Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Народнае супраціўленне

Значная частка тэрыторыі Беларусі (за выключэннем Палесся, Берасцейшчыны і Панямоння) была занята царскім войскам. У Маскве для кіравання імі спецыяльна быў створаны Прыказ Вялікага княства Літоўскага. Нават нейкі час абмяркоўвалася ідэя стварэння “Вялікага княства Белая Русь”. Цар пакідаў гарадам магдэбургскае права, раздаваў ім ахоўныя граматы, падтрымліваў лаяльную да яго шляхту. У канфесійнай палітыцы ажыццяўляліся прынцыпы: «жидам в Белой Руси не быть и жития никакого не имети», «униатам не быть», «костелам не быть, а петь в домех». «Ляхі і жыды» называліся «ворагамі праваслаўнай хрысціянскай веры». Поўнае права на існаванне мела толькі праваслаўная царква.

Праводзіўся вывад мясцовага насельніцтва ў Маскоўскую дзяржаву. Паводле сведчанняў патрыярха Нікана, Аляксей Міхайлавіч планаваў пасяліць у сваіх землях каля 300 тыс. чалавек з беларускіх зямель. Найчасцей выводзілі жанчын і дзяцей. Асобную групу палонных складалі рамеснікі. Таму на Валдаі з’явіліся кафляры з Дуброўны, Мсціслава, Шклова, у Маскве - кавалі, збройнікі, замочнікі і іншыя майстры з розных гарадоў Беларусі. Беларускі гісторык Л.С. Абецэдарскі падлічыў, што ў Маскве ў апошняй трэці ХVІІ ст. беларусы складалі каля 20 % насельніцтва.

Адначасова цар спрабаваў на пастаяннае жыхарства пасяляць у беларускіх гарадах сваіх ратнікаў. У Полацку і Віцебску, напрыклад, ім адводзіліся слецыяльныя пляцы пад слабоды, а з казны выдзяляліся грошы на будаўніцтва двароў.

У выніку баявых дзеянняў, голаду і хвароб тэрыторыя Беларусі была ператворана ў пустэчу. Ад непахаваных трупаў людзей і жывёл пачалася эпідэмія чумы («паморак»). Увесну 1656 г. адбылося нашэсце палявых мышэй, якія папсавалі збожжа. Гэта прывяло да страшэннага голаду. Людзі елі сабак і кошак. Вядомы выпадкі канібалізму. У 1658 г. эпідэмія настолькі пашырылася, што царскі ўрад быў вымушаны паставіць на дарогах засекі.

Усё гэта прывяло да з’яўлення руха народнага супраціўлення. Ён пачаўся яшчэ летам 1654 г. Тады ва ўсходніх паветах ВКЛ сталі ўтварацца сялянскія атрады самаабароны. У дакументах царскай адміністрацыі іх называлі «шишами», «ворами», «изменниками».

У пачатку вайны народны рух ахапіў Смаленшчыну, прылягаючыя раёны да Мсціслава, Магілёва, Віцебска, Полацка. Падчас контрнаступлення Януша Радзівіла паўсталі сяляне Аршаншчыны, Віцебшчыны, Мсціслаўскага і Смаленскага паветаў. Пайшоўшы ў лясы, яны рабілі засады на дарогах, нападалі на дробныя аддзелы маскоўскіх жаўнераў. Цэнтрам самага актыўнага народнага руху на Мсціслаўшчыне была Калеснікаўская, а на Смаленшчыне - Любавіцкая і Мікулінская воласці. Зброяй ім служылі бердышы (сякеры з лязом паўсерпеня), косы і вілы, радзей - стрэльбы. Аснову складалі сяляне, аднак у іх уваходзіла і шляхта. Шляхціцаў часам прысылаў вялікі гетман Радзівіл, і яны выконвалі ролю камандзіраў.

Вясною 1656 г. актывізавалася барацьба мясцовага насельніцтва супраць царскай адміністрацыі і прысяжнай шляхты. Яна ахапіла раёны Менска і Барысава, затым перакінулася на Наваградчыну, а ў 1657 г. у лясныя аддзелы пайшлі жыхары паўночных зямель Беларусі. Уздыму антымаскоўскага руху ў Менскім ваяводстве і ў Падняпроўі садзейнічала прысутнасць казакаў Івана Нячая.

Яго сотнік Дзяніс Мурашка набраў у сваё войска мясцовых сялян і разгарнуў вайну супраць прысяжнай шляхты ля Ігумена і Каменя. У 1658 г. ён перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, за што атрымаў шляхецкае званне.

Узросшыя сілы дазволілі паўстанцам ужо ў 1657 г. перайсці да больш маштабных дзеянняў. Яны трымалі пад кантролем увесь Магілёўскі павет, а палкоўнік Багровіч нават паспрабаваў вызваліць горад Барысаў.

Праз год, калі ў лясы масава пайшла мясцовая шляхта, якая раней прысягала цару, і ўзнавіліся ваенныя дзеянні паміж арміямі Расіі і Рэчы Паспалітай, народны рух у Беларусі дасягнуў сваёй кульмінацыі.

Ідэя вызвалення ад царскіх войскаў часова кансалідавала прадстаўнікоў усіх станаў-саслоўяў: сялян, мяшчан, шляхту. З далучэннем шляхты, якая мела ваенны вопыт, атрады пераходзілі да наступальных дзеянняў. Напрыклад, менская шляхта, аб’яднаўшыся з сялянамі, спрабавала авалодаць Менскам. На Віцебшчыне падобным чынам былі вызвалены Бешанковічы і Лукомль. Палкоўнік М. Валовіч, які меў сялян «тысячы дзве з косамі і бердышамі», разам з аддзелам Р. Камароўскага заняў Глыбокае. Віцебск быў цалкам заблакіраваны аддзеламі сялян і шляхты. Мяшчане Мсціслава і Крычава пры падтрымцы казакаў Нячая самастойна ліквідавалі ў сябе царскія атрады.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]