Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
20
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Сацыякультурная палітыка ўрада бнр і Беларускага нацыянальнага камісарыяту

Пасля разгону Усебеларускага кангрэсу яго Рада і Выканаўчы камітэт прадаўжалі працаваць на нелегальным становішчы. Сітуацыя змянілася пасля заключэння паміж Германіяй і Расіяй Брэсцкага мірнага дагавору (3 сакавіка 1918), паводле якога большая частка Беларусі (на усход да Дняпра), акупаваная раней нямецкім войскам, заставалася за Германіяй. Пасля эвакуацыі расійскіх войск з Мінску (люты 1918) Выканаўчы камітэт Усебеларускага кангрэсу аднавіў сваю работу. 25 сакавіка 1918 г. была абвешчана незалежная Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). У сакратарыят БНР увайшлі дзеячы нацыянальна-дэмакратычнага руху Аляксандр Бурбіс, Янка Серада (Старшыня Рады БНР), Язэп Варонка (Старшыня Народнага Сакратарыяту), Васіль Захарка, Аркадзь Смоліч, Пётра Крачэўскі, Канстанцін Езавітаў, Антон Аўсянік, Леанард Заяц. Склад Рады БНР і яго кіраўніцтва не быў стабільным, як і сама палітычная сітуацыя на Беларусі і ў суседніх краінах.

Тым не менш, БНР засведчыла сваю дзеяздольнасць і за кароткі перыяд дасягнула значных поспехаў, асабліва ў галіне нацыянальнай асветы і культуры. Беларуская мова набыла статус дзяржаўнай. У краіне было адкрыта каля 200 (па іншых даных 350) беларускіх школ, працавалі беларускія гімназіі ў Мінску, Будславе, Наваградку, Слуцку, Гродне. Падрыхтоўка настаўнікаў вялася ў Мінскім педагагічным інстытуце, дзе выкладалі Вацлаў Іваноўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Яфім Карскі, Браніслаў Тарашкевіч. Для перападрыхтоўкі настаўнікаў працавалі курсы беларусазнаўства ў Мінску. У красавіку 1918 г. заснавана Мінская вышэйшая музычная школа, пераўтвораная неўзабаве ў Беларускую кансерваторыю. Пры ўрадзе БНР было ўтворана бюро для падрыхтоўкі падручнікаў і выдавецтва “Прасвета”. У 1918 г. выдадзена “Беларуская граматыка для школ” Б.Тарашкевіча і “Беларускі правапіс” А.Луцкевіча і Я.Станкевіча. Працавалі выдавецтвы ”Бацькаўшчына” і “Крыніца”. Пачалі выходзіць газеты “Беларускі шлях”, “Родны край” (Слуцк), працягваўся выпуск заснаваных ў 1916—1917 гг. газет “Гоман”, “Вольная Беларусь”, “Крыніца”. У якасці дзяржаўных сімвалаў былі зацверджаны бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. Гімнам БНР стаў тэкст “Мы выйдзем шчыльнымі радамі (аўтар Макар Краўцоў, 1919 г.) на музыку Тарэўскага (1920).

Аднак бальшавіцкі ўрад Расіі, нягледзячы на заяўленыя прынцыпы аб нацыянальным самавызначэнні, не збіраўся прызнаваць незалежную Беларускую рэспубліку. Разам з тым ён вымушаны быў лічыцца з нацыянальна-вызваленчым рухам і на ўсходзе Беларусі, неакупаваным немцамі, дазволіў ствараць таксама беларускія грамадска-палітычныя і культурныя нацыянальныя установы. Такія ж беларускія нацыянальныя установы ствараліся і ў Расіі сярод беларускіх мігрантаў. Яны праводзілі агітацыйную і культурна-асветніцкую работу сярод беларускай дыяспары і беларускіх бежанцаў, большую частку якіх складалі перасяленцы з заходніх раёнаў Беларусі (дзе ішлі ваенныя дзеянні). Агульная колькасць іх складала каля двух мільёнаў.

Яшчэ ў лютым 1918 г. быў створаны Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацком) як аддзел агульнарасійскага Народнага Камісарыята па справах нацыянальнасцей. Ён дзейнічаў напачатку ў Петраградзе, а з сакавіка 1918 да сакавіка 1919 г. – у Маскве. Яго аддзяленні меліся ў Віцебску, Смаленску, Саратаве. Яго ўзначаліў (на пасадзе Камісара) Аляксандр Чарвякоў (1892—1937). У склад Белнацкома ўваходзілі дзеячы беларускага нацыянальнага руху Антон Грыневіч, вядомы збіральнік беларускага музычнага фальклору, педагог, выдавец і кампазітар (1877—1937), Ігнат Дварчанін, выпускнік Пражскага універсітэту, літаратар, паэт, сакратар Белнацкома (1895—1937), Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны (1887—1937), Янка Нёманскі (Іван Пятровіч, 1890—1937), Браніслаў Тарашкевіч (1892—1938) і інш.

Белнацком праводзіў вялікую культурна-асветніцкую работу, адкрываў беларускія школы і клубы (“Беларуская хатка” ў Петраградзе, “Беларус” у Маскве). Ён арганізаваў вышэйшыя курсы па беларусазнаўству для настаўнікаў і дзяржаўных дзеячаў, якія вядомы пад назвай Беларускага народнага універсітэта (працаваў летам 1918 г.). Лекцыі ва універсітэце чыталі акадэмік Дзмітрый Анучын, Уладзімір Пічэта, вядомы этнограф Уладзімір Дабравольскі, Зміцер Жылуновіч, Яўсей Канчар, прафесар гісторыі Антон Ясінскі і інш. Пазней тэксты лекцый былі апублікаваны асобнай кнігай “Курс беларусазнаўства” (1920). Друкаваным органам Белнацкома стала беларуская савецкая газета “Дзянніца”. Адначасова выдаваліся часопісы “Чырвоны шлях” і “Беларуская крыніца, а таксама мастацкія творы і марксісцкая літаратура (было выдадзена 17 кніг, у тым ліку 10 – на беларускай мове).

Для бальшавіцкіх ідэолагаў Белнацком служыў толькі знешнім ярлыком праяўлення ленінскай нацыянальнай палітыкі. Камуністычныя лідэры, што зрабілі асноватворным прынцыпам сваёй глабальнай палітыкі ідэю класавай барацьбы і сусветнай пралетарскай рэвалюцыі, імкнуліся да пашырэння камуністычнай імперыі на захад. Ні Расія, ні Польшча не прызналі незалежнасць Беларусі, якая зноў станавілася паміж імі “яблыкам раздору” (“kośćą niezgody”) і ў хуткім часе яе землі зноўку апынуліся ў полымі вайны.