Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
20
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Літаратура і друк

Перабудова і дэмакратызацыя 1990-х гадоў глыбока закранулі асновы савецкага ладу жыцця, масавую свядомасць, сістэму маральных каштоўнасцей, стыль і прынцыпы работы ідэалагічных, палітычных, прававых інстытутаў. Яны разбудзілі інтэлектуальныя сілы грамадства, пачуццё ўласнай годнасці чалавека і грамадзяніна, усялілі надзеі на сацыяльную справядлівасць, магчымасць рэалізаваць свае творчыя сілы і памкненні ў новым грамадстве. Адкрытасць, галоснасць, свабода слова і друку рассунулі духоўныя гарызонты, ажывілі грамадскае жыццё, творчае самавыяўленне, актывізавалі нацыянальна-культурны працэс. Многае тайнае, што раней пільна хавалася ў закрытых фондах і архівах пад грыфам “Сакрэтна”, стала яўным, агульнадаступным, вядомым шырокай грамадскасці.

Ва ўмовах дэмакратызацыі і галоснасці не вытрымлівалі крытыкі прапагандысцкія клішэ аб уладзе рабочых і сялян, аб гуманізме бальшавіцкай сістэмы, дзе чалавек чалавеку таварыш і брат, аб адзінстве партыі і народа, аб самай эфектыўнай эканамічнай сістэме, і г.д. – усё гэта нагадвала тэатр абсурду. Людзі не прымалі сур’ёзна камуністычныя байкі афіцыйнай прапаганды. У альтэрнатыву ім складаліся больш трапныя і вартыя ў мастацкіх адносінах анекдоты, якія станавіліся ўлюбёным жанрам масавага фальклору. Бессаромны цынізм і спекуляцыі афіцыйнай прапаганды аб “свабодзе, роўнасці і брацтве”, аб адзінстве партыі і народа, яднанні пралетарыяў усіх краін (з мэтай звяржэння сваіх буржуазных урадаў), аб інтэрнацыянальным абавязку нашых салдат у Афганістане і да т.п., – пустаслоўе і злачынную абсурднасць падобных тэз і лозунгаў разумелі бадай усе, апрача самога кіраўніцтва кампартыі.

На хвалі нацыянальнага адраджэння ў новым святле паўставалі імёны нацыянальных герояў і іх высакародная дзейнасць, вядомая ў савецкай гістарыяграфіі пад назвай “нацдэмаўшчыны”, мяняліся адносіны да паўзабытай і занядбанай гісторыка-культурнай спадчыны, да народных традыцый, помнікаў культавага дойлідства, храмаў, занядбаных палацава-паркавых ансамбляў, некалі велічных замкаў, нарэшце, да хрысціянскіх каштоўнасцей, маралі, этыкі, рэлігіі. Пераглядаліся савецкія міфы і былыя канцэпцыі гісторыі і культуры.

Ва ўмовах дэмакратызацыі і аздараўлення грамадства з’явіліся новыя ацэнкі творчасці нацыянальных дзеячаў культуры, пісьменнікаў, навукоўцаў, якія сталі ахвярамі таталітарнай сістэмы, – Алеся Гаруна, Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх, Ларысы Геніюш, Мітрафана Доўнар-Запольскага, Уладзіміра Жылкі, Івана Замоціна, Усевалада Ігнатоўскага, Аўгена Калубовіча, Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка, Антона і Івана Луцкевічаў, Андрэя Мрыя, Аркадзя Смоліча, Аляксандра Уласава, Аляксандра Цвікевіча і г.д. і г.д. Іх творы былі зняты з уліку ў спецсховішчах, апублікаваны (ці перавыданы), вернуты чытачу. Сярод іх – поўнае выданне газет “Наша ніва” і “Мужыцкая праўда”, “Тутэйшыя” Я.Купалы, “Віленскія камунары” і “Камароўская хроніка” М.Гарэцкага, “Матчын дар” А.Гаруна, “Крокі гісторыі” А.Калубовіча, “Запіскі Самсона Самасуя” А.Мрыя, “Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва” М.Шчакаціхіна, “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі” У.Ігнатоўскага, “Кароткая гісторыя Беларусі” В.Ластоўскага, “Гісторыя Беларусі” М.Доўнар-Запольскага, “Геаграфія Беларусі” А.Смоліча, “Западнорусізм” А.Цвікевіча і інш.

