Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
18
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Станаўленне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі

У хуткім часе пасля рэвалюцыі ствараліся народныя ўніверсітэты для рабочых, сялян і чырвонаармейцаў. Абсалютная большасць студэнтаў, што тут навучаліся, не мелі сярэдняй адукацыі. Гэты нонсенс не мог не закрануць і штат выкладчыкаў, што фарміраваўся па класаваму прынцыпу з выпадковых людзей, якія не мелі спецыяльнай прафесійнай падрыхтоўкі і адпаведнага педагагічнага вопыту. Так званая універсітэцкая (псеўдауніверсітэцкая) форма прэваліравала над зместам навучання, што рабіла статыстычныя паказчыкі аб вышэйшых і спецыяльных сярэдніх навучальных установах вельмі ўмоўнымі і недакладнымі.

Яшчэ ў пачатку ХХ ст. былі адчынены настаўніцкія інстытуты ў Віцебску (1910), Магілёве (1913), Мінску (1914). У 1918—1919 гг. іх перайменавалі спачатку ў педагагічныя, а затым у інстытуты Народнай Адукацыі. Змена назвы не павысіла рэальны статус гэтых устаноў, якія перажывалі відавочны кадравы і фінансавы крызіс. Некалькі ў лепшай сітуацыі аказаўся педагагічны інстытут у Віцебску. Сярод губернскіх гарадоў Віцебск вызначаўся як ціхі, старасвецкі горад, які знаходзіўся ў баку ад бурных (разбуральных) рэвалюцыйных і ваенных падзей. Сюды з’ехалася нямала расійскай прафесуры і дзеячаў культуры, выгнаных беспрацоўем і жабрацтвам з некалі квітнеючага сталічнага Пецярбурга.

Прыкметнай падзеяй у культурным жыцці рэспублікі было стварэнне Беларускага дзяржаўнага універсітэта (адчынены 30 кастрычніка 1921 г., заняткі пачаліся ў лістападзе). Напачатку універсітэт меў тры факультэты: медыцынскі, грамадскіх навук і рабфак (дзе вялася падрыхтоўка настаўнікаў па паскоранай праграме, разлічанай на тры гады). У наступным годзе быў створаны і педагагічны факультэт. Ужо на першым годзе навучання тут займаліся 1390 студэнтаў, у штаце універсітэта налічвалася 80 выкладчыкаў і 14 прафесараў, сярод якіх такія вядомыя імёны, як У.Пічэта, У Ігнатоўскі, І.Замоцін, М.Янчук, У.Перцаў, М.Нікольскі і інш. Пазней тут выкладалі Я.Колас, Я.Лёсік, А.Смоліч. Першым рэктарам універсітэта стаў Уладзімір Пічэта (1878—1947).

Буйным цэнтрам асветы быў Віцебск, дзе працавалі інстытуты педагагічны, археалагічны і мастацка-практычны. У Вышэйшым педагагічным інстытуце (такую назву ён атрымаў 1923 г.) навучалася каля 450 студэнтаў, працавала 8 прафесараў і 48 выкладчыкаў. Мастацка-практычны інстытут быў утвораны на базе прыватнай студыі вядомага жывапісца Юдаля Пэна; тут жа працаваў і яго не менш знакаміты вучань Марк Шагал. У гэты ж час у Віцебску пражываў адзін з пачынальнікаў абстрактнага мастацтва Казімір Малевіч, у 1919—1922 гг. выкладаў у Народнай мастацкай школе “новага рэвалюцыйнага ўзору”; тут жа працаваў і вядомы графік і архітэктар Лазар Лісіцкі, адзін з пачынальнікаў новага напрамку ў мадэрнізме – супрэматызму. У 1924 г. у Віцебску быў адкрыты ветэрынарны інстытут, а пазней (1934) і медыцынскі.

