Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Сильченко Н.В "Агульная тэорыя права"

.pdf
Скачиваний:
95
Добавлен:
18.02.2016
Размер:
4.27 Mб
Скачать

відам праватворчасці, які ўмоўна можна назваць праваствараючым (ці праваўстанаўліваючым). Калі ж дасягаецца мэта па змяненню дзеючых прававых эквівалентаў, то мы маем справу са змяненнем права (ці правазмяняючай праватворчасцю). А калі мэтай дзейнасці сацыяльных суб’ектаў з’яўляецца адмена прававых эквівалентаў, якія страцілі сваё значэнне і не адпавядаюць новым рэальнасцям, то мы маем справу з адменай права (ці праваадмяняючым відам праватворчасці). Адзначаныя віды праватворчасці з’яўляюцца агульнымі відамі праватворчасці як для правасвядомасці, так і для пазітыўнага права. Больш таго, яны ўлічваюць усе праявы адзначаных форм існавання права, а не толькі той іх часткі, якая называецца прававым эквівалентам.

Але прававыя эквіваленты з’яўляюцца сэрцавінай дзеючага права, усіх яго форм. Як вядома з папярэдніх тэм, прававыя эквіваленты змяшчаюцца, выкладаюцца ў нормах права, а нормы права знаходзяць замацаванне і ўвасабленне ў дзеючых крыніцах права.

Пры спалучэнні асобных відаў сацыяльных суб’ектаў і відаў крыніц права, у якіх знаходзяць афіцыйнае выражэнне і замацаванне прававыя эквіваленты, мы можам выдзеліць віды нарматворчасці. Існуюць такія віды крыніц права, якія заўсёды завязаны на дзяржаву, бо без актыўных і мэтанакіраваных дзеянняў з боку дзяржавы, яе органаў і ўстаноў не можа быць завершаны працэс станаўлення права і не могуць быць створаны гэтыя крыніцы права. Так, без дзяржавы не ўзнікаюць такія крыніцы права, як нарматыўны прававы акт і міжнародны дагавор нарматыўнага зместу. Разам з тым вельмі важныя нарматыўныя прававыя акты, напрыклад, Канстытуцыя краіны, могуць быць прыняты і шляхам усенароднага галасавання (рэферэндуму), як гэта адбылося ў Рэспубліцы Беларусь 24 лістапада 1996 года пад час усенароднага галасавання.

У той самы час усенародны рэферэндум можа і не прывесці да стварэння такой крыніцы права, як нарматыўны прававы акт, тым не менш яго вынікі будуць мець агульнаабавязковае значэнне па нейкаму пытанню, напрыклад, рашэнне, якое было прынята на ўсенародным галасаванні (рэферэндуме) па пытанню аб уласнасці на зямлю. Наадварот, такая, напрыклад, крыніца права, як прававы звычай, можа быць створана і без удзелу дзяржавы. Больш таго, яна і выкарыстоўвацца можа без падтрымкі з боку дзяржавы, а абапірацца пры гэтым прававы звычай будзе на прымусовую сілу з боку супольнасці.

На наш погляд, можна выдзеліць наступныя віды нарматворчасці: а) дзяржаўную нарматворчасць; б) міждзяржаўную нарма-

511

творчасць, у тым ліку нарматворчасць міжнародных арганізацый; в) народную нарматворчасць, у тым ліку нарматворчасць шляхам рэферэндуму; г) нарматворчасць міжнародных арганізацый і недзяржаўных арганізацый унутры краіны; д) лакальную нарматворчасць; е) нарматворчасць мясцовых органаў самакіравання і кіравання; ж) нарматворчасць асобных сацыяльных груп; з) прэцэдэнтную нарматворчасць; е) сумесную нарматворчасць.

