Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
18
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Ідэі нацыянальна-вызваленчага руху. Кастусь каліноўскі і яго “мужыцкая праўда”

Памкненні да свабоды і самасцвярджэння, уласцівыя Чалавеку разумнаму, як і грамадству ў цэлым, заўсёды служылі імпульсам духоўнага абнаўлення, матывам для пошуку новых шляхоў удасканалення грамадства, яго ўладкавання на прынцыпах разумнага прагматызму і сацыяльнай гармоніі. Гэта парадыгма была вельмі актуальнай ва ўмовах прыгонніцкай Расіі, сацыяльна-палітычная сістэма якой у ХІХ ст. у значнай ступені захавала парэшткі ардынскіх традыцый.

Далучэнне Рэчы Паспалітай, краіны іншай цывілізацыйнай сістэмы, да Расійскай імперыі ўзмацніла ўнутраныя этнасацыяльныя супярэчнасці, выклікала сацыяльную дысгармонію і супраціў, падштурхнула нацыянальна-вызваленчы рух, што было раўназначна міне запаволенага дзеяння. Падзел Рэчы Паспалітай ў выніку змовы трох імператараў, “трох бандытаў з вялікай дарогі” (К.Маркс), павялічваў памеры іх імперый і колькасць падданых, але разам з тым ствараў шмат новых праблем, асабліва для Расіі, якой дасталася большая частка Рэчы Паспалітай. Неабачліва заглынуўшы “ласы кавалак”, Расія так і не змагла пераварыць яго да канца ў інтэграцыйным катле, што павялічыла сімптомы ракавай хваробы. Расія сутыкнулася не толькі з гераічным супрацівам палякаў, але і з праблемай украінцаў і беларусаў. Нарэшце, нязвыклай і вельмі небяспечнай для расійскага царызму была яўрэйская праблема, ад вырашэння якой ён беспаспяхова імкнуўся адгарадзіцца “рысай аселасці”, абмежаваўшы тэрыторыю сталага пражывання гэтага народа заходнімі губернямі.

Вінцэнт Кастусь Каліноўскі (1838—1864) быў знакавай фігурай свайго часу. Ён з’явіўся на гістарычнай арэне якраз у той час, калі ва ўмовах абвастрэння сацыяльна-палітычнага крызісу адбываўся пад’ём і пашырэнне агульнадэмакратычнага і нацыянальна-вызваленчага руху, калі выявілася крайняя рэакцыйнасць імперскіх рэжымаў Еўропы, якія імкнуліся, не грэбуючы сродкамі, утрымаць залежныя народы пад крыламі грознага арла (відаць, нездарма выява гэтай драпежнай птушкі служыла геральдычным сімвалам трох еўрапейскіх імперый). Біяграфія Кастуся Каліноўскага, яго дзяцінства, сталенне, фарміраванне жыццёвых поглядаў і маральных установак дакладна адлюстроўваюць тагачасную духоўную атмасферу, традыцыйныя каштоўнасці і ўклад жыцця тыповай сям’і незаможнай беларускай шляхты.

Вінцэнт Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гродзенскага павету Беластоцкага ваяводства. Дарэчы мясцовая гістарычная тапанімія (якую называюць “мовай зямлі”) у нечым напамінае тапанімічны ландшафт усходняй Беларусі і Браншчыны, старажытных зямель радзімічаў і крывічоў, дзе мы знаходзім тыя ж ці блізкія назвы – Бранск, Сураж, Бельск, Свіслач, Гайнаўка і да т.п. Родавы маёнтак Калінава ў Бранскай зямлі на Беласточчыне, якім валодалі продкі Каліноўскага, быў прададзены яшчэ ў другой палове 18 ст. Працалюбівы і прадпрымальны бацька Сямён Каліноўскі заснаваў невялічкую ткацкую фабрыку, пазней (1849) сям’я набыла невялікі фальварак Якушоўку каля Свіслачы (маці Кастуся памерла, калі таму было пяць год). У 1855 г. бацька дамогся вяртання шляхецкага (дваранскага) стану, што стала магчымым толькі паводле рашэння расійскага Сенату).

