Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гістарычная спадчына.doc
Скачиваний:
31
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.33 Mб
Скачать

1. Пачатак вайны і гераічная абарона Магілёва

Нямецкі напад на СССР 22 чэрвеня 1941 года быў хаця і прагназіруемым, але неспадзяваным для большай часткі грамадзян і мясцовых кіраўнікоў, якія былі дэзарганізаваны вышэйшым кіраўніцтвам краіны.

3 першых дзён вайны на Магілёўшчыне ўся работа дзяржаўных і грамадскіх органаў перабудоўвалася ў адпаведнасці з задачамі ваеннага часу і патрэбнасцямі фронту. 3 25 чэрвеня па 3 ліпеня 1941 г. у Магілёве знаходзіліся ЦК Камуністычнай партыі Беларусі і Савет народных камісараў БССР. У раёне чыгуначнай станцыі Лупалава дзейнічала Цэнтральная эвакуацыйная камісія БССР.

Менш чым за тры тыдні было эвакуіравана 14 прадпрыемстваў, у т.л. Магілёўскія заводы авіяцыйнага маторабудавання і гарбарны, фабрыкі штучнага валакна і швейная, Крычаўскі цэментны завод, 2065 трактароў, больш 100 тыс. галоў жывёлы, 7100 т збожжа. Аналагаў такой маштабнай эвакуацыі ў вобласці не было ніколі.

Значная частка магілёўцаў прыняла ўдзел у пабудове абарончых збудаванняў (супрацьтанкавых ірвоў) вакол горада, прынялі ўдзел у абароне горада. Было створана гарадское апалчэнне – гэта дае падставу казаць, што Магілёў разам з салдатамі баранілі самі гараджане.

1 ліпеня 1941 г. у штабе Заходняга фронту, непадалёк ад Магілёва, адбылася нарада прадстаўнікоў Стаўкі Вярхоўнага камандавання з удзелам маршалаў Савецкага Саюза К.Варашылава і Б.Шапашнікава, 1-га сакратара ЦК КП(б)Б П.Панамарэнкі і мясцовых улад. Тут былі разгледжаны задачы па разгортванню партызанскай барацьбы ў тыле ворага і зацверджаны план абароны Магілёва як найбольш важнага апорнага пункта на Дняпроўскім рубяжы. Некалькі пазней былі створаны абласны і гарадскі штабы народнага апалчэння, якое па вобласці налічвала каля 12 тыс. чалавек.

Згодна даследаванняў М.Барысенка, напрыканцы чэрвеня – пачатку ліпеня 1941 г. на тэрыторыі вобласці пачаліся напружаныя баі. 24-ы і 46-ы танкавыя карпусы 2-й танкавай групы (генерал Х.Гудэрыян), 4-й танковай арміі (фельдмаршал Г. фон Клюге) дасягнулі р. Бярэзіны і зрабілі спробу фарсіраваць яе, каб выйсці да Дняпра. У баях каля Бабруйска з 28 чэрвеня зводны атрад (часці 121-й дывізіі, воіны авіяцыйных падраздзяленняў, курсанты Бабруйскага аўта-трактарнага вучылішча і інш.) пад камандаваннем камандзіра 47-га стралковага корпуса генерала С.Паветкіна на тры дні затрымаў праціўніка на р. Бярэзіне. Пасля цяжкіх баёў нямецкія войскі фарсіравалі Бярэзіну на фронце ў 80 км паміж г.п. Беразіно і Бабруйскам. Сустрэчнымі агнявымі баямі савецкія войскі затрымалі іх ў міжрэччы Дняпра і Бярэзіны больш чым на тыдзень. Кровапралітныя баі на Дняпроўскім рубяжы на лініі Шклоў-Магілёў-Быхаў вялі войскі 13-й арміі ў складзе 61-га, 45-га стралковых і 20-га механізаванага карпусоў.

Вельмі напружаныя і жорсткія баі разгарнуліся непасрэдна ў раёне Магілёва, дзе абарону трымалі злучэнні 61-га стралковага корпуса генерала Ф.Бакуніна. Горад абараняла ўваходзіўшая ў склад корпуса 172-я стралковая дывізія (генерал М.Ц.Раманаў) з прыданымі ёй часцямі і асобнымі падраздзяленнямі (каля 20 тыс. чалавек). 3 3 па 9 ліпеня часці дывізіі вялі баі з ворагам на рубяжы р.Друць у раёне в.Чачэвічы і г.п. Бялынічы. Тут асабліва вызначыўся адступаючы дывізіён капітана Б.Хігрына (462-гі артылерыйскі полк), які геройскі стрымліваў танкі праціўніка. 5 ліпеня батарэя 122-мм гаўбіц на р.Восліўцы па Мінскай шашы падбіла 8 варожых танкаў, з іх чатыры былі падбіты асабіста Б.Хігрыным, які першым на Магілёўшчыне ў 1941 годзе атрымаў званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна).

Асабліва вызначаліся байцы 388-га палка пад камандаваннем С.Куцепава на Буйніцкім полі, дзе 12-13 ліпеня былі знішчаны 39 гітлераўскіх танкаў. Гэты подзвіг апісаў знакаміты пісьменнік К.Сіманаў. Незабыўным застанецца подзвіг батальёна міліцыі каля вёскі Гаі пад камандаваннем капітана К.Уладзімірава і інш.

Неабходна ведаць, што абарона Магілёва падзяляецца на 3 перыяды:

  1. 3-9 ліпеня 1941 г. – баі на далёкіх падыходах да горада;

  2. 9-16 ліпеня 1941 г. – змаганне на ўскрайках Магілёва;

  3. 17-27 ліпеня 1941 г. – баі ў поўным акружэнні.

Як адзначае М.Барысенка, не маючы магчымасці ўзяць Магілёў лабавым ударам з захаду, немцы распачалі ўзмоцненыя атакі на стыках абароны палкоў 53-й, 110-й і 187-й стралковых дывізій, фарсіравалі Дняпро ў раёне Шклова-Быхава і рушылі на Смаленск, Рослаў. 15 ліпеня 1941 года, злучыўшыся ў Чавусах, яны акружылі Магілёўскі абарончы раён. Амаль дзесяць дзён мужна змагаліся абаронцы горада ў поўным акружэнні, адцягваючы на сябе значныя сілы праціўніка. У ноч з 25 на 26 ліпеня на апошнім пасяджанні кіраўнікоў абароны генерал М.Ц.Раманаў аддаў загад на прарыў з асаджанага горада. У час прарыву ён быў цяжка паранены, загінулі палкоўнікі С.Ф.Куцепаў, І.С.Мазалаў і інш.

У гэты ж час на левым беразе Дняпра выходзілі з акружэння іншыя падраздзяленні 61-га стралковага корпуса на чале з генералам Бакуніным Ф.А., якія падчас жорсткіх 2-дзённых баёў у Чавускім раёне страцілі забітымі, параненымі і трапіўшымі ў палон каля 5 тыс. чалавек.

Па апошніх дадзеных з 10-томнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (1991г.), пад Магілёвам нямецкія войскі страцілі 24 самалёты, каля 200 танкаў, 400 матацыклаў, 500 аўтамашын. Было знішчана 15 тыс. і ўзята ў палон каля 2 тыс. салдат і афіцэраў.

Гераічная 23-дзённая абарона Магілёва адна з яскравых старонак гісторыі Другой Сусветнай вайны.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]