Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
20
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Перабудова як палітычны і культуратворчы працэс. Пашырэнне нацыянальна-дэмакратычнага руху.

Ужо ў 1985 г. да ўлады ў савецкай краіне прыйшла больш маладая, рэфармацыйна настроеная група партыйных дзеячаў на чале з М.С.Гарбачовым. З імем Гарбачова звязаны новы курс, які атрымаў назву перабудовы (“перестройка”). Новы курс характарызаваўся наступнымі прыкметамі:

*значным аслабленнем татальнага кантролю над сродкамі масавай інфармацыі, галоснасцю, адноснай свабодай слова і друку;

*адкрыццём дзяржаўных архіваў і закрытых фондаў для даследчыкаў, пераасэнсаваннем айчыннай гісторыі і культуры, вяртаннем гістарычнай памяці народу;

*лаяльнымі адносінамі да рэлігіі, свабодай сумлення і веравызнання;

*дазволам апазіцыйных партый і рухаў, палітычным плюралізмам.

Побач з крытыкай 6-га артыкула савецкай канстытуцыі аб манаполіі кампартыі, востра ставілася пытанне і аб савецкай сістэме безальтэрнатыўных (фармальных) выбараў, калі падчас выбарчай кампаніі ў саветы ўсіх узроўняў балатаваўся толькі адзін кандыдат ад так званага адзінага блока “камуністаў і беспартыйных”. Падобныя наменклатурныя «ухищрения» ўяўлялі сабой несумленную і грубую гульню ў дэмакратыю са сваім народам. А між тым падобная сістэма “выбараў” наглядна сведчыла аб сапраўдных адносінах савецкіх чыноўнікаў да свайго народа, які быў фактычна пазбаўлены выбарчага права. Гэта быў палітычны маскарад па няхітрым сцэнары, вынікі якога былі загадзя прадвызначаны: 98—99,8% галасоў за кандыдата ад улады. Камічнае і сумнае адначасова заключалася ў тым, што падобная “сістэма” выбараў падавалася як узор дэмакратычнага цэнтралізму і народнага самавыяўлення.

Пасля доўгіх гадоў ваяўнічага атэізму і гульняў ў сусветную пралетарскую рэвалюцыю назіралася духоўнае аздараўленне, абуджэнне інтэлектуальных сіл грамадства, ажыўленне нацыянальна-дэмакратычнага руху як у самой Расіі, так і ў нацыянальных рэспубліках. Дэмакратычная інтэлігенцыя так ці інакш не прымала камуністычную палітыку нацыянальнага нігілізму, “сцірання нацыянальных граней”, падмены аўтэнтычных форм культуры дылетанцкімі, штучнымі падробкамі, казённым сурагатам, распрацаваным па заказе ў афіцыйных установах.

Нацыянальна-дэмакратычны рух, які нібыта быў даўно выкарчаваны на працягу многіх дзесяцігоддзяў савецкага таталітарызму, цудоўным чынам адраджаўся на папялішчах, нібы міфічная птушка Фенікс, і нагадаў аб сабе ў разнастайных праявах незалежнага грамадскага жыцця, у грамадзянскім “непаслушэнстве” ўладзе, крытычных адносінах людзей да афіцыйнай прапаганды і агітацыі, недаверы і скептычнасці да яе лозунгаў і сродкаў масавай інфармацыі, што спарадзіла ў адказ асобы жанр савецкага фальклору – шматлікія анекдоты аб савецкіх кіраўніках, савецкіх каштоўнасцях, маралі, узаемаадносінах чалавека і ўлады і інш. Гэты недавер набываў масавы характар, набліжаўся да так званай “крытычнай масы”, калі афіцыйная прапаганда і ідэалогія працавалі “на халастым хаду” ці давалі адваротныя вынікі (“чым горш, тым лепш”). У грамадзянскіх акцыях, сустрэчах, абмене інфармацыяй адбывалася незалежнае асэнсаванне свайго становішча, лёсу айчыннай гісторыі і культуры. Ніякая, афіцыйная прапаганда не магла апраўдаць у народнай свядомасці масавых рэпрэсій, якія адчула на сабе амаль кожная беларуская сям’я, знішчэнне беларускай інтэлігенцыі і заможнага сялянства, пошукаў “ворагаў народа” ў асяроддзі самога народа і ў хрысціянскіх храмах, у дзейнасці нефармальных суполак і культурна-асветных арганізацыях. Складваліся новыя адносіны і новае ўсведамленне гістарычных рэалій, гістарычных канцэпцый і ацэнак, распрацаваных у савецкай гістарыяграфіі. Перабудова ў Беларусі паступова набыла характар шырокага дэмакратычнага руху за беларускае нацыянальна-культурнае адраджэнне, за незалежнасць і дзяржаўны суверэнітэт, які пасля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту ў Маскве быў падтрыманы грамадствам і структурамі беларускай ўлады.

