Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Помнікі - адказы.docx
Скачиваний:
3
Добавлен:
25.09.2019
Размер:
146.23 Кб
Скачать
  1. Раскрыйце сутнасць паняцця “помнікі гісторыі і культуры”. Назавіце разнавіднасці помнікаў мінулага. Дайце паняцце археалогіі, помнікаў археалогіі, пералічыце віды помнікаў археалогіі. Ахарактарызуйце адзін з іх.

Помнікамі гісторыі і культуры з’яўляюцца збудаванні, памятныя месцы і прадметы, звязаныя з гістарычнымі падзеямі ў жыцці народа, развіццём грамадства і дзяржавы, творы матэрыяльнай і духоўнай творчасці, якія ўяўляюць гістарычную, навуковую, мастацкую ці іншую культурную каштоўнасць.

У адпаведнасці з найбольш істотнымі тыпалагічнымі адзнакамі і функцыянальным прызначэннем помнікі гісторыі і культуры падзяляюцца на наступныя віды:

  • помнікі гісторыі; - помнікі горадабудаўніцтва і архітэктуры;

  • помнікі археалогіі; - помнікі мастацтва.

У агульнай структуры аб’ектаў культурнай спадчыны Беларусі найбольш шырока прадстаўлены аб’екты археалогіі – амаль 40 %. Так, на тэрыторыі Беларусі зарэгістравана каля 6 тыс. буйных археалагічных помнікаў.

Археалогія (ад грэч. – старажытны, спрадвечны + вучэнне, навука) – галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей.

Помнікі археалогіі – гэта аб’екты, якія захаваліся ў зямлі, на зямлі і пад вадой і якія характарызуюць развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры чалавецтва ад першабытнага ладу да феадалізму. Археалагічныя помнікі – рэчавыя гістарычныя крыніцы, па якіх можна аднавіць мінулае чалавечага грамадства. А.П. разнастайныя і шматлікія. Да іх адносяцца:

  • рэшткі старажытных паселішчаў, гарадзішчы,

  • старажытныя пахаванні – грунтовыя і курганныя могільнікі,

  • рэшткі старажытных умацаванняў, майстэрняў, каналаў, дарог,

  • каменныя выявы,

  • наскальныя малюнкі і надпісы на камянях,

  • месцы асобных знаходак археалагічных прадметаў (косці выкапнёвых жывёлаў, прылады працы, скарбы),

  • участкі гістарычнага культурнага пласта старажытных населеных пунктаў.

На тэрыторыіі Беларусі вельмі распаўсюджаны курганы. Іх зарэгістравана некалькі дзесяткаў тысяч.

Курган – насып з зямлі над старажытным пахаваннем; часам засыпанае зямлёй пахавальнае збудаванне. На Беларусі курганы з’явіліся на мяжы 3-га і 2-га тысячагоддзяў да н.э. Вядомы пад назвамі курганы, капцы, валатоўкі, сопкі, французскія альбо шведскія магілы. Курганы, выяўленыя на Беларусі, належаць усходне-славянскім плямёнам 2-й паловы 1-га тысячагоддзя н.э. і часоў Старажытнай Русі, славяна-балцкаму насельніцтву, балтам. Вядомы асобныя курганы і курганныя могільнікі. У курганах можа быць як адно пахаванне, так і некалькі пахаванняў. Зрэдку ў курганах сустракаюцца драўляныя зрубы з накатам і без яго (Гродзенская і Мінская вобл.). Курганы адрозніваюцца формай, памерамі (некаторыя курганы дасягаюць у дліну 100 м), унутранай будовай, палажэннем нябожчыка, абрадам пахавання, характарам пахавальнага інвентару. Найбольш старажытныя курганы адносяцца да сярэднедняпроўскай культуры (ранні бронзавы век). Яны круглыя ў плане, вышынёй да 3 м, дыяметр – да 30 м, пахавальны інвентар: керамічны посуд, крамянёвыя і бронзавыя прылады працы, упрыгожанні. Найбольш пашыранымі з’яўляюцца круглыя, доўгія і падоўжаныя ў плане курганы канца 1-га – пач. 2-га тыс. н.э. Сустракаюцца насыпы без пахаванняў, насыпаныя на ўшанаванне памяці памерлых – кенатафы (ад грэч. “пустая магіла”). Кенатафы рабілі ў тым выпадку, калі нябожчыка, напрыклад, памерлага на чужыне, нельга было пахаваць. Гэты звычай быў звязаны з разуменнем, што душы памерлых, якія не маюць магіл, не знаходзяць заспакаення.

