Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гістарычная спадчына.doc
Скачиваний:
31
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.33 Mб
Скачать

Лекцыя 5. Магілёў у віхуры ваенных падзей

  1. Магілёў у час войнаў Расіі і Рэчы Паспалітай.

  2. Магілёўскае паўстанне 1661 года.

  3. Магілёў у час Паўночнай вайны. Вынікі знаходжання ў горадзе Пятра І, А.Меншыкава, Карла ХІІ.

  4. Айчынная вайна 1812 года ў гісторыі Магілёва.

  5. Вайсковыя адзінкі пад назвай “Магілёўскія”.

1. Магілёў у час войнаў Расіі і Рэчы Паспалітай

У 16-18 стст. паміж ВКЛ (беларуска-літоўскай дзяржавай), а пазней Рэччу Паспалітай і Вялікім княствам Маскоўскім (Вялікарускай дзяржавай) ішло збройнае змаганне. Неабходна ведаць, што ў эпіцэнтры гэтага змагання знаходзіліся беларускія землі, і першы ўдар маскоўскіх (рускіх) вайскоў прыходзіўся на Усходнюю Беларусь, адпаведна на горад Магілёў. Магілёўцы зведалі ад гэтых войнаў толькі гора і страты.

У 1518, 1519, 1535 гг. пад сценамі Магілёва з’яўляліся маскоўскія ратнікі, пустошачы наваколле і сеючы смерць. Праўда, падчас гэтых выправаў горад ані разу не быў узяты штурмам.

Як адзначае даследчык І.А.Марзалюк, сур’ёзнае выпрабаванне чакала магілёўцаў падчас Лівонскай вайны. 27 чэрвеня 1581 г. да Магілёва падышла вялікая групоўка маскоўскіх войскаў. Паводле пісьмовых крыніц, яе колькасць вагалася ў межах ад 30 да 45 тысяч чалавек. Маскоўскія войскі з ходу ўварваліся ў неўмацаваныя магілёўскія пасады, «...палячы ўсё на сваім шляху». Зыркім полымем гарэлі пасады за Дубравенкай, Лупалава, Падміколле... Нягледзячы на колькасную перавагу ворагаў, гарнізон Магілёўскага замка і мяшчане мужна адбівалі напады і не дапусцілі чужынцаў у Стары горад.

А да Магілёва ўжо спяшаліся на дапамогу жаўнерскія конныя роты пад кіраўніцтвам паноў Троцкага, Казаноўскага і Цемрукова. Першай на дапамогу прыйшла рота Казаноўскага. 200 добра ўзброеных вершнікаў імкліва ўдарылі па чужынцам і нападалі на ворага «цэлых сем гадзін, так што не дазволілі падыйсці да горада». У хуткім часе прыспела і рота Цемрука. У маскоўскіх воінаў склалася ўражанне, што на дапамогу абаронцам Магілёва ідуць вялікія сілы, і таму «пільнуючыся... прыбыцця вялікіх сілаў з нашага боку, пабеглі і даехаўшы да Дняпра, сталі праз яго перапраўляцца. Нашы на пераправе білі іх і гналі, прычым захапілі некалькі палонных». Так няўдала закончылася спроба захопа Магілёва. Абаронцы святкавалі перамогу ды падлічвалі свае страты. Найбольшыя страты панеслі роты, што змагаліся з ворагам у полі.

Значна лепш былі справы ў непасрэдных абаронцаў – воінаў замкавага гарнізона і гараджан. Маскоўскія войскі, «спаліўшы колькі сот дамоў, у людзях ніякай шкоды не ўчынілі,... на той час нікога ад нас не злавілі, толькі двух застрэлілі, а вялікія страты і ўпадак у людзях сваіх ад страляніны так у замку, як і з астрога мескага мелі».

Не здабыў славы і поспеху пад час аблогі горада маскоўскім войскам цяпер добравядомы Ермак Цімафеявіч, які з ватагаю ўдзельнічаў у штурме Магілёва. З-пад Магілёва ён накіраваўся на ўсход і ў хуткім часе пакарыў Сібір і спрычыніўся да далучэння яе да Маскоўскай дзяржавы.