Істотнае значэнне ў духоўным станаўленні К.Каліноўскага мелі гады вучобы ў Свіслацкай гімназіі, пераўтворанай у павятовае вучылішча (1847—1852); яна славілася высокім ўзроўнем педагагічнай адукацыі і дэмакратычнымі традыцыямі. Тут вітаў дух творчасці, свабоды і вальнадумства. Імёны шэрагу яе былых навучэнцаў сталі пазней вядомы далёка за межамі Беларусі, у ліку іх – Восіп Кавалеўскі, рэктар Казанскага універсітэту, Станіслаў Горскі, прафесар Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, Юзаф Крашэўскі, знакаміты пісьменнік, выдавец і этнограф, Рамуальд Траўгут, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 г. і інш.

У 1855 г. Кастусь паехаў у Маскву да свайго старэйшага брата Віктара, які вучыўся ў Маскоўскім універсітэце; у наступным годзе яны разам пераехалі ў Пецярбург, дзе Кастусь паступіў на юрыдычны факультэт універсітэта. Пасля закрыцця Віленскага універсітэта Санкт-Пецярбург становіцца фактычна галоўным адукацыйным і культурным цэнтрам студэнцкай моладзі “Заходнерускага краю”. Перадавыя ідэі расійскіх дэмакратаў аб уладкаванні грамадства на новых гуманістычных пачатках аказалі вялікі ўплыў на станаўленне грамадска-палітычных поглядаў і філасофію дзеяння В.К.Каліноўскага. Студэнты універсітэта, выхадцы з Беларусі, Польшчы, Літвы, стварылі тут сваё аб’яднанне “Огул” (Ogół – агульнасць, супольнасць), адным з кіраўнікоў якога быў Каліноўскі. Ён жа працаваў тут на выбранай пасадзе бібліятэкара.

Як успамінае вольны слухач Пецярбургскага універсітэта, пазней – удзельнік паўстання Вітольд Гажыч, студэнцкае таварыства “Огул” налічвала больш за 500 членаў. У таварыства маглі ўступаць не ўсе, а толькі тыя хто падзяляў ідэю адраджэння (вызвалення) свайго краю і толькі па рэкамендацыі не менш пяці сваіх членаў аб’яднання. Як правіла, гэта былі выхадцы з заходніх губерняў Расіі. Кожны ахвяраваў у агульную касу таварыства пэўную суму грошай, “колькі хто мог і жадаў”1. Гэтыя грошы штомесяц дзяліліся пароўну паміж бяднейшымі членамі ”Огула”. Таварыства мела сваю бібліятэку, за ўзятыя з бібліятэкі кнігі студэнты плацілі па 40 капеек у месяц, грошы ішлі на патрэбы таварыства і пакупку новых кніг. Бібліятэкар карыстаўся асобым даверам і аўтарытэтам у студэнцкім асяродку, адначасова ён ўваходзіў у склад выбарнай студэнцкай рады з пяці чалавек. Пасяджэнні рады або сходкі студэнтаў, выбраных ад кожнага факультэта, адбываліся звычайна ў памяшканні бібліятэкі.

Як бачым, таварыства мела стройную арганізацыю і адладжаную, эфектыўную сістэму работы. Нягледзячы на рознае сацыяльнае паходжанне і матэрыяльнае становішча, як і неаднолькавыя палітычныя перакананні, членаў таварыства ядналі пачуццё страчанай Айчыны, яе лёс, блізкія духоўныя інтарэсы, гістарычная памяць. Члены аб’яднання гуртаваліся паводле “зямляцкага” прынцыпу, выпрацавалі амаль ідэальную ў тых умовах сістэму ўзаемадапамогі, многія з іх пазней прынялі непасрэдны ўдзел у нацыянальным паўстанні 1863 г., падтрымлівалі яго ці спачувалі яго ўдзельнікам.