У 1986—1987 гг. беларуская творчая інтэлігенцыя накіравала калектыўныя пісьмы (допісы) на імя Генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова аб трагічным становішчы беларускай нацыянальнай культуры, выцясненні з афіцыйнага ўжытку і навучальных устаноў беларускай мовы, аб варварскім знішчэнні многіх адметных помнікаў, звязаных з беларускай гісторыяй, з дзейнасцю знакамітых гістарычных асоб, аб назначэнні на высокія дзяржаўныя пасады выпадковых людзей, далёкіх ад беларускай культуры. Партыйны апарат, што даўно зросся са структурамі ўлады, ужо не мог па старой памяці прымяніць тыя самыя карныя меры да новых “нацдэмаў”, замест гэтага ўсе падпісанты былі запрошаны ў ЦК КПБ у так званы Чырвоны дом на вуліцы Карла Маркса1. Сустрэча беларускай інтэлігенцыі з Першым сакратаром ЦК КПБ Я.Я.Сакаловым і Старшынёй Прэзідыума Г.С.Таразевічам доўжылася шэсць гадзін без перапынку, кожнаму з падпісантаў было дадзена магчымасць выступіць, выказаць сваё бачанне праблем, сваю думку на тагачасную палітычную і нацыянальна-культурную сітуацыю ў Беларусі, на прыняцце неабходных мер, на аптымальныя шляхі рэфармавання грамадства. Тут звяртаюць на сябе ўвагу не вынікі гэтай сустрэчы (своеасаблівай нарады), а сам факт сустрэчы, дыялог, які адбыўся паміж вышэйшымі кіраўнікамі краіны і нацыянальнай (апазіцыйнай) інтэлігенцыяй, агульныя заклапочанасць, пошукі ўзаемаразумення і выйсця з крызіснай сітуацыі, якая склалася вельмі даўно.

Гэты перыяд адзначаўся ростам патрыятычных настрояў сярод моладзі. Як грыбы пасля дажджу, па ўласнай ініцыятыве ствараліся маладзёжныя нефармальныя суполкі “Талака” (1985), “Тутэйшыя”, “Няміга”, “Сьвітанак”, “Нашчадкі” у Мінску, “Паходня” у Гародні (1986), “Талака” ў Гомелі, “Крывічы” і “Сакавік” у Новаполацку, “Маладзік” ў Полацку, “Край” у Брэсце, “Рунь” у Лідзе, “Узвышша” ў Віцебску і інш. Гэта былі самадзейныя культурна-асветніцкія суполкі па вывучэнню і захаванню гісторыка-культурнай спадчыны, мясцовых помнікаў і памятных месцаў, іх удзельнікі займаліся ўладкаваннем і акультурваннем адметных гістарычных мясцін, нацыянальных святыняў, занядбаных храмаў, могілак, мемарыяльных знакаў, помнікаў прыроды і інш. Яны падымалі пытанне аб дзяржаўнай геральдыцы, беларускіх нацыянальных сімвалах і знаках.

Удзельнікі маладзёжных суполак наладзілі ўзаемныя творчыя сустрэчы, а таксама сувязі з аналагічным клубамі ў суседніх рэспубліках. Вельмі актуальнымі былі праблемы аховы і ўладкавання месцаў масавых пахаванняў удзельнікаў вайны і нявінных ахвяр сталінскіх рэпрэсій і ўвекавечанне іх памяці; такія пахаванні былі амаль у кожным вялікім горадзе, сярод іх сумна вядомае урочышча “Курапаты”. 19 кастрычніка 1988 г. па ўзору расійскага “Мемарыялу” у Мінску было створана гісторыка-асветнае таварыства памяці ахвяр сталінізму “Мартыралог Беларусі”. Адметнай падзеяй, што вызначала новы вектар палітычнага мыслення і маральнага ачышчэння сучаснага беларускага грамадства (хаця да пакаяння было яшчэ далёка), з’явілася шырокая кампанія перагляду судовых спраў і рэабілітацыі многіх тысяч нявінных ахвяр бальшавіцкіх рэпрэсій і, ў першую чаргу, нацыянальных лідэраў, дзеячаў беларускай культуры і навукі.

