Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Сильченко Н.В "Агульная тэорыя права"

.pdf
Скачиваний:
95
Добавлен:
18.02.2016
Размер:
4.27 Mб
Скачать

Дзяржава ўзнікае не як сродак прымірэння класаў, а як сродак у руках эканамічна пануючых класаў для ўтрымання свайго пануючага становішча, для класавага панавання. У адпаведнасці з класавым разуменнем грамадства і яго гісторыі было сфармулявана і азначэнне права, згодна з якім права з’яўляецца ўзведзенай у закон воляй эканамічна пануючага класа, якая вызначаецца матэрыяльнымі ўмовамі існавання пануючага класа.

Пытанні для самаправеркі

1. Як Вы лічыце, ці можна ўвогуле сфармуляваць «адзіна правільную» канцэпцыю (тэорыю) паходжання дзяржавы і права?

2.Ці можна шляхам абагульнення найбольш пераканаўчых момантаў асобных канцэпцый (тэорый) аб паходжанні дзяржавы і права сфармуляваць нейкі «інтэгральны» яе варыянт?

3.Чаму, абапіраючыся на адну і тую ж Святую кнігу – Біблію, прыхільнікі тэалагічнай канцэпцыі па-рознаму тлумачылі адны і тыя ж з’явы дзяржаўна-арганізаванага грамадства і права?

4.Як Вы думаеце, парушае ці не парушае вучэнне Фамы Аквінскага аб магчымасці звяржэння манархаў асноўныя моманты (пастулаты) тэалагічнай тэорыі аб вечнасці, нязменнасці і непарыўнасці дзяржаўнай улады?

5.Параўнайце паміж сабой асноўныя пастулаты тэалагічнай і патрыярхальнай тэорый паходжання дзяржавы і права, вызначце іх падабенства і пакажыце розніцу паміж імі.

6.Якія моманты і палажэнні дагаворнай дактрыны аб паходжанні дзяржавы і права з’яўляюцца метадалагічна прыдатнымі ў абгрунтаванні канцэпцыі прававой дзяржавы і тэорыі падзелу ўлады ў сучаснай практыцы дзяржаўна-прававога будаўніцтва?

7.Чаму дагаворная тэорыя паходжання дзяржавы і права знайшла найбольшае прызнанне і пашырэнне ў Еўропе?

8.Ці можна сёння выкарыстаць ідэі арганічнай тэорыі паходжання дзяржавы і права аб спецыялізацыі і інтэграцыі функцый у грамадстве пры даследаванні арганізацыі дзяржаўнай улады, заснаванай на прынцыпе падзелу ўлады?

9.Якія моманты ў марксісцкай тэорыі паходжання дзяржавы і права здаюцца Вам найбольш абгрунтаванымі?

10.У чым Вы бачыце падабенства тэорыі гвалту і марксісцкай (матэрыялістычнай) тэорыі (канцэпцыі) паходжання дзяржавы і права?

301

Тэма5. ПАНЯЦЦЕ,СУТНАСЦЬІАЗНАЧЭННЕДЗЯРЖАВЫ

1. Сутнасць і азначэнне дзяржавы.

2.Улада сацыяльная, палітычная і дзяржаўная. Прыметы дзяржаўнай улады (дзяржавы), якія адрозніваюць яе ад іншых відаў палітычнай улады.

3.Тыпалогія (класіфікацыя) развіцця дзяржаўнасці.

1.Сутнасцьіазначэннедзяржавы

Пад сутнасцю дзяржавы можна разумець устойлівыя ўласцівасці, адметнасці, якасці, якія заўсёды прысутнічаюць у дзяржаў- на-арганізаваным грамадстве, якія характарызуюць грамадства, арганізаванае ў дзяржаву, ці грамадства, арганізаванае як дзяржава, і якія забяспечваюць тоеснасць дзяржаўна-арганізаванага грамадства самому сабе. Тоеснасць забяспечваецца сістэмай (сукупнасцю) устойлівых і нязменных якасцей. Іншымі словамі, сутнасць дзяржавы – гэта самае ўстойлівае ў дзяржаве, гэта той змест дзяржавы, які робіць дзяржаву дзяржавай і без якога дзяржава не можа існаваць.