Такім чынам, можна зазначыць - каштоўнасць археалагічных помнікаў у тым, што яны валодаюць уласцівасцю аб’ектыўна адлюстроўваць гістарычнае мінулае, так як з’яўляюцца непасрэдным водгукам гісторыі.

2. Раскрыйце асаблівасці эпохі палеаліту на тэрыторыіі Беларусі. Ахарактарызуйце найбольш старажытныя стаянкі каменнага веку. Вызначце перспектывы турыстычнага развіцця Юравіцкай стаянкі эпохі палеаліту.

Палеаліт – старажытнакаменны век, першая з трох асноўных эпох каменнага веку.

На Беларусі першабытныя людзі з’явіліся ў перыяд палеаліту, прыкладна 100-40 тыс. г. да н.э. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца прылады працы эпохі мусцье (археалагічная эпоха каменнага веку 70-32 тыс. г. да н.э., назва ад стаянкі Ле-Мусцье ў Францыі) – востраканечнікі, скрэблы, адшчэпы, знойдзеныя каля вёсак Падлужжа (Чачэрскі р-н), Свяцілавічы (Веткаўскі р-н), Абідавічы (Быхаўскі р-н).

Жыхары Беларусі на той час – гэта неандэртальцы. Тыпам сацыяльнай арганізацыі неандэртальцаў была праабшчына. Асноўнымі заняткамі неандэртальцаў былі паляванне на буйных жывёл – мамантаў і шарсцістага насарога, збіральніцтва і рыбалоўства. Яны здольны былі будаваць жытлы і здабываць агонь. Прысвойваючая гаспадарка першабытных людзей не спрыяла аселаму ладу жыцця, таму яны не засноўвалі больш-менш трывалых паселішчаў.

Праз некаторы час пачалося чарговае наступленне ледавіка (так званае паазерска-валдайскае абледзяненне, каля 70 тысяч год назад) і першабытныя людзі адышлі ў больш спрыяльныя паўднёвыя раёны. Паўторнае засяленне Беларусі адбылося каля 30-25 тыс. г. да н.э., калі ледавік адступіў на поўнач (пачаўся перыяд позняга ці верхняга палеаліту). Гэта ўжо былі не неандэртальцы, што першымі з’явіліся на Беларусі, а людзі сучаснага выгляду (новаантрапы), ці краманьёнцы. Так іх назвалі ад пячоры каля французскага месца Краманьён, дзе ўпершыню былі знойдзены рэшткі людзей сучаснага тыпу. Па знешнім выгляддзе яны амаль нічым не адрозніваліся ад нас, сучасных людзей, толькі былі крыху ніжэй ростам.

Першыя паселішчы знойдзены археолагамі каля сучасных паўднёвых беларускіх вёсак Юравічы Калінкавіцкага раёна (узрост стаянкі каля 26 тыс. гадоў) і Бердыж Чачэрскага раёна (узрост стаянкі каля 27-25 тыс. гадоў). Прыродныя ўмовы ў той час былі вельмі неспрыяльнымі. Тэрыторыя Беларусі нагадвала сучаснае Запаляр’е. Сярод нешматлікай расліннасці тундры вандравалі буйныя жывёлы – маманты і шарсцістыя насарогі. Гэтыя ўмовы вызначылі асноўныя напрамкі дзейнасці чалавека.

Прылады працы першабытных людзей былі самымі простымі, іх было каля 100 відаў. Асноўныя матэрыялы, з якіх яны вырабляліся – косткі жывёл, дрэва і, вядома, камяні і крэмень. Каменныя прылады працы – гэта скрэблы, праколкі, рубілы, наканечнікі дзідаў і г.д. Прылады працы дапамагалі людзям больш эфектыўна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы.