Фактычна таварыства ўяўляла сабой не толькі студэнцкую, але і грамадска-палітычную арганізацыю. Яе члены падзяляліся на тры плыні, або нефармальныя партыі, якія насілі адпаведныя назвы – белых, умераных і чырвоных. Да белых адносіліся лепшыя студэнты, якія вызначаліся стараннасцю і дбайнасцю ў вучобе, безадказнасцю ў выкананні афіцыйных патрабаванняў; яны мала цікавіліся палітыкай і рыхтавалі сябе да прафесійнай кар’еры выдатных спецыялістаў (эканамістаў, юрыстаў, матэматыкаў і т.п.). Гэта былі ў асноўным заможныя студэнты, выхадцы з вышэйшых саслоўяў былой Рэчы Паспалітай, якія папярэдне атрымалі добрую дамашнюю адукацыю. У сваю чаргу, члены другой плыні (партыі) ўмераных, апрача стараннасці ў вучобе, цікавіліся палітычнай дзейнасцю (“не грэбавалі” палітыкай) і не выключалі рэвалюцыйны шлях вызвалення Польшчы. Аднак рэвалюцыю яны лічылі крайнім сродкам, які патрабуе шмат людскіх ахвяр і абяскроўлівае нацыю. Гэту партыю складалі ў асноўным выхадцы з Царства Польскага.

Нарэшце, трэцюю плыню, ці партыю, студэнцкага “Огула” складалі чырвоныя, амаль усе – выхадцы з заходніх губерняў, дзеці незаможнай шляхты. Яны складалі найбольш адыёзны, бунтарскі элемент студэнцкай моладзі, называлі сябе лібераламі і рэвалюцыянерамі, падзялялі ідэі рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў (А.І.Герцэна, М.Г.Чарнышэўскага, В.Г.Бялінскага) аб шляхах пераўтварэння грамадства, прычым асноўную стаўку ў рэвалюцыі рабілі на сялянства як самую шматлікую і зацікаўленую ў такіх пераўтварэннях сілу. Адыёзнасць “чырвоных” адлюстроўвалі характар і стыль іх адзення: яны хадзілі ў парваных сурдутах (у нечым нагадвалі сучасных хіпі?) і звычайных ботах, а замест гальштука на шыі насілі невялікія ручнікі. Іх была большасць сярод іншых груп студэнтаў. У іх асяродку, згадвае В. Гажыч, “асабліва рэзкай фігурай вылучаўся студэнт Каліноўскі” 1. Менавіта белыя і чырвоныя сустракаюцца пазней у ходзе паўстання як дзве палітычныя партыі са сваімі палітычнымі мэтамі, сацыяльнымі праграмамі і метадамі барацьбы, фактычна іх сутнасць і палітычныя погляды мала змяніліся ў параўнанні з “пацешнымі” палітычнымі партыямі ў студэнцкім асяроддзі Санкт-Пецярбургскага універсітэта.

У 1860 г. К. Каліноўскі паспяхова закончыў поўны курс навучання “при отлично-хорошем поведении”, аб чым сведчаць запісы ў дыпломе, дзе па выніках здачы большасці экзаменаў атрыманы выдатныя ацэнкі. А ў студзені 1861 г. Савет Імператарскага Санкт-Пецярбургскага універсітэта прызнаў яго “достойным ученой степени кандидата права”.

Пасля паспяховага заканчэння універсітэта Кастусь Каліноўскі вяртаецца на радзіму. Яго вяртанне патрапіла якраз на той час, калі ў краіне склалася рэвалюцыйная сітуацыя, калі незадаволенасць рэакцыйным рэжымам самаўладдзя дасягнула свайго апагею. Каліноўскі адразу ўключыўся ў рэвалюцыйную барацьбу. З гэтай мэтай ён стварыў на Гарадзеншчыне нелегальную рэвалюцыйную арганізацыю з разначыннай інтэлігенцыі; яе ўдзельнікі вялі агітацыю сярод сялян, заклікалі да супраціўлення царскім уладам, да барацьбы за зямлю і волю.

У 1862 г. быў створаны Літоўскі правінцыйны камітэт, кіраўнічы цэнтр падрыхтоўкі паўстання ў Літве і Беларусі. Звернем увагу, што менавіта сялянства разглядалася Каліноўскім як асноўная, масавая сіла рэвалюцыйнага руху. Аднак падобная палітычная арыентацыя і тактычная ўстаноўка разыходзіліся з ідэйнымі поглядамі і мэтамі лідэраў польскага ліберальна-дэмакратычнага руху, так званымі “белымі”, якія змагаліся (пераважна мірнымі сродкамі) за адраджэння самастойнай Рэчы Паспалітай. Разам з тым яны баяліся сялянскіх выступленняў не меней, чым расійскага самадзяржаўя. Са свайго боку, лідэры партыі чырвоных, што разглядалі Расійскую імперыю як турму народаў, у тым ліку і народа рускага, а царызм – як антынародны рэжым, імкнуліся аб’яднаць вакол сябе ў адзіным рэвалюцыйным парыве і расійскае сялянства. Яны спадзяваліся таксама на міжнародную падтрымку, на дапамогу еўрапейскіх рэвалюцыйна-дэмакратычных сіл. Невыпадкова баявым клічам паўстанцаў былі словы “За нашу і вашу свабоду!”.