30 кастрычніка 1988 г. адбыўся першы масавы (неафіцыйны) грамадскі мітынг, прысвечаны Дню памінання (памяці) продкаў – “Дзяды”, – з’ява небывалая для савецкіх часоў. Ён праводзіўся пад кіраўніцтвам Беларускага народнага фронту (БНФ), прычым масавае шэсце і мітынг-рэквіем невыпадкова адбываліся ва ўрочышчы Курапаты. Улады разагналі мітынг з дапамогай войск унутранай службы, міліцыі з прымяненнем вадамётаў і пажарных машын, 72 удзельнікі мітынгу былі арыштаваны Такія паводзіны камуністычных улад супраць мірнай дэманстрацыі, якая насіла безумоўны нацыянальна-патрыятычны змест, не надавала грамадскага аўтарытэту камуністычным ўладам, узмацняла іх самаізаляцыю ў беларускім грамадстве (адначасова вербавала ўсё новых прыхільнікаў у шэрагі нацыянальна-дэмакратычнага руху).

Дарэчы, сэнс перабудовы, да якой заклікаў новы Генеральны сакратар кампартыі Гарбачоў М.С., заключаўся ў тым, каб пабудаваць “сацыялізм з чалавечым тварам”. І гэта формула нікога не дзівіла, бо грамадства і большасць партыйнай эліты добра ведалі іншы, твар сацыялізму, які быў збудаваны ў СССР. Рэальную прыроду сацыялізму і савецкай улады, заснаваных на класавай барацьбе, якая, паводле Сталіна, павінна абвастрацца, добра ўсведамлялі і прадстаўнікі кіруючай эліты. Ва ўмовах перабудовы і зменлівай палітычнай сітуацыі многія з іх аказваліся ў апазіцыі камуністычнаму рэжыму. У краінах развітай дэмакратыі такое становішча з’яўляецца звыклым стылем грамадска-палітычнага жыцця.

Аднак жа ва ўмовах нацыянальных рэспублік праяўляўся той самы расійскі сіндром, у сферы прыцяжэння якога заставалася і Беларусь. Адкрытае супрацьстаянне савецкім (прарасійскім) структурам улады ў Беларусі не магло даць у той час станоўчых вынікаў, такая тактыка не мела б поспеху. Беларуская грамадскасць з уласцівай ёй талерантнасцю і спадзяваннем на доўгачаканыя змены дружна падтрымала абвешчаную перабудову, да якой далучыўся і Беларускі народны фронт; невыпадкова тады ён насіў назву “Беларускага народнага фронту за перабудову грамадства”. Толькі пазней па меры змены палітычнай сітуацыі і размежавання палітычных сіл і партыйных праграм ён выразна, ва ўвесь рост паставіў задачу барацьбы за незалежную Беларусь.

У чэрвені 1989 г. у Вільні адбыўся ўстановачны з’езд БНФ. Ідэйным лідэрам нацыянальнага руху БНФ стаў Васіль Быкаў, агульнае кіраўніцтва было даручана Зянону Пазняку і яго намеснікам прафесарам Юрыю Хадыку і Міхасю Ткачову. БНФ уяўляў сабой шырокі нацыянальна-дэмакратычны рух, у які ўваходзілі не толькі беспартыйныя, але і члены КПСС, якія падзялялі палітычную і нацыянальна-культурную праграму БНФ; сярод 40 тысяч сяброў БНФ (па стану на 1989 г.) 20% складалі рускія, для якіх Беларусь даўно стала сваёй радзімай. Яны падтрымалі суверэнітэт Беларусі, прызналі перавагу (першынство) рэспубліканскага заканадаўства над саюзным, мэтазгоднасць адраджэння беларускай нацыянальнай культуры і надання беларускай мове статуса дзяржаўнай (якога яна тады не мела).

