Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Мартынаў М.І. Філасофія.docx
Скачиваний:
11
Добавлен:
13.09.2019
Размер:
672.41 Кб
Скачать

5.6. Ідэя адзінства свету

С

Ідэя адзінства свету

5.6

вет бясконца разнастайны ў сваіх якас­ных і колькасных праявах. Існуе мноства роз­нага стану і структурных узроўняў рэальнасці, кожны з якіх, у сваю чаргу, характарызуецца спецыфічнымі прасторава-часавымі ўласці­васцямі, формамі руху. Свет немінучы як бяс­конца цэлы і ў той жа час у асобных сваіх частках і праявах зменлівы і мінучы. Ён рухаецца і развіваецца як па шля­ху станаўлення і ўскладнення сваёй структуры, так і па шляху разбурэння і  дэградацыі, што пастаянна змяняе яго колькасныя і якасныя характа­рыстыкі.

З аднаго боку, свет у сваёй разнастайнасці неаднародны, а з другога– уяўляе сабой нейкае ўніверсальнае цэласнае, утвараючы неразрыўнае адзінства ўсіх сваіх састаўных частак.

Праблема адзінства свету з’яўляецца адной са старажытных праблем у філасофіі. Вырашэнне ўказанай праблемы непасрэдна залежыць ад зыходнай светапогляднай пазіцыі, на якой стаіць той ці іншы філосаф. У ідэалістычным кірунку магчымы розныя пазіцыі, як тыя, што сцвяр­джаюць адзінства свету на аснове яго быцця ці сусветнай духоўнасці (ідэалістычны манізм), так і тыя, што адмаўляюць такое адзінства. Прыхі­льнікі матэрыялістычнага манізму імкнуцца растлумачыць адзінства свету, зыходзячы з яго самога, лічачы яго самадастатковым, ні ў кім і ні ў чым не маючы патрэбы для падтрымання свайго быцця, які з самога сябе спара­джае ўсю разнастайнасць існага. Яны прызнаюць у якасці доказу толькі рацыянальнае абгрунтаванне і адпаведны яму вопыт і абапіраюцца ў гэ­тым на грамадскую практыку і навуку, прырода якой асабліва рацыя­нальная.

Пачынаючы з XVIII стагоддзя, калі навука канчаткова аформілася ў самастойную сферу чалавечай дзейнасці, з’явілася магчымасць з яе дапамогай больш аргументавана адстойваць адзінства свету, не прыбя­гаючы да сіл з таго свету. Тэорыя Канта–Лапласа, якая тлумачыла нату­ральнае паходжанне планет з першапачатковай туманнасці, дала пад­ставу казаць пра адзінства касмічных цел Сонечнай сістэмы. Закон заха­вання і ператварэння энергіі паказаў, што ўсе сілы, якія дзейнічаюць у прыродзе, з’яўляюцца рознымі формамі праяўлення ўніверсальнага руху. Тэорыя клетачнай будовы жывых арганізмаў дазволіла структурна аб’яднаць усё жывое. Перыядычны закон Д. І. Мендзялеева звязаў у адно ўсе хімічныя элементы, а тэорыя паходжання відаў Ч. Дарвіна не толькі патлумачыла адзінства разнастайнасці ўсяго жывога, але і прыадчыніла магчымасці для разумення прыроды ідэальнай свядомасці як неразрыўна звязанай з жывым рэчывам. Гэта тэорыя характарызуецца пераходам ад вывучэння асобных рэчаў да вывучэння працэсаў і стану, ад раз’яднання прыроды да аб’яднання яе ў адзіную сістэму, што дазволіла затым лепш зразумець генезіс чалавека і яго свядомасці, вызначыць іх рэальнае месца ў свеце і, ў канчатковым выніку, паказаць адзінства чалавека і прыроды.

Стварэнне тэорыі адноснасці і квантавай механікі ў ХХ стагоддзі істотна пашырыла і ўмацавала разуменне таго, што свет адзіны і што ўсё з усім узаемазвязана. Са з’яўленнем у другой палове ХХ ст. магутных паскаральнікаў сучасная навука яшчэ больш прасунулася ў вывучэнні мікрасвету і сумела даказаць адзінства поля і рэчыва, корпускулярных і хвалевых матэрыяльных аб’ектаў, абгрунтавала непарыўнае адзінства матэрыі, руху, прасторы і часу. З пункту гледжання сучаснай тэарэтычнай фізікі свет адзіны, таму што на самым элементарным узроўні гэта не што іншае, як элементарныя часціцы і фундаментальныя ўзаемадзеянні.

Акрамя прыродазнаўчых доказаў ідэя адзінства свету мае патрэбу таксама і ў гістарычным абгрунтаванні, чаго нельга зрабіць без філасофіі, якая разглядае ўвесь свет у выглядзе цэласнай сістэмы, выяўляе адзінства ў разнастайнасці і разнастайнасць у адзінстве.