Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Асвета. Кнігадрукаванне

У сярэдзіне XVIII ст. сацыяльна-эканамічнае ажыўленне і ўзнікненне першых элементаў капіталістычнага ўкладу выклікалі пэўны ўздым навуковага, культурнага і ідэалагічнага жыцця. Пачынаецца складаны працэс фарміравання буржуазнага светапогляду. Пераходны характар перыяду абумовіў супярэчлівасць і непаслядоўнасць філасофскіх і грамадска-палітычных вучэнняў.

У 50–60-я гады XVIII ст. грамадска-палітычная і філасофская думка пачала выходзіць з доўгага заняпаду. Паступова адбываецца секулярызацыя грамадскага мыслення. Сярэдневяковая схаластыка і абскурантызм часоў контррэфармацыі саступаюць месца рацыяналізму, культу розуму.

У другой палове XVIII ст. у Беларусі з'яўляецца цэлая плеяда філосафаў, вучоных, даследчыкаў прыроды, якія падзялялі ідэі Асветніцтва, з рацыяналістычных пазіцый выступалі супраць рэлігійнага абскурантызму, шляхецкай анархіі, за асабістую свабоду сялян, за грамадскія рэформы, яны даказвалі штучнасць прыгоннага права, яго эканамічную няздольнасць.

Асновай з'яўлення і шырокага распаўсюджвання асветніцкай думкі з'яўляецца нараджэнне новых, буржуазных грамадскіх адносін. Але паколькі гэтыя адносіны былі слаба развітыя, паколькі ў ролі трэцяга саслоўя ў Беларусі выступала пераважна дробная шляхта, светапогляд ранніх асветнікаў Беларусі не адрозніваўся паслядоўнасцю. Лічылася, што выправіць становішча рэчаў можна шляхам паступовых рэформаў, а для гэтага дастаткова змяніць думкі людзей, выхаваць у чалавеку высокія грамадзянскія пачуцці.

Радыкальная думка Беларусі складвалася пад уплывам польскай, заходнееўрапейскай і рускай асветніцкай думкі.

Сярод найбольш відных прадстаўнікоў асветніцкай думкі Беларусі таго часу можна ўспомніць К. Нарбута, Б. Дабшэвіча, М. Пачобута-Адляніцкага, М. Карповіча, Я. Храптовіча, А. Доўгірда, С. Юндзіла, В. Яблонскага, I. Яленскага. Дзякуючы ім на змену контррэфармацыйнай схаластыцы прыйшоў рэлігійны скептыцызм. У сваіх працах яны шырока абапіраліся на здабыткі прыродазнаўчых навук, дасягненні славянскай і заходнееўрапейскай рацыяналістычнай філасофіі.

Адным з першых выступіў супраць схаластыкі ўраджэнец Лідчыны Казімір Нарбут. У сваіх працах ён сцвярджаў, што філасофія павінна служыць грамадству, прагрэсу краіны. У Беларусі ў Нарбута было шмат аднадумцаў, вучняў і паслядоўнікаў.

Вялікі ўклад у развіццё філасофіі ўнеслі Бенядзікт Дабшэвіч і Анёл Доўгірд. Яны выкладалі ў розных школах Беларусі, а потым сталі прафесарамі Віленскага універсітэта. Абодва займаліся пытаннямі логікі, этыкі і псіхалогіі, крытыкавалі суб'ектыўны ідэалізм і ў той самы час перабольшвалі значэнне ведаў у развіцці грамадства.

Еўрапейскую папулярнасць здабыў сваімі працамі Саламон Маймон. Ён нарадзіўся каля Нясвіжа, доўгі час жыў у Беларусі, ведаў беларускую мову. Потым пераехаў у Берлін, дзе напісаў шэраг прац на лацінскай і нямецкай мовах. У іх Маймон выступіў як адзін з першых каментатараў і крытыкаў I. Канта. Наш зямляк быў добра знаёмы з I. Гётэ і Ф. Шылерам, якія высока цанілі яго і станоўча характарызавалі ў сваіх лістах.

