Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
20
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Энцыклапедычныя і навуковыя выданні

Толькі за апошняе дзесяцігоддзе ХХ ст. па праблематыцы беларускай гісторыі і культуры было выдадзена столькі навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, колькі не было апублікавана за 70 год існавання савецкай улады. Звернем увагу на навукова-даведачную літаратуру, да якой належаць энцыклапедычныя выданні. Апошнія звычайна падзяляюць на ўніверсальныя і спецыяльныя, або галіновыя. Універсальныя энцыклапедыі даюць нам шырокую інфармацыю па ўсіх галінах ведаў. Першым выданнем падобнага тыпу была “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” у 12 тамах, выдадзеная ў 1969—1976 гг.

За апошнія 20—25 год адбыліся істотныя змены ў палітычным і культурным жыцці, у навуцы і эканоміцы, утварылася шмат новых краін, з палітычнай карты знік Савецкі Саюз, Беларусь уступіла на шлях незалежнасці як суверэнная дзяржава, вырасла новае пакаленне людзей са сваімі менталітэтам, маральнымі арыенцірамі, культурным укладам жыцця. Усё гэта патрабавала сучаснай інфармацыі, іншага погляду на рэаліі, новай ацэнкі падзей і гістарычных асоб, што павіны былі зафіксаваць і энцыклапедычныя выданні. Першай нацыянальнай энцыклапедыяй універсальнага тыпу явілася 18-томная “Беларуская энцыклапедыя”, падрыхтаваная і выдадзеная ў 1996—2004 гг. Яна дае шырокую інфармацыю па ўсіх галінах ведаў, прычым трэць усяго матэрыялу прысвечана Беларусі, яе прыродзе, гісторыі, навуцы, культуры, народнай гаспадарцы.

Галіновыя энцыклапедыі адрозніваюцца абмежаванай тэматыкай і прадметным зместам. Яны бываюць вузка спецыялізаванымі, прысвечанаму асобнай галіне ці нават тэматычнаму кірунку, і больш шырокімі, інтэграванымі, якія аб’ядноўваюць некалькі сумежных дысцыплін. Сярод першых часцей сустракаюцца аднатомныя выданні і энцыклапедычныя даведнікі. Энцыклапедычны прынцып размяшчэння тэматычных артыкулаў – у алфавітным парадку – вельмі зручны ў рабоце пры пошуку неабходнага даведачнага матэрыялу.

Сярод галіновых выданняў заслугоўвае асобай увагі 5-томная “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі” (1984—1987), першая ў нашай айчыннай гісторыі энцыклапедыя падобнага тыпу. Яна была падрыхтавана вялікім творчым калектывам беларускіх навукоўцаў, літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў, этнографаў, фалькларыстаў, дзеячаў культуры і мастацтва; асобныя артыкулы былі напісаны вучонымі Масквы і Ленінграда (Санкт-Пецярбурга). Энцыклапедыя, нягледзячы на свой галіновы характар, ахоплівае шырокую сферу гуманітарных ведаў – беларускую літаратуру, кнігадрукаванне, разнастайныя віды мастацтва, архітэктуру, этнаграфію, фальклор, музеі і інш. Яна, такім чынам, выходзіць за межы звыклых галіновых выданняў і адлюстроўвае праблематыку некалькіх сумежных гуманітарных дысцыплін.

Амаль адначасова з энцыклапедыяй літаратуры і мастацтва вялася падрыхтоўка 7-томнага выдання “Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі” (1984—1988). У ім былі сабраны і сістэматызаваны на той час найбольш поўныя звесткі аб нерухомых помніках, што захаваліся на тэрыторыі Беларусі, – гістарычных мясцінах, помніках археалогіі, архітэктуры, манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, – усё, што мае гістарычную і мастацкую каштоўнасць і што павінна быць уключана ў рэестр аб’ектаў, якія ахоўваюцца дзяржавай. Матэрыялы “Збору” скампанаваны па рэгіянальнаму прынцыпу (кожны том прысвечаны помнікам той ці іншай вобласці рэспублікі, асобны том складаюць помнікі Мінска). Як найбольш поўнае і сістэматызаванае выданне “Збор” даваў магчымасць далейшага разгортвання шырокай краязнаўчай і культурна-ахоўнай працы з помнікамі, вывучэння магчымасцей іх аднаўлення, кансервацыі і выкарыстання ў канкрэтнай рабоце. За выкананую працу аўтарскі калектыў выдання быў узнагароджаны дзяржаўнай прэміяй рэспублікі.

