Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Мартынаў М.І. Філасофія.docx
Скачиваний:
11
Добавлен:
13.09.2019
Размер:
672.41 Кб
Скачать

5.5. Прастора і час як формы быцця матэрыі

В

Прастора і час як формы быцця матэрыі

5.5

ажнейшымі формамі быцця матэры­яльнай складаючай рэальнасці выступаюць прастора і час. Прастора – усеагульная форма быцця матэрыі, яе важнейшы атры­бут, які характарызуе працягласць матэрыі, яе структурнасць, суіснаванне і ўзаема­дзеянне элементаў ва ўсіх матэрыяльных сістэмах. Час – форма быцця матэрыі, якая выражае працягласць яе існавання, пасля­доўнасць змены стану ў змяненні і развіцці ўсіх матэрыяльных сістэм.

Катэгорыі прасторы і часу выступаюць як гранічна агульныя абстрак­цыі, у якіх ахопліваецца структурная арганізаванасць і зменлівасць быцця. Прастора і час – гэта формы быцця матэрыі. Форма з’яўляецца ўнутранай арганізацыяй зместу, і калі ў якасці зместу выступае матэрыяльный суб­страт, то прастора і час з’яўляюцца формамі, якія яго арганізуюць. Матэрыя не існуе па-за гэтымі формамі, але самі прастора і час таксама не існуюць у адрыве ад матэрыі. Аддзяленне іх ад матэрыяльнага свету магчыма толькі ў працэсе абстрагавання.

У гісторыі філасофіі склаліся дзве канцэпцыі, якія адкрываюць сут­насць прасторы і часу: субстанцыйная і рэляцыйная. Заснавальнікі суб­станцыянальнай канцэпцыі – Дэмакрыт (па праблеме прасторы) і Платон (у поглядах на час) – тлумачылі прастору і час як самастойныя сутнасці, не залежныя ані ад матэрыі,ані адзін ад аднаго. Дэмакрыт увёў уяўленне аб рэальным існаванні пустаты як умяшчальнасці сукупнасці атамаў. Без пустаты, на яго думку, атамы пазбаўлены такой магчымасці. Прастора, паводле вучэння Дэмакрыта, Эпікура і Лукрэцыя, аб’ектыўная, аднарод­ная, бясконцая. Яна ёсць умяшчальнасцю сукупнасці атамаў. Час атаясам­ліваецца з вечнасцю – гэта чыстая працягласць, раўнамерна бягучая ад мінулага да будучага, яна ёсць умяшчальнасць падзей.

Процілеглае Дэмакрыту разуменне прасторы было сфармулявана Арыстоцелем. Яго погляды склалі сутнасць рэляцыйнай канцэпцыі. Арыс­тоцель адмаўляе існаванне пустаты як такой. Паводле Арыстоцеля, прас­тора неаднародная і, вядома, яна ёсць сістэма натуральных месцаў, зай­маемых матэрыяльнымі целамі. Арыстоцель сцвярджаў, што як у руху, так і ў часе заўсёды ёсць некаторае «перш» і некаторае адрознае ад яго «пасля». Менавіта з прычыны руху мы распазнаём розныя, не супадаючыя адно з адным «цяпер». Час аказваецца ні чым іншым, як паслядоўнасцю гэтых «цяпер», іх зменай, пералічэннем, лічэннем, лікам руху ў сувязі папярэдняга і наступнага.

Гэтыя дзве тэндэнцыі ў тлумачэнні прасторы і часу ці як самастойных, аб’ектыўных і не залежных ад рэчавага напаўнення пачаткаў быцця, ці як неад’емных унутраных аспектаў матэрыі ў руху атрымалі развіццё ў далейшым. Першая субстанцыянальная канцэпцыя праіснавала больш двух тысячагоддзяў, крыху падвяргаючыся нейкім мадэрнізацыям і змя­ненням. Разуменне І. Ньютанам прасторы як нерухомай, бесперапыннай, аднароднай трохмернай умяшчальнасці матэрыі супала, па сутнасці, з ра­зуменнем яго Дэмакрытам. Час, паводле Ньютона, – гэта аднародная, раў­намерная, вечная і нязменная «чыстая» працягласць. У класічнай меха­ніцы Ньютана прастора і час – гэта аб’ектыўныя дадзенасці, якія ўсё ў сябе змяшчаюць і ні ад чаго не залежаць.

