Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гістарычная спадчына.doc
Скачиваний:
31
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.33 Mб
Скачать

2. Магілёў падчас рэвалюцый і акупацый

Магілёў з´яўляўся трэццім горадам Расійскай імперыі (пасля Петраграда і Масквы), у якім вырашаўся лёс рэвалюцыі. Таму ў горадзе імкліва адбываліся і мяняліся падзеі: утварэнне саветаў, Карнілаўшчына, кастрычніцкі пераварот у Петраградзе (Кастрычніцкая рэвалюцыя), падзеі ў Стаўке, ліквідацыя Стаўкі, набліжэнне да горада атрадаў бальшавікоў і ўстанаўленне ў горадзе іх улады, пагроза атрадаў Ю. Доўбар-Мусніцкага, германскага войска, уцёкі бальшавікоў, спачатку акупацыя Магілёва войскам Ю.Доўбар-Мусніцкага, а затым германскім, аднаўленне савецкай улады.

Перыяд паміж Лютаўскай рэвалюцыяй і кастрычніцкім пераваротам у гісторыі Магілёва адзін з самых напружаных і разам з тым цікавых. Магілёў быў у той час трэцім (пасля Петраграда і Масквы) цэнтрам, які вырашаў зыход рэвалюцыі.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі на прадпрыемствах Магілёва і ў воінскіх часцях быў выбраны Магілёўскі савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Ён размяшчаўся ў доме губернскага прадвадзіцеля дваранства. 22.3(4.4).1917 г. адбыўся ўстаноўчы сход аб’яднанага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Большасць месцаў у савеце атрымалі эсэры, меншавікі і бундаўцы (больш за 90%). Старшынёй выканкома стаў меншавік Вятроў, з кастрычніка 1917 г. левы эсэр Тураў. Друкаваны орган – газета “Молот”, з 10.1.1918 г. яна мела назву “Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов”.

Дэпутаты савета падтрымлівалі Часовы ўрад, Стаўку Вярхоўнага галоўнакамандуючага, лозунг пра вайну да пераможнага канца. Пад кіраўніцтвам савета праводзіліся некаторыя дэмакратычныя пераўтварэнні, ствараліся прафсаюзы, салдацкія камітэты, устанаўліваўся 8-гадзінны рабочы дзень.

3(16).3.1917 г. на сходзе Магілёўскага сацыял-дэмакратычнага камітэта Бунда і меншавікоў была створана Магілёўская аб’яднаная арганізацыя РСДРП, так званая «аб’яднанка», але да жніўня бундаўцы стварылі самастойную арганізацыю, якая ўсё ж падтрымлівала сувязі з аб’яднанкай. У савеце, прафсаюзах, органах кіравання Бунд разам з меншавікамі і эсэрамі падтрымліваў палітыку Часовага ўрада. Пасля выхаду з аб’яднанкі бундаўцаў у ёй засталіся ў асноўным меншавікі-інтэрнацыяналісты і «абаронцы», супярзчнасці паміж імі абвастрыліся. Пасля ліпеньскага крызісу колькасць Магілёўскай аб’яднанай арганізацыі павялічылася за кошт далучэння да бальшавісцкай платформы рэвалюцыйна настроеных рабочых і салдат, што выклікала размежаванне бальшавікоў з меншавікамі. У склад камітэта новай аб’яднанай арганізацыі ад бальшавікоў увайшлі А.Залманзон і Чарніцкі, ад інтэрнацыяналістаў – Калмансон і З.Лазінскі.

У Магілёве па-мінуламу размяшчалася Стаўка. Гэта спрыяла таму, што ў горадзе жылі і працавалі пэўны час, альбо з візітамі бывалі такія добравядомыя асобы як генерал А.Брусілаў, эсэр-кіраўнік Часовага ўраду А.Керенскі, Б.Савінкаў і інш.

