Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
20
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

На шляхах да стварэння бсср

Пасля паражэння Германіі ў першай сусветнай вайне (лістапад 1918) бальшавіцкі ўрад заявіў аб дэнансацыі падпісанага ім Брэсцкага мірнага дагавору, паводле якога Германіі была перададзена большая частка Беларусі. Насуперак незалежнай БНР бальшавікі прапанавалі праект стварэння пад сваёй эгідай (кантролем) Беларускай Савецкай сацыялістычнай рэспублікі (БССР). Для рэалізацыі гэтага праекта 30—31 снежня 1918 г. у Смаленску была склікана Паўночна-заходняя канферэнцыя, абвясціўшая сябе І з’ездам КП(б)Б. З’езд прыняў пастанову аб стварэнні БССР (“Заходняй камуны”) на ўсім этнічным абшары, заселеным беларусамі, а іменна на тэрыторыі Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, часткова Віленскай і Чарнігаўскай губерняў.

Большасць беларускіх даследчыкаў лічаць абвяшчэнне БССР на абласной партыйнай канферэнцыі бальшавікоў палітычным манеўрам, тым больш што падобнымі паўнамоцтвамі беларускі народ расійскіх бальшавікоў не надзяляў1. Аднак, па-першае, нельга было зусім не зважаць на папулярнасць нацыянальнай ідэі, якая невыпадкова самарэалізавалася ў Беларускай Народнай рэспубліцы ва умовах нямецкай акупацыі. Гэта ідэя жыла і сярод беларусаў на тэрыторыі Расіі, у прыватнасці, беларускіх бежанцаў. Па-другое, пасля паражэння Германіі і распаду Аўстра-Венгерскай імперыі па суседству на захадзе паўстала новая Польшча, якая заявіла аб сваіх памкненнях адрадзіць Рэч Паспалітую ў межах да 1772 г. Стварэнне Беларускай рэспублікі ў планах расійскіх бальшавікоў магло паслужыць своеасаблівым запасным варыянтам бяспекі (буфернай зонай) і адначасова ласым кавалкам, уласнасцю былой імперскай Расіі, якою можна было выгадна гандляваць у тагачаснай зменлівай міжнароднай сітуацыі, што ў хуткім часе і засведчыла развіццё падзей.

Расійскае кіраўніцтва прызнала БССР праз месяц пасля яе абвяшчэння і толькі пасля таго, як 16 студзеня выдала новы ўказ аб вывадзе з яе складу Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў і іх далучэнні да РСФСР у сувязі са зменай “знешніх абставінаў”. У сваю чаргу, заходняя частка Беларусі ў хуткім часе (27 лютага 1919) была далучана да створанай бальшавікамі эфемернай дзяржавы – Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі (ЛітБел); ва ўрадзе апошняй (СНК на чале з В.С.Міцкевічам-Капсукасам) не было аніводнага беларуса. І ўвогуле, расійскія бальшавікі, у тым ліку кіраўнікі тагачаснай БССР А.Мяснікоў (Мяснікян) і В.Кнорын не прызнавалі беларусаў за асобны народ, адсюль зразумелы настойлівыя памкненні гэтых “кіраўнікоў” заглушыць кволыя парасткі беларускага адраджэння, знішчыць усялякія рэшткі беларускай дзяржаўнасці і беларускай нацыянальнай культуры, якая прызнавалася за расійскую рэгіянальную культуру. І гэта барацьба праходзіла амаль праз ўсё ХХ стагоддзе, то затухала, то ўспыхвала з новай сілай, набываючы формы этнацыду, знішчэння нацыянальнай інтэлігенцыі і сельскіх гаспадароў (т.зв. кулакоў) як жыццяздольнай сацыяльнай групы насельніцтва.

ЛітБел фактычна ўяўляла сабой акупацыйны плацдарм, скіраваны супраць Польшчы і Літоўскай (Жмудскай) дзяржавы, так званай Тарыбы са сталіцай у г. Каўнас. Мясцовае, у пераважнай большасці беларускае, насельніцтва станавілася заложнікам акупацыйных улад. Зямля, яе нетры, лясы і воды былі абвешчаны агульнанароднай маёмасцю. Былі нацыяналізаваны прамысловыя прадпрыемствы, банкаўскія капіталы, сродкі зносін. На базе былых маёнткаў створаны саўгасы і камуны, што працавалі фактычна на бясплатнай прымусовай працы («Кто не работает, тот и не ест!»). Прыватны гандаль харчовымі прадуктамі забараняўся. Сяляне павінны былі паводле прымусовай харчразвёрсткі здаваць усе “лішкі” прадуктаў. Харчатрады адыгрывалі ролю карных органаў і нярэдка адбіралі па сваёй прыхамаці ў сялянства не толькі “лішкі”, але насеннае збожжа, неабходнае для пасеву. Падобная сістэма каланіяльнага “палюддзя” выклікала гнеў і супраціў мясцовых жыхароў. Сялянскія паўстанні, што адбываліся ў Слуцкім, Мазырскім, Нясвіжскім і іншых паветах, былі жорстка падаўлены ваеннымі ўладамі. У гэтых умовах дэкрэты ўрада і іншыя мерапрыемствы ў сферы адукацыі і культуры (аб абавязковым бясплатным навучанні дзяцей і моладзі, аб адкрыцці ў Вільні народнага універсітэта, аб стварэнні гісторыка-этнаграфічнага музея і інш.) не ўплывалі на агульны ўзровень культуры і адукацыі ў краі і мелі абмежаваны, прапагандысцкі характар.