Асноўным заняткам жыхароў стаянак Бердыж і Юравічы, а таксама падобных ім было паляванне на буйных жывёл – мамантаў, шарсцістых насарогаў, паўночных аленяў і пясцоў. Паляванне на маманта і насарога, калі ўлічваць ступень развіцця паляўнічых прылад (з прылад палявання вядомы толькі дзіда, выкарыстоўвалі таксама лоўчыя ямы з дзідамі на дне і агонь для загону жывёл), патрабавала калектыўнага ўдзелу ў мерапрыемстве ўсіх працаздольных членаў абшчыны. Такім чынам, узнікла першая форма вытворчай кааперацыі людзейлоўчая абшчына. Паляванне давала першабытным людзям не толькі харчаванне, але і будаўнічы матэрыял – косткі і чарапы мамантаў (з іх узводзілі астоў жытла), скуры (накрывалі жытлы), сыравіну для вырабу прылад працы (косткі, сухажыллі і г.д.), адзенне. Акрамя палявання дапаможнымі заняткамі было збіральніцтва – пошук прыгоднага да спажывання ў навакольным асяроддзі (расліны, дробныя жывёлы, грыбы) і рыбалоўства.

Вялікую ролю ў выжыванні чалавека адыгрываў агонь. Захоўвалі агонь жанчыны, і гэтая акалічнасць значна павышала іх сацыяльны статус у першабытным грамадстве. У познім палеаліце складваецца новы тып сацыяльнай арганізацыі людзейродавая абшчына ці род (прыйшоў на змену праабшчыне ці чалавечаму статку), характарызаваўся агульнай (калектыўнай) маёмасцю.

Узнікаюць зачаткі рэлігійных вераванняў у выглядзе татэмізму. Згодна яго палажэнняў, першабытныя людзі звязвалі існаванне свайго роду з канкрэтнай з’явай прыроды ці раслінай, жывёлай (татэмам).

Такім чынам, самыя старажытныя стаянкі на тэрыторыі Беларусі адносяцца да позняга палеаліту. Так, паселішча каля вёскі Бердыж было адкрыта ў 1926 г. К.М. Палікарповічам. Яно з’яўляецца адным з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі. Тут выяўлены рэшткі 4-х жытлаў і 5-ці гаспадарчых ям, у будаўніцтве якіх выкарастаны чарапы, буйныя плоскія і трубчастыя косці маманта і іншых жывёл. Знойдзены пласціны з біўня маманта з геаметрычным арнаментам, шматлікія прылады працы з крэменю – нажы, скрабкі, наканечнікі дзідаў (кап’ё) і інш. Паселішча эпохі верхняга (позняга) палеаліту ў в. Юравічы адкрыў у 1929 г. Ю.Ю.Попель. Знойдзены ўнікальны крамянёвы кінжал, нуклеўсы (каменны жаўлак, ад якога ў каменным веку адбівалі ці адціскалі адшчэпы (пласціны) для вырабу прылад працы), рэшткі агнішчаў, выкладзеных камянямі, руіны жытлаў з касцей маманта, буйных камянёў і пліт валуннага паходжання. Адной з найбольш сэнсацыйных знаходак археолагаў на месцы стаянкі стала галава маманта з біўнямі, якая захавалася цалкам. Гэтая знаходка ўнікальная для Беларусі.

Група археалагічных помнікаў у Юравічах – цікавы турыстычны аб’ект, які мае вялікія перспектывы.

М іністэрства культуры Беларусі ўзгадніла праект стварэння музея пад адкрытым небам - стаянкі першабытнага чалавека ў в. Юравічы Калінкавіцкага р-на.

Цяпер праводзяцца работы па добраўпарадкаванню тэрыторыі месца стаянкі, збудавана лесвіца на ўзгорак, дзе будзе знаходзіцца аглядная пляцоўка.

Экспазіцыя жылля першабытнага чалавека размесціцца ў разрэзе ўзгорка, дзе праводзіліся раскопкі. Ужо падрыхтаваныя канцэпцыя музею і тэматыка‑экспазіцыйны план.

Музей будзе ўяўляць дзве майстэрні: па апрацоўцы крэменю і майстэрню першабытнага мастака. Плануецца ўстанавіць тры фігуры - мужчыны‑паляўнічага, жанчыны, якая ачышчае скуру, і дзіцяці, якое падтрымлівае агонь.

