Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Выступленне Барскай канфедэрацыі

Вырашэнне «дысідэнцкага пытання» праз ураўнаванне ў правах католікаў і некатолікаў выклікала ўзброены канфлікт. 29 лютага 1768 г. ва ўкраінскім м. Бар (Падольскае ваяводства) была абвешчана канфедэрацыя ў абарону каталіцкай веры і незалежнасці Рэчы Паспалітай. Яе ўзначалілі Юзаф Пуласкі і Міхал Красінскі.

У акце канфедэрацыі аспрэчвалася законнасць абрання на трон Станіслава Панятоўскага, звярталася ўвага на яго прарасійскую пазіцыю і непавагу да шляхецкіх паслоў на сойме 1767— 1768 гг. Канфедэраты асуджалі высылку ў Расію сенатараў Рэчы Паспалітай і дамовы, падпісаныя з дысідэнтамі.

Барычане выступілі пад лозунгам самастойнасці Рэчы Паспалітай, абароны каталіцкай царквы і шляхецкіх правоў. Па сваім характары канфедэрацыя была шляхецкай па духу, хаця больш шырокай па сацыяльнай базе. Даволі шырокі ўдзел у ёй узялі прадстаўнікі сялянства і мяшчанства.

Канфедэрацкі рух у ВКЛ развіваўся нераўнамерна і супярэчліва. У яго дзейнасці ў Беларусі можна вылучыць тры асноўныя этапы: 1) 1768 г.; 2) 1769 — 1770 гг.; 3) 1771 г.

Першыя канфедэрацкія аддзелы ў ВКЛ пачалі стварацца ў Жамойці, Браслаўскім, Ашмянскім, Наваградскім, Берасцейскім, Рэчыцкім паветах, Мсціслаўскім ваяводстве – гэта значыць там, дзе дзейнічалі прыхільнікі саксонскай дынастыі і дэтранізацыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Фактычна амаль усе гарады заставаліся пад кантролем 6-тысячнага расійскіга войска. Сілы канфедэратаў спачатку не дазвалялі правесці адкрытае выступленне. Адсутнічала і агульнае кіраўніцтва.

Першапачаткова барычане хацелі запрасіць «пане Каханку» на пасаду свайго маршалка. Той абяцаў выставіць 6-тысячнае ўласнае войска. Таму да Нясвіжа пачалі сцягвацца дадатковыя расійскія сілы. Нават адбылася ваенная сутычка ля в. Лань, паспяховая для канфедэратаў. Але С. Радзівіл заявіў аб сваёй поўнай пакорлівасці Расіі. Вядома, што ў гэты час спецыяльная камісія вырашала пытанне аб вяртанні яму канфіскаваных у 1764 г. уладанняў, выплаце мільённых пазык. М. Рэпнін быў упэўнены, што Радзівіл «па п'янаму гаварыць будзе што захоча, але сваім мільёнам шкоды не зробіць».

У Нясвіж і Слуцкі былі ўведзены расійскія гарнізоны. «Надворная міліцыя» была распушчана. Магнату ўдалося аставіць «для аховы ўладанняў» толькі 560 чалавек.

На баку Барскай канфедэрацыі выступіла Турцыя, абвясціўшы вайну Расіі. Станіслаў Аўгуст тады змяніў сваю тактыку. Ён зноў зблізіўся з Чартарыйскімі, адазваў у Варшаву гетмана Браніцкага, нават паў рыхтавацца да вайны з Расіяй. Ад яго 7 лістапада паступіла прапанова склікаць пацыфікацыйны сойм. Але дарэмна. Барская канфедэрацыя выступала за кандыдатуру саксонскага курфюрста.

5 жніўня 1769 г. у Словіках (Літва) был ўтворана Генеральная канфедэрацыя ВКЛ на чале з Міхалам Пацам. Акт канфедэрацыі ствараўся пры ўдзеле французскага публіцыста Нікаля Бадо – аўтара трактата «Нарысы пра сучасны стан Польшчы і прычыны яе бедаў». У гэтым дакуменце не было вострых нападак на караля, рэформы і дысідэнтаў.