Для высвятлення ўстойлівых якасцей, уласцівых дзяржаве, выкарыстоўваюцца розныя падыходы. Адным з іх з’яўляецца тлумачэнне зместу тэрмінаў, з дапамогай якіх абазначаецца дзяржаў- на-арганізаванае грамадства. Этымалогія слова дазваляе вызначыць асобныя рысы вывучаемай з’явы. Вядома, што ў старажытных славянскіх летапісах і іншых крыніцах дзяржава (дзяржаўна-аргані- заванае грамадства) абазначалася рознымі тэрмінамі: «княства», «каралеўства», «зямля», «воласць», «горад». Пры гэтым тэрмінамі «княства», «каралеўства» абазначалі пераважна характар вярхоўнай улады ў дзяржаўна-арганізаваным грамадстве, а тэрміны «зямля», «воласць», «горад» выкарыстоўвалі для абазначэння тэрытарыяльных межаў дзяржаўна-арганізаванага грамадства, а таксама характару сувязей паміж вярхоўнай уладай і мясцовай уладай альбо ўладай, якая існавала ў пэўнай частцы дзяржаўна-арганізавана- га грамадства. Пасля таго, як быў знойдзены адзіны, універсальны тэрмін для абазначэння ўсіх праяў дзяржаўна-арганізаванага грамадства – дзяржава, далейшыя пошукі сутнасці дзяржаўна-арганізава- нага грамадства шляхам этымалогіі тэрміна сталі непрадуктыўнымі.

Другім з падыходаў да вызначэння сутнасці дзяржавы стаў пераважна эмпірычны шлях фармулявання найбольш адметных і ўстойлівых прымет, якія найбольш яскрава характарызавалі дзяр- жаўна-арганізаванае грамадства ў якасці адносна самастойнай

302

рэальнасці. Дадзены падыход дазволіў вызначыць, што самыя ўстойлівыя прыметы дзяржавы: а) наяўнасць у грамадстве асобнай публічнай улады, якая не супадае з усім насельніцтвам; б) наяўнасць насельніцтва, ад імя якога выступае дзяржава і інтарэсы якога яна вывучае і прадстаўляе; в) наяўнасць тэрыторыі, на якой стала пражывае насельніцтва, ад імя якога дзейнічае асобная публічная ўлада і на якой асобная публічная ўлада праяўляе сваю дзейнасць.

Пасля таго, як было вызначана, што ў асобнай публічнай уладзе ў канцэнтраванай форме, як у асобнай кроплі вады, адлюстроўваюцца ўсе адметнасці і ўласцівасці дзяржаўна-арганізаванага грамадства, задача вызначэння сутнасці дзяржавы спрасцілася. Стала патрэбным вызначыць самае галоўнае і самае ўстойлівае ў асобнай публічнай уладзе, якая заўсёды прысутнічае ў дзяржаўна-арга- нізаваным грамадстве і без якой дзяржаўна-арганізаванага грамадства не існуе. Найлепшым чынам гэта можна зрабіць шляхам адказу на два шчыльна ўзаемазвязаныя пытанні: а) як і чаму ўзнікла асобная публічная ўлада (дзяржава) у жыцці грамадства; б) якое прызначэнне мае асобная публічная ўлада (дзяржава) у жыцці грамадства.

Трэба адзначыць, што, нягледзячы на рознасць поглядаў сярод навукоўцаў аб прычынах і канкрэтна-гістарычных механізмах паходжання дзяржавы паміж імі, як уяўляецца, не існуе прынцыповых разыходжанняў у тым, што дзяржава ў выглядзе асобнай публічнай улады «вырасла» з патрэбаў самаго грамадства. