Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Летапiсы, гiсторыка-мемуарная і палiтычная лiтаратура

У XVI – першай палове XVII ст. на беларускiх землях працягвалася стварэнне летапiсаў. Ва ўмовах узмоцненай цiкавасцi да мiнулага, выклiканай фармiраваннем нацыянальнай самасвя­до­мас­цi, уплывам iдэй Адраджэння, была зроблена спроба стварыць новую гiсторыю Лiтвы i Русi.

Арыгiнальным помнiкам гiстарыяграфii i грамадска-палi­тыч­най думкi Вялiкага княства Лiтоўскага першай паловы XVI ст. з'яўляецца "Хронiка Вялiкага княства Лiтоўскага i Жамойцкага", створаная ў асяроддзi патрыятычна настроенай лiтоўскай знацi. У яе аснову пакладзена легенда аб паходжаннi старажытных лiтоўцаў ад рымлян. Летапiсец падае велiчную, iдэа­лiза­ваную i не пазбаўленую фактычных памылак i недакладнасцяў гiсторыю Лiтвы. Выдатным помнiкам агульнадзяржаўнага лета­пiсання ВКЛ з'яўляецца "Хронiка Быхаўца", заснаваная на матэрыялах папярэднiх беларускiх летапiсаў i хронiк. Сваю назву яна атрымала ад iмя беларускага пана А. Быхаўца, уладальнiка адзi­нага рукапiснага экземпляра гэтага летапiсу. У XIX ст. рукапiс быў згублены, але тэкст твора захаваўся дзякуючы гiсторыку Тэадору Нарбуту, якi надрукаваў яго ў 1846 г. У навуцы няма адзiнай думкi наконт часу i месца стварэння "Хронiкi Быхаўца". Iмкну­чыся стварыць максiмальна поўную гераiзаваную гiсторыю Вялi­кага княства Лiтоўскага, невядомы аўтар (аўтары) стварыў этапны твор у гiсторыi агульнадзяржаўнага летапiсання, якое згасла разам са стратай у другой палове XVI ст.

У гiсторыi беларускай лiтаратуры другой паловы XVI – першай паловы XVII ст. важнае месца займаюць гiсторыка-мемуарная лiтаратура i творы палiтычнай сатыры. На змену цяжкавагавай мове пiсьменнiкаў-палемiстаў прыйшла лёгкая i ясная, вобразная мова пiсьменнiкаў-мемуарыстаў i сатырыкаў. Славесная творчасць прыкметна пачала наблiжацца да жыцця, рабiлася неад'емным духоўным спажыткам пiсьменнага грамадства.

Узорам эпiсталярнай творчасцi другой паловы XVI ст. з'яўляюцца лiсты аршанскага старасты Фiлона Сямёнавiча Кмiты-Чарнабыльскага да членаў каралеўскай Pады Вялiкага княства Лiтоў­скага за 1573–1574 гг. Гэта былi сакрэтныя службовыя данясеннi аб стане спраў у Маскоўскай дзяржаве i памежных раёнах Вялi­кага княства Лiтоўскага. "Лiсты" Ф. Кмiты да сённяшняга дня заха­валi не толькi гiстарычна-пазнавальную каштоўнасць, але i чыста лiтаратурную цiкавасць. Гэта своеасаблiвы лiтаратурна-мастацкi помнiк канца XVI ст.

Насычанае падзеямi грамадска-палiтычнае жыццё Беларусi другой паловы XVI – першай паловы XVII ст. заахвочвала яго ўдзель­нiкаў i сведкаў брацца за пяро i расказваць пра перажытае, убачанае, пачутае сваiм сучаснiкам. Самым раннiм з вядомых у сучасны момант мемуарных помнiкаў з'яўляецца "Дзённiк", цi "Гiстарычныя запiскi" Фёдара Еўлашоўскага, напiсаныя на беларускай мове ў 1603–1604 гг. У iх аснову, вiдаць, пакладзены дзённiкавыя запiсы аўтара за папярэднiя 40 гадоў. У дзённiку знайшлi адлюстраванне падзеi таго часу, дарожныя прыгоды аўтара, урачыстыя прыёмы паслоў i замежных гасцей, маравыя пошасцi i пажары, пададзены малюнкi жыцця беларускай i польскай шляхты, яе паводзiн, звычаяў, настрояў i падзеi сямейнага жыцця Еўлашоўскага. Мемуары пра сваё жыццё пакiнуў таксама беларускi шляхцiч Ян Цадроўскi.

Адным з цiкавых лiтаратурных помнiкаў канца XVI – пачатку XVII ст. з'яўляецца "Баркулабаўская хронiка", напiсаная невядомым жыхаром в. Баркулабава (цяпер Быхаўскi раён), якi добра ведаў быт i норавы простых людзей, iх думкi i настроi. Чалавек адукаваны i шчыры, ён iмкнуўся быць аб'ектыўным i праў­дзiвым летапiсцам. Гэтыя якасцi робяць хронiку цiкавым дакументам i добрым узорам мемуарнай лiтаратурнай творчасцi той эпохi. Яе аўтар па праву называецца выдатным пiсьменнiкам свайго часу, а "Баркулабаўская хронiка" – важнейшым пом­нiкам беларускай нацыянальнай культуры.

Цiкавымi лiта­ра­турнымi здабыткамi XVII ст. з'яўляюцца "Прамова Мялешкi" i "Лiст да Абуховiча". "Прамова Мялешкi", як мяркуюць даследчыкi, была напiсана памiж 1622 i 1632 гг. i ўяўляе сабой блiскучую сатырычную пародыю на парламенцкае выступленне, пародыю, у якой яскрава паказаны сумныя вынiкi згубнай паланiзатарскай палiтыкi Польшчы на Беларусi i Украiне, мараль i сапсаваныя норавы разбэшчаных раскошай i чужаземнымi ўплывамi прывiлеяваных слаёў беларускай i ўкраiнскай шляхты. Невядомы пiсьменнiк вуснамi дэпутата Варшаўскага сойма 1589 г., смаленскага кашталяна Iвана Мялешкi абвiнавачвае самога караля ў марнатраўстве i патураннi марнатраўцам. Само iмя I. Мялешкi – творчая выдумка пiсьменнiка.

Палiтычны памфлет iст да Абуховiча" (1655) высмейвае грамадска-палiтычную дзейнасць смаленскага ваяводы Пiлiпа Казi­мiра Абуховiча (рэальная гiстарычная асоба), якi здаў Смаленск маскоўскаму цару. Аўтар пiсьма (яго iмя невядома) дакарае свайго адрасата за здраду, крытыкуе тагачаснае дзяржаўнае ўпарадкаванне.

Названыя творы палiтычнай сатыры былi шырока папулярнымi, бытавалi ў шматлiкiх спiсках-копiях i вуснай перадачы.

На другую палову XVI ст. прыпадае лiтаратурная дзейнасць паэта-гiмнатворца Андрэя Рымшы. Ён жыў у Вiльнi, у 1585–1591 гг. напiсаў дыфiрамбiчныя вершы, прысвечаныя "знакамітым асобам": Астафію Валовiчу, Льву Сапегу, Фёдару Скумiну. У канцы XVI – пачатку XVII ст. тварылi Ян Радван, Гальяш Пельгрымоўскi. Iх паэтычныя творы ("Дэкатэрас" А. Рымшы, "Радзiвiлiяда" Я. Радвана i "Пасольства да вялiкага князя Маскоўскага" Г. Пельгрымоўскага) былi вядомыя ў тагачаснай Еўропе.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]