Мужыцкая праўда”

Аднак барацьба з магутнымі імперскім рэжымам, што абапіраўся на сілавыя, грамадзянскія і ідэалагічныя структуры, патрабавала стройнай арганізацыі, дзейснай контрагітацыі, давядзення да шырокіх мас сваёй праграмы сацыяльных рэформ, ідэйнага абгрунтавання мэтаў і палітычных задач рэвалюцыйнага руху. У 1862 г. К.Каліноўскі разам са сваімі саратнікамі В.Урублеўскім, Ф.Ражанскім і С.Сангіным наладзілі выпуск першай беларускамоўнай газеты “Мужыцкая праўда”. Яна друкавалася нелегальна ў выглядзе невялікіх лістоў лацінскім шрыфтам. Усяго на працягу другой паловы 1862—пачатку 1863 г. выйшла 7 нумароў газеты (прыкладна адзін нумар на месяц). Месца выдання не паказана (не дзіўна, бо гэта – нелегальнае выданне), магчыма, што газета друкавалася ў мястэчку Саколка, магчыма – ў Вялікай Бераставіцы, дзе працавалі В.Рублеўскі і Ф.Ражанскі. Тэксты газеты пададзены ў форме нязмушаных, шчырых гутарак з сялянамі, якія вядзе Яська-гаспадар з-пад Вільні, менавіта такі аўтограф стаіць у канцы лістоў у кожным нумары “Мужыцкай праўды”.

Галоўная тэма, што яскрава праходзіць праз усе выпускі “Мужыцкай праўды”, – гэта надзённае пытанне зямлі і волі. Прычым яно асвятляецца папулярна і даступна, з улікам сацыяльнай псіхалогіі селяніна, з добрым веданнем беларускай гісторыі і даводзіцца пераканаўча на канкрэтных гістарычных прыкладах і праз народную філасофію. Зямля і воля тлумачацца як вышэйшыя каштоўнасці, як натуральнае права ўласнасці, якая здаўна належала народу і якую ў яго гвалтам адабралі, прысвоілі сабе паны і чыноўнікі, закабаліўшы працоўны люд.

Мы сёння ўжо ведаем, разважае Яська-гаспадар з-пад Вільні, што чалавек вольны гэта той, хто мае кусок сваёй зямлі. Зямля – тым, хто яе апрацоўвае! Царскі маніфест аб вызваленні сялян ён разглядае як ашуканства, дзе няма ні праўды, ні карысці: “не маніхвэстаў, а вольнасці патрэба – і то вольнасці не такой, якую нам цар схоча даці, но якую мы самі мужыкі паміж сабою зробімо”. Народ, на думку К.Каліноўскага, мае натуральнае права шляхам узброенай барацьбы здабыць (вярнуць) сабе зямлю і волю, завешчаныя яму Богам. “Толькі, дзецюкі, смела, бо з намі Бог і праўда, а калі мы з Богам, то з намі ваяваці трудна” 1. Тут мы невыпадкова цытуем аўтэнтычны тэкст, захоўваючы граматычныя і фанетычныя асаблівасці мовы “Мужыцкай праўды”, жывую гродзенскую гаворку таго часу, бо справа ідзе, па-першае, аб важным гістарычным дакуменце, а па-другое, – аб станаўленні новабеларускай літаратурнай мовы, адным з пачынальнікаў якой быў Кастусь Каліноўскі і яго сябры. Да таго аўтэнтычная мужыцкая гаворка амаль ідэальна адлюстроўвае тагачасныя рэаліі, беларускі дух і здаровы сэнс; невыпадкова ў свой час знаны філосаф Мішэль Мантэнь казаў: “Я люблю мужыкоў: яны не настолькі адукаваныя, каб разважаць мудрагеліста”.