У сярэдзіне 17 ст. значны ўплыў на магілёўцаў мела вайна 1648–54 гг. украінскага і беларускага народаў супраць пануючых уладаў Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага. У складзе паўстанцкіх атрадаў былі выхадцы з Магілёва. Пасля бітвы пад Корсунем 16(26).5.1648 г. Хмяльніцкі накіраваў пад Магілёў надзейных казакоў, ураджэнцаў тых месцаў. Пераапранутыя гандлярамі, жабракамі, манахамі, яны заклікалі да сумеснай барацьбы супраць магнатаў і шляхты. Летам 1648 г. рамеснікі Магілёва адкрыта заявілі, што чакаюць казакоў на дапамогу. У кастрычніку 1648 г. атрады паўстанцаў дзейнічалі каля Магілёва рабуючы маёмасць заможных і шляхты, не шкадуючы нават праваслаўныя святыні.

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–67 гг. прыхільнік рускай арыентацыі магілёўскі шляхціц К.Ю.Паклонскі з групай аднадумцаў перайшоў на бок рускага цара Аляксея Міхайлавіча, які даў яму чын палкоўніка. Паклонскі сфарміраваў 6-тысячны полк. Магілёў не быў гатовы да абароны (будаўніцтва абарончых збудаванняў расцягнулася на некалькі гадоў і не было завершана), жыхароў напалохаў лёс мсціслаўцаў (за супраціў рускія войскі пагалоўна выразалі ўсіх жыхароў Мсціслава, не пашкадаваўшы жанчын і дзяцей), да таго ж магілёўцам паабяцалі захаваць усе ранейшыя правы і вольнасці, - таму 24.8.(3.9) 1654 г. жыхары горада адчынілі браму перад рускімі войскамі і палком Паклонскага і здаліся. Спачатку гараджане хітравалі, цягнулі час, але зразумеўшы, што дапамогі не дачакацца, здалі горад. На здачу горада таксама істотна паўплывала рэлігійная барацьба папярэдніх дзесяцігоддзяў, калі магілёўскія праваслаўныя вернікі дыскрымінаваліся ўніяцкім духавенствам, у іх адбіраліся цэрквы. Таму агітацыя часткі праваслаўнага духавенства на карысць здачы не магла не выклікаць станоўчы рэзананс значнай часткі магілёўцаў.

Нягледзячы на тое, што горад здаўся, ён не пазбег рабаўніцтваў. Аб шырыні і размаху гэтых рабункаў сведчаць шматлікія чалабітныя гараджан і магілёўскай шляхты ў жніўні-верасні 1654 г. да маскоўскага цара. Казакі Паклонскага ў гэты час абрабавалі і знішчылі большасць яўрэйскага насельніцтва горада.

У лютым 1655 г. 20-тысячнае войска пад камандаваннем гетмана Януша Радзівіла падышло да Магілёва і пачало яго асаду. Горад абараняла каля 7 тысяч узброеных людзей і казакоў. У самы крытычны момант Паклонскі здрадзіў асаджаным і адчыніў браму, упусціўшы войска Радзівіла за вонкавы земляны вал. Тры месяцы насельніцтва Магілёва самааддана абараняла горад. Спробы Радзівіла ўзяць яго штурмам былі адбіты. Зразумеўшы безнадзейнасць асады і небяспеку з боку ўкраінскіх казакоў наказнога гетмана І.Залатарэнкі, Радзівіл 1(11).5.1655 г. адыйшоў ад горада. Да гэтых падзей непасрэднае дачыненне мае гісторыя цудатворнага абраза Маці Божай Магілёва-Братскай, які шануецца як католікамі, так і праваслаўнымі.

Многія магілёўцы не пажадалі застацца ў занятым маскоўскім войскам горадзе і добраахвотна сышлі з горада разам з войскам Вялікага княства Літоўскага.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]