Уяўленні, аналагічныя поглядам Арыстоцеля на прастору і час, раз­вівалі ў Новы час Г. Лейбніц і Р. Дэкарт. Па іх сцверджаннях, не існуе ні аднароднай пустаты, ні чыстай працягласці як самастойных і незалежных пачаткаў быцця. Прастора разумелася імі як парадак узаемаразмяшчэння цел, а час – як парадак паслядоўнасці змяняючых адна адну падзей. Працягласць аб’ектаў і працягласць працэсаў, паводле Лейбніца і Дэкарта, не з’яўляюцца першаснымі ўласцівасцямі, яны абумоўлены сіламі прыця­жэння і адштурхоўвання, унутранымі і знешнімі ўзаемадзеяннямі, рухам і змяненнем.

На працягу XVIII–XIX стст. субстанцыянальная канцэпцыя – канцэп­цыя абсалютнай прасторы і часу – стала вядучай як у філасофіі, так і ў прыродазнаўстве. Па сваёй сутнасці гэта канцэпцыя была метафізічнай, таму што разрывала сувязь матэрыі ў руху, прасторы і часу. Выходзіла, што магла існаваць чыстая прастора па-за матэрыяй і час, абсалютна не звязаны з матэрыяльнымі працэсамі. Прастора і час выступалі як пустыя ўмяшчальнасці рэчаў і падзей. Супраць гэтых сцверджанняў энергічна выступіў Г. Гегель, які меркаваў, што чыстых прасторы і часу не існуе, ёсць толькі «напоўненая прастора», а час ёсць станаўленне, узнікненне і прахо­джанне ўсіх прадметаў, працэсаў і з’яў.

Прыродазнаўчыя аргументы, якія адмаўляюць метафізічныя ўяўленні аб прыродзе прасторы і часу, сталі складвацца толькі ў канцы XIX ст. з узнікненнем у фізіцы электрамагнітнай тэорыі. Яе развіццё прывяло да неабходнасці адмаўлення уяўленняў аб пустой прасторы. Першапачат­кова яго замянілі эфірам, які выконваў ролю прадстаўніка «ўсюды запоў­ненай», але ўсё ж абсалютнай і ні ад чаго не залежнай прасторы. Пазней гэтыя ўяўленні таксама былі адкінуты.

Аднак субстанцыянальная і рэляцыйная канцэпцыі, як і ўяўленні аб прасторы і часе, у рамках аб’ектыўнага ідэалізму Гегеля не ставілі пад сумненне аб’ектыўнасць існавання прасторы і часу. З пункту гледжання прадстаўнікоў суб’ектыўна-ідэалістычнай лініі ў філасофіі, прастора і час – гэта спосаб размяшчэння ўражанняў, а гэта значыць, што яны маюць псіхалагічны выток свайго паходжання. І. Кант тлумачыць прастору і час як формы чалавечай пачуццёвасці, г. зн. формы сузірання, згодна з якімі менавіта суб’ект, які пазнае, арганізуе дадзены яму свет у пэўны прасторава-часовы вобраз. Для Дж. Берклі і Э. Маха прастора і час – гэта формы спарадкаваных радоў адчуванняў. Англійскі махіст К. Пірсан сцвяр­джаў, што прастора і час не маюць рэальнага існавання, а з’яўляюцца ўсяго толькі суб’ектыўным спосабам успрыняцця рэчы; прастора – гэта парадак ці катэгорыя ўспрыняцця прадметаў, а час – гэта катэгорыя ўспрыняцця падзей. Рускі вучоны А. Багданаў лічыў прастору і час прадуктамі арганізуючай і гарманізуючай чалавечай думкі.

Метафізічная субстанцыянальная канцэпцыя прасторы і часу была пераадолена ў ходзе развіцця навукі ў XIX–XX стст. М. Лабачэўскі, Г. Рыман выказалі меркаванне аб існаванні такіх уласцівасцяў прасторы і часу, якія не апісваюцца эўклідавай геаметрыяй. У спецыяльнай тэорыі ад­носнасці А. Эйнштэйна было ўстаноўлена, што геаметрычныя ўласцівасці прасторы і часу залежаць ад размеркавання ў іх гравітацыйных мас. Паблізу цяжкіх аб’ектаў геаметрычныя ўласцівасці прасторы і часу пачы­наюць адхіляцца ад эўклідавых, а тэмп бегу часу запавольваецца. Агульная тэрыя адноснасці Эйнштэйна паказала залежнасць прасторава-часавых уласцівасцей ад руху і ўзаемадзеяння матэрыяльных сістэм.