  1. Указаць рамкі жалезнага веку на тэрыторыіі Беларусі. Пералічыць археалагічныя культуры дадзенай гістарычнай эпохі. Раскрыць паняцці “гарадзішча” і “селішча”. Ахарактарызаваць асаблівасці мілаградскай археалагічнай культуры

Жалезны век - апошняя археалагічная эпоха ў гісторыі чалавецтва, якая характарызуецца з’яўленнем і шырокім распаўсюджваннем металургіі жалеза і вырабаў з яго прылад працы і зброі.

На тэрыторыі Беларусі ж.в. пачаўся ў канцы 7-6 ст. да н.э. і працягваўся да 8 ст. н.э. Ён меў 2 перыяды: ранні (да 4 ст.) і позні. Жалеза тут выплаўлялі з балотнай руды ў невялікіх паўшарападобных печах-домніцах. У жалезаробчых майстэрнях жалеза здабывалі і выраблялі з яго рэчы і зброю.

Археалагічныя культуры жалезнага веку:

  • мілаградская культура (Палессе, Сярэдняе і Верхняе Падняпроўе);

  • паморская культура (басейн Зах. Буга і верхняй Прыпяці);

  • культура штрыхаванай керамікі (цэнтральная і паўн.-зах. Беларусь);

  • днепра-дзвінская культура (паўночная Беларусь);

  • зарубінецкая культура (усх. частка Беларусі) і іншыя.

Археалагічныя даныя сведчаць, што плямёны ранняга жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі знаходзіліся на стадыі развітога патрыярхату. Некалькі сем’яў стваралі род, які валодаў пэўнай тэрыторыяй з паселішчамі, участкамі зямлі, пашай для жывёлы. Разлажэнне першабытнаабшчынных адносін, сутыкненне паміж плямёнамі адбіліся на характары паселішчаў гэтага перыяду. Для вялікай патрыярхальнай сям’і ўзводзілася гарадзішча з абарончымі умацаваннямі, каб абараняць маёмасць роду ад варожых нападаў. Гарадзішчы на Беларусі вядомы з позняга бронзавага веку, але найбольш пашыраны ў раннім жалезным веку.

Гарадзішча – рэшткі старажытнага ўмацаванага паселішча. Назва паходзіць ад старажытна-рускага “городити” – агароджваць. Найчасцей вызначаецца валамі, равамі, рэшткамі сцен, наяўнасцю культурнага пласта. Часта гарадзішчы адной эпохі выкарыстоўваліся насельніцтвам больш позняга часу. Звычайна гарадзішча будавалі на ўзвышаных месцах, каля берагоў рэчак і вадаёмаў. У залежнасці ад месца ўзвядзення гарадзішчы на Беларусі тыпалагічна падзяляюць на ўзгоркавыя, мысавыя і балотныя. Узгоркавыя будавалі на ледавіковых халмах, мысавыя – на высокіх берагах рэк і азёр, балотныя – сярод поймавых нізін, балот, лясоў. Тыпалагічную характарыстыку гарадзішчаў складаюць і такія фактары, як форма, выгляд абарончых збудаванняў. Так, узгоркавыя г. звычайна мелі круглую ці авальную форму пляцоўкі, мысавыя – трохвугольную ці чатырохвугольную. Плошча гарадзішчаў ранняга ж.в. – 0,5 тыс. – 2 тыс. м. кв., больш позняга часу – 2-10 тыс. м. кв. Сістэма абарончых збудаванняў мянялася ад простых канструкцый з вастраколаў да складанай фартыфікацыйнай сістэмы з валоў і равоў. На валах узводзіліся сцены з бярвення. У раннім сярэднявеччы на месцы былых гарадзішчаў часта ўзнікалі гарады, замкі і сядзібы феадалаў. Да сённяшніх часоў на Беларусі захавалася каля 1 тыс. гарадзішчаў розных часоў.