Усе віды нарматворчасці ў залежнасці ад іх ролі і значнасці ў стварэнні прававых эквівалентаў можна падзяліць на асноўныя і дадатковыя. Праз дзяржаўную і міждзяржаўную нарматворчасць у беларускую нацыянальную прававую сістэму ўводзіцца асноўная маса дзеючых норм права, і менавіта па дадзенай прымеце іх можна аднесці да асноўных відаў нарматворчасці. Такім чынам, падзел відаў нарматворчасці на асноўныя і дадатковыя адрозніваецца ад падстаў падзелу крыніц права на крыніцы асноўныя і дадатковыя.

Дзяржаўная нарматворчасць падрабязна і ўсебакова даследавана навукоўцамі і звычайна выкладаецца ў падручніках і вучэбных дапаможніках. Аб міждзяржаўнай праватворчасці ў агульнай тэорыі права чамусьці не ўзгадваецца, хаця неаспрэчным з’яўляецца факт, што міжнародныя дагаворы, якія належным чынам прызнаны дзяржавай абавязковымі, з’яўляюцца складанай часткай нацыянальнага права. Дзіўна атрымліваецца – стварэнне міжнароднага дагавору, якое, безумоўна, не ўкладваецца ў паняцце дзяржаўнай праватворчасці, не выдзяляецца ў самастойны від нарматворчасці. У той самы час прыняцце адной і той самай крыніцы права – нарматыўнага прававога акта – з аднаго боку, дзяржавай, а з другога – шляхам усенароднага галасавання, не перашкаджае навукоўцам весці размову аб двух самастойных відах нарматворчасці.

Дзяржаўная нарматворчасць, у сваю чаргу, падзяляецца на асобныя падвіды ў залежнасці ад той галіны ўлады, якая стварае прававы эквівалент і замацоўвае яго ў нормах права. У гэтым плане можна весці размову аб заканатворчасці, нарматворчасці выканаўчай і распарадчай улады і нарматворчасці судовай улады. Праўда, судовая ўлада стварае розныя прававыя акты. Адны з іх з’яўляюцца мадыфікаванымі крыніцамі права, а другія ўяўляюць такую крыніцу права, як прававы прэцэдэнт.

Народная нарматворчасць не можа быць зведзена толькі да рэферэндуму – нацыянальнага (усенароднага) ці мясцовага, на якіх прымаюцца нарматыўныя прававыя акты. Шляхам народнай нарматворчасці можа быць прынята і індывідуальнае прававое рашэнне (індывідуальны прававы эквівалент) па канкрэтнаму пытанню,

512

якое затым будзе «разгорнута», «канкрэтызавана» ў нормах права. Да народнай нарматворчасці можна аднесці і стварэнне прававых аксіём і звычаёвых норм.

Да самастойных відаў нарматворчасці патрэбна аднесці нарматворчасць, якая шчыльна звязана з дзейнасцю асобных сацыяльных суб’ектаў, напрыклад, навукоўцаў і калектываў навукоўцаў, а таксама асобных недзяржаўных арганізацый, напрыклад, прафесіянальных саюзаў, кааператыўных арганізацый, царквы і г. д. У выніку іх дзейнасці могуць быць створаны правілы паводзін (нормы права) у форме дактрыны (навукі), свяшчэннага пісання (царкоўных норм), а таксама нарматыўнага прававога акта ці дагавору нарматыўнага зместу.

Прыкладам сумеснай нарматворчасці можа быць стварэнне норм права шляхам заключэння пагадненняў (дагавораў нарматыўнага зместу) паміж дзяржавай, яе органамі і прафесійнымі саюзамі ці дзяржавай і царквой. Да сумеснай нарматворчасці можна таксама аднесці, напрыклад, дагавор (пагадненне) паміж рознымі адмі- ністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі ўнутры дзяржавы, а таксама паміж адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі, якія ўваходзяць у склад розных дзяржаў.

Да лакальнай нарматворчасці можна аднесці працэс стварэння і замацавання такіх відаў крыніц права, як лакальныя нарматыўныя прававыя акты і калектыўныя дагаворы. Калектыўныя дагаворы ўяўляюць, як вядома, разнавіднасць такой крыніцы права, як дагавор нарматыўнага зместу, а лакальныя нарматыўныя прававыя акты – гэта разнавіднасць нарматыўных прававых актаў. Тое, што аб’ядноўвае іх у адзіную падсістэму крыніц права і адначасова дазваляе выдзеліць у самастойны від нарматворчасці, тычыцца межаў дзеяння гэтых крыніц права, працэсаў і суб’ектаў іх стварэння.

