбору пад уздзеяннем унутранных і знешніх фактараў. Але ўсё гэта адбывалася далёка ад нашых земляў, бо з-за неспрыяльных кліматычных умоў (некалькі ледавікоўяў) тэрыторыя сучаснай Беларусі доўгі час заставалася незаселенай.

Пранікнуць на Беларусь першабытны чалавек змог толькі ў часы сярэдняга палеаліту (100 – 35 тысяч год таму), калі ледавік адступіў на поўнач і яго максімальная мяжа знаходзілася на лініі сучасных гарадоў Гродна – Орша. Аднак і ў гэты час клімат быў халодным, кароткія летнія адлігі змяняліся працяглымі зімамі. На поўдзень ад ледавіка прасціралася тундра і стэп, а найбольш характэрнымі прадстаўнікамі фауны былі шарсцістыя насарогі, маманты і паўночныя алені.

Пра з’яўленне ў гэты час чалавека на беларускіх землях сведчаць знаходкі першабытных прылад працы ля вёсак Свяцілавічы і Падлужжа на Гомельшчыне і Абідавічы на Магілёўшчыне. Лічыцца, што першымі насельнікамі Беларусі сталі неандэртальцы, якія па прапорцыях цела былі блізкія да сучаснага чалавека (хаця згодна з найноўшымі даследаваннямі не былі нашымі продкамі). Іх чарапы яшчэ захоўвалі шмат прымітыўных рыс: пакаты лоб, вялікія надброўныя валікі, скошаная ніжняя сківіца. Каб лепш супрацьстаяць суровым умовам існавання, неандэртальцы аб’ядноўваліся ў статкі (праабшчыны), дзе ўсе члены калектыву падначальваліся аўтарытэту і моцы важака.

У верхнім палеаліце на Беларусь праніклі людзі сучаснага тыпу – краманьёнцы (ці Homo sapiens – чалавек разумны). Першыя стаянкі (месцы часовага пражывання) знойдзены археолагамі ля вёсак Юравічы (Калінкавіцкі раён, 26 тыс. год назад) і Бердыж (Чачэрскі раён, 23 тыс. год назад). Іх насельнікі жылі ў буданах, каркас якіх рабіўся з буйных касцей мамантаў, зверху пакрываўся скурамі жывёл, а ўнізе для надзейнасці абкладваўся біўнямі і чарапамі маманта. Усяго на кожнай стаянцы магло жыць 20-40 чалавек. Асноўным заняткам палеалітычнага чалавека было загоннае паляванне на мамантаў. Ужываючы для запалохвання агонь, людзі заганялі жывёлу ў яры, дзе яе потым дабівалі камянямі і дзідамі. Забітага маманта дастаўлялі на месца стаянкі. Мёрзлая зямля дазваляла захоўваць запасы мяса на працягу доўгага часу ў спецыяльных ямах-лядоўнях. Збіральніцтва і рыбалоўства ў палеалітычны час з-за неспрыяльных кліматычных умоў былі распаўсюджаны менш.

У верхнім палеаліце, а затым у мезаліце і неаліце асноўным вытворчым калектывам была ранняя родавая абшчына. У яе склад уваходзілі сваякі, якія займалі адно паселішча і сумесна вялі гаспадарку. Мужчыны былі паляўнічымі і выраблялі прылады працы. Жанчыны займаліся збіральніцтвам, якое гарантавала пастаянную наяўнасць ежы, даглядалі хатні ачаг, шылі адзенне, выхоўвалі дзяцей. Тым самым, вялікая роля ў жыцці абшчыны належала жанчыне. Па гэтай прычыне пры заключэнні шлюбаў муж пераходзіў у род сваёй жонкі. Лічэнне сваяцтва вялося па мацярынскай лініі. Такія абшчыны называюць мацярынскімі (матрыярхат). Сям’я ў гэты час была палігамнай (шматмужаства, шматжонства), дзеці не заўсёды ведалі свайго бацьку. Пазней зарадзіўся новы тып шлюбных адносін: парная сям’я. Аднак і тут саюз мужчыны і жанчыны не быў устойлівым.

Каля 14 тысяч гадоў таму назад з тэрыторыі Беларусі пачаў адступаць ледавік. Вымерлі маманты і шарсцістыя насарогі, асноўным аб’ектам палявання стаў паўночны алень. Прыроднае асяроддзе паступова набывала сучасны выгляд. Тэрыторыя Беларусі пакрылася лясамі, спачатку хвойнымі, потым, па меры пацяплення, – змешанымі. У лясах пачалі вадзіцца сучасныя віды жывёлы: алені, ласі, зубры, дзікі, бабры, мядзведзі. Новую пасляледавіковую эпоху археолагі называюць мезалітам.

