Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Metodichka_2.doc
Скачиваний:
8
Добавлен:
14.08.2019
Размер:
203.26 Кб
Скачать

2. Старажытны перыяд развіцця беларускай мовы (11-14 стст.)

Асаблівасцю гісторыі беларускай літаратурнай мовы старажытнага перыяду з’яўляецца тое, што яна складвалася паступова, шляхам насычэння мясцовымі моўнымі рысамі тэкстаў на старажытнарускай літаратурнай мове – агульнай пісьмовай мове ўсходніх славян 11 – 14 ст. Таму вывучэнне гісторыі старабеларускай літаратурнай мовы прынята пачынаць з разгляду старажытнарускай літаратурнай мовы як зыходнага этапу ў гісторыі кожнай з усходнеславянскіх моў. Праблеме паходжання і развіцця літаратурнай мовы ўсходніх славян прысвечана вялікая навуковая літаратура. Аднак некаторыя пытанні ўсё яшчэ застаюцца спрэчнымі і канчаткова нявырашанымі. Паміж даследчыкамі няма адзінства поглядаў адносна часу ўзнікнення пісьменства ва ўсходніх славян, характару ўзаемадзеяння моў і інш.

У наш час большасць даследчыкаў сцвярджае, што ў Старажытнай Русі існавала літаратурнае двухмоўе. Яго прадстаўляла:

1). Царкоўнаславянская (стараславянская) літаратурная мова двух тыпаў:

а). Уласнацаркоўнаславянская (мова богаслужэбнай і блізкай да яе літаратуры);

б). Славяна-руская мова (мова арыгінальных твораў).

2). Старажытнаруская літаратурная мова таксама двух тыпаў:

а). Мова мастацкай літаратуры;

б) Мова дзелавога пісьменства.

Да помнікаў царкоўнаславянскай мовы эпохі Кіеўскай Русі адносяцца перапісаныя са старабалгарскіх арыгіналаў евангеллі і псалтыры, а таксама арыгінальныя творы: “Жыціе Феадосія Пячэрскага”, “Сказанне пра Барыса і Глеба” мітрапаліта Іларыёна і іншыя.

Старажытнаруская літаратурная мова адлюстравана ў такіх творах, як “Аповесць мінулых гадоў”, “Слова пра паход Ігаравы”, “Руская праўда” і іншыя.

З арыгінальных рэлігійных твораў асабліва вылучаюцца словы, казанні і павучанні прамоўцы і публіцыста 12 ст. Кірылы Тураўскага, а таксама Аўраамія Смаленскага, Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына.

У беларускім пісьменстве старажытнага перыяду беларуская пісьмовая мова мела назву “русский языкъ”. Азначэнне “русский” гэтага тэрміна паходзіць ад этноніма “Русь”, якім у ВКЛ абазначалася тая частка насельніцтва, што ўваходзіла ў склад гэтага княства. Назва “белорусский языкъ” пачала ўжывацца толькі ў сярэдзіне 17 ст. ў Рускай дзяржаве.

3. Дзяржаўны статус беларускай мовы у Вялікім княстве Літоўскім

На працягу 14 – 16 ст. пачала складвацца беларуская народнасць з асаблівай ёй мовай, асноўныя асаблівасці якой захаваліся да нашага часу. Аднак кніжнікі гэтага часу ў пісьменстве строга прытрымліваліся традыцыйных старажытнарускіх норм, таму новыя моўныя рысы ў пісьмовых помніках на першых парах адлюстроўваліся толькі зрэдку ў выглядзе паасобных апісак. Прыкладна з сярэдзіны 15 ст. пісьменства на тэрыторыі Беларусі насычаецца спецыфічна беларускімі асаблівасцямі ў такой меры, што пачынаючы з гэтага часу ёсць ужо падставы гаварыць пра беларускую літаратурную мову, якая сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі рысамі прыкметна адрознівалася ад старажытнарускай літаратурнай мовы, але не перарвала сувязі з ёй.

На Беларусі ў 15 – першай палове 17 ст. самым распаўсюджаным было дзелавое пісьменства. Да яго адносяцца акты, дагаворы і статуты. Распаўсюджанню гэтага віду пісьма садзейнічаў той факт, што ў ВКЛ, у склад якога ўваходзіла тады Беларусь, беларуская мова стала дзяржаўнай. На беларускай мове выходзяць дзелавыя дакументы літоўскіх князёў - Ягайлы,Альгерда, Вітаўта, прызначаныя для ВКЛ. Моўныя нормы гэтых дакументаў служылі ўзорамі і аказвалі ўздзеянне на іншыя жанры тагачаснага беларускага пісьменства.

