Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
18
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Станаўленне акадэмічнай навукі

Працэс нацыянальна-культурнага адраджэння, які стаў ідэйным крэда перабудовы грамадства і актыўна ўплываў на сутнасць і змест дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі 1920-х гадоў, лагічна падводзіў да стварэння прафесійнага навукова-даследчага цэнтра, які павінен быў абагуліць наяўны вопыт і веды па айчыннай гістарыяграфіі, падвесці навуковую базу пад будаўніцтва беларускай дзяржаўнасці, закласці трывалы падмурак нацыянальнай адукацыі і культуры. “Наша ніва” і новая беларуская літаратура заклалі рэальныя асновы новага культурнага адраджэння, наглядна засведчылі існаванне на еўрапейскім абшары самастойнага славянскага народа са старажытнай гісторыяй і самабытнай культурай. Аднак жа мова “Нашай нівы” была ў асноўным мастацкай і базіравалася на жывой, народнай аснове, яна не ахоплівала ўвесь дыяпазон навуковых ведаў, бо прафесійная адукацыя на ёй доўгі час была забаронена. Аб вяртанні старабеларускай (літвінскай) мовы, дзяржаўнай мовы Вялікага княства Літоўскага, не магло быць гаворкі: яна амаль не функцыянавала ў справаводстве і афіцыйным ужытку на працягу апошніх двух стагоддзяў і фактычна стала мёртвай. Цяпер настаў той час, калі народ, які атрымлівае прызнанне і дзяржаўнасць ці нават абмежаваную культурную аўтаномію, павінен мець рэальную магчымасць развіваць уласныя інстытуты, навуку, адукацыю, культуру на роднай мове.

Інстытут беларускай культуры(1922—1928)

Ужо ў пачатку 1921 г. абмяркоўвалася пытанне аб стварэнні нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра. На падрыхтоўчай стадыі была створана Навукова-тэрміналагічная камісія (люты, 1921) для распрацоўкі беларускай тэрміналогіі, тлумачальнага слоўніка ў розных сферах навуковых ведаў. Камісія складалася з трох секцый: гуманітарнай, прыродазнаўчай і матэматычнай. Яе штат першапачаткова налічваў усяго 15 супрацоўнікаў. Неўзабаве былі падрыхтаваны беларускія тэрміналагічныя слоўнікі і распачалася падрыхтоўка падручнікаў для школ. Падручнікі былі ў хуткім часе выдадзены ў Германіі, бо сваёй добрай выдавецкай базы не было. Тэрміналагічная камісія заклала асновы навуковай лексікі, паняційнага апарату ў розных абласцях айчыннай навукі.

Прайшоў год плённай працы, і на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), ён адчынены 30 студзеня 1922 г.. Штат Інстытута складалі правадзейныя члены, члены-карэспандэнты і члены-супрацоўнікі. Правадзейнымі членамі маглі стаць вядомыя дзеячы навукі, культуры і літаратуры. Яны, як і простыя (шараговыя) супрацоўнікі, выбіраліся на тры гады. У ліку першых правадзейнымі членамі Інбелкульту былі выбраны Янка Купала, Якуб Колас, Яфім Карскі. Праз два гады штат Інстытута павялічыўся з 15 да 56 членаў, яго старшынёй стаў мовазнаўца Сцяпан Некрашэвіч, якога змяніў у хуткім часе Усевалад Ігнатоўскі.

У 1924 г. урадам БССР зацверджаны Статут Інбелкульта, паводле якога той станавіўся вышэйшай навуковай установай рэспублікі. Адначасова ён быў часткова рэарганізаваны, пашырана структура і кадравы склад. У Інстытуце працавалі наступныя аддзелы (секцыі): беларускай мовы і літаратуры (пры аддзеле створана камісія па рэформе беларускага правапісу); беларускага мастацтва (з падсекцыямі тэатральнага, музычнага і выяўленчага мастацтва); этнаграфічная секцыя; гісторыка-археалагічная; прававая; секцыя па вывучэнню рэвалюцыйнага руху. У асобныя падраздзелы былі вылучаны прыродазнаўчая, медыцынская і сельскагаспадарчая секцыі. Пры Інстытуце функцыянавалі і пастаянныя навуковыя камісіі: галоўная тэрміналагічная (праца па распрацоўцы навуковай тэрміналогіі працягвалася), слоўнікавая, бібліяграфічная, па ахове помнікаў старажытнасці, мастацтва і прыроды. Тут жа працавала і Цэнтральнае бюро краязнаўства, створанае як асобная ўстанова яшчэ ў 1923 г.