У мезаліце з розных бакоў адбываецца паступовае засяленне усёй тэрыторыі Беларусі, у выніку чаго тут сфарміравалася першае сталае (аўтахтоннае) насельніцтва. Тады ж з’яўляюцца і новыя сацыяльныя супольнасці. У пошуках дзічыны прадстаўнікі адной абшчыны часта разыходзіліся дробнымі групамі ў розныя бакі і сяліліся на новых месцах. На значнай тэрыторыі ўзнікалі паселішчы роднасных абшчын. Усе разам такія абшчыны складалі племя. Племя займала даволі вялікую тэрыторыю і абараняла яе ад суседзяў, перашкаджала пранікненню на свае землі іншых плямёнаў. У шлюб можна было ўступаць толькі з прадстаўнікамі свайго племені (эндагамія), разам з тым гэта не павінны былі быць прадстаўнікі аднаго роду (экзагамія).

Змены клімату паўплывалі на ўсе бакі жыццядзейнасці чалавека. У мезаліце паляванне стала індывідуальным. Для павелічэння яго эфектыўнасці людзі вынайшлі першае механічнае прыстасаванне – лук і стрэлы. З дапамогай гэтай новай зброі можна было паляваць на любую жывёлу і трапляць у яе на вялікай адлегласці. Важнейшым дасягненнем мезалітычнага чалавека было прыручэнне сабакі, які дапамагаў чалавеку на паляванні. Таксама ў мезаліце рэзка павялічылася роля рыбалоўства. Аб гэтым сведчыць з’яўленне першых лодак і спецыялізаваных прылад – гарпуноў, вудаў з касцянымі кручкамі, плеценых сетак. Важнымі заняткамі мезалітычнага чалавека былі збіральніцтва “дароў прыроды” (ягад, грыбоў, арэхаў, дзікай садавіны) і бортніцтва (збор мёду дзікіх пчол).

Заключным этапам каменнага веку стаў неаліт. У гэты час у самых спрыяльных рэгіёнах – Месапатаміі і Егіпце – людзі стварылі першыя дзяржавы. На Беларусі неаліт пачаўся са з’яўлення керамікі. Неалітычны посуд рабіўся з гліны, якую размочвалі і змешвалі з валакністымі расліннымі рэшткамі, пяском, здробненымі ракавінамі. Дзякуючы дамешкам, посуд не трэскаўся пры абпале і быў моцным. Гаршкі былі вастрадоннымі, іх ляпілі з шырокіх гліняных стужак. Акрамя таго, у неаліце на аснове пляцення ўзнікла прадзенне і ткацтва, быў вынайдзены просты па сваёй канструкцыі ткацкі станок.

Асноўным матэрыялам для вырабу пралад працы ў каменным веку быў камень. Часцей за ўсё выкарыстоўваўся моцны і найбольш прыдатны да апрацоўкі крэмень. Каб зрабіць прылады працы, былі патрэбны вялікія кавалкі крэменю, якія рэдка сустракаліся на паверхні, таму крэмень ў неаліце сталі здабываць шахтавым спосабам. На Беларусі крэмнездабываючыя шахты былі знойдзены ля сучаснага пасёлка Краснасельскі (Ваўкавыскі раён). Там першабытныя людзі пры дапамозе ручной капалкі (кайла) выкопваліся ямы глыбінёй ад 6 да 8 метраў, дзе і знаходзіліся радовішчы крэмню. Непадалёк ад шахтаў крэмень апрацоўваўся, а затым абменьваўся з суседнімі плямёнамі. Паказальна, што менавіта ў гэты час людзі навучыліся распілоўваць і шліфаваць крэмень.

У канцы неаліта на Беларусі з’явіліся земляробства і жывёлагадоўля, а гэта значыць пачалася неалітычная рэвалюцыя – пераход ад спажывецкай (прысвойваючай) да вытворчай гаспадаркі. Аднак, у поўнай меры гэты працэс завяршыўся на Беларусі толькі ў бронзавым веку ў сувязі з пранікненнем індаеўрапейцаў.