У жніўні 1917 г. пачалася падрыхтоўка контррэвалюцыйнага мяцяжу пад кіраўніцтвам вярхоўнага галоўнакамандуючага Л.Г.Карнілава, які намерваўся ўстанавіць ваенную дыктатуру. У Магілёў сцягваліся найбольш верныя Стаўцы вайсковыя часткі. Былі забаронены мітынгі, сходы, уведзена ваенная цэнзура, на дарогах у горад выстаўлены заслоны. Усе дзяржаўныя і грамадскія памяшканні занялі салдаты карнілаўскага ўдарнага палка. 25 жніўня (7 верасня) змоўшчыкі пачалі рухаць на Петраград 3-і конны корпус пад камандаваннем генерала Крымава. У ноч на 27 жніўня (9 верасня) Карнілаў аб’явіў сябе дыктатарам, заклікаў насельніцтва не выконваць рашэнняў Часовага ўрада. Палескі камітэт бальшавікоў стварыў у Магілёве надзвычайную «пяцёрку» для барацьбы з карнілаўшчынай. Пад уздзеяннем гэтай агітацыі салдаты батальёна Георгіеўскіх кавалераў, карнілаўскага ўдарнага палка і іншых вайсковых часцей адмовіліся падпарадкоўвацца сваім камандзірам. Змова генерала Карнілава была ліквідавана. Карнілава і яго паплечнікаў генералаў Дзянікіна, Лукомскага, Маркава, Раманоўскага і іншых арыштавалі і ўзялі пад варту ў Магілёве ў гасцініцы “Метраполь”, потым перавялі ў Быхаў, дзе зняволеныя знаходзіліся ў будынку былой гімназіі, адкуль былі пераведзены ў крэпасць. Але яшчэ знаходзячыся пад арыштам у гасцініцы “Метраполь” (трохпавярховы будынак з чырвонай цэглы захаваўся, на рагу вуліц Першамайскай і К.Лібкнехта) генералы складалі планы ўзброенага змагання. Якія былі пераўтвораны ў рэальнасць пасля кастрычніцкага перавароту, здзейсненага бальшавікамі ў Петраградзе. Таму варта казаць аб тым, што “белая гвардыя”, антыбальшавіцкі ўзброены рух бярэ свой пачатак з Магілёва.

3 пачаткам карнілаўскага мяцяжу Стаўка аб’явіла пра роспуск Магілёўскага савета. Сакратар і некаторыя члены савета былі арыштаваны. Большасць дэпутатаў перайшла на нелегальнае становішча і стварыла рэвалюцыйнае бюро па барацьбе з контррэвалюцыяй. У адной з друкарняў тайна была надрукавана і распаўсюджана адозва «Да працоўных і салдат», якая заклікала да абароны рэвалюцыі. Пасля ліквідацыі карнілаўскага мяцяжу савет узнавіў работу.

Як адзначае даследчык М.Лысенка, у верасні 1917 г. ў выканкам Магілёўскага савета былі кааптаваны бальшавік А.Залманзон і сацыял-дэмакрат-інтэрнацыяналіст З.Лазінскі. Частка дэпутатаў ад мелкабуржуазных партый пачала падтрымліваць бальшавісцкія лозунгі. Дэлегатамі на II Усерасійскі з’езд саветаў выбраны сацыял-дэмакрат-інтэрнацыяналіст С.Гонікман і левы эсэр В.Пятроў. Савет, асабліва яго кіраўніцтва, увогуле падтрымліваў палітыку Часовага ўрада. Гэта вызначыла адмоўныя адносіны большасці дэпутатаў да кастрычніцкага ўзброенага паўстання ў Петраградзе.

Сярод гэтых падзей варта вылучыць некалькі, якія надоўга засталіся ў памяці магілёўцаў. Была зроблена спроба аднавіць манархію – “быў пакліканы на царства” нейкі Мітрафан. У лістападзе 1917 года прадстаўнікі розных палітычных партый спрабавалі ўтварыць у Магілёве агульнарасійскі ўрад на чале з В.Чарновым.

Выконваючы абавязкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага, генерал М.Духонін падцягваў да Магілёва верныя Стаўцы вайсковыя часці: ударныя батальёны, палкі корпуса генерала Ю.Доўбар-Мусніцкага, казацкую дывізію. Абарону Магілёва і падрыхтоўку ваеннага выступлення супраць урада бальшавікоў Духонін даручыў генералу Л.Карнілаву, які знаходзіўся пад арыштам у Быхаве. У Магілёве згрупаваліся вядомыя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы – былыя міністры Часовага ўрада Мілюкоў і Вярхоўскі, лідэры меншавікоў і эсэраў Чарноў, Цэрэтэлі, Скобелеў, Гац, а таксама прадстаўнікі Антанты, якія адмовіліся прызнаць савецкі ўрад. Усе яны аб’ядналіся вакол Стаўкі і агульнаармейскага камітэта і спрабавалі ператварыць горад у апорны пункт барацьбы супраць савецкай улады. У Магілёве распрацоўваліся палітычныя планы, у ажыццяўленні якіх разам з генералітэтам Стаўкі актыўна ўдзельнічаў Духонін. 7 лістапада камісар Часовага ўрада пры Стаўцы Станкевіч склікаў нараду лідэраў буржуазных і дробнабуржуазных партый, прадстаўнікоў агульнаармейскага камітэта, камітэта выратавання Радзімы, некаторых членаў Часовага ўрада, генералаў і афіцэраў Стаўкі, на якой было прынята рашэнне пра неадкладнае стварэнне новага ўрада Расіі на чале з эсэрам Чарновым.