Выдзяленне нарматворчасці мясцовых органаў самакіравання і кіравання ў асобны і самастойны від нарматворчасці абумоўлена тым, што гэтыя органы выяўляюць інтарэсы тэрытарыяльных калектываў і абавязаны іх задавальняць і абараняць. У той самы час мясцовыя органы самакіравання і кіравання рэалізуюць свае паўнамоцтвы шляхам выдання нарматыўных прававых актаў і прычым не могуць не ажыццяўляць на сваёй тэрыторыі тых крыніц права, якія прыняты іншымі сацыяльнымі суб’ектамі, дзяржаўнымі і недзяржаўнымі органамі.

Прэцэдэнтная нарматворчасць не можа быць зведзена да стварэння судовага прэцэдэнта. Прававы прэцэдэнт – гэта такая крыніца права, якая можа быць створана і іншымі правапрымяняльнымі структурамі.

513

3.Дзяржаўнаясістэмаправавойінфармацыі.Адзіны прававыкласіфікатар.Апублікаваннекрыніцправа

У Рэспубліцы Беларусь створана і дзейнічае унікальная сярод дзяржаў СНД Дзяржаўная сістэма прававой інфармацыі (скарочана – ДзСПІ). Яна ўключае: а) аўтаматызаваную сістэму фармавання дзяржаўнага інфармацыйнага прававога рэсурсу; б) сістэму распаўсюджання прававой інфармацыі; в) сістэму міждзяржаўнага абмену прававой інфармацыяй.

Аўтаматызаваная сістэма фармавання дзяржаўнага інфармацыйнага прававога рэсурсу ўключае ў сябе: 1) Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь – адзіную уніфікаваную сістэму ўліку і афіцыйнага апублікавання прававых актаў, якая не мае аналагаў на тэрыторыі СНД; 2) Эталонны банк дазеных прававой інфармацыі (скарочана – ЭБДПІ), які ўяўляе сабой поўны сістэматызаваны збор заканадаўства Рэспублікі Беларусь на электронных (магнітных) носьбітах у кантрольным стане і створаныя на яго базе іншыя базы дадзеных. Эталонны банк дадзеных прававой інфармацыі ўтрымлівае звесткі аб: а) нарматыўных прававых актах дзяржаўных органаў; б) аб міжнародных дагаворах; в) аб актах органаў кіравання і самакіравання. Эталонны банк дадзеных прававой інфармацыі папаўняецца інфармацыяй «Судовая практыка». Але пакуль што незразумела, якую практыку павінен утрымліваць ЭБДПІ; 3) Адзіны прававы класіфікатар – сістэматызаваны звод кодаў і найменняў класіфікацыйных дзяленняў, якія адлюстроўваюць галіны права і прававыя інстытуты, што згрупаваны па прадмету прававога рэгулявання і прызначаны для фармавання інфармацыйных масіваў прававой інфармацыі.

Сістэма распаўсюджання прававой інфармацыі прадстаўляе афіцыйную, поўную і актуальную прававую інфармацыю дзяржаўным органам, юрыдычным і фізічным асобам з дапамогай друкаваных выданняў, у камп’ютарным выглядзе, у тым ліку і праз Інтэрнет.

Прыватным выпадкам і адначасова складанай часткай сістэмы распаўсюджання прававой інфармацыі з’яўляецца пытанне аб апублікаванні крыніц права – давядзенні ідэнтычнага зместу дзеючых крыніц права да ведама суб’ектаў права, удзельнікаў грамадскіх адносін. Паколькі з апублікаваннем звязаны вельмі істотныя моманты дзеяння крыніц права, то звычайна ў кожнай нацыянальнай прававой сістэме ўсталёўваецца вельмі дакладны пералік афіцыйных сродкаў апублікавання для кожнага віду дзеючых крыніц права.