У 1919 г. быў адноўлены адзін са старэйшых Горы-Горацкі земляробчы інстытут, зачынены царскім урадам за ўдзел студэнтаў у паўстанні 1863 г. Ён атрымаў назву Горацкага сельскагаспадарчага інстытуту. У складзе яго былі чатыры факультэты: сельскагаспадарчы, лясны, інжынерна-меліярацыйны і культурна-тэхнічны. У 1923 г. тут навучалася каля адной тысячы студэнтаў, існавалі 52 кафедры, дзе працавалі 26 прафесараў. Пасля далучэння да яго Беларускага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі (былога політэхнічнага) на іх базе была створана Беларуская дзяржаўная акадэмія сельскай гаспадаркі (1925).

У 1923—1925 гг. ішла рэарганізацыя вышэйшых і сярэдніх адукацыйных устаноў, пасля чаго на тэрыторыі Беларусі засталіся толькі чатыры ВНУ: Беларускі дзяржаўны універсітэт, Беларуская сельскагаспадарчая Акадэмія ў Горках, Ветэрынарны інстытут у Віцебску, і Камуністычны універсітэт у Мінску. Апошні быў адчынены ў 1925 г. на базе Цэнтральнай савецка-партыйнай школы, што рыхтавала кіруючыя партыйныя кадры. У 1926/27 навучальным годзе ва ўсіх ВНУ Беларусі вучылася 4,7 тысяч студэнтаў, з якімі працавалі 490 выкладчыкаў і лабарантаў1. Да пачатку 30-х гг. колькасць вышэйшых навучальных устаноў, як і колькасць студэнтаў і выкладчыкаў у іх, мала змянілася, калі не лічыць змены сацыяльнага складу студэнтаў і выкладчыкаў. Не менш істотную ролю ў 1920-я гады адыгрывалі сярэднія спецыяльныя установы – тэхнікумы. У 1926/27 навучальным годзе ў Беларусі працавалі 32 тэхнікумы, якія рыхтавалі 5,2 тыс. спецыялістаў рознага профілю – педагогаў, музыкантаў, фельчараў, заатэхнікаў, аграномаў, будаўнікоў, фінансістаў і г.д.2

У канцы 20—пачатку 30-х гг. у сувязі са згортваннем нэпа і заменай яго валюнтарысцкай кампаніяй індустрыялізацыі і прымусовай калектывізацыяй сельскай гаспадаркі выявілася абмежаванасць матэрыяльных і інтэлектуальных (кадравых) рэсурсаў, неабходных для выканання ў вызначаныя партыяй сціслыя тэрміны сацыялістычнай рэканструкцыі ўсёй гаспадаркі. А між тым Беларусь доўгі час не мела аніводнай тэхнічнай ВНУ, здольнай вырашыць кадравую праблему. У гэты час у рэспубліцы на базе тэхнікумаў адкрываліся невялікія спецыялізаваныя ВНУ для падрыхтоўкі спецыялістаў у розных галінах прамысловасці. У 1933 г. існавала 9 індустрыяльных ВНУ, дзе вучылася 2,5 тыс. студэнтаў, што складала 30% усіх студэнтаў рэспублікі3.