Жыццё першабытных людзей праходзіла ў жорсткай барацьбе за існаванне. Чалавеку не хапала ведаў, каб зразумець і растлумачыць навакольны свет. Многія з’явы і падзеі ўспрымаліся ім на аснове існуючага досведу і тлумачыліся завшнатуральна. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў з’яўленні такіх ранніх формаў рэлігіі, як, фетышызм, анімізм, магія і татэмізм. Фетышызмам прынята называць веру ў звышнатуральныя ахоўныя ўласцівасці неадушаўлённых прадметаў (амулетаў і абярэгаў). Яна дажыла да нашых дзён і фіксуецца ў многіх рэлігіях. У хрысціян, напрыклад, фетышызм знайшоў адлюстраванне ў веры ў ахоўныя ўласцівасці нацельнага крыжыка. Анімізмвера ў існаванне душ і духаў. Старажытныя людзі лічылі, што ва ўсім вакол іх існуе душа, таму нават забіваючы жывёлу заўсёды прасілі ў яе прабачэння і тлумачылі прычыны забойства, каб яе дух не помсціў паляўнічаму пасля смерці. Веру ў здольнасць чалавека звышнатуральным чынам праз выкананне якіх-небудзь дзеянняў (рытуалаў) уздзейнічаць на людзей, жывёл, расліны і іншыя з’явы прыроды, характэрную для першабытных людзей, прынята называць магіяй. Праз магічныя рытуалы першабытныя людзі спрабавалі забяспечыць поспех на паляванні, пазбавіцца ад хваробы, гарантаваць добрае здароўе і г.д.

Усё вышэйпералічаныя формы рэлігіі ў той ці іншай меры захоўваюцца і ў сучасных рэлігіях. Адзінай выключна старажытнай рэлігійнай формай выступае татэмізм. Назва яе паходзіць з мовы паўночнаамерыканскіх індзейцаў племені аджыбва і азначае “яго род”. Зараз пад татэмізмам прынята разумець веру ў паходжанне рода ці племені ад якога небудзь жывёльнага (зрэдку расліннага) продка. Гэтага жывёльнага продка і называлі татэмам. Сведчанні пра татэмных жывёл захаваліся ў абрадах, фальклоры, казках. Так, на аснове казак можна прыйсці да высновы, што нашыя продкі пакланяліся мядзведзю (свята Камаедзіца, сюжэты казак, якія змяшчаюць сляды старажытных міфаў пра чалавечы ахвярапрынашэнні), ваўку (легенды пра ваўкалакаў), вужу (змяінны культ быў распаўсюджаны яшчэ ў ХІХ ст., калі вужа лічылі духам, што ахоўвае сялянскую сядзібу).

Пра з’яўленне першабытных форм рэлігіі ў верхнім палеаліце сведчылі першыя пахаванні і раннія формы мастацтва, якія сведчылі пра фарміраванне ў чалавека абстрактыных уяўленняў і мыслення. Важнае месца ў жыцці першабытных людзей займаў пахавальны абрад, які быў звязаны з верай чалавека ў замагільнае жыццё і страхам перад смерцю. На Беларусі існавалі два асноўныя віды пахавання памерлых. Першы – трупапалажэнне (інгумацыя), калі цела змяшчалася ў неглыбокую яму, закопвалася ў грунт. Другі – трупаспаленне (крэмацыя), калі цела спальвалі на агні, які лічыўся свяшчэннай сілай. Апашні з’явіўся пазней і быў звязаны з пераходам да вытворчай гаспадаркі.

Разам са з’яўленнем рэлігійных уяўленняў чалавека ўзнікла і першабытнае мастацтва. Некаторыя вучоныя лічаць, што мастацтва ўзнікла з магічных абрадаў, якія былі звязаны найперш з паляваннем. Так, мужчыны перад паляваннем на зямлі малявалі выяву жывёлы, якую хацелі забіць, цэліліся ў яе і выконвалі вакол малюнка рытуальны танец, імітуючы ў ім рухі паляўнічага. Самыя раннія помнікі мастацтва ўзніклі яшчэ ў палеаліце. Шырока вядомыя на многіх палеалітычных стаянках Еўропы вырабленыя з косці фігуркі жанчын – палеалітычныя Венеры. Адна такая змайстраваная з біўня маманта статуэтка знойдзена ля беларускай мяжы на стаянцы Елісеевічы ў Бранскай вобласці (Расія). Статуэтка жанчыны – гэта выява мацярынскіх продкаў, сімвал адзінства і кроўнай сувязі членаў рода. Акрамя таго, ў каменным веку мастацтва на Беларусі было прадстаўлена аздабленнем прылад працы. Так, у Юравічах была знойдзена пласціна з біўня маманта, на якой каменным разцом нанесены арнамент, які нагадвае рыбную луску. У неалітычную эпоху змест мастацтва пашыраецца, а формы становяцца больш разнастайнымі. Мяркуючы па касцяных фігурках, у эпоху неаліта ўшаноўваліся лось, качка, чапля, змяя. У неаліце пашыраюцца выявы антрапаморфных істот. Такая выява знойдзена на адной пасудзіне з паселішча Юравічы – кампазіцыя “мужчына з качкай”. Калі ў мастацтве палеаліту антрапаморфныя выявы прысвечаны пераважна жанчынам, то ў неаліце сустракаюцца толькі мужчынскія выявы.