22 красавіка 1919 г. польскія войскі (сярод якіх было нямала і беларусаў) занялі Вільню, на гэтым фактычна і закончылася бясслаўная гісторыя Літбела1. 8 жніўня польскае войска заняло Мінск, а ў верасні выйшла на лінію Полацк—Лепель—Барысаў—Бабруйск, заняўшы 3/4 беларускай тэрыторыі. Пасля ваеннага камунізму, звязанага з бальшавіцкай дыктатурай Літбелу, многія віталі прыход палякаў і спадзяваліся на Юзафа Пілсудскага, прыхільніка федэратыўнага саюза Беларусі і Украіны ў складзе Польшчы. Тым болей, што яго добра ведалі як выхадца з віленскага каталіцкага асяроддзя (нарадзіўся ў маёнтку Зулава Свянцянскага павету). Ён добра ведаў беларускую мову, ахвотна браў у свае ваенныя фарміраванні беларускіх сялян. У сваім “Звароце да жыхароў Вялікага княства Літоўскага” (22 красавіка 1919) Пілсудскі абяцаў не ўмешвацца ва ўнутраныя нацыянальныя і рэлігійныя справы жыхароў Беларусі, даць ім права самім вырашаць уласны лёс “без якога-небудзь насілля з боку Польшчы”1. Ён не раз сустракаўся з дзеячамі беларускага нацыянальнага руху В.Іваноўскім, А.Луцкевічам, Я.Лёсікам, Б.Тарашкевічам, К.Езавітавым, Якубам Коласам.

У верасні 1919 г у Мінску быў утвораны прадстаўнічы орган беларускіх арганізацый – Часовы беларускі нацыянальны камітэт на чале з Алесем Гаруном (намеснік У.Ігнатоўскі). Камітэт прытрымліваўся пазіцыі канфедэратыўнага саюза Беларусі з Польшчай на ўмовах прызнання Польшчай Беларускай народнай рэспублікі і аднаўлення дзейнасці яе Рады. Аднак гэтыя патрабаванні не былі прыняты польскім бокам. У польскім сейме перамогу атрымалі прыхільнікі будаўніцтва 2-й Рэчы Паспалітай як унітарнай дзяржавы (лідэр партыі Раман Дмоўскі). Тым не менш Ю.Пілсудскі дазволіў склікаць сесію Рады БНР, спадзеючыся на падтрымку ідэі беларуска-польскай федэрацыі (лістапад 1919). Аднак беларускія эсэры адмовіліся ад супрацоўніцтва з прадстаўнікамі польскіх ўлад, якіх яны лічылі акупантамі і спадзяваліся дамовіцца з расійскімі бальшавікамі аб стварэнні незалежнай Беларускай сацыялістычнай рэспублікі. У выніку рознагалосся ў стане Рады БНР адбыўся раскол, які ў далейшым прыкметна аслабіў беларускі нацыянальны рух. 13 снежня антыпольская фракцыя (50 членаў) утварыла асобную Народную раду БНР на чале са сваім лідэрам Пётрам Крачэўскім і сфарміравала свой урад (кабінет міністраў на чале з Вацлавам Ластоўскім). У сваю чаргу прыхільнікі польскай арыентацыі (37 чалавек) утварылі Найвышэйшую раду БНР на чале з Антонам Луцкевічам (па прычыне адсутнасці апошняга ў Мінску яго замяніў Іван Серада).

Раскол беларускага нацыянальнага руху быў прадвесцем яшчэ больш трагічнага па сваіх выніках палітычнага расколу і падзелу Беларусі на дзве часткі – усходнюю і заходнюю. Гэта становішча было дэ-факта і дэ-юрэ замацавана Рыжскім мірным дагаворам 1921 г. паміж Польшчай, Расіяй і Украінай (прадстаўнікі ад Беларусі на мірныя перамовы не былі дапушчаны). Паводле дагавору Беларусь была штучна падзелена паміж Польшчай і савецкай Расіяй; мяжа паміж імі прайшла па лініі Верхнядзвінск—Дзісна—Крайск—Радашковічы—Негарэлае і далей на поўдзень ўздоўж рэк Морач і Случ. БССР была адноўлена, на гэты раз – толькі ў складзе няпоўных шасці паветаў (Мінскага, Слуцкага, Ігуменскага, Барысаўскага, Бабруйскага і Мазырскага (52,3 тыс. кв. км).

У той сітуацыі фактычна стаяла пытанне аб жыцці і смерці Беларусі як самастойнага этнакультурнага ўтварэння. У заходняй яе частцы, далучанай да ўнітарнай Польшчы, актыўна і настойліва праводзілася палітыка паланізацыі і інтэграцыі “крэсаў усходніх”, а на ўсходзе, на тэрыторыі былых Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў адбываўся працэс русіфікацыі карэннага беларускага насельніцтва. Да таго многія сотні тысяч беларусаў у час першай сусветнай вайны былі эвакуіраваны з раёна баявых дзеянняў і знаходзіліся на правах бежанцаў у Паволжы і іншых рэгіёнах Расіі1. Многія лепшыя кадры беларускай інтэлігенцыі таксама знаходзіліся ў эміграцыі на тэрыторыі Расіі і іншых краін. Такое становішча захоўвалася да 1924—1926 гг., калі да БССР былі далучаны тэрыторыі Віцебскай і Магілёўскай губерняў, а затым Гомельскі і Рэчыцкі паветы Гомельскай губерні.