Пасля нарады агульнаармейскі камітэт у сваёй адозве «Ад імя ўсіх франтоў» заявіў аб незаконнасці савецкага (бальшавіцкага) ўрада і прапанаваў усім армейскім арганізацыям прыняць удзел у стварэнні новага. Аднак разасланыя ва ўсе часці дзеючай арміі тэлеграмы, паводле якіх армейскія камітэты павінны былі браць на сябе ініцыятыву стварэння новай улады, уплыву не мелі, салдацкія масы не падтрымалі гэтыя дырэктывы.19.11.(2.12)1917 г. горад быў заняты атрадамі рэвалюцыйных войск пад камандаваннем М. Крыленка.

Поўныя трагізму драматычныя старонкі Магілёўскай гісторыі перыяду акупацыі горада атрадамі корпуса легіянераў генерала Доўбар-Мусніцкага і войскамі немцаў пасля зрыву Брэсцкіх мірных перагавораў.

Асноўныя сілы корпуса Доўбар-Мусніцкага размяшчаліся ў Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай, Калужскай і Смаленскай губернях са штабам у Мінску, з канца 1917 г. – у Бабруйску. Пасля кастрычніцкага перавароту яны былі сканцэнтраваны ў раёне Жлобіна, Рагачова, Бабруйска.

У момант ліквідацыі Стаўкі Доўбар-Мусніцкі спрабаваў аказаць ваенную дапамогу Духоніну, садзейнічаў уцёкам з Быхава генерала Карнілава і іншых генералаў. Доўбар-Мусніцкі адмовіўся прызнаць савецкую ўладу, не выканаў пастанову савецкага ўрада аб дэмакратызацыі арміі, выступаў у абарону землеўладанняў памешчыкаў у Беларусі, падтрымаў патрабаванні польскіх нацыяналістаў аб далучэнні Мінскай і Магілёўскай губерняў да Польшчы. Наогул, ён ставіў мэту аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Таму калі яго жаўнеры занялі Магілёў, на ратушы была ўсталявана дошка з тэкстам аб аднаўленні Рэчы Паспалітай.

12(25).1.1918 г. Доўбар-Мусніцкі падняў антысавецкі мяцеж і пачаў наступленне на Магілёў і Мінск. Легіянеры разганялі саветы, расстрэльвалі савецкіх і партыйных работнікаў, вярталі маёнткі памешчыкам.

Выканком Магілёўскага губернскага савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў прымаў рашучыя меры супраць мяцежнікаў, выдаў дэкрэт аб арышце прадстаўнікоў памешчыкаў і тых лідэраў кадэтаў і «Саюза зямельных уласнікаў», якія дапамагалі ці спачувалі корпусу Доўбар-Мусніцкага. У Магілёве былі арыштаваны і аддадзены пад суд рэвалюцыйнага трыбунала кіраўнікі контррэвалюцыйнай змовы (так іх кваліфікавалі бальшавіцкія ўлады, на самой жа справе гэта былі звычайныя заложнікі, якія былі ні ў чым не вінаватыя, гэтай жа думкі прытрымліваецца і даследчык М.Лысенка) – каталіцкі епіскап князь Святаполк-Мірскі, былы Магілёўскі губернатар барон Карл Нолькен, магнат Сігізмунд Лявіцкі і інш. 19 лютага ў час пасяджэння трыбунала група прыхільнікаў арыштаваных спрабавала, паводле афіцыйнай версіі, вызваліць сваіх аднадумцаў, але была разагнана чырвонагвардзейскім атрадам Арыштаваных рэўтрыбунал прыгаварыў да расстрэлу. Які і быў выкананы. Закладнікаў расстралялі ў лясочку на ўскрайку горада. Гэтае месца знаходзіцца цяпер па праспекту Дзімітрава, насупраць мясакамбінату, дзе стаіць памятны крыж у гонар ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Пасля заняцця горада атрадамі Доўбар-Мусніцкага адбылося перазахаванне епіскапа на каталіцкіх могілках па цяперашняй вуліцы Лазарэнкі (раней Віленская), у 2004 годзе намаганнямі магілёўцаў там быў пастаўлены помнік Святаполк-Мірскаму.

Для барацьбы з польскімі легіянерамі Магілёўскі губрэўком сфарміраваў чырвонагвардзейскія атрады з рэвалюцыйных салдат, рабочых і сялян. Былы унтэр-афіцэр А.Старасотнікаў узначальваў работу па фарміраванні 1-га Магілёўскага чырвонагвардзейскага палка. Аб’яднаныя сілы Магілёўскага, Мінскага і Віцебскага атрадаў, латышскіх стралкоў і рэвалюцыйных матросаў у сярэдзіне лютага 1918 г. ў раёне Жлобіна–Рагачова разграмілі 1-ю Польскую дывізію і нанеслі паражэнне 2-й дывізіі, прымусіўшы іх адступіць да Бабруйска. Магілёўскі губрэўком 16 лютага выступіў з адозвай да легіянераў корпуса, у якой заклікаў салдат “пераходзіць на бок рэвалюцыйных сіл”.