514

Згодна з агульным правілам апублікавання крыніц права, якое дзейнічае ў прававой сістэме Рэспублікі Беларусь, афіцыйнае апублікаванне крыніц права адбываецца пасля таго, як яны ўключаны ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, г. зн. зарэгістраваны адпаведным чынам, а датай афіцыйнага апублікавання лічыцца выхад у свет афіцыйнага выдання, у якім змешчана крыніца права. Але дэкрэты Прэзідэнта краіны і законы падлягаюць неадкладнаму афіцыйнаму апублікаванню адразу пасля падпісання.

У адпаведнасці з Палажэннем аб афіцыйным апублікаванні і ўступленні ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь, якое было зацверджана Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10.12.1998 г. № 22, былі вызначаны выданні, якія ажыццяўляюць афіцыйнае апублікаванне нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Да іх ліку адносяцца: Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь (для ўсіх нарматыўных прававых актаў), газета «Советская Белоруссия» (для актаў Прэзідэнта краіны, пастаноў Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў), газеты «Звязда» і «Народная газета» (для законаў, пастаноў палат Парламента, рашэнняў Канстытуцыйнага Суда), газета «Рэспубліка» (для пастаноў Савета Міністраў краіны, актаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання). Для нарматыўных прававых актаў, якія выдаюцца органамі мясцовага самакіравання і кіравання, афіцыйнымі крыніцамі (сродкамі) апублікавання з’яўляюцца выданні, якія вызначаюцца абласнымі Саветамі дэпутатаў і выканаўчымі камітэтамі.

Сёння ДзСПІ практычна выступае складанай часткай прававой сістэмы дзяржавы, механізма прававога рэгулявання і прававога ўздзеяння.

4.Паняццеівідысістэматызацыікрыніцправа

Непасрэднымі вынікамі праваўтварэння (стварэння права), розных відаў праватворчасці і нарматворчасці з’яўляецца права ў розных формах яго існавання – у форме праваадносін, прававой свядомасці і пазітыўнага права. Дзеючае права павінна быць адэкватным існуючым грамадскім адносінам, лагічным і несупярэчлівым. Паколькі асноўнай (вядучай) формай права ў рамана-герман- скай прававой (кантынентальнай) прававой сям’і з’яўляецца пазітыўнае права, а асноўнай яго крыніцай выступае нарматыўны прававы акт, то паняцце сістэматызацыі распрацоўвалася ў айчын-

515

най юрыдычнай навуцы пераважна на прыкладзе дадзенай крыніцы права. Але ў беларускай прававой сістэме выкарыстоўваецца не толькі нарматыўны прававы акт, а ўсе віды крыніц права, таму мэтазгодна ахапіць паняццем сістэматызацыі ўсе віды дзеючых крыніц права і весці размову аб сістэматызацыі крыніц права. Акрамя гэтага, мэтазгодна ўключыць у паняцце сістэматызацыі дзейнасць не толькі дзяржавы, але і іншых сацыяльных суб’ектаў, якія альбо ствараюць дзеючыя крыніцы права, альбо іх выкарыстоўва-

юць. У такім разе пад сістэматызацыяй у самым агульным плане можна разумець дзейнасць дзяржавы, яе органаў і іншых сацыяльных суб’ектаў, якая скіравана на сістэматыку і падтрыманне дзеючых крыніц права ў «працоўным стане».

У залежнасці ад відаў крыніц права, якія сістэматызуюцца, можна выдзеліць сістэматызацыю нарматыўных прававых актаў, дагавораў нарматыўнага зместу, прэцэдэнтаў, нарматыўных актаў органаў судовай улады і г. д. У залежнасці ад суб’ектаў, якія праводзяць сістэматызацыю, можна весці размову аб сістэматызацыі дзяржаўнай і недзяржаўнай. Крыху іншыя віды сістэматызацыі крыніц права атрымліваюцца пры падзеле сістэматызацыі на афіцыйную і неафіцыйную.