Летам – у пачатку восені 1769 г. адбыўся дыверсійны рэйд па Беларусі канфедэратаў на чале з братамі Казімірам і Францішкам Пуласкімі. Іх бацьку – заснавальніка Барскай канфедэрацыі – Юзафа Пуласкага за паражэнні, атрыманыя пад Барам і Бярдзічавам, лішылі рэгіментарства. Паколькі ён не падпарадкаваўся рашэнню канфедэрацыі, то быў арыштаваны і перададзены туркам. У палоне Ю. Пуласкі памёр ад інсульта, або быў задушаны.

Першы раз браты Пуласкія прайшлі па тэрыторыі Беларусі ў напрамку Берасце-Ваўкавыск-Дзятлава. Найбольш значны бой з расійскім атрадам адбыўся пад Слонімам 12 ліпеня 1769 года. Канфедэраты здолелі ўтрымацца і прадоўжыць свой рэйд. Але з-пад Дзятлава, з-за пагрозы акружэння, яны павярнулі назад.

Другі рэйд пад камандаваннем братоў Пуласкіх адбыўся ў верасні. Канфедэраты мелі намер дайсці да Кобрына. Аднак ім перашкодзіў расійскі атрад пад камандаваннем А. Суворава. 13 верасня каля в. Арэхава, што ў Берасцейскім ваяводстве, адбыўся бой. У выніку аддзел Пуласкіх быў вымушаны адступіць.

31 кастрычніка 1769 г. адбылося аб'яднанне кароннай і вялікакняжацкай канфедэрацый у Генеральную канфедэрацыю «двух народаў». Яе ўзначаліў Міхал Красінскі. Але аб’яднаная канфедэрацыя не была трывалай. Паміж дзвума бакамі шлі спрэчкі за кандыдатуру будучага караля, за спосабы вядзення вайны, за пасаду маршалкаў, нарэшце за «славу» лідэра вызвалення. Амаль праз год М. Пац абвясціў «акт бескаралеўя» і маніфест, накіраваны супраць Чартарыскіх. Гэтыя дакументы ўтрымлівалі заклік да пазбаўлення жыцця Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Кіраўніцтва Барскай канфедэрацыяй імкнулася заручыцца міжнародным прызнаннем, дабіцца падтрымкі ў Вене, Стамбуле, Дрэздэне, Рыме. У Парыж быў накіраваны М. Вяльгорскі, каб атрымаць ад Францыі дапамогу канфедэрацкаму руху ў дэтранізацыі Станіслава Аўгуста. Парыж асігнаваў грашовыя сродкі і накіраваў дзесяткі афіцэраў-інструктараў на чале з палкоўнікам Шарлем Дзюмур’е. Вясной 1771 г. канфедэраты занялі Чанстахоў, Лянцкарон і здзейснілі няўдалы рэйд на Варшаву.

Кароль звярнуўся да расійскага пасла Валконскага за дапамогай, а каронны гетман Браніцкі зноў атрымаў загад пачаць ваенныя дзеянні супраць барычан. Расія нават пайшла на замену свайго пасланніка ў Рэчы Паспалітай: замест Валконскага быў прызначаны энергічны барон фон Сальдэрн.

У ноч з 3 на 4 лістапада 1771 г. у Варшаве на Мядовай вуліцы канфедэраты здзейснілі няўдалую спробу выкрасці манарха, падчас якой яго ледзь не забілі. Каралеўскі двор і сам Станіслаў Аўгуст змаглі выкарыстаць гэты факт перад замежнымі краінамі для дыскрэдытацыі палітыкі барскіх канфедэратаў, што прывяло да міжнароднай ізаляцыі барычан.

Але баяздольнасць барычан была нізкай. Ш. Дзюмур’е пісаў на радзіму: «Норавы ў лідэраў канфедэрацыі азіяцкія. Раскоша, працяглыя фуршэты, гульні і танцы – вось іх занятак!»

Апошні этап канфедэрацкага руху ў ВКЛ наступіў у 1771 годзе. Да Барскай канфедэрацыі далучыўся вялікі гетман Міхал Казімір Агінскі. Пэўны час ён жыў у Пецярбургу, атрымаў ад Кацярыны ІІ ордэн св. Андрэя Першазваннага. Нават разглядаўся ў Расіі як кандыдат на трон Рэчы Паспалітай.