27 чэрвеня 1989 г. адбыўся ўстаноўчы з’езд дзеячаў беларускай культуры, выкладчыкаў, настаўнікаў, дзе было створана Таварыства беларускай мовы (ТБМ) імя Францыска Скарыны. Старшынёй Рэспубліканскай рады ТБМ быў выбраны народны паэт Ніл Гілевіч. З сакавіка 1990 г. стала выходзіць газета ТБМ “Наша слова” (два разы на тыдзень). У студзені 1990 г. 14 сесія Вярхоўнага Савета БССР абвясціла беларускую мову ў якасці дзяржаўнай. Быў прыняты Закон аб мовах, што лагічна ставіла задачу распрацоўкі спецыяльнай праграмы развіцця дзяржаўнай мовы і яе паэтапнага ўвядзення ў сістэму адукацыі і дзяржаўнага кіравання (зацверджана 20 верасня 1990), руская мова атрымала статус мовы міжнацыянальных зносін.

Беларусь выходзіла на цывілізаваны шлях грамадскага развіцця як суверэнная еўрапейская краіна. 27 ліпеня 1990 г. сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Падзеі на Беларусі развіваліся ў агульным кантэксце працэсаў суверэнізацыі саюзных рэспублік і ў значнай ступені былі водгуллем на аналагічныя падзеі ў Маскве і Кіеве. А яшчэ раней падобныя дэкларацыі прынялі парламенты прыбалтыйскіх рэспублік. Таму падаваць справу такім чынам, што суверэнітэт нечакана “зваліўся на галаву беларусам”, як гром з яснага неба, што настойліва паўтаралася ідэолагамі неіснуючага СССР, не мае сур’ёзных падстаў. Пасля правалу “жнівеньскага путча” ў Маскве летам 1991 г. нечарговая сесія Вярхоўнага Савета рэспублікі надала Дэкларацыі аб суверэнітэце статус канстытуцыйнага Закона. Часова была прыпынена дзейнасць Камуністычнай партыі, скасаваны яе структуры ЦК, абкамы, райкамы, якія раней адыгрывалі ролю асноўных органаў улады і кіравання. Сесія Вярхоўнага Савета зацвердзіла назву новай суверэннай дзяржавы – Рэспубліка Беларусь. Адначасова былі прыняты законы аб новай гістарычнай сімволіцы. Дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь сталі герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг.

У 1990 год урачыста адзначаўся 500-гадовы юбілей з дня нараджэння нашага вялікага асветніка і першадрукара. Паводле рашэння ЮНЕСКА, міжнароднай Арганізацыі Аб’яднаных нацый, гэты год быў аб’яўлены годам Францыска Скарыны. У гэты ж год ладзілася Міжнароднае свята славянскай пісьменнасці, былі падрыхтаваны дзесяткі фундаментальных прац, прысвечаных дзейнасці вялікага славянскага асветніка і яго паслядоўнікаў, духоўнай спадчыне адметнай эпохі, эпохі беларускага Рэнесансу. Сярод розных апублікаваных прац варта назваць поўнае выданне Бібліі першадрукара, выданне яго твораў (Прадмовы, сказанні, пасляслоўі і інш. з падрабязным каментарам), энцыклапедычны даведнік “Францыск Скарына і яго час”, даследаванне Я.Л. Неміроўскага “Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць беларускага асветніка” ( на рус. м.) і інш. У Падуанскім універсітэце (Італія) і ў чэшскай Празе, дзе жыў і працаваў Францыск Скарына, былі ўстаноўлены ў яго гонар мемарыяльныя дошкі.

У сакавіку 1994 г. была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, яна зафіксавала тыя істотныя зрухі і дасягненні ў грамадска-палітычным жыцці, у прававым замацаванні дэмакратычных норм грамадзян незалежнай дзяржавы, рабоце яе нацыянальных інстытутаў. Былі створаны новыя ўмовы (і новыя адносіны) для развіцця нацыянальнай культуры, адукацыі, навукі, якія вызначалі новы змест навучання і выхавання, тэматыку гуманітарных даследаванняў, што ўлічвалі гістарычныя традыцыі і былі зарыентаваны на нацыянальныя інтарэсы краіны.