18.2.1918 г. пасля заканчэння тэрміну дагавору аб перамір’і Германія аднавіла ваенныя дзеянні супраць савецкай рэспублікі. Разам з нямецкімі войскамі наступалі і часткі корпуса Доўбар-Мусніцкага. Паводле закліку ВРК у Магілёве і на тэрыторыі Магілёўскай губерні разгарнулася актыўная работа па фарміраванні падраздзяленняў Чырвонай гвардыі. 3 Магілёва, Петраграда ў паветы і воласці губерні было накіравана каля пяцідзесяці партыйных агітатараў і арганізатараў. Як піша М.Лысенка, 23.2.1918 г. газета “Правда” паведамляла, што на тэрыторыі Магілёўскай губерні фарміруецца некалькі чырвонагвардзейскіх палкоў. 3 набліжэннем да Магілёва германскіх войск на пасяджэнні губрэўкома паўстала пытанне пра абарону горада. Але губрэўком не меў дастатковай узброенай сілы, знаходзіўся ў стане панікі і разгубленасці, і было вырашана пакінуць горад без бою і пераехаць у Мсціслаў. Рэўком, губвыканкам і іншыя губернскія ўлады, якія не апавясцілі насельніцтва горада пра сваё рашэнне, спешна пакінулі Магілёў, іх ад’езд, на думку І.Філіповіча і з якой нельга не пагадзіцца, больш нагадваў уцёкі. Пры чым уцекачы не забыліся прыхапіць з сабой банкаўскую казну, у якой было больш за 64 млн. руб. і грашовыя сумы надзвычайнага падатку, які быў тэрмінова сабраны напярэдадні ўцёкаў. Грошы тыя былі падзелены паміж некалькімі асобамі і ў значнай меры былі растранжыраны. Нязначная частка іх трапіла ў банкі гарадоў Арол, Сімбірск, Сызрань. У далейшым новы Магілёўскі губвыканкам, створаны ў Мсціславе, спрабаваў вярнуць вывезеныя грошы і пакараць вінаватых у казнакрадстве і не арганізацыі абароны горада, але поспеху не меў. Хтосьці з вінаватых загінуў, а кагосьці (напрыклад Аронава і інш.) пазбавілі адказнасці, улічваючы іх “вялікія рэвалюцыйныя заслугі”.

12.3.1918 г. у Магілёў увайшлі легіянеры генерала Доўбар-Мусніцкага, 26.5.1918 г. – германскія войскі.

У горадзе і губерні былі разагнаны савецкія і партыйныя органы, вернуты да ўлады дума і земская ўправа, забараняліся мітынгі і сходы, устаноўлены каменданцкі час, уведзена пакаранне смерцю за захаванне зброі, пашкоджанне тэлефонных правадоў, чыгункі. Пачалі выходзіць газеты “Могилевский вестник”, “Труд”, “Жизнь” і “Эхо”.

Ва ўмовах акупацыі ў маі – кастрычніку 1918 г. дзейнічаў Магілёўскі падпольны раённы камітэт РКП(б) на чале з А.Брэгманам (Жалезняком), які кіраваў дзейнасцю Шклоўскага і Быхаўскага падраённых камітэтаў РКП(б). У будынку побач з Губернатарскай плошчай, які меў шыльду “Пральня”, знаходзілася канспіратыўная кватэра камітэта, а ў будынку былога казначэйства – падпольная друкарня, кіраваў ёю старшыня рабочага камітэта друкароў П.Васільеў.

Магілёўскі раённы падпольны камітэт РКП(б) праводзіў актыўную работу сярод насельніцтва горада і нямецкіх салдат, распаўсюджваў бальшавісцкія лістоўкі, газеты, здабываў зброю, арганізоўваў і кіраваў партыйным падполлем і партызанскім рухам. Падпольны камітэт быў звязаны з партызанскімі атрадамі А.Арлова, Мельнікава, С.Дзергачова, Карпава, Ксяндзова, Карташова і інш., што дзейнічалі ў Магілёўскім, Быхаўскім і Шклоўскім паветах. Аб’яднаныя сілы партызанскіх атрадаў 23.5.1918 г. вызвалілі задняпроўскую частку горада – Лупалава. Асабліва вылучыўся Чавускі атрад І.Якубава (камандзір, потым стаў ваенным камендантам Лупалава). 18.5.1918 г. быў створаны Лупалаўскі савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]