Шырока вядомым ў Еўропе было таксама імя ўраджэнца Гарадзеншчыны Марціна Пачобута-Адляніцкага. За заслугі ў галіне прыродазнаўства ён выбіраўся членам-карэспандэнтам Парыжскай акадэміі навук і Лонданскага астранамічнага таварыства. Жыццё Пачобута-Адляніцкага цесна звязана з Беларуссю. Ён выкладаў матэматыку і астраномію ў Полацку, рабіў астранамічныя вымярэнні ў Навагародку. У 1780–1799 гг. быў рэктарам Віленскай галоўнай школы, дзе правёў шэраг карэнных рэформаў. У асобе Пачобута-Адляніцкага спалучаўря вучоны і паэт. Назіраючы за нябеснымі целамі, ён апісваў іх не толькі ў навуковых трактатах, але і ў класічных одах на польскай і лацінскай мовах.

Погляды Пачобута-Адляніцкага падзялялі яго сучаснікі і паплечнікі – ураджэнец Лідчыны Станіслаў Юндзіл і гарадзенскі медык Валянцін Яблонскі. Першы з іх нейкі час кіраваў піярскай школай у Шчучыне, заснаваў там батанічны сад, а потым, стаўшы прафесарам Віленскага універсітэта, апісаў раслінны свет Беларусі і Літвы. Асоба Яблонскага цікавая для нас тым, што ён прапагандаваў свае радыкальныя погляды сярод сялян, заклікаў іх не выконваць феадальныя абавязкі, не плаціць падаткаў. Гарадзенскага вальнадумца абвінавачвалі ў тым, што ён раз'язджаў па вёсках, каб узняць народ на паўстанне.

Ідэю аб "натуральнай" роўнасці ўсіх людзей, буржуазную па сваёй сутнасці, пашыралі ў Беларусі ўраджэнец Камянца Міхаіл Карповіч, жыхар Шчорсаў на Навагародчыне Яўхім Храптовіч, пасол ад Лідскага павета Юзаф Нарбут, мінчанін Сцяпан Быкоўскі, мсціслаўскі ваявода Францішак Хамінскі і інш. У іх навуковых трактатах, соймавых прамовах і касцёльных казаннях, якія выдаваліся асобнымі брашурамі на польскай мове, ёсць завуаліраваныя і нават прамыя выпады супраць прыгонніцтва, заклікі даць сялянам асабістую свабоду, правесці рэформы.

Адным з найбольш актыўных і паслядоўных прыхільнікаў рэформаў у Беларусі быў падканцлер (з 1793 г. канцлер) Вялікага княства Літоўскага Яўхім Храптовіч (1729–1812). Ён лічыў дзейнасць земляроба асновай грамадскага быцця. Селянін, на яго думку, павінен быць пісьменным, асабіста незалежным, зацікаўленым у выніках працы. Свае тэарэтычныя разважанні, выкладзеныя ў "Інструкцыі" 1790 г. і ў шэрагу артыкулаў, Храптовіч імкнуўся рэалізаваць на практыцы. У яго маёнтках Шчорсы і Вішнева сяляне былі пераведзены на чынш, вучыліся ў школах. Шырокую вядомасць набыла бібліятэка Храптовічаў, у якой было каля 10 тыс. кніг, у тым ліку шмат беларускіх старадрукаў, а таксама мастацкія калекцыі. Пяру шчорсаўскага асветніка належаць не толькі філасофскія і эканамічныя трактаты, але і артыкулы па эстэтыцы, вершы на польскай, лацінскай і беларускай мовах. У канцы 80-х гадоў Храптовіч быў кіраўніком Адукацыйнай камісіі ВКЛ, склікаў з'езды настаўнікаў, інспектаваў работу школ. Шматбаковая дзейнасць Храптовіча была высока ацэнена дзеячамі Французскай рэвалюцыі. А. Мірабо пісаў пра яго: "Я не ведаў лепшага эканаміста ў галіне практыкі як па сумленнасці свайго розуму, так і па дабраце сэрца".

