Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Асноўныя этапы юрыдычнага афармлення прыгоннага права

Першым заканадаўчым актам, які абмяжоўваў свабоду сялян у Вялікім княстве Літоўскім, стаў прывілей Казіміра Ягелончыка 1447 г. У ім вялікі князь браў на сябе абавязацельствы не прымаць у сваё валоданне сялян памешчыцкіх гаспадарак і, у сваю чаргу, абавязваў князёў, паноў і шляхту прытрымлівацца гэтага правіла ў адносінах да вялікакняжацкіх сялян.

Наступным этапам у афармленні прыгоннага права ў Вялікім княстве Літоўскім быў Судзебнік Казіміра Ягелончыка 1468 г. У гэтым дакуменце ў якасці юрыдычнага абгрунтавання прымацавання сялян да зямлі выстаўляўся прынцып земскай даўнасці. Вялікі князь і іншыя феадалы сталі прытрымлівацца правіла, што сяляне, якія пражылі на іх землях на працягу аднаго ці болын пакаленняў, становяцца старажыламі і не могуць пакідаць свайго надзела, г. зн. становяцца непахожымі.

У першую чаргу гэта датычылася тых, хто атрымаў зямельны надзел па спадчыне, ад бацькі да сына, і валодаў ім не менш за 50 гадоў. Праз некаторы час тэрмін земскай даўнасці, ці старажыльства, быў скарочаны. Паводле I Статута ВКЛ 1529 г. старажыльства вызначалася ўжо дзесяцігадовай земскай даўнасцю валодання сялянскім надзелам без асобых гарантый свабоднага выхаду. Калі селянін атрымліваў надзел і заседжваўся на ім больш за дзесяць гадоў, а напярэдадні гэтага не заключыў з феадалам дагавор, то пасля дзесяцігадовага тэрміну ён ужо не мог пайсці ад яго і таксама станавіўся "непахожым", г. зн. асабіста залежным.

Акрамя таго, I Статут устанаўліваў, што сяляне, маючы права адыходу ад феадала, маглі гэта рабіць толькі ў вызначаныя тэрміны – за тыдзень да ўсіх святых (Юр'еў дзень на Русі) і на працягу тыдня пасля ўсіх святых, калі скончацца ўсе сельскагаспадарчыя работы. У Статуце агаворвалася, што селянін мог адысці ад феадала толькі ў тым выпадку, калі ён цалкам разлічваўся з гаспадаром. Да таго ж пры выхадзе ён павінен быў заплаціць феадалу "пажылое", памер якога вызначаўся ў пяць коп літоўскіх грошаў – вельмі вялікай на той час сумай. За адну капу літоўскіх грошаў можна было купіць чатыры каровы.

Нягледзячы на тое, што прымацаванне сялян-старажыльцаў ці "отчычаў", як іх яшчэ называлі, насіла абавязковы характар, у жыцці яно ўсё ж не было безумоўным. Селянін-"отчыч" мог яшчэ вызваліцца ад сваёй "няволі", здаўшы ці прадаўшы сваю "айчызну" другому селяніну, вядома, з дазволу феадала. Не трымалі феадалы і разарыўшыхся сялян-"отчычаў". Іх трэба было ставіць на ногі, а феадалу гэта часта было не пад сілу, і ён вымушаны быў цярпець іх адыход, спадзяючыся, што тыя недзе на заробках паправяць свае справы і вернуцца назад. Продаж сялян без зямлі ў Вялікім княстве Літоўскім не практыкаваўся, а падараванні без зямлі былі вельмі рэдкімі.

Побач з сялянамі-"отчычамі" ў феадальных памесцях і пасля I Літоўскага Статута працягвала жыць мноства свабодных людзей. Гэта былі сяляне, за якімі не значыліся надзелы.