Сістэматызацыя крыніц права праводзіцца з рознымі мэтамі, рознымі суб’ектамі і рознымі метадамі. У залежнасці ад дадзеных крытэрыяў можна выдзеліць наступныя яе віды: інкарпарацыю, кансалідацыю, кадыфікацыю.

Інкарпарацыя (ад лац. in corpore – «цэлае», «у адно») уяўляе сабой такую дзейнасць, мэтай якой з’яўляецца звядзенне ў адзінае цэлае ўжо дзеючых у грамадстве нарматыўных прававых актаў і іншых крыніц права. Падчас інкарпарацыі выяўляюцца састарэлыя і супярэчлівыя нормы права, якія змешчаны ў розных крыніцах права. У выпадку, калі інкарпарацыя мае афіцыйны характар, састарэлыя нормы права «выводзяцца» з прававой сістэмы, а супярэчнасці ліквідуюцца. Прыкладам інкарпарацыі з’яўляюцца разнастайныя зборнікі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у якіх змяшчаюцца нарматыўныя прававыя акты, а таксама іншыя крыніцы норм права, якія рэгламентуюць пэўныя віды грамадскіх адносін, напрыклад, працоўнае заканадаўства, пенсіённае заканадаўства і г. д. Інкарпарацыя дазваляе сабраць, як кажуць, пад адной «вокладкай» усе крыніцы права (ці іх асобныя часткі), агледзець увесь аб’ём нарматыўнага матэрыялу з тым, каб распрацаваць стратэгію і тактыку яго ўдасканалення. Інкарпарацыя з’яўляецца універсальным відам сістэматызацыі крыніц права, таму што яна прыдатная для кожнага з відаў крыніц права і для ўсёй іх сістэмы.

516

Кансалідацыя ўяўляе сабой аб’яднанне некалькіх крыніц права, якія рэгламентуюць адны і тыя самыя грамадскія адносіны па адных і тых жа пытаннях, у адну крыніцу. У адрозненне ад інкарпарацыі, якая прыдатная для сістэматызацыі абсалютна ўсіх відаў крыніц права, кансалідацыя можа быць выкарыстана пры сістэматызацыі аднайменных крыніц права. Аб’яднаць у адну крыніцу можна, напрыклад, нарматыўныя прававыя акты, якія выдадзены адным і тым жа органам дзяржавы па аднаму і таму ж пытанню. Кансалідаваць можна, напрыклад, і дагаворы нарматыўнага зместу, якія заключаны аднымі і тымі ж суб’ектамі нарматворчасці, г. зн. маюць аднолькавую юрыдычную сілу, у адзін дагавор нарматыўнага зместу.

Кадыфікацыя ўяўляе сабой дзейнасць дзяржавы, яе органаў ці некалькіх дзяржаў па сістэматызацыі крыніц права, у выніку якой на месцы мноства дзеючых крыніц права, якія рэгламентавалі грамадскія адносіны, з’яўляецца адзіная і якасна новая па форме і зместу крыніца права (часта пад назвай «Кодэкс»). Пры гэтым тыя крыніцы права, якія дагэтуль уздзейнічалі на грамадскія адносіны, прызнаюцца страціўшымі юрыдычную сілу. Такім чынам, кадыфікацыя вырашае шэраг задач. Па-першае, яна прыводзіць да якаснага абнаўлення прававога рэгулявання грамадскіх адносін. Падругое, кадыфікацыя садзейнічае ліквідацыі супярэчнасцей у сістэме крыніц права. Па-трэцяе, кадыфікацыя змяншае аб’ём дзеючага нарматыўнага прававога матэрыялу і робіць яго больш кампактным і зручным для правапрымяняльнікаў і правакарыстальнікаў.