Яркім прадстаўніком асветніцкай думкі Беларусі таго часу з'яўляецца шляхціч Мазырскага павета Іосіф Яленскі. За ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Касцюшкі ён быў у 1794 г. арыштаваны і сасланы ў Салавецкі манастыр, дзе і скончыў у 1813 г. свой жыццёвы шлях. У польскіх і рускіх рукапісных творах Яленскага гучалі ідэі адмены прыгоннага права і саслоўных прывілеяў дваранства, роўнасці усіх грамадзян незалежна ад веравызнання. Спадчына Яленскага з'яўляецца выдатным помнікам перадавой думкі Беларусі XVIII ст. У ёй адлюстравалася шляхецкая рэвалюцыйнасць невядомага доўгі час аўтара, чые погляды былі блізкімі да поглядаў А. Радзішчава. Яленскі адным з першых загаварыў пра неабходнасць знішчэння дваранства, аб'яднання рэвалюцыйных сіл рускага, польскага і беларускага народаў. Найбольш ярка і вобразна напісаны публіцыстычны твор Яленскага "Добрая вестка да Ізраіля Расійскага".

Вялікія заслугі ў распаўсюджванні натуральных ведаў у Беларусі належаць французскаму асветніку Жану Эмануэлю Жыліберу. Ён заснаваў Гарадзенскую медыцынскую школу (акадэмію), якая стала першай вышэйшай медыцынскай навучальнай установай на Беларусі, а пры ёй "анатамічны тэатр", музей гісторыі прыроды, батанічны сад і бібліятэку з працамі французскіх энцыклапедыстаў. З дапамогай сваіх вучняў Жылібер арганізаваў шэраг навуковых экспедыцый па Беларусі, апісаў мясцовую флору ў даследаваннях, выдадзеных у Гародні і Вільні.

Буйным прадстаўніком філасофскай і грамадска-палітычнай думкі быў Георгій Каніскі. На працягу 40 год (1755–1795) яго дзейнасць і літаратурная творчасць былі звязаны з Беларуссю. Каніскі з'яўляўся прыхільнікам Арыстоцеля і логікаў эпохі Адраджэння. У сваіх творах ён даказвае існаванне Бога як канечнай прычыны ўсяго існуючага, лічыць, што матэрыяльны свет складаецца з формы і матэрыі і г.д. Разам з тым у яго заўважаецца адыход ад схаластычнай артадоксіі: ён спадзяецца на розум больш, чым на веру. Каніскі выказвае ўпэўненасць у здольнасці людзей пазнаваць навакольны свет, з павагай гаворыць пра тэорыю Каперніка, выказвае думкі аб незнішчальнасці розных формаў матэрыі, іх узаемаператварэннях. I хоць ён станоўча ставіцца да прыродазнаўчых навук, аднак як духоўная асоба (епіскап магілёўскі) рашуча выступае супраць атэістычных вывадаў. Дзейнасць епіскапа была надзвычай супярэчлівая. Ён займаўся праваабарончай дзейнасцю – змагаўся за захаванне і адраджэнне праваслаўя на Беларусі. У 1765 г. выступіў перад каралём Рэчы Паспалітай у абарону правоў дысідэнтаў. Прамова набыла шырокую вядомасць у Еўропе, была перакладзена на многія мовы як узор абароны верацярпімасці. Не атрымаўшы разумення з боку ўлад Рэчы Паспалітай, Г. Каніскі звяртаўся з просьбамі аб дапамозе праваслаўным да расійскіх імператрыц Лізаветы і Кацярыны II. Ён супрацьпастаўляў бязладдзю Рэчы Паспалітай палітыку рэформ у Расіі, распачатых Пятром I і ўвогуле ідэалізаваў працэсы, якія адбываліся ў Расіі. Ён выяўляў і абараняў інтарэсы Расійскай імперыі, у межах якой нарадзіўся і выхоўваўся. Актыўна ўдзельнічаў у Слуцкай канфедэрацыі ў 1767 г., якая праходзіла пры падтрымцы Расіі. Каніскі адкрыў у Магілёве друкарню, духоўную семінарыю, сабраў шмат дакументаў і пакінуў шэраг твораў па гісторыі праваслаўнай царквы, з'явіўся стваральнікам Мінскай епархіі. У 1793 г. Г. Каніскі быў абраны ў Сінод, а праз 200 гадоў кананізаваны.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]