У сялянскай абшчыне надзел, як правіла, пераходзіў ад бацькі да старэйшага сына, які і лічыўся "отчычам". Астатнія члены абшчыны знаходзіліся ў яго на "долі", з'яўляліся асабіста свабоднымі. Гэта датычылася таксама "патужнікаў" і "сяброў", якіх прымала сама абшчына або падсаджваў феадал.

Свабоднымі лічыліся сяляне, якія сяліліся на землях, пакінутых "отчычамі", калі яны не выседжвалі тэрмін земскай даўнасці або заключалі дагавор з феадалам на права адыходу ад яго.

Акрамя таго, у феадальных памесцях, асабліва ў вялікакняжацкіх уладаннях, пражывала вялікая колькасць так званых сялян-слуг. Галоўнай іх павіннасцю была ваенная служба і раз'езды па даручэнні вялікакняжацкай адміністрацыі ў мірны час. Усе іншыя павіннасці яны выконвалі як цяглыя і асадныя сяляне, за выключэннем паншчыны і аброка. Жылі ў невялікіх вёсках і мелі па 2–4 валокі зямлі.

Ядро гэтай катэгорыі сялянства першапачаткова складалі малодшыя дружыннікі – тыя самыя "отроки" і "гриди", якія былі ў князёў Кіеўскай Русі і якія пад імем слуг пастаянна фігуравалі побач з баярамі ў дагаворных граматах удзельных князёў паўночна-заходняй Русі. Як і старэйшыя дружыннікі, баяры з цягам часу селі на зямлю з-за немагчымасці князёў утрымліваць іх на ўсім гатовым. У далейшым ваенныя і адміністрацыйныя патрэбы вымусілі вялікіх літоўскіх князёў папоўніць кантынгент слуг за кошт цяглых сялян.

Слугі былі некалькіх разрадаў: путныя, атрымаўшыя назву ад таго, што спецыяльнай павіннасцю іх быў "путь" ці "ліставая" служба, і панцырныя, якія выконвалі толькі ваенную службу. Паколькі панцырная служба была вельмі цяжкай, то "панцырных баяр" часта вызвалялі наогул ад усіх павіннасцей, а не толькі ад паншчыны і аброку.

Асноўным зместам і асноўнай задачай аграрнай рэформы 1557 г. было прымацаванне "пахожых" сялян да зямлі, г. зн. прывядзенне іх да прыгоннага стану. Калі I Літоўскі Статут 1529 г. заканадаўча прымацаваў да зямлі ўсіх "непахожых" людзей, то рэформа 1557 года – усе катэгорыі сялян, бо кожная сялянская сям'я атрымоўвала асобны надзел і падпадала пад прынцып земскай даўнасці. Праз дзесяць гадоў пасля атрымання надзела яны ўжо пераходзілі ў разрад "непахожых".

II Літоўскі Статут 1566 г. ужо ўстанавіў 10-гадовы тэрмін пошуку беглых сялян, а III Літоўскі Статут 1588 г. павялічыў гэты тэрмін да 20 гадоў і пацвердзіў ужо існаваўшы 10-гадовы тэрмін земскай даўнасці для ўсіх катэгорый сялян. Памер "пажылога" быў устаноўлены ўжо ў 10 коп літоўскіх грошаў. Гэта было юрыдычным афармленнем прыгоннага права.

У канцы XVI – пачатку XVII ст. "пахожыя" і "непахожыя" сяляне зліліся ўжо ў адзіную катэгорыю прыгоннага сялянства, і гэтыя тэрміны не сустракаюцца ў гістарычных крыніцах таго часу. Усе сяляне называліся "падданыя каралеўскія, панскія і духоўныя".

З афармленнем прыгоннага права становішча сялян значна пагоршылася. Яно суправаджалася рэзкім павелічэннем феадальных павіннасцей, узмацненнем свавольства феадалаў. Ні ў адной краіне Заходняй Еўропы феадалы не мелі права падвяргаць селяніна смерці. Сейм Рэчы Паспалітай 1573 г. даў феадалам гэта права – права караць сялян "вэдлуг паразумення свайго", у тым ліку і смерцю.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]