Сярод шматтомных галіновых выданняў выключнае значэнне мае фундаментальная “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” (у 6 т., 7 кн.), што выдавалася на працягу дзесяці год (1993—2003). Аб няпростай гісторыі яе выдання яскрава сведчыць знак Пагоні, якую мы бачым на вокладцы толькі першых двух тамоў. Гэта быў час, калі беларускім даследчыкам выпала шчаслівая магчымасць напісаць праўдзівую гісторыю свайго народа. Аднак жа савецкія стэрэатыпы мыслення яшчэ давалі пра сябе знаць. Патрабавалася апантаная і скрупулёзная праца над шматлікімі дакументамі, праблемнымі пытаннямі нашай айчыннай гісторыі, якая доўгі час разглядалася як частка гісторыі Расійскай імперыі, а потым – Савецкага Саюза. Тут патрабаваліся новыя, аб’ектыўныя падыходы, пазбаўленыя савецкіх стэрэатыпаў, поўнае і праўдзівае асвятленне падзей нацыянальнай гісторыі.

Перагляд канцэпцый гістарычнага развіцця, пераасэнсаванне многіх гістарычных падзей, сацыяльных і этнакультурных працэсаў, адкрыццё многіх раней малавядомых старонак айчыннай гісторыі, якія раней хаваліся, замоўчваліся ці наўмысна скажаліся ў савецкай гістарыяграфіі, стваралі рэальную магчымасць для аб’ектыўнай і незалежнай ацэнкі гістарычнай спадчыны, праўдзівага асвятлення гістарычных падзей. Перад аўтарскім калектывам стаяла задача найбольш поўна, з улікам найноўшых дасягненнях навукі адлюстраваць шматвяковы шлях беларусаў ад сівой даўніны да сучаснасці ў непарыўнай сувязі з гістарычнымі працэсамі на Еўрапейскім кантыненце1. Гісторыя народа тут разглядаецца непарыўна з гісторыяй яго культуры. Шырока асвятляюцца гісторыя архітэктуры, археалогіі, этнаграфіі, літаратурная, мастацкая спадчына, геральдыка, нумізматыка, сфрагістыка, генеалогія, гістарычная картаграфія. Вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю ваеннай справы, гісторыі зброі, лёсавызначальным бітвам і палкаводцам. Тут жа падаюцца і персаналіі, кароткія біяграфіі гістарычных асоб, дзеячаў культуры і навукі. Упершыню асвятляецца гісторыя і культура беларускай дыяспары, а таксама гісторыя нацыянальных меншасцей на Беларусі. Энцыклапедыя дае каштоўную інфармацыю не толькі аб гістарычных падзеях, але і аб разнастайнай, шматграннай гісторыка-культурнай спадчыне нашага народа і можа з поспехам выкарыстоўвацца як аўтарытэтная крыніца ведаў у вучэбна-педагагічнай і навуковай рабоце.

Шматтомныя “Беларуская энцыклапедыя” і “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” ў значнай ступені сталі магчымымі дзякуючы поспехам айчыннай гуманітарнай навукі, а таксама назапашанаму вопыту стварэння галіновых энцыклапедый і энцыклапедычных даведнікаў. Прыкметнай падзеяй у культурным жыцці рэспублікі быў выхад у свет галіновай энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі” (1989). Яна атрымала шырокі рэзананс адукаванай грамадскасці не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі і з’явілася першым энцыклапедычным выданнем па этнаграфіі ў тагачасным Савецкім Саюзе.

