Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Лекцыя 35. Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у другой палове хvіі – першай палове хvііі ст.

  • Наступствы войнаў сярэдзіны XVII – пачатка XVIII ст.

  • Шляхі аднаўлення сельскай гаспадаркі

  • Становішча сялянства. Формы антыфеадальнай барацьбы

  • Аднаўленне гарадоў у другой палове XVII першай палове XVIII ст. Узнікненне першых мануфактур

Наступствы войнаў сярэдзіны XVII – пачатка XVIII ст.

Шматгадовыя ваенныя дзеяннi, палiтыка татальнага спусташэння зямлi i вываду палонных прывялi беларускія землі да дэмаграфiчнай i гаспадарча-эканамiчнай катастрофы, на стагоддзе адкiнуўшы яе назад. Па стратах i адмоўных вынiках вайна 1654 – 1667 гг. была самай трагiчнай у нашай гiсторыi. Да канца ХVІІ ст. Беларусь так i не ўзнавiла свайго даваеннага гаспадарчага i дэмаграфiчнага патэнцыялу.

Ахвяры беларускага народа ў гэтай вайне былі жудасныя. З 1650 па 1667 гг. колькасць насельнiцтва скарацiлася больш як удвая – з 2,9 да 1,4 млн чалавек. Большасць людзей гiнула не ў бiтвах, а з голаду i эпiдэмiй. Беларускiя ваяводствы абязлюдзелi таксама з-за перасяленняў, вывазу сялян i рамеснiкаў у Расiю. Частку палонных прадавалi на рынках, у сувязi з чым развiўся гандаль нявольнiкамi. Iх куплялi мусульманскiя купцы i высылалi ў паўднёва-ўсходнiя краiны. Асаблiва пацярпела жыхарства паветаў, сумежных з Рускай дзяржавай: у Аршанскiм, Мсцiслаўскiм, Полацкiм паветах пуставала ад 69 да 75 % хат, тут засталося менш за трэць ад даваеннай колькасцi насельнiцтва. Трэцяя частка гаспадарак Берасцейскага i Навагародскага ваяводстваў засталася без гаспадароў. Спат­рэбiлася 125 гадоў, каб насельнiцтва Беларусi дасягнула ўзроўню сярэдзiны XVII ст.

Зямля Беларусі ўяўляла сабой суцэльнае папялiшча. Цяжкiя наступствы вайны асаблiва адчувалiся там, дзе адбывалiся ваенныя дзеяннi цi прасоўванне войск. Дакументы сойма, які адбыўся ў 1661 г. у Варшаве, сведчылi: Гарадзенскi павет "ператвораны ў руiны i ў большай частцы спалены", Браслаўскi "ўшчэнт зруйнаваны", Слонiмскi "амаль датла спалены i разрабаваны", Ваўкавыскi "ў шматлiкiх месцах выпалены", Аршанскi "ушчэнт разбураны i спалены", ваяводства Берасцейскае ў "большай сваёй частцы ператворана ў попел i поўнасцю разбурана", Менскае – таксама "ўсё вынiшчана" i г. д.

Ваенныя дзеянні негатыўна паўплывалі больш на ўладанні каталіцкага духавенства і дзяржаўныя маёнткі, менш – шляхецкія. Апошнія мелі значна большую прававую абарону, льготы ў адносінах да ваенных падаткаў. Да таго ж шляхта ўжывала розныя сродкі (пратэст, водкуп, зброя), каб абараніць ад разарэння свае маёнткі і сваіх прыгонных.

Але ступень разбурэння ўсіх тыпаў уладанняў у розных рэгіёнах Беларусі была рознай. На захадзе і ў цэнтры Беларусі шляхецкія маёнткі пацярпелі менш за іншыя. На ўсходзе значнае разбурэнне пацярпелі ўсе тыпы ўладанняў. У сярэднім па тэрыторыі Беларусі страты дымоў у шляхецкіх маёнтках складалі амаль 39 %, у дзяржаўных – 55 %, ва ўладаннях каталіцкай царквы – 60 %.

Падчас войнаў сярэдзіны XVII ст. значна скарацілася колькасць ворыўнай зямлі, што адпаведна выклікала павелічэнне пусташаў –неапрацаванай ворыўнай зямлі. У 1669 г. у маёнтку Палона Полацкага ваяводства з 456 валок пуставала 250 (55 %), у Прапойскім старостве ў 1681 г. – 72 %, у Дубровенскім графстве ў 1672 г. – 73 %, у маёнтку Цепра Наваградскага ваяводства ў 1664 г. – 65 %, у маёнтку Давыд-Гарадок Пінскага паветаў 1691 г. – 46 %.