Рамантычны дух барацьбы з’яўляўся трывалай традыцыяй еўрапейскай рэвалюцыйнай дэмакратыі, традыцыі, якая была паднятая на высокі маральны і эмацыянальны ўзровень яшчэ ў паэзіі філарэтаў і філаматаў. Яна не магла не аказаць уплыву на светапогляды К. Каліноўскага і яго сяброў. Узор яе яскрава ўвасобіўся ў знакамітай “Одзе да маладосці” Адама Міцкевіча:

Разам, сябры маладыя!..

У шчасці ўсіх – нашы мэты святыя;

Еднасцю моцныя, розумам буйныя,

Разам, сябры маладыя...

Шчаслівы і той, хто паў у бітве,

Бо іншым праклаў шлях чынны

І славу здабыў айчыне.

Разам, сябры маладыя!2

Як асветнік, рэвалюцыйны дэмакрат і правазнаўца, Каліноўскі прапаведуе ідэю сацыяльнай справядлівасці, роўнасці ўсіх перад Законам. “Дзецюкі! – звяртаецца ён да беларускага люду на яго роднай мове. – Калі Бог стварыў усіх людзей вольнымі і ўсім даў адзінакую душу, так скуль жа гэта узялося, што адзін марнуе да і над людзьмі збыткуе (нажываецца), а другі бедны паншчыну служыць або аброкі ў казну плаціць” 3. Каліноўскі верыў у творчыя сілы народа, асуджаў і кляйміў яго крыўдзіцелей: “Ад маскаля і паноў няма чаго спадзяваціся, бо яны не вольнасці, а глуму і здзерства (ад сл. здзіраць, абдзіраць, – В.Ц.) нашага хочуць. Но не доўга яны нас будуць абдзіраці, бо мы пазналі, дзе сіла і праўда і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Вазьмемся Дзецюкі за рукі і дзержымся разам!”1

У “Мужыцкай праўдзе” на падставе аналітычнай ацэнкі становішча беларусаў ў Расійскай імперыі робіцца вывад, сфармуляваны ў форме тэзы, (якая і зараз застаецца актуальнай у любым грамадстве): “Не народ створаны для ўраду, а ўрад для народу2. Параўноўваючы дзеянні ўрадаў еўрапейскіх краін і Расіі, К.Каліноўскі выказваецца не на карысць расійскага ўрада. “Ці ўрад маскоўскі думае аб людзях, каб яны маглі жыць шчасліва”? -- пытае Яська-гаспадар з-пад Вільні. Як прадстаўнік (ідэолаг) маладой нацыянальнай інтэлігенцыі, ён ратуе за незалежнасць Беларусі і Польшчы, за пачуццё нацыянальнай і чалавечай годнасці. “У нас, дзецюкі, – піша ён, – адно учаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе перарабіці на маскаля. Суды маскоўскія – гэта воўчая яма, гдзе не разбіраюць, чы за табой праўда, чы не, а скубуць адно, як могуць. Бяспечнасці пад маскалём ніякай няма, хто дужшы, той і глуміць; а войска то не для таго трымаюць, каб аберагаці кажнага ад злых людзей і ад глуму, а для таго, каб не пазволіць народові (народу) і застанаць, калі пазнае сваю няволю”. Тут аўтар выступае як народны трыбун і публіцыст, разам з тым публіцыстычны жанр у дадзеным выпадку не ігнаруе рэалій народнага жыцця і побыту і праўдзіва адлюстроўвае тагачаснае сацыяльна-прававое становішча беларускага сялянства ў складзе Расійскай імперыі.

Вытокі ўсіх бедстваў Яська гаспадар бачыць у расійскім самадзяржаўі. Як у чалавека, вобразна заўважае ён, ёсць галава, каб думаў, а рукі і ногі, каб рабіць задуманае, так і ва ўрадзе, ёсць галава (ён жа цар) і ёсць чыноўнікі, каб рабілі, як цар захоча. І калі галава задумае кепскае, “то ногі і рукі кепскае зробяць”, то значыць, што “чыноўнікі глуму наробяць” А злоўжыванне (“здзерства”), заўважае ён, “не для таго ў нас робіцца, што ў нашым краю няма людзей, здатных на чыноўнікаў, гатовых і жыццё сваё аддаці для народу, а для таго, што цар гэтакіх людзей у Сібір высылае, а за нашыя грошы назначае чыноўнікаў гэтых, што адно самі людзей глумяць, другім глуміці пазваляюць і Бога не баяцца”3. Аўтар добра валодаў рэальнай сітуацыяй у “забраным краю”, быў прасякнуты настроямі і памкненнямі мясцовага насельніцтва – беларускага сялянства і дробнай шляхты, з якой ён быў павязаны крэўнымі сувязямі.