У пачатку 90-х гг. у выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя” выйшлі з друку галіновыя аднатомныя энцыклапедыі “Археалогія і нумізматыка Беларусі” (1993) і “Беларуская мова”, а таксама энцыклапедычныя даведнікі “Архітэктура Беларусі” і “Мысліцелі і асветнікі Беларусі” (1995). Структура апошняга даведніка спалучае алфавітны і храналагічны прынцыпы размяшчэння даведачнага матэрыялу, што стварае пэўныя нязручнасці пры пошуку неабходнай інфармацыі. Другое дапоўненае выданне даведніка, што выйшла пад назвай “Асветнікі зямлі беларускай: Х—пачатак ХХ ст.” (2001), выправіла гэты недахоп і з’яўляецца больш зручным і даступным ва ўжыванні. У ім паслядоўна, у алфавітным парадку пададзены творчыя біяграфіі (партрэты) асветнікаў, навукоўцаў, культурных, грамадскіх і рэлігійных дзеячаў, удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху, якія пакінулі прыкметны след ў гісторыі Беларусі і ўнеслі істотны ўклад у беларускую і сусветную культуру.

Істотнае значэнне для пашырэння беларусазнаўчых ведаў маюць спецыяльныя энцыклапедычныя даведнікі. Да найбольш вузкіх адносяцца выданні, прысвечаныя жыццю і творчасці знакамітай асобе. Такімі выданнямі з’явіліся даведнікі “Янка Купала” (1986) і “Францыск Скарына і яго час” (1988), выдадзеныя да юбілеяў нашых дзеячаў. Да іх тэматычна набліжаецца энцыклапедычнае выданне “Беларускія пісьменнікі. Бібліяграфічны слоўнік” у 6 тамах, падрыхтаванае Інстытутам літаратуры імя Я.Купалы і выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя” (1992—1995). Слоўнік дае поўныя звесткі пра творчасць бадай усіх беларускіх пісьменнікаў, дзеячаў культуры, якія пісалі на беларускай, стараславянскай, лацінскай, польскай і іншых мовах.

Сістэматызаваную інфармацыю аб помніках культавага дойлідства (хрысціянскіх храмах, манастырах капліцах) даюць ілюстраваныя энцыклапедычныя даведнікі А.М.Кулагіна “Каталіцкія храмы на Беларусі” (2000) і “Праваслаўныя храмы на Беларусі” (2001). Асаблівасцю гэтых выданняў з’яўляецца тое, што тут падаюцца звесткі не толькі аб сучасных помніках, але і зніклых, якія захаваліся ў апісаннях, гравюрах, малюнках1. Яны складаюць тут асобную частку пад рубрыкай “Страчаная спадчына”. Другое палепшанае выданне гэтых кніг высокай паліграфічнай культуры з мноствам каляровых ілюстрацый (аўтар тэксту А.М.Кулагін, фатограф А.Л. Дыбоўскі) выйшла з друку ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя” ў 2008 г. Запатрабаванай у чытачоў аказалася і навукова-папулярнае ілюстраванае выданне А.Т. Федарука “Старасвецкія сядзібы Берасцейшчыны”2.

Вялікае значэнне ў сістэме нацыянальнай адукацыі маюць навукова-папулярныя даведнікі, прысвечаныя асобным напрамкам гуманітарных ведаў. У пачатку новага стагоддзя выйшлі з друку энцыклапедычныя даведнікі “Народная культура Беларусі” (2002), “Рэлігія і царква на Беларусі” (2001), “Культуралогія” (2003, аўтар С.Ф.Дубянецкі). Ілюстраваны даведнік “Народная культура Беларусі” быў падрыхтаваны да друку на кафедры “Этналогіі і фалькларыстыкі” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта разам з рэдакцыяй “Беларускай энцыклапедыі”. Ён мае каля 700 артыкулаў, прысвечаных спецыяльным паняццям этналогіі і розным рэаліям народнай культуры – традыцыйнай гаспадарцы, рамёствам і промыслам, народнаму жыллю, адзенню, беларускай кухні, дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, музычным інструментам, звычаям абрадам і інш. Большасць ілюстрацый – арыгінальныя фатаграфіі, фотадакументы, што маюць канкрэтны пашпарт, многія з іх узяты з прыватнага архіва, музейных картатэк і апублікаваны ўпершыню ў гэтым выданні.