У сялян скарачалася колькасць хатняй жывёлы. Напрыклад, у Копыскім графстве ў 1710 г. засталося толькі 279 коней. Падобная сітуацыя назіралася і на захадзе Беларусі. Так, на Кобрыншчыне не мелі коней і валоў трэцяя частка сялянскіх двароў.

Значна пацярпелі беларускія гарады. Былi спустошаны Бярэсце, Пiнск, Тураў, Мазыр, Рэчыца, Бабруйск, Чэрыкаў, Лоеў, Брагiн, Гомель, Сма­лявiчы, амаль цалкам былi знiшчаны Масты, Жыровiчы, Вiдзы, Докшыцы, Быцень. Ад Гародні, як сведчыць чэшскi падарожнiк, "толькi i засталося гарадское смецце". У 1656 г. у Менску налiч­валася толькi 156 чалавек, сам горад ляжаў у руiнах. Быў "цалкам зруйнаваны" Нясвiж, "спалена Орша".

Асабліва пацярпелі гарады Усходняй Беларусі. Магілёў страціў 1790 (каля 76 %) дымоў, Полацк - 1398 (93 %), Быхаў - 1296 (65 %), Віцебск - 925 (94 %), Копысь - 183 (амаль 41 %). Была знішчана большая частка Шклова. Высокі працэнт разбурэнняў назіраўся і ў гарадах на поўдні Беларусі. Пасля захопу маскоўскім войскам Берасця ў студзені 1660 г., паводле звестак сучаснікаў тых падзей, "горад быў ушчэнт разбураны і спалены, жыхароў амаль не засталося". Колькасць дымоў у Берасці зменшылася на 42 %, у Пінску - на 70 %, у Тураве - на 72 %, у Кобрыне - на 69 %, у Пружанах - на 80 %.

Соймавымi пастановамi 60-х гадоў XVII ст. 22 беларускiя гарады, у тым лiку найбольш буйныя (Магілёў, Берасце, Менск, Слуцк, Пінск, Віцебск, Полацк) вызваляліся на чатыры гады ад усіх падаткаў на карысць дзяржавы, акрамя чопавага і пошлінных збораў. Ляхавічы былі вызвалены на 9 гадоў, а Быхаў – на 20 гадоў.

Вайна, галеча i голад былi прычынай валацужнiцтва i жабрацтва. "У месцах i мястэчках нашых Вялiкага княства Лiтоўскага бядоты такая вялiкая моц намножылася, – чытаем мы ў каралеўскай грамаце 1653 г., – што ўсе вулiцы i месцы iмi запоўнены, адкуль немалая нагода да розных хваробаў i заразы". З-за голаду i бадзяння абяздоленага насельнiцтва пачалася эпiдэмiя сыпнога тыфу, якая лютавала з 1653 па 1658 гг. i ўспыхнула зноў у 1664 г.

Застаўшыся без хатняй жывёлы, хлеба, насення, сяляне рата­валiся ад галоднай смерцi масавымi ўцёкамi ва Украiну i Расійскую дзяржаву. Рэзка скарацiлася насельнiцтва гарадоў, абязлюдзелi шматлiкiя вёскi.

Гарады i мястэчкi цярпелi не толькi ад разбурэнняў. Да крайняга збяднення даводзiлi жыхароў пастоi войска i ваенныя паборы. У цэлым гарадское насельнiцтва Беларусi ў сярэдзiне XVII ст. зменшылася прыкладна на 55 %.

У гарадах Беларусі прыйшло ў заняпад рамяство. Аб гэтым сведчыць змяншэнне колькасці рамеснікаў і адпаведна рамесных прафесій у параўнанні з даваенным часам. Напрыклад, у Шклове ў сярэдзіне XVII ст. налічвалася 288 рамеснікаў 47 прафесій, а паводле даных на 1661 г. засталося не больш 120 рамеснікаў 18 прафесій. У Копысі за гэты ж час колькасць рамесных прафесій скарацілася з 37 да 10, у Клецку - з 41 да 25.

Сотнi кавалёў, кафляроў, разьбяроў, тысячы iншых рамеснiкаў, гвалтам адарваных ад сваёй зямлi, працавалi цяпер у Расii. У адной толькi Збройнай палаце Крамля ў 1660 г. было 68 высока­ква­лiфiкаваных майстроў з Полацка i Вiцебска. Затое ў самiм Вiцебску пад канец вайны заставалася не больш за 70 усiх рамеснiкаў. Наогул, развiццё рамеснай вытворчасцi на спустошанай Беларусi i за стагоддзе не дасягнула даваеннага ўзроўню. Напрыклад, у пачатку XVII ст. у Магiлёве было больш за 2 тысячы рамеснiкаў, у 1745 г. – толькi 95. У 1650 г. у Гароднi працавала 130 рамеснiкаў, а ў 1680 г. засталося толькi 12.