У гісторыі філасофіі і чалавечай культуры склаліся таксама дзве ас­ноўныя канцэпцыі асэнсавання парадку і кірунку часу: дынамічная і ста­тычная. Дынамічная канцэпцыя часу ўзыходзіць да сцверджанне Гераклі­та: «Усё цячэ, усё змяняецца». Яна прызнае аб’ектыўную рэальнасць часавых працэсаў наогул і бегу часу ў прыватнасці. З пункту гледжання гэтай канцэпцыі, сапраўдным быццём валодаюць толькі падзеі цяпераш­няга. Мінулае існуе ва ўспамінах, падзеі будучага – невядома, ці будуць яшчэ існаваць. Толькі ў момант цяперашняга магчымыя падзеі на аснове мінулых прычын прыходзяць у рэальнае быццё, затым яны адыходзяць у мінулае, пакідаючы толькі след у цяперашнім.

Арыстоцель сфармуляваў парадокс часу, які затым быў дапоўнены Аўгустынам Блажэнным. Паводле сцверджання Арыстоцеля, мінулае не існуе ужо, будучае не існуе яшчэ, значыць, актуальна існуе толькі цяпе­рашняе. Калі дапусціць, што само цяперашняе сцягваецца ў пазбаўленае працягласці імгненне, то згодна з Аўгустынам, цяперашняе таксама не існуе. Такім чынам, аказваецца, што час наогул не валодае рэальнасцю.

Другая канцэпцыя – статычная – не адмаўляючы наяўнасці аб’ек­тыўных часавых працэсаў, адмаўляе раздзяленне часу на мінулае, цяпе­рашняе і будучае. У ёй прызнаюцца аб’ектыўнымі часавыя адносіны «раней – пазней».

Асноўнымі ўласцівасцямі прасторы і часу з’яўляюцца бясконцасць і невычарпальнасць прасторы і часу, трохмернасць прасторы, аднаскіра­ванасць і незваротнасць часу. Усеагульнасць прасторы і часу азначае, што яны існуюць, пранізваючы ўсе структуры ўніверсума. Выдзяляюцца спецыфічныя праявы прасторы і часу як у мікрасвеце, макрасвеце і мега­свеце, так і ў жывой і сацыяльна арганізаванай матэрыі. Спецыяльна аналізуюцца біялагічны час, псіхалагічны час, сацыяльная прастора і час. Аб’ектыўнасць прасторы і часу азначае, што яны існуюць, пранізваючы ўсе структуры універсума, незалежна ад магчымасці іх успрыняцця ці адсут­насці такой магчымасці.

Сваю спецыфіку мае і сацыяльны час, які, у адрозненне ад біяла­гічнага і планетарна-касмічнага, працякае нераўнамерна. Пачаўшы свой адлік на зары станаўлення чалавецтва, ён на працягу тысячагоддзяў зна­ходзіўся ў мала прыкметных змененнях і толькі з першымі адчувальнымі прыкметамі навукова-тэхнічнага прагрэсу ў XVII–XVIII стст. стаў прыкметна набіраць свае абароты. У ХХ ст. навукова-тэхнічная рэвалюцыя «спрэса­вала» сацыяльную прастору і неймаверна паскорыла бег часу, надаўшы ўзрыўны характар развіццю грамадска-эканамічных працэсаў. Планета стала маленькай і цеснай для чалавецтва як адзінага цэлага, а час пера­мяшчэння з аднаго яе канца ў другі цяпер вымяраецца гадзінамі, што было неймаверна яшчэ ў мінулым стагоддзі (сціснутасць сацыяльнага часу).

У складанай структуры сацыяльнага часу выдзяляецца часавая кам­панента індывідуальнага быцця канкрэтных людзей, сацыяльных калек­тываў, асобных згуртаванняў, нацый, дзяржаў, усяго чалавецтва. Час і тэмпы жыцця кожнага з іх розныя і маюць сваю спецыфіку.