Тут жа ён закранае праблему рэкруцкіх набораў, якіх раней нашы продкі ніколі не ведалі. Тым болей, што ва ўмовах наспявання палітычнага крызісу царскія ўлады невыпадкова аб’явілі нечарговы рэкруцкі набор, а ў спісы рэкрутаў, паводле даносаў тайнай паліцыі, былі уключаны “неблагонадёжные элементы”. Падобная акцыя царскага ўраду выклікала шматлікія выступленні моладзі ў заходніх губернях і Царстве Польскім і, як вынік, датэрміновае паўстанне ў Варшаве. Аўтар “Мужыцкай праўды” перш за ўсё звяртае ўвагу на маральны аспект гэтай праблемы. Раней мясцовы мужык, заўважае ён, ішоў на вайну, каб бараніць сваю бацькаўшчыну, за што атрымліваў зямлю, вольнасць і нават шляхецтва. Аднак жа ва ўмовах расійскай улады сапраўдны абаронца радзімы падмяняецца рэкрутам, лёс якога горш, чым прыгоннага: праслужыўшы 25 год, яму нічога не застаецца, як “торбу ўзяўшы, ісці жабраваці”. Мясцовы люд разглядаў новую расійскую ўладу як чужую, акупацыйную. Заўважым, што ў народнай лексіцы, як і ў тэкстах “Мужыцкай праўды”, не ўжываюцца словы рускі, расійскі, расіянін, а фігуруюць звычайна маскалі, цар, яго чыноўнікі. Якраз падобная лексіка, так званыя “этнонімы”, часцей за ўсе ўжываліся ў народным асяроддзі ў адносінах да ўсходняга суседа.

Шосты нумар “Мужыцкай праўды” бадай цалкам быў прысвечаны праблеме народнай рэлігіі, праблеме спрадвечнай веры беларусаў. Як чалавек веруючы, Каліноўскі пастаянна звяртаецца да Бога як да Сведкі, Дарадцы і вярхоўнага Суддзі і верыць у яго справядлівую Волю і літасць да вернікаў, што патрапілі ў бяду. Аднак жа Каліноўскі не можа прыняць афіцыйнае праваслаўе, – і не таму, што ён хрысціўся ў каталіцкім касцёле. Праваслаўе ў яго асацыіруецца з расійскім акупацыйным рэжымам. А праўдзівай і справядлівай ён лічыць уніяцкую веру, аб якой яшчэ памяталі мясцовыя жыхары. “Цары маскоўскія, байстручага роду, – распавядае ў сваёй гутарцы Яська-гаспадар, – перамянілі закон Божы, а мы, на прыказ гэтых цароў выракліся веры сваіх дзядоў і прадзедаў.” І далей: “Нарабіў гэтага ліха дзецюкі, цар маскоўскі,. як гэты антыхрыст, адабраў ад нас гэту справядлівую – уніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам на векі”1. З гэтай нагоды аўтар ліста знаходзіць узнёслыя словы малітвы да Бога: “Божа вшэхмоцны (усемагутны), міласэрны ты наш пане, ты аб нас не забывай, злітуйся над намі, памажы нам у нашай нядолі, выжані (выцісні) маскаля з нашага краю, дай нам праўдзівую вольнасць і веру нашых дзядоў і прадзедаў, а касцёлы, што маскаль, нячыста яго сіла, параскідаў або перарабіў на стайні і цэркві, зноў заяснеюць тваею хвалою і народ у ніх хваліці цябе будзе, як хвалілі нашы прэдкі”2. Кастусь Каліноўскі заклікае сваіх суайчыннікаў “пакідаць сызму (схізму) і пераходзіць на праўдзівую веру дзядоў і прадзедаў”.