Селішча – тэрмін, які абазначае рэшткі неўмацаванага паселішча. Як правіла, селішча не мае знешніх прыкмет (равоў, валоў), што стварае цяжкасці пры іх пошуку. Таму селішчаў вядома значна менш, чым гарадзішчаў. Яны выяўляюцца па наяўнасці культурнага пласта і знаходак. На Беларусі вядомы з эпохі бронзы. У раннім ж.в. насельніцтва жыло пераважна на гарадзішчах. Новая хваля пашырэння селішчаў пачалася з першых стагоддзяў н.э., асабліва ў 4-5 ст.

Мілаградская арх. культура.

Археалагiчная культура VII-III ст.ст. да н. э. на тэрыторыі Паўднёва-Усходняй Беларусi і на паўночны Украіны. Назва паходзiць ад гарадзішча ля в. Мілаград (Рэчыцкі р-н). Культура, насельніцтва якой першай перайшло да вытворчасці і апрацоўкі жалеза на тэрыторыі Беларусі. Адметнай асаблiвасцю культуры з'яўляюцца керамічны посуд яйка- і шарападобнай формы з прамым, альбо крыху адагнутым вонкі венчыкам, або паўсферычны посуд без венчыка. Тыповая арнаментацыя посуду - па венчыку, шыйцы або плечыку – круглыя, ямкамі, насечкі - "жамчужыны". Для носьбітаў М. к. характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і адкрытыя (селішчы). Асноўным тыпам жылля былі зямлянкі, наземныя або заглыбленыя ў зямлю жытлы, разлічаныя на адну сям’ю. Для жылых пабудоў характэрны слупавая канструкцыя пабудовы і адмысловы выступ у сцяне. У знешніх зносінах - цесная сувязь са скіфамі. Асноўныя формы гаспадаркі – земляробства і жывёлагадоўля. Этнічная прыналежнасць М.к. застаецца спрэчнай. Такія даследчыкі, як В. Мельнікоўская, Л. Побаль адносяць яе да славян, а П. Траццякоў, Э. Загарульскі і інш. лічаць, што носьбіты Мілаградскай культуры былі балтамі.

Характэрны посуд мілаградкай культуры

  1. Даць азначэнне паняццю “могільнік”. Назваць разнавіднасці могільнікаў. Апісаць пахавальныя абрады плямёнаў зарубінецкай культуры.

Могільнікі складаюць самую вялікую групу археалагічных помнікаў. Яны даюць уяўленне аб рэлігійных вераваннях і пахавальных абрадах, аб паўсядзённым побыце мінулага. Вера ў загробнае жыццё была прычынай таго, што ў магілу клалі шматлікія рэчы – зброю, прылады працы, упрыгожанні, посуд і г.д. Усё гэта дапамагае высветліць дэталі побыту, сацыяльнага ладу, эканамічнага жыцця. Могільнікі даюць магчымасць рэканструяваць этнаграфічны воблік плямёнаў, а таксама ўтрымліваюць антрапалагічны матэрыял для ўзнаўлення фізічнага вобліку насельніцтва старажытных эпох.

Могільнік – група старажытных пахаванняў у адным месцы, звычайна былі адасоблены ад паселішча (пачынаючы з эпохі мезаліту). Могільнікі падзяляюцца:

  1. на курганныя і бескурганныя (грунтавыя, без насыпаў);

  2. паводле пахавальнага абраду ў могільніках адрозніваюць трупаспаленні і трупапалажэнні.

На Беларусі самыя старажытныя могільнікі адносяцца да бронзавага веку (Ходасавічы, Рудня-Шлягіна), найбольш даследаваны бескурганны могільнік ранняга жалезнага веку Чаплін і інш. Антычны могільнік звычайна называюць некропалем, хрысціянскі – могілкамі.

