Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
20
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Некаторыя вынікі “культурнай рэвалюцыі”

Вынікі ідэалагічнай і практычнай работы не прымусілі доўга сябе чакаць: калі ў 1925/26 навучальным годзе выхадцы з рабочых сярод студэнтаў складалі 11,6%, а сяляне – каля 40%, то ў 1932 г. дзеці рабочых складалі каля 50%, а сялянства 25,4%. Гэтыя лічбы (за якімі стаяць грубыя рэпрэсіі супраць сялянства і службовых асоб) падаваліся савецкай прапагандай як наглядныя поспехі культурнай і адукацыйнай палітыкі. Безумоўна, гэтыя лічбы не маглі не адлюстроўваць сацыяльныя зрухі ў грамадстве, пралетарызацыю агромістай масы працоўнага насельніцтва, ліквідацыю заможнага і часткова сярэдняга сялянства, працэс індустрыялізацыі, разам з тым за гэтымі паказчыкамі стаялі сацыяльныя абмежаванні на адукацыю, рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі, зніжэнне патрабаванняў да абітурыентаў і ўзроўню ведаў.

У 1932 г. згодна з пастановай СНК БССР уводзілася абавязковая сямігадовая адукацыя. У той жа час план набору і навучання падлеткаў сямігадовай школы (5—7 класы) быў выкананы толькі на 59,7%1. На ўсёй савецкай прасторы існавала 5-бальная сістэма ацэнкі ведаў навучэнцаў. Двойка была даволі распаўсюджанай ацэнкай нават па выніках навучальнага года, і шмат вучняў пакідаліся ў тым жа класе на паўторны курс навучання ці атрымлівалі заданні на лета. Паводле статыстыкі у 1935/36 навучальным годзе 12% усіх вучняў былі пакінуты на другі год навучання і яшчэ 8% – былі пераведзены ў наступны клас умоўна, атрымаўшы работы на лета па 1—2-х дысцыплінах. Напярэдадні вайны (1940/41 вучэбны год) паказчык паспяховасці складаў 79%1.

Поспехам навучання зусім не садзейнічала згортванне нацыянальнай сістэмы адукацыі, рэпрэсіі і забарона падручнікаў па айчыннай гісторыі, літаратуры, мове і іншых дысцыплінах. Дастаткова сказаць, што за кароткі перыяд існавання галоўнай навучальнай установы – БДУ савецкім рэжымам былі рэпрэсіраваны шэсць з сямі яго рэктараў, у тым ліку і яго першы рэктар акадэмік У.Пічэта. У 1936 г. быў выдадзены загад наркама асветы БССР аб атэстацыі ўсіх настаўнікаў. Да канца года было атэставана каля 6 тыс. настаўнікаў (каля ¼), аднак толькі 23% з іх прайшлі паспяхова атэстацыю, астатнія не былі дапушчаны да працы2. Як намі адзначалася, малапісьменных настаўнікаў у школе працавала нямала, аднак жа галоўным матывам пераатэстацыі была палітычная недабрадзейнасць, “класавая свядомасць”. Наркам унутраных спраў у 1938 г. звяртаў увагу на “засмечанасць” студэнцкага складу Мінскага педагагічнага інстытута “ненадзейнымі элементамі”, прычым у якасці кампраметуючых матэрыялаў называліся сваяцкія сувязі з рэпрэсіраванымі, а таксама з жыхарамі з Заходняй Беларусі (“закардоннікамі”) і тымі, “якія не ўнушаюць палітычнага даверу”. Сярод усяго штата педінстытута на 49 выкладчыкаў (59%) былі сабраны кампраметуючыя дасье3.

З 1 верасня 1940 г. ва усіх сярэдніх школах на тэрыторыі СССР уводзілася плата за навучанне ў 8—10 класах. Стыпендыя ў ВНУ выдавалася толькі тым студэнтам, якія атрымалі на экзаменах выдатныя і добрыя адзнакі, прычым выдатных павінна быць не меней 2/3. Усё гэта мела ў далейшым негатыўныя вынікі і прыкметна зменшыла “цікавасць” моладзі да навучання, выклікала хвалю “адліву” з сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў. Толькі за некалькі месяцаў да 1 студзеня 1941 г. колькасць студэнтаў у БДУ, педагагічных і настаўніцкіх інстытутах зменшылася амаль на 1/3 (з 8414 да 5807 чалавек). Трэба мець на ўвазе, такая сітуацыя ў адукацыі склалася на тэрыторыі ўсёй Беларусі пасля ўз’яднання ўсходняй і заходняй частак і давала асабліва негатыўныя вынікі напярэдадні вялікай вайны.