Расійскі пасол К. фон Сальдэрн аддаў загад атраду палкоўніка Албычава заблакіраваць 2-тысячнае гетманскае войска ў Целяханах. Але Агінскі першым 6 верасня 1771 г. атакаваў расійскія войскі каля в. Рудзькі Пінскай эканоміі. Албычаў загінуў, а яго атрад цалкам трапіў у палон. У м. Хомск гетман выдаў маніфест аб далучэнні рэгулярнага войска ВКЛ да барычан.

Перамога пад Бездзежам атрымала шырокі розгалас, асабліва на фоне амаль поўнай адсутнасці якіх-небудзь значных поспехаў у канфедэратаў. Далучэнне да яе вялікага гетмана ВКЛ будзіла надзею, магчыма, апошнюю, на пашырэнне канфедэрацкага руху за кошт беларускіх зямель. У Дрэздэне нават хадзілі чуткі, што і атрады Суворава нібыта разграміў Агінскі, а сам Сувораў забіты.

Далей войска М. Агінскага накіравалася на Клецк-Нясвіж-Слуцк. Штурм радзівілаўскіх крэпасцяў не даў станоўчых вынікаў. Канфедэраты накіраваліся да м. Сталовічы ў Наваградскім павеце.

Туды з-пад Любліна рушыў атрад А. Суворава, які налічваў 900 чалавек і 8 гармат. У 2 гадзіны ночы 23 верасня з боку в. Сачыўка ён нечакана атакаваў Агінскага. Канфедэраты былі разгромлены. 500 чалавек загінулі, 300 папалі ў палон. Сувораў захапіў 10 гармат, сцягі, гетманскую булаву і касу (50 тыс. злотых). Сам М. Агінскі змог вырвацца з мястэчка і ўцячы за мяжу. Расійскі атрад заняў Пінск, дзе ліквідаваў штаб канфедэратаў.

Абавязкі польнага гетмана былі ўскладзены на Шымана Касакоўскага, які ў 1771 г. здзейсніў дыверсійны рэйд. Адзначым імкненне гетмана абаперціся на шырокія колы насельніцтва ВКЛ. Сам Ш. Касакоўскі апранаўся ў сялянскі ўбор, на простай брычцы перабіраўся ад мястэчка да мястэчка, абмінаючы заможную службовую шляхту, збіраючы ў свае атрады дробных шляхціцаў, чаляднікаў, парабкаў, нават цыган і яўрэяў. Канфедэраты рабавалі ўладанні прыхільнікаў Расіі. 17 жніўня 1771 г. Касакоўскі абвясціў маніфест супраць расійскага пасла Сальдэрна. Галоўнай мэтай сваіх дзеянняў ён вызначыў выгнанне за межы ВКЛ акупантаў.

Паход пачаўся з Літвы ў пачатку чэрвеня, а ўжо ў жніўні канфедэраты з'явіліся пад Лынтупамі і Кабыльнікам. Яны рушылі ў напрамку Мядзел-Заслаўе-Менск. У Менску была арганізавана павятовая канфедэрацыя. Далей войска Ш. Касакоўскага рушыла ўздоўж усходняга берага Бярэзіны да Стрэшына. Адсюль тры аддзелы былі накіраваны пад Гомель, у Мсціслаўскае ваяводства і пад Мазыр. Канфедэраты тым самым імкнуліся адцягнуць у розныя бакі расійскае войска.

Сам Касакоўскі дзейнічаў са сваімі асноўнымі сіламі пад Магілёвам. Пасля няўдалага паходу на Смаленск ён быў акружаны ў раёне Старога Быхава. Там 14 верасня адбыўся бой, пасля чаго польны гетман уцёк у Курляндыю.

Рэйд Ш. Касакоўскага стаў выключнай з'явай у гісторыі Барскай канфедэрацыі ў Беларусі. Ён адцягнуў на сябе значную частку расійскага войска, прывёў да часовага ажыўлення павятовых канфедэрацый.

Барацьба з Барскай канфедэрацыяй прынесла цяжкія спусташэнні Рэчы Паспалітай. Яна каштавала больш чым 60 тыс. жыццяў яе ўдзельнікаў. Каля 5 тыс. палонных трапіла на выгнанне ў Сібір. Барская канфедэрацыя аслабіла дзяржаву і стала прадвесцем першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]