Як вядома, народныя паўстанні ў Еўропе былі асветлены пафасам веры і нярэдка набывалі характар рэлігійных войнаў. К.Каліноўскі выступаў паслядоўным выразнікам і абаронцай інтарэсаў найбольш абяздоленага і шматлікага саслоўя беларускага сялянства. Ён разглядаў праваслаўную царкву ў былой Рэчы Паспалітай як саюзніка і духоўнага апалагета царскага самадзяржаўя. Разам з тым ён жа ўсведамляў несумяшчальнасць сацыяльных інтарэсаў вернікаў каталіцкага касцёла і беларускага сялянства, нерэальнасць ілюзорнасць) у тых умовах памкненняў згуртаваць увесь народ Заходняга краю пад ідэйным сцягам каталіцкай веры і адзінай літургічнай (польскай) мовы, як гэта калісьці настойліва імкнуліся, але не змаглі зрабіць езуіты. Большасць землеўласнікаў – магнатаў, шляхты – былі католікамі і, як і святары касцёла, не імкнуліся да аграрнай рэформы і перадачы зямлі сялянам.

Іншая справа – самая масавая уніяцкая (грэка-каталіцкая) вера, якая адпавядала ідэі талерантнасці і была блізкая простаму чалавеку. У народзе яшчэ жыла памяць аб “уніі”, якая лічылася народнай рэлігіяй. А таму яе забарона, гвалтоўны захоп і знішчэнне святынь уніяцкіх храмаў не садзейнічалі замірэнню ў грамадстве і “не змусілі прымірыцца старых ворагаў без моцнага жадання з іх боку”1. Як слушна заўважае адзін з даследчыкаў гэтай праблемы, зварот Кастуся Каліноўскага да уніяцтва садзейнічаў далучэнню да паўстання больш шырокіх слаёў карэннага насельніцтва, а ў выпадку перамогі – стварэнню суверэннай беларускай дзяржавы2.

* * *

Аналізуючы змест нелегальных паўстанцкіх газет “Мужыцкая праўда”, “Хоронгев свабоды” (Харугва, сцяг свабоды), “Глос з Літвы” (два апошнія выдаваліся на польскай мове), а таксама тэксты Інструкцый і загадаў кіраўніцтва паўстаннем, пісем і ўспамінаў удзельнікаў паўстання і іншых дакументаў, мы можам прасачыць пэўную ідэалогію нацыянальна-вызваленчага руху, тактыку і стратэгію рэвалюцыйнай барацьбы за перабудову грамадства, вылучыць некалькі ідэйных плыняў, акрэсліць асноўныя мэты і праграмныя задачы, за якія ахвярна змагаліся нацыянальна-вызваленчыя сілы.

1. Грамадскі (палітычны) рух 50—пачатку 60-х гг. ХІХ ст., які завяршыўся паўстаннем 1863 г., па свайму характару быў выразным нацыянальна-вызваленчым рухам. Нягледзячы на розныя ідэйныя погляды яго кіраўніцтва, галоўнай мэтай паўстання было адраджэнне незалежнай Рэчы Паспалітай у складзе Польшчы, Беларусі, Літвы. Аднак жа калі польская партыя ставіла перад сабой асноўную мэту адраджэння ўнітарнай Рэчы Паспалітай у межах да 1772 г., то лідэры Літоўскага правінцыйнага камітэту (і Часовага урада) на чале з Каліноўскім змагаліся за незалежную Беларусь і Літву і іх раўнапраўны саюз (канфедерацыю) з Польшчай3.

2. Важнай задачай сацыяльнай праграмы паўстанцаў было вырашэнне пытання зямлі і волі. Як лідэр “чырвоных” К.Каліноўскі выступаў за роўнасць сацыяльных саслоўяў, якая рэальна магла быць дасягнутая ў выніку аграрнай рэформы, надзялення сялян і дробнай шляхты зямлёй (без выкупу). Сялянства, у сваю чаргу, ён разглядаў як галоўную сілу нацыянальна-вызваленчай вайны і сацыяльнай (аграрнай) рэвалюцыі. Такім чынам, Кастусь Каліноўскі і яго “Мужыцкая праўда” былі выразнікамі нацыянальных і сацыяльных памкненняў беларускага народу. “Праз “Мужыцкую праўду” прамаўляла сама Беларусь, яе пакрыўджаны, абрабаваны народ”, – слушна заўважыў даследчык духоўнай спадчыны К.Каліноўскага Генадзь Кісялёў1.