Выпрацаваныя ў 15 і пачатку 16 ст. важнейшыя заканадаўчыя акты і кодэксы пазней былі сістэматызаваны і аформлены ў выглядзе статутаў ВКЛ трох рэдакцый – 1529, 1566 і 1588 гг. Буйным помнікам канцылярскага пісьменства з’яўляецца Метрыка ВКЛ, дзе змяшчаюцца дакументы ад 14 да канца 18 ст. У склад Метрыкі ўваходзяцьразнастайныя па змесце і форме дакументы, якія выдаваліся літоўскімі князямі і польскімі каралямі, сеймам і арадавымі асобамі або паступалі ад іх да іншаземных урадаў, службовых і прыватных асоб. Дакументы Метрыкі напісаны пераважна на беларускай мове, пазнейшыя – на польскай і лацінскай мовах.

На беларускай мове вялася дакументацыя ў гарадскіх управах, земскіх і замкавых судах, яна выкарыстоўвалася ў дыпламатычнай і прыватнай перапісцы і г.д.

Сярод жанрава-стылёвых разнавіднасцей пісьменства эпохі беларускай народнасці адно з вядучых месц належыць свецка-мастацкай літаратуры. Самым старажытным і пашыраным жанрам гэтага віду пісьменства з’яўляюцца летапісы (Радзівілаўскі летапіс, летапіс Аўраамкі, Нікіфараўскі, Слуцкі). Летапісы (да “лето” – год, “піс” – напісанне) – уяўляюць сабой пагадовыя запісы гістарычных падзей ў мінулыя часы. У летапісах падаваліся звесткі з гісторыі ВКЛ, расказвалася пра радаслоўную літоўскіх князёў. Многія летапісы насілі мясцовы характар.

У гэты ж час пачалі з’яўляцца і непасрэдныя пераклады на беларускую мову асобных рэлігійных твораў (“Пакуты Хрыста”, “Аповесць пра трох каралёў вешчуноў”, “Жыціе Аляксея, чалавека божага” і іншыя), а таксама асобных біблейскіх кніг. З іх самым раннім лічыцца пераклад канца 15 ст. “Песні песням”. У гэтым жа кірунку праходзіць і дзейнасць беларускага першадрукара, асветніка Францыска Скарыны, які на працягу 1517 – 1519 гг. Зрабіў пераклад большай часткі кніг Старога Запавету. Захаваўшы царкоўнаславянскую аснову, Скарына насыціў пераклад беларускімі рысамі. У сваіх выданнях асобныя незразумелыя царкоўна-славянскія словы Скарына тлумачыў на тагачаснай беларускай літаратурнай мове (глосы) – гэта і трэба лічыць пачаткам перакладной дзейнасці і тлумачальнай лексікаграфіяй. Скарына замацаваў родную мову у Бібліі як “боскую” побач з класічнымі агульна-прызнанымі лацінскай, грэчаскай, стараяўрэйскай.

З’яўленне на беларускай мове арыгінальных рэлігійных твораў звязана з імем Сымона Буднага. У 1562 г. Будны ў Нясвіжы на беларускай мове выдаў дзве кнігі – “Катэхізіс” і “Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам”.

Значным крокам у пашырэнні ролі беларускай мовы ў рэлігійнай сферы было выданне на беларускай мове каля 1580 г. Васілём Цяпінскім “Евангелля”. Тут беларускі змест змешчаны паралельна з царкоўнаславянскім. Дзякуючы гэтаму, даследчыкі маюць магчымасць выявіць адрозненні ў тагачаснай беларускай літаратурнай мове і царкоўнаславянскай.

Побач з друкаванымі рэлігійнымі творамі ў 17 ст. была створана вялікая колькасць рукапісных рэлігійных помнікаў на беларускай мове. Рукапісныя помнікі ў параўнанні з друкаванымі кнігамі больш поўна адлюстроўваюць жывую народную мову.

Пісьмовыя помнікі, на жаль, практычна не даюць ніякіх звестак пра тое, як праводзілася вывучэнне беларускай мовы ў той час. Можна не сумнявацца, што пры тагачасных манастырах і цэрквах, а таксама пры дварах буйных феадалаў існавалі школы, дзе вывучаліся “сем свабодных навук” – граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка. Аднак асноўным відам авалодвання пісьмовай мовай было практычнае навучанне прыватнымі асобамі па ўзорах пісьмовых тэкстаў. Толькі з канца 16 ст. беларуская мова стала абавязковым прадметам навучання ў правастаўных брацкіх школах, дзе вывучалася таксама польская, лацінская і грэчаская мовы.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]