Крыху пазней былі выдадзены 2-томныя галіновыя энцыклапедыі “Тэатральная Беларусь” (2002—2003), “Беларускі фальклор” (2005—2006), “Вялікае княства Літоўскае” (2005—2006). Апошняя знаёміць чытачоў з гісторыяй і культурай Вялікага княства, шматнацыянальнай славяна-балцкай дзяржавы, ад пачатку ХІІІ ст. да канца XVIII ст., да распаду Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі. Значная ўвага, апрача міжнародных сувязей і палітычных падзей, удзелена дзейнасці дзяржаўных і прававых інстытутаў, народам і мовам, асвеце, помнікам пісьменства, літаратуры і мастацтва, рэлігіям, манастырам і храмам розных канфесій, замкам, гарадам і паселішчам; тут жа пададзена і генеалогія шляхецкіх родаў, геральдыка і сфрагістыка, персаналіі, прысвечаныя жыццю і дзейнасці дзяржаўным, рэлігійным, культурным дзеячам і асветнікам. Нарэшце, згадаем аб шматтомнай энцыклапедыі “Культура Беларусі”, першы том якога выйшаў ў 1910 г.

Сярод шматлікіх выдавецкіх праектаў адзначым серыйнае краязнаўчае выданне”Памяць”, прысвечанае паасобным раёнам Беларусі, серыі “Беларускі кнігазбор” і “Бацькаўшчына” (Зборнікі гістарычнай літаратуры). Серыя “Беларускі кнігазбор” заснавана ў 1996 г. (галоўны рэдактар Кастусь Цвірка). Праект распрацаваны ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі. У праекце выдання выпуск 200 кніг мастацкай літаратуры і гісторыка-літаратурных помнікаў. Да нашага часу выйшла ў свет 50 кніг, сярод якіх такія каштоўныя (рарытэтныя) выданні як “Беларускія летапісы і хронікі” (1997), “Ян Баршчэўскі. Выбраныя творы” (1997), “Філаматы і філарэты” (1998), “Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць. Творы, дакументы” (1999), “Беларускія пісьменнікі Польшчы” (2000), “Мікалай Улашчык. Выбранае” (2001), “Ігнат Дамейка. Мае падарожжы” (2002), Аляксандр Ельскі. Выбранае (2004), “Старажытная беларуская літаратура (ХІІ—ХVII стст.)” і інш. Кожная кніга пачынаецца з грунтоўнага артыкула, прысвечанага жыццю і дзейнасці асобы, крытычнага аналізу яго творчасці.

Са шматтомных навуковых выданняў, прысвечаных гісторыі беларускай культуры і мастацтва варта адзначыць “Гісторыю беларускага мастацтва” у 6 т. (1987—1994), “Традыцыйную мастацкую культуру Беларусі”.у 6 т. 8 кн. (2001—2010), “Гісторыю Беларусі” у 6 т. (2000—2010), этнаграфічную серыю “Беларусы” у 12 т. (1995—2010) і “Беларускі фальклор: жанры, віды, паэтыка“ у 6 кнігах.

Шматтомная “Гісторыі беларускага мастацтва” – гэта першая ў Беларусі фундаментальная праца па гісторыі мастацтва з глыбокай старажытнасці да нашага часу. У ёй разглядаюцца станаўленне і развіццё ўсіх відаў і жанраў мастацтва – архітэктуры і горадабудаўніцтва, жывапісу, графікі, скульптуры і дробнай пластыкі, дэкаратыўна прыкладнога мастацтва, мастацкіх промыслаў. Першыя тамы, выдадзеныя яшчэ ў 80-я гады, носяць на сабе фармальны адбітак марксісцка-ленінскай метадалогіі, партыйнасці і невыразных (хутчэй негатыўных) адносін да рэлігіі і культавага мастацтва. Цяжка ў гэтым вінаваціць аўтараў, бо такой была агульная “партыйная” устаноўка ў адносінах да мастацтва, асабліва мастацтва культавага і нацыянальнага. Падобныя падыходы і канцэптуальныя палажэнні былі выпраўлены ў апошніх тамах гэтага выдання, а таксама ў шматтомным выданні “Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце”: У 4 т. / навук. рэд. А.І. Лакотка (2005—2009).