Аднак ніякія структурныя рэформы і перабудовы не маглі даць належных вынікаў без вопытных і выдатна падрыхтаваных спецыялістаў, кваліфікаваных кадраў навукоўцаў. Апрача падрыхтоўкі маладых спецыялістаў праз аспірантуру, Інбелкульт запрашаў да сябе на працу знакамітых навукоўцаў старой дарэвалюцыйнай школы, вядомых дзеячаў культуры. З Ленінграда быў запрошаны вядомы мовазнавец і літаратар, адзін з кіраўнікоў беларускага выдавецтва ў Санкт-Пецярбургу “Загляне сонца і ў наша аконца” прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла; у Інбелкульце ён узначаліў камісію па складанню слоўніка жывой беларускай мовы. З Магілёва прыехаў прафесійны архівіст і дакументазнаўца Дзмітрый Даўгяла, працаваў у Дзяржаўнай камісіі па вяртанню архіваў Беларусі з Расіі, з 1929 – дырэктар бібліятэкі Акадэміі Навук БССР. З Баку быў запрошаны М. Доўнар-Запольскі, які ўзначаліў гісторыка-археалагічную секцыю Інбелкульта.

У 1926 г. Інбелкульт быў вылучаны з ведамства Наркамасветы і падпарадкаваны непасрэдна Савету Народных Камісараў БССР. Яго ўзначаліў У.Ігнатоўскі; наркомам асветы, у сваю чаргу, быў прызначаны Антон Баліцкі. У кастрычніку 1926 г. інстытут налічваў у сваім складзе 224 супрацоўнікі, у тым ліку 83 правадзейных члены. Больш за палову супрацоўнікаў (137 чалавек) складалі беларусы, затым ішлі яўрэі (45), палякі (23), рускія.1 Трэцюю частку ўсяго калектыву (73 чал.) складала “партыйная праслойка”.

Збор і апрацоўка шматлікіх дакументаў па гісторыі і культуры Беларусі, іх асэнсаванне і ўключэнне ў кантэкст навуковых даследаванняў, падрыхтавалі базавую аснову для беларускай гуманітарнай навукі. Тут былі задзейнічаны не толькі мясцовыя беларускія даследчыкі, дзеячы культуры, але і выхадцы з іншых краёў, якія плённа працавалі на ніве беларускага адраджэння. Для іх Беларусь стала другой радзімай. Сярод апошніх – прафесар рускай літаратуры Іван Замоцін; ён за кароткі час вывучыў беларускую мову і стаў аўтарытэтным спецыялістам у беларускім літаратуразнаўстве і педагогіцы вышэйшай школы. Згадаем таксама Аляксандра Вазнясенскага, выпускніка Варшаўскага універсітэта, прафесара беларускай і рускай літаратуры, даследчыка гісторыі і паэтыкі творчасці беларускіх класікаў, Сцяпана Мельніка, вядомага батаніка і лесавода, прафесара Горацкага сельскагаспадарчага інстытута, а пазней дырэктара Батанічнага сада АН БССР, добра вядомых нам Уладзіміра Пічэту, Міколу Шчакаціхіна і многіх іншых.

Літаратуразнаўчыя працы М.Гарэцкага, І.Замоціна, А.Вазнясенскага, Я.Барычэўскага закладвалі тэарэтычны падмурак новай літаратурнай крытыцы і беларускаму літаратуразнаўству, нейтралізавалі (наколькі гэта было магчыма ў той час) пагрозу, якая ішла ад вульгарнай сацыялогіі і якая цалкам ігнаравала эстэтычную прыроду мастацтва1. Грунтоўныя працы гэтых даследчыкаў “Гісторыя беларускае літаратуры” (М. Гарэцкі), “Пуціны беларускай літаратуры”, “Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні” (І.Замоцін), “Паэтыка М.Багдановіча”, “Паэмы Янкі Купалы” (А.Вазнясенскі), “Паэтыка літаратурных жанраў”, “Тэорыя санета” (Я.Барычэўскі) вызначылі найбольш перспектыўныя напрамкі ў гісторыі беларускай літаратуры і адначасова паслужылі вучэбнымі дапаможнікамі пры падрыхтоўцы філолагаў у ВНУ.