Былі апублікаваны і дакументальныя творы (успаміны, хронікі, мемуарныя замалёўкі, споведзі ) тых, хто прайшоў пекла сталінскага гулагу, на ўласным лёсе спазнаў “гуманізм” сістэмы, якая ў сваіх жорнах перамолвала цэлыя пакаленні, калечыла лёс мільёнаў грамадзян сваёй краіны, якія сталі раптоўна “ворагамі народа”. У іх успамінах сама праўда жыцця, ціхі роздум аб лёсе сваёй Радзімы і месцы чалавека ў тагачаснай сацыякультурнай рэчаіснасці. Адзначым, у прыватнасці, такія творы, як “Зона маўчання”, “З воўчым білетам” С.Грахоўскага, мемуары “Споведзь” Л.Геніуш, “У кіпцюрах ГПУ” Ф.Аляхновіча, “Крыжовы шлях” А.Калубовіча, “Яжовыя рукавіцы” і “Пекла” П.Пруднікава, “Жыць для Беларусі” В.Супруна, “Цар-зэк” і “Сямён Івашкін” В.Хомчанкі , “Рысы майго пакалення” В.Шыдлоўскага, цыклы вершаў А. Звонака, С.Новікава-Пяюна і многіх іншых.

Ва ўмовах адкрытасці і грамадзянскага прымірэння новы ўзлёт і жыццесцвярджальны пафас набыла творчасць Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Сяргея Законнікава, Барыса Сачанкі, Івана Чыгрынава. Асэнсаванню наступстваў Чарнобыльскай трагедыі, яе сацыяльным і маральным следствам былі прысвечаны публіцыстычныя і мастацкія творы А.Адамовіча (“Апакаліпсіс па графіку”), С.Алексіевіч (“Чарнобыльская малітва”), В.Гігіевіча (“Пярэварацень”, “Сталі воды горкія”), Б.Сачанкі (“Родны кут”), В.Якавенкі. Гістарычная тэматыка, звязаная з рэальнымі падзеямі і персанажамі ў яе філасафічным асэнсаванні, знайшла сваё адлюстраванне ў мастацкіх і навукова-папулярных творах С.Алексіевіч («Цинковые мальчики»), У.Арлова (“Таямніцы Полацкай гісторыі”), Л.Дайнекі (“Меч князя Вячкі”), В.Іпатавай (“За морам Хвалынскім”), А.Лойкі (“Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае”), К.Тарасава (“Памяць пра легенды”), К.Цвіркі (“Край легенд”), В.Чаропкі (“Уладары Вялікага княства”)1.

Адначасова пашыраліся творчыя кантакты з беларусамі замежжа, якія прымалі рэгулярны ўдзел у кангрэсах і з’ездах беларусаў свету, міжнародных навуковых канферэнцыях, сумесных культурных праектах, выступленнях мастацкіх калектываў і творчых груп. Беларуская літаратура значна папоўнілася выданнямі нашых суайчыннікаў, вядомых дзеячаў беларускай дыяспары. У ліку іх літаратурна-навуковы гадавік “Скарыніч” (Вып. 1—4), літаратурна-мастацкае выданне “З гісторыяй на “Вы”. (Вып.1—3), “Вільня і Віленшчына: ландшафт і асяроддзе многіх культур” (т. 1—4),2 і інш. Гадавік “Скарыніч” быў заснаваны кіраўніцтвам Маскоўскага таварыства беларускай культуры імя Ф.Скарыны, выдаваўся ў Мінску, Маскве і Смаленску (1991, 1993, 1997 1999) на беларускай і рускай мовах. Тут надрукаваны малавядомыя архіўныя дакументы і матэрыялы з літаратурнай і эпісталярнай спадчыны, а таксама навуковыя і публіцыстычныя артыкулы дзеячаў беларускай культуры (Б.Эпімах-Шыпілы, І.Луцкевіча, А.Смоліча, Я.Станкевіча, В.Ластоўскага, У.Дубоўкі, А.Каўкі, М.Улашчыка і інш.).