У сваю чаргу, у аснову шматтомнага выдання “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў” з самага пачатку была пакладзена навуковая канцэпцыя аб аўтэнтычнасці і унікальнасці традыцыйнай нацыянальнай культуры, якая выступае як аснова прафесійнай культуры, магутны сродак кансалідацыі нацыі. Традыцыйная культура ўяўляе сабой жывое і дынамічнае ўтварэнне, што разгортваецца ў гістарычную перспектыву ў разнастайных праявах і мясцовых варыяцыях. Нягледзячы на ўнутраную цэласнасць, кампактнасць, яна “зіхаціць” мясцовымі фарбамі, што знаходзіць адлюстраванне ў неаднароднасці і тыпалагічнай разнастайнасці культурнага ландшафту. На тэрыторыі Беларусі выдзяляецца шэсць гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў – Падняпроўе, Паазер’е, Цэнтральная Беларусь, Панямонне, Усходняе і Заходняе Палессе. Кожнаму рэгіёну прысвечаны асобны том гэтага выдання, дзе дэталёва з улікам мясцовых тыпалагічных і мастацкіх асаблівасцей разглядаюцца каляндарныя ці сямейныя звычаі і абрады, народная проза (казкі, легенды, паданні, замовы і да т.п.), інструментальная музыка, танцавальны фальклор, народныя гульні, традыцыйны касцюм і ткацтва, якія разглядаюцца ў адзінстве і разнастайнасці як рэгіянальны варыянт беларускай народнай культуры.

Істотную ролю ў адукацыйным і пазнавальным працэсе, апрача навуковых і энцыклапедычных ілюстраваных выданняў, адыгрываюць спецыяльныя мастацкія альбомы. Заўважым, што паміж тымі і другімі не заўсёды можна правесці выразную мяжу. У якасці прыкладу спашлемся на альбом Вольгі Лабачэўскай “Повязь часоў – беларускі ручнік” (2002). Матэрыял альбома структураваны па рэгіянальнаму прынцыпу і быў яшчэ раней паспяхова апрабаваны на мастацкай выставе “Беларускі ручнік” 1998), дзе дэманстравалася каля 400 экспанатаў узорных ручнікоў са збораў 11 музеяў краіны. Выдатна выкананыя каляровыя фотаілюстрацыі альбома, скампанаваныя ў розных спалучэннях, суправаджаюцца аналітычным тэкстам, які нясе рознабаковую інфармацыю аб мастацкіх, стылістычных, узорна-сімвалічных асаблівасцях мясцовых ручнікоў, тэхніцы ткання і спосабах мастацкага аздаблення. У падачы В.Лабачэўскай ручнік паўстае перад намі як устойлівы архетып, сімвал-вобраз, што адлюстроўвае гісторыю народа, яго дух, творчыя памкненні, мастацкія і міфапаэтычныя светаўяўленні (“Ручнік – повязь часоў”, “Ручнік – шлях да бога”, “Ручнік – цэлы космас”, ён жа – увасабленне дабра на зямным шляху чалавека”).

У якасці ўзорных выданняў тыпу альбомаў можна назваць таксама “Жывапіс Барока Беларусі (2003; аўтар-складальнік Н.Ф.Высоцкая), “Спадчыну Беларусі” (2004, 2005; аўтары фотапраекта А.Аляксееў і А.Лукашэвіч), “Музей старажытнабеларускай культуры” (2004), “Напалеон Орда” (2006), “Веткаўскі дзяржаўны музей народнай творчасці” і шэраг іншых. Як крыніцы каштоўнай інфармацыі дакументальныя фатаграфіі адыгрываюць выключную ролю ў сучасных сродках камунікацый і ў навукова-даследчай працы. Арганічна скампанаваныя з тэкстам, яны набываюць асобае значэнне ў мастацтве, вучэбных і навукова-даведачных выданнях. У канцы ХХ—пачатку ХХІ ст. прыкметна павысілася паліграфічная культура айчынных выданняў, асабліва па гісторыі культуры і мастацтву, што разам з развіццём камп’ютарных тэхналогій стварае шырокую дакументальную базу, адкрывае новыя магчымасці для навучання, для самастойнага засваення рэальных ведаў на шырокай інфармацыйнай прасторы.