3. Як нацыянальны лідэр (герой) К.Каліноўскі паставіў гістарычнае пытанне аб беларускай ідэнтычнасці, праве на самавызначэнне і міжнароднае прызнанне беларускага этнасу, самабытнай духоўнай спадчыны беларусаў-літвінаў, іх мовы і нацыянальнай культуры. “Наша літаратурная мова, – гаварыў ён, – абапіраецца на народныя гаворкі, як і ўся культура наша грунтуецца найперш на народных вытоках і традыцыях”2. Ён патрабаваў навучання беларускіх дзяцей на роднай мове. Яго “Мужыцкая праўда” – гэта сапраўдны ўзор публіцыстычнай літаратуры, якая асвятляла глыбінныя праблемы беларускага народа і яго культуры ў кантэксце еўрапейскай гісторыі і складаных гістарычных узаемадачыненняў з суседнімі дзяржавамі і народамі.

4. Як тактык і стратэг нацыянальна-вызваленчага руху К.Каліноўскі арыентаваўся на шырокія слаі мясцовага грамадства і імкнуўся аб’яднаць беларускае сялянства і незаможную мясцовую шляхту. Ідэя спалучэння шляхецкага і сялянскага рэвалюцыйнага руху з мэтай пашырэння сацыяльнай базы паўстання, скасавання прыгоннага права і дасягнення роўнасці ў правах усіх грамадзян не была зусім новай, яе прапаведавалі і адстойвалі са зброяй у руках кіраўнікі паўстання ў пачатку 1830-х гадоў (Міхаіл Валовіч, Юзаф Заліўскі, Францішак Савіч і інш.)3. Аднак менавіта ў Кастуся Каліноўскага як кіраўніка партыі “чырвоных” яна атрымала новае гучанне і абгрунтаванне ў яго лістах, праграмных заявах, інструкцыях. Збліжэнне інтарэсаў сялян і дробнай шляхты ўзмацняла інтэлектуальны патэнцыял паўстаючай беларускай нацыі, давала новы імпульс для рэалізацыі нацыянальнай ідэі.

5. Задачы нацыянальна-вызваленчага руху патрабавалі разам з ажыццяўленнем сацыяльных рэформ кансалідацыі народа на базе агульных інтарэсаў, духоўных каштоўнасцяў, адзінай веры. Выбар грэка-каталіцкай (уніяцкай) рэлігіі ў праграме К.Каліноўскага з’яўляецца невыпадковым. Уніяцкая царква ў тых умовах больш аптымальна адпавядала духу талерантнасці, ідэі сацыяльнай згоды і нацыянальнай кансалідацыі шырокіх мас беларускага сялянства, асабліва ў заходняй частцы краю, дзе яшчэ жывая была ідэя уніі. Праваслаўная царква ў той час звязвалася ў масавай свядомасці з палітыкай самадзяржаўя, інтарэсы якога яна фактычна абараняла. Аднак як ідэолаг дэмакратычнай рэвалюцыі і выразнік інтарэсаў “нізоў” Кастусь Каліноўскі не мог таксама аддаць перавагу ў тых умовах каталіцкай веры, бо католікамі была большасць мясцовых землеўладальнікаў і інтарэсы апошніх ішлі ўразрэз са спрадвечнымі спадзяваннямі беларускіх сялян на “зямлю і волю”. Выбар уніяцтва ў якасці агульнанароднай рэлігіі, такім чынам, імпанаваў памкненням беларускага сялянства і пашыраў сацыяльную базу паўстання, разам з тым адпавядаў ідэі незалежнасці і стварэння самастойнай беларускай дзяржавы.

Самаахвярная дзейнасць К.Каліноўскага і яго саратнікаў ускалыхнула Заходні край, мабілізавала шырокія дэмакратычныя сілы з удзелам дробнай шляхты і беларускага сялянства на адкрытае супрацьстаянне з царскім рэжымам і рашучую барацьбу за свабоду і сацыяльную роўнасць, за зямлю і волю, незалежнасць краіны ад расійскага самадзяржаўя і “брацкай апекі”. Яна разам з тым яскрава высвеціла і беларускую нацыянальную праблему, паказала штучнасць ідэалагічных пастулатаў заходнерусізму, заявіла аб памкненнях беларусаў людзьмі звацца.