Інстытут беларускай культуры ўдзяляў шмат увагі этнаграфіі і фальклору. Навукоўцы ўстанавілі цесныя сувязі з мясцовымі краязнаўцамі па ўсёй рэспубліцы, разам з імі сабралі багацейшы архіў – дзесяткі тысяч фальклорных твораў розных жанраў – народных казак, песень, частушак (больш за 12 тыс.), прымавак загадак і інш. У 1926 г. апантаны руплівец і збіральнік каштоўных “россыпаў народнай мудрасці” на Палессі А.К.Сержпутоўскі выдаў свой зборнік “Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павету”, куды ўвайшлі таксама матэрыялы з Палесся, якія ён збіраў на працягу 30 гадоў. У 1927—1928 гг. выйшаў з друку зборнік фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў А.Шлюбскага. Пільную ўвагу вывучэнню вусна-паэтычнай творчасці беларусаў удзяляў і М.Гарэцкі. Апрача тэарэтычных артыкулаў, ім быў апублікаваны зборнік песень (318) з мелодыямі, якія ён (разам з кампазітарам А.Ягоравым) запісаў ад сваёй маці Ефрасінні Гарэцкай у вёсцы Багацькаўка Мсціслаўскага раёну.

Да народных вытокаў звярталіся і беларускія мастакі ў пошуках свайго нацыянальнага стылю. Асабліва гэта яскрава праявілася ў творчасці аднаго з заснавальнікаў беларускай кніжнай графікі Анатоля Тычыны (1897—1986) і мастака шырокага творчага дыяпазону Міхаіла Філіповіча (1896—1947). Беларускія фальклорныя матывы, сюжэты, знакамітыя падзеі беларускай гісторыі знайшлі сваё мастацкае ўвасабленне ў жывапісных палотнах Філіповіча, назва якіх дакладна адлюстроўвае іх тэматыку: “Народнае гулянне”, “На Купалле”(1921), “Бітва на Нямізе (1922), “Беларускія сяляне на кірмашы”, “Ноч на Івана Купалу” (1925), Паўстанне Кастуся Каліноўскага”(1929) і інш. Яму належаць і 10 мастацкіх альбомаў, дакументальных замалёвак твораў народнага мастацтва і народных строяў з розных этнаграфічных рэгіёнах, у тым ліку “Беларускія ткацкія ўзоры”, “Народныя паясы”, “Віцебская набіванка”, “Беларускае народнае адзенне”, “Народная драўляная разьба” і інш. Мастакі звярнулі ўвагу і на адметную з’яву нашай мастацкай культуры – знакамітыя слуцкія паясы, якія былі выяўлены імі ў цэрквах Случчыны і іншых кутках Беларусі (тады гэтыя шэдэўры яшчэ можна было сустрэць у нашых храмах і музеях). У 1924 г.была выдадзена праца “Слуцкія паясы”; апрача ўласных матэрыялаў у працы былі выкарыстаны ўзоры слуцкіх паясоў, што захоўваліся ў музеях Ленінграда, Масквы, Смаленска.

Пры Інбелкульце працавала Камісія па вывучэнні гісторыі беларускага мастацтва, дзе былі задзейнічаны гісторыкі, этнографы, мастакі , музеязнаўцы. У 1928 г. выйшлі “Працы Камісіі гісторыі мастацтва” (т.1), а таксама “Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва” Міколы Шчакаціхіна, сістэматычнае даследаванне беларускага мастацтва ад старажытнасці да ХVI стагоддзя. Шмат увагі даследчык удзяляў культаваму дойлідству, манументальнаму жывапісу полацкіх храмаў, іканапісу, а таксама гравюрам і мастацкаму аздабленню кніг Ф.Скарыны, якім прысвечаны асобныя працы. Інбелкульт рыхтаваў і выдаваў серыі матэрыялаў па асобных навуковых напрамках, сярод іх: “Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах” (кн. 1—5, 1926—28), “Працы і матэрыялы па гісторыі і археалогіі Беларусі (кн. 1—3, 1926—27), “Беларускі архіў” (т. 1—2, 1927—28), “Запіскі аддзела гуманітарных навук і інш.