Вайна быццам перайначыла ўсю Беларусь. Край добра развiтай гаспадаркi, рамеснай вытворчасцi, далёка вядомы вырабамi сваiх майстроў, зусiм запусцеў i стаў непрыкметнай ускраiнай.

З самага пачатку XVIII ст. беларускія землі зноў сталі ахвярай ваенных дзеянняў. Другая Паўночная вайна зруйнавала Рэч Паспалiтую, асаблiва яе ўсход­нiя рэгiёны. Гэта была адна з найбольш драматычных старонак беларускай гiсторыi. Вялiкае княства Лiтоўскае было адкiнута на дзесяткi гадоў назад у сваiм гаспадарчым развiццi. Ваенныя дзеян­нi, грабяжы, пастоi войскаў, непасiльныя кантрыбуцыi давялi Беларусь да страшнага спусташэння, нанеслi вялiкi ўрон яе эканомiцы. Сотнi населеных пунктаў ляжалi ў руiнах. Былi спалены Нясвiж, Ляхавiчы, Магiлёў, Вiцебск, Мсцiслаў i шмат iншых гарадоў. "Гарады Бярэсце, Кобрын, Гарадзец цалкам разбураны, дамы спалены, людзi вымерлi, другiя разышлiся", – адзначалася ў iнвентары 1712 г. Берасцейскай i Кобрынскай эканомiй. Тыповай карцiнай зноў сталi неапрацаваныя палi, абязлюдныя сядзiбы i вёскi. Было кiнута 60–70 % пасяўных плошчаў, знiшчана каля паловы рабочай жывёлы, знiклi цэлыя вёскi. Шклоўскае графства, напрыклад, страцiла 86,4 % свайго насель­нiцтва. На 43 % зменшылася колькасць сялян­скiх гаспадарак у Копы­скiм графстве. У Крычаўскiм старостве ў 1712 г. пуставала 73 % ворных валок, у Гарадзенскай эканомii – амаль тры чвэрцi сялян­скiх ворных зямель. Удары, што абрынулiся на Беларусь, былi асаблiва адчувальнымi яшчэ i таму, што яе гаспадарка не паспела адысцi ад упадку другой паловы XVII ст.

Змены адбыліся і ў забяспечанасці зямлёю сялянскіх гаспадарак. Для разглядаемага перыяду было характэрным змяншэнне памераў сялянскіх надзелаў. На працягу другой паловы XVII - пачатку XVIII ст. сярэдні зямельны надзел прыватнаўласніцкіх сялян Беларусі скараціўся з 0,72 да 0,54 валокі, дзяржаўных - з 0,57 да 0,42 валокі, царкоўных - з 0,47 да 0,39 валокі.

Ваенныя спусташэннi ўзмацнiлiся засухай, што спасцiгла сельскую гаспадарку. Вялiкiм цяжарам для народа была эпiдэмiя, якая лютавала з 1708 па 1711 гг. i выклiкала вялiкую смяротнасць. У Навагародку пасля яе засталася толькi палова жыхароў. Эпiдэмiя ў Гароднi ў 1710 г. прыняла такiя памеры, што "ўвесь горад застаўся пустым".

Другая Паўночная вайна падарвала гаспадарчы i дэмаграфiчны патэнцыял Беларусi. Сельская гаспадарка, гарады, рамяство, гандаль прыйшлi ў глыбокi заняпад. Вялiкай цаной заплацiў беларускi народ у гэтай вайне. Агульныя страты насельнiцтва склалi каля 30 %, а гэта больш за 700 тыс. чалавек (за гады вайны яго колькасць знiзiлася з 2,2 млн да 1,5 млн чалавек).

Татальная дэстpукцыя, выклiканая вайной, як сцвяpджае Г. Са­гановiч, змянiла ўсё: матэpыяльныя ўмовы жыцця, сацыяльную стpуктуpу насельнiцтва, моўна-культуpную i канфесiйную сiту­ацыю. Без улiку наступстваў той ваеннай катастрофы нельга растлумачыць шматлікiя з'явы нашай далейшай гiсторыi. Менавiта да тых падзей сягаюць сваiмi вытокамi прычыны крызiсу, у якi на доўгi час трапiла беларуская культура. Гарады, што паступова аднаўлялiся, былi ўжо iншыя, iншае аблiчча меў пласт прадпры­мальнiкаў, мяшчан, гандляроў, арыстакратыі.

Пазбаўленыя сваёй элiты, мяшчанства (ме­навiта гэты пласт пацярпеў у вайне найбольш), вышэйшых станаў беларусы сталi народам з няпоўнай сацыяльнай структурай грамадства, ператварыліся ў народ сялянскi. А разбурэнне механiзму перадачы iн­фармацыi наступным пакаленням азначала падрыў асновы нацыянальнай кансалiдацыi беларусаў.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]