Курган – насып з зямлі над старажытным пахаваннем; часам засыпанае зямлёй пахавальнае збудаванне. На Беларусі курганы з’явіліся на мяжы 3-га і 2-га тысячагоддзяў да н.э. Вядомы пад назвамі курганы, капцы, валатоўкі, сопкі, французскія альбо шведскія магілы. Курганы, выяўленыя на Беларусі, належаць усходне-славянскім плямёнам 2-й паловы 1-га тысячагоддзя н.э. і часоў Старажытнай Русі, славяна-балцкаму насельніцтву, балтам. Вядомы асобныя курганы і курганныя могільнікі. Зрэдку ў курганах сустракаюцца драўляныя зрубы з накатам і без яго (Гродзенская і Мінская вобл.). Курганы адрозніваюцца формай, памерамі, унутранай будовай, палажэннем нябожчыка, абрадам пахавання, характарам пахавальнага інвентару. Найбольш старажытныя курганы адносяцца да сярэднедняпроўскай культуры (ранні бронзавы век). Яны круглыя ў плане, вышынёй да3 м, дыяметр – да 30 м. пахавальны інвентар: керамічны посуд, крамянёвыя і бронзавыя прылады працы, упрыгожанні. Найбольш пашыранымі з’яўляюцца круглыя, доўгія і падоўжаныя ў плане курганы канца 1-га – пач. 2-га тыс. н.э. Сустракаюцца насыпы без пахаванняў, насыпаныя на ўшанаванне памяці памерлых – кенатафы (ад грэч. “пустая магіла”). Кенатафы рабілі ў тым выпадку, калі нябожчыка, напрыклад, памерлага на чужыне, нельга было пахаваць. Гэты звычай быў звязаны з разуменнем, што душы памерлых, якія не маюць магіл, не знаходзяць заспакаення.

Пахавальны абрад – сукупнасць строга акрэсленых дзеянняў, якімі суправаджалася пахаванне нябожчыка. Трупаспаленне (крэмацыя) – адзін з відаў пахавання. На тэрыторыі Беларусі з’явілася ў 2-м тыс. да н.э. (сярэднедняпроўская культура). У жалезным веку звычай трупаспалення трывала зацвердзіўся ў шэрагу плямён (мілаградская, зарубінецкая культуры). Да канца 10 ст. шырока распаўсюдзіўся ва ўсх. славян. З пашырэннем хрысціянства трупаспаленне паступова знікла, бо хрысціянская царква лічыла яго язычніцкім рытуалам. Адбыўся паступовы пераход да трупапалажэння. Трупапалажэнне (інгумацыя) – від пахавання, які на тэрыторыі Беларусі вядомы з 2-га тыс. да н.э. (могільнікі позняга этапу сярэднедняпроўскай культуры).

Зарубінецкая культура – археалагічная культура плямён, якія ў раннім жалезным веку жылі ў Сярэднім і Верхнім Падняпроўі, Прыпяцкім Палессі. Назва – ад могільніка каля с. Зарубінцы на Кіеўшчыне. Могільнікі, характэрныя для Зарубінецкай культуры, не маюць знешніх прыкмет і уяўляюць сабой бескурганныя могілкавыя палі. Пахаванне адбывалася па абрадзе трупаспалення за межамі некропаля. Абрад трупапалажэнне выкарыстоўваўся значна радзей. Сустракаюцца кенатафы (у Верхнім Падняпроўі).

Па асаблівасцях пахавальнага обрада вылучаюць некалькі тыпаў пахаванняў. Найбольш распаўсюджанымі былі ямныя пахаванні, якія больш характэрны для Верхняга Падняпроўя (могільнік Чаплін, Лоеўскі р-н: усе 282 магілы - ямныя). Да другой групы адносяцца урнавыя пахаванні, якія вядомы на могільніках Палесся і Сярэдняга Падняпроўя. Рэшткі нябожчыка (косці старанна ачышчаліся ад рэшткаў вогнішча) клаліся непасрэдна ў зямлю ці ў урны і змяшчаліся ў круглых або падоўжаных ямках глыбінёю да 1 м. Пахавальны інвентар даволі багаты і разнастайны: керамічны посуд, зброя, прылады працы, упрыгожанні (звычайна фібулы). У пахаваннях знаходзяць рэшткі рытуальнай ежы (неспаленыя косці свіней, кароў, баранаў). У некаторых пахаваннях палескіх могільнікаў знаходзяць вялікія бронзавыя шпількі са спіральным навершам, якія не сустракаюцца ў іншых рэгіёнах зарубінецкай культуры.

Выснова: вывучэнне археалагічных помнікаў Зарубінецкай культуры, у тым ліку пахавальных абрадаў, дае магчымасць даследчыкам аднесці яе да стараславянскай.