Выдзяляецца кадыфікацыя нацыянальная і міжнароднаправавая, кадыфікацыя суцэльная (генеральная), галіновая і кадыфікацыя ў межах галінаў, падгалінаў і асобных інстытутаў права. Кадыфікацыя – такі від сістэматызацыі, які выкарыстоўваецца пераважна для сістэматызацыі аднаго і відаў крыніц права. Унутры дзяржавы такой крыніцай права выступае нарматыўны прававы акт, а ў міжнародным праве кадыфікуюцца звычайна шматбаковыя дагаворы і прававыя звычаі.

Кадыфікацыя – такі від дзейнасці ў сферы права, у якім арганічна спалучаюцца элементы праватворчасці, нарматворчасці і сістэматызацыі. Стварэнне кадыфікаваных актаў, асабліва правядзенне галіновай ці суцэльнай кадыфікацыі, патрабуе грунтоўных навуковых распрацовак, прыняцця сістэмы якасна новых крыніц права і адмены састарэлых, стаціўшых сваё значэнне. Пры кадыфікацыі ствараюцца якасна новыя прававыя эквіваленты альбо ў форме правасвядомасці і навуковых палажэнняў, альбо ў форме

517

іншых крыніц права. Калі створаныя падчас кадыфікацыі прававыя эквіваленты па нейкіх прычынах не знаходзяць увасаблення ў дзеючай сістэме крыніц права, то мы маем справу з элементамі праватворчасці, калі ж прававыя эквіваленты знаходзяць замацаванне ў дзеючай сістэме крыніц права (у пазітыўным праве), то мы маем справу з нарматворчай прыродай кадыфікацыі, а калі падчас і ў выніку кадыфікацыйнай дзейнасці ўладкоўваецца сістэма дзеючых крыніц права, то мы назіраем праявы сістэматызацыі.

Часта сярод відаў, асобных форм сістэматызацыі называюць улік, класіфікацыю і размяшчэнне (рэгістрацыю) нарматыўных прававых актаў (крыніц права). Аднак падчас дадзенай дзейнасці, якая ажыццяўляецца як дзяржаўнымі, так і недзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, сістэма дзеючых крыніц права не ўладкоўваецца ні па форме, ні па зместу. У Рэспубліцы Беларусь улік і рэгістрацыя крыніц права ажыццяўляецца Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі (НЦПІ), які адначасова праводзіць працу па стварэнню і захаванню Эталоннага банка дадзеных прававой інфармацыі (ЭБДПІ). Выданне НЦПІ афіцыйнай крыніцы апублікавання крыніц права – Нацыянальнага рэестра прававых актаў Рэспублікі Беларусь – дзейнасць, якая, безумоўна, мае дачыненне да сістэматызацыі крыніц права, бо стварае неабходныя перадумовы для інкарпарацыі, кансалідацыі і кадыфікацыі. Але як пры рэгістрацыі крыніц права ў НЦПІ, так і пры вядзенні іх Нацыянальнага рэестра, як пры захаванні крыніц права ў ЭБДПІ, так і пры іх апублікаванні ў Нацыянальным рэестры прававых актаў крыніцы права не апрацоўваюцца і не ўдасканальваюцца ні па форме, ні па зместу, а таму адзначаныя віды дзейнасці органаў дзяржавы не маюць дачынення да сістэматызацыі крыніц права.

Апошнім часам у нарматворчай дзейнасці мы сустракаемся з даволі пашыранай практыкай унясення змяненняў у дзеючыя крыніцы права і выдання крыніц права (асабліва нарматыўных прававых актаў) у новай рэдакцыі). Дадзеная дзейнасць скіравана галоўным чынам на тое, каб стварыць адмысловыя новыя прававыя эквіваленты ці змяніць існуючыя нормы права. Яна суправаджаецца таксама прызнаннем страціўшымі сілу пэўных відаў крыніц права і такім чынам часткова выконвае асобныя задачы па сістэматызацыі крыніц права. Але прававая прырода гэтага віду дзейнасці ў сферы права пакуль што вывучана не да канца, і таму было б паспешным адносіць яе да асобнага віду сістэматызацыі крыніц права. Дадзенае пытанне патрабуе далейшага вывучэння.