Аднак жа паміж рознымі інстытутамі і навукова-даследчымі лабараторыямі не існавала цесных каардынацыйных сувязей, якія забяспечвалі б зладжанае супрацоўніцтва і ўмовы агульнага тэхнічнага прагрэсу. У канцы 20-х гадоў у адпаведнасці з дырэктыўнымі ўказаннямі аб вузкай спецыялізацыі ішло малазразумелае драбленне навучальных і навукова-даследчых устаноў, ад якіх адпачкоўваліся асобныя, нярэдка карлікавыя інстытуты. У гэты ж час у рэспубліцы існавала да дзесяці карлікавых інстытутаў, дзе навучалася некалькі дзесяткаў (ад 42 да 130) студэнтаў і дзе вучэбны працэс забяспечвалі ад 4-х да 20-і выкладчыкаў1. Тая ж Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія, не паспеўшы стварыць свае структурныя падраздзяленні і наладзіць сталы вучэбны працэс, была падзелена на 11 інстытутаў, што падрывала яе матэрыяльную базу, парушала інтэграцыйныя сувязі, ускладняла падбор і расстаноўку выкладчыцкіх кадраў высокай кваліфікацыі, не гаворачы аб балесным працэсе падзелу маёмасці і вучэбных аўдыторый паміж інстытутамі. Колькасныя паказчыкі аб вышэйшых навучальных установах, такім чынам, ішлі на шкоду якасным, выяўляючы адваротную прапарцыянальную залежнасць. Падобныя “эксперыменты” сведчылі аб чыста ідэалагічным, непрафесійным падыходзе савецкіх чыноўнікаў да адукацыі, дылетанцкай самаўпэўненасці (“комчванстве”) і ігнараванні традыцыйнага і еўрапейскага вопыту, ізаляцыі ад перадавых методык і дасягненняў цывілізаваных краін Еўропы. Сумнеўныя вынікі такіх “эксперыментаў” былі настолькі відавочнымі, што ад іх прыйшлося неўзабаве адмовіцца.

Сапраўды, “разумны вучыцца на чужых памылках, а дурань – на сваіх”. Пасля відавочных правалаў пачынаецца адваротны працэс па прынцыпу маятніка, і ўсё, як звычайна, вяртаецца “на кругі свае”. У 1933 г. у Горках быў зноў створаны Беларускі сельскагаспадарчы інстытут (тая ж акадэмія) у складзе сямі вылучаных з яго раней інстытутаў. Ён першы сярод беларускіх ВНУ быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага сцягу (1940). У гэты ж час на базе некалькіх індустрыяльных інстытутаў (хіміка-тэхналагічнага, энергетычнага, будаўнічага, тарфянога і інш.) быў створаны Беларускі політэхнічны інстытут. Тут працавала 20 спецыялізаваных кафедраў і навучалася 1200 студэнтаў (для таго часу гэта – нямала).

Разам з тым некаторыя інстытуты, што былі ўтвораны ў пачатку 30-х гадоў і мелі адпаведную вучэбна-педагагічную базу, выразна вызначаны профіль галіновай спецыялізацыі, атрымалі новае жыццё ў якасці самастойных дзяржаўных ВНУ. У ліку іх – утвораныя на базе асобных факультэтаў БДУ педагагічны, медыцынскі, юрыдычны інстытуты, Беларускі інстытут народнай гаспадаркі. Мінскі педагагічны інстытут, што ў 1922 г. быў далучаны да БДУ, у 1931 г. зноў вылучаны ў самастойную ВНУ, атрымаўшы назву Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута, з 1936 – Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М.Горкага. Пазней ён даў пачатак дзяржаўнаму інстытуту замежных моў (1948; зараз – лінгвістычны універсітэт) і інстытуту культуры (1975; цяпер – Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў).

Напярэдадні вайны (1940 г.) у БССР працавалі 25 ВНУ дзе навучалася 21538 студэнтаў, а таксама 128 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, дзе займалася 35 тысяч навучэнцаў рознага профілю2. Сярод студэнтаў беларусы складалі 76,6%, што прыблізна адпавядала іх удзельнай вазе сярод насельніцтва рэспублікі. Наступныя месцы займалі адпаведна яўрэі, рускія, украінцы, палякі. Да гэтага часу прыкметна ўмацавалася матэрыяльная і вучэбна-педагагічная база адукацыйных і навукова-даследчых устаноў. Аб’яднаныя кніжныя фонды БДУ і Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі разам з кніжнай палатай былі вылучаны ў самастойную дзяржаўную ўстанову (1926), пазней (1932) рэарганізаваны ў Дзяржаўную бібліятэку і бібліяграфічны інстытут. Яны месціліся ў гмаху, спецыяльна адбудаваным па праекту архітэктара Г.Лаўрова (вул. Кірава); у 1941 г. бібліятэка налічвала 1 млн. 600 тыс. экземпляраў кніжнага фонду і 15 тыс. пастаянных чытачоў.