У беларускіх выдавецтвах выйшлі шматлікімі тыражамі і кнігі сучасных прадстаўнікоў беларускай дыяспары Валянціна Грыцкевіча “Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяну” (1986), “Гісторыя і міфы” (2000), Янкі Запрудніка “Беларусь на гістарычных скрыжаваннях” (1996), Аляксея Каўкі “Тут мой народ” (1989), Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША (1993), Юрыя Лабынцава “Пачатае Скарынам” (1990), Мікалая Нікалаева “Палата летапісная” (1993), Юрыя Туронка “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” (1993), Паўлы Урбана “Старажытныя ліцьвіны” (2001) і інш.

Разнастайная праблематыка па беларусазнаўству, гісторыі айчыннай культуры і мастацтву асвятляецца ў серыйных выданнях “Беларусіка – Albarutenika” (у 30 кн.), зборніках навуковы прац “Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі” (Вып.1—8, 2006—2010). Яны ўяўляюць сабой зборы навуковых і навукова-папулярных прац, у асноўным матэрыялы міжнародных навуковых кангрэсаў і канферэнцый па шырокай праблематыцы беларусазнаўчых ведаў. Зразумела, што гэтыя матэрыялы, якія прадстаўлены тэкстамі дакладаў і выступленняў на навуковых канферэнцыях, даволі стракатыя па сваёй тэматыцы і розныя паводле навуковага і мастацкага ўзроўню. Разам з тым амаль кожны навуковы форум мае сваю вызначаную тэматыку і праблемнае кола пытанняў, якія тут абмяркоўваюцца. Напрыклад, “Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў” – тэма Міжнароднай канферэнцыі, што адбылася ў 1992 г., або: “Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін” – тэма Міжнароднага кангрэса беларусістаў (2005), “Культура беларускага замежжа” (1995) і г.д. Падобная праблематыка і тэматычная структура даюць магчымасць сістэматызаваць матэрыялы як у межах асобнай канферэнцыі, так і ў маштабе серыйнага, шматтомнага выдання. Так, у прыватнасці, кожная кніга серыі “Беларусіка-Albarutenikа” мае сваю назву (аднайменную з тэмай канферэнцыі) і сваю ўнутраную структуру, што надае ўсёй серыі цэласнасць і вартасць сапраўднага навуковага выдання. Арганізатарамі рэгулярных Міжнародных кангрэсаў і канферэнцый выступалі Міжнародная арганізацыя беларусістаў, Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі, Міністэрства адукацыі РБ, былы Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны і іншыя дзяржаўныя і недзяржаўныя установы.

Нацыянальна-культурнае адраджэнне як комплексная навуковая і культурна-асветніцкая праблема атрымала шырокае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і на старонках перыядычнага друку. Заснаваны новыя грамадска-палітычныя, гістарычныя і літаратурна-мастацкія часопісы, якія адыгралі істотную ролю ў пашырэнні гістарычных і гуманітарных ведаў. Сярод іх адзначым часопісы “Крыніца” (выходзіць з 1988 г.), “Беларуская думка” (з 1991), “Беларускі гістарычны часопіс”(з 1993), “Беларуская мінуўшчына” (1993—1998). Праблемы культуры і мастацтва асвятляюцца ў часопісах “Мастацтва” (да 1992 выходзіў пад назвай “Мастацтва Беларусі”), “Спадчына” (заснаваны ў 1989), “Архе” (з 1998), “Дзеяслоў” (з 2002), у тыднёвіках “Літаратура і мастацтва” і “Культура” (заснавана Міністэрствам культуры ў 1991 г.). Праблемы адукацыі і культуры шырока асвятляюцца ў часопісах “Адукацыя і выхаванне” (заснаваны ў 1991 г.), “Вышэйшая школа”, “Наука и инновации”, а таксама ў добра вядомых з савецкіх часоў штомесячных літаратурна-мастацкіх і грамадска-палітычных часопісах “Полымя”, “Нёман”, “Маладосць”. Заўважым, што з пашырэннем універсітэцкай адукацыі кожны універсітэт атрымаў права мець свой навуковы часопіс – універсітэцкія “Весці” ці “Веснік”, дзе публікуюцца навуковыя артыкулы па разнастайных праблемах гуманітарных, тэхнічных і прыродазнаўчых дысцыплін.