518

Да асобных відаў сістэматызацыі ў вучэбных дапаможніках і падручніках па агульнай тэорыі права часта адносяць Звод законаў і выданне Зборнікаў дзеючага заканадаўства.

Пытанні для самаправеркі

1. Раскрыйце змест паняцця праваўтварэння, назавіце яго віды і раскрыйце іх змест.

2.Ахарактарызуйце паняцце праватворчасці, вызначце пачатак праватворчай дзейнасці і раскрыйце змест яго асноўных стадый.

3.У чым падобны і ў чым разыходзяцца паміж сабой паняцце праватворчасці і паняцце стварэння права?

4.Якім чынам паняцце фармавання права суадносіцца з паняццямі праваўтварэння і стварэння права?

5.Раскрыйце змест паняцця нарматворчасці.

6.Пералічыце віды нарматворчасці і раскрыйце іх змест.

7.З якіх элементаў (частак) складаецца дзяржаўная сістэма прававой інфармацыі?

8.Што ўяўляе сабой адзіны прававы класіфікатар?

9.Раскрыйце змест паняцця афіцыйных крыніц апублікавання крыніц права і пералічыце віды афіцыйных крыніц апублікавання ў Рэспубліцы Беларусь.

10.Што ўяўляе сабой сістэматызацыя крыніц права, якія віды сістэматызацыі крыніц права Вы ведаеце?

11.Раскрыйце змест інкарпарацыі крыніц права.

12.Ахарактарызуйце кансалідацыю крыніц права.

13.Вызначце змест і пералічыце віды кадыфікацыі крыніц права.

519

Тэма16.РЭАЛІЗАЦЫЯ,ПРЫМЯНЕННЕ ІТЛУМАЧЭННЕПРАВА

1. Паняцце, азначэнне рэалізацыі права, формы рэалізацыі права.

2.Паняцце, азначэнне і віды прымянення права.

3.Стадыі прымянення права.

4.Акт прымянення права.

5.Тлумачэнне права.

6.Прабелы ў праве, спосабы запаўнення і ліквідацыі прабелаў у праве.

1.Паняцце,азначэннерэалізацыіправа, формырэалізацыіправа

Рэалізацыя права – працэс, які па сваёй скіраванасці ў прававой прасторы адваротны працэсу праваўтварэння (стварэння права). І ў залежнасці ад таго, як разумеецца права, асэнсоўваецца працэс яго стварэння, будуюцца і разважанні аб рэалізацыі права, яго формах і г. д. Акрамя гэтага, як нам вядома, працэс праваўтварэння (стварэння права) можа быць поўным і ўсечаным. Права ў ходзе праваўтварэння (стварэння) можа прайсці поўны цыкл і існаваць у трох формах, але працэс яго стварэння можа быць скарочаным па самых розных прычынах. Працэс яго формавання можа быць завершаны на стадыі фармулявання прававых эквівалентаў, стандартаў, звычаёвых форм ці на стадыі асэнсавання прававых эквівалентаў – у форме правасвядомасці. Калі права ствараецца шляхам «зверху–уніз», то працэс яго стварэння таксама можа быць поўным і ўсечаным. Прыкладам апошняга можа быць стварэнне такіх норм, якія не знаходзяць свайго ўвасаблення ў паводзінах удзельнікаў грамадскіх адносін, так званага «кніжнага права».

Пры скарочаных, усечаных варыянтах стварэння права мы будзем мець адзін варыянт рэалізацыі права, а пры поўным, завершаным цыкле стварэння права атрымаем зусім іншую карціну.

Калі працэс стварэння права шляхам «знізу–уверх» завяршаецца адмысловай адбудовай яго нарматыўнай складанай часткі, яе форм, сістэматызацыяй усіх праяў права, то пасля гэтага пачынаецца працэс руху права «зверху–уніз». Створаныя і замацаваныя ў формах (крыніцах) права нормы права пачынаюць аказваць уздзеянне на паводзіны ўдзельнікаў грамадскіх адносін. Такое ўздзеянне ажыццяўляецца ў самых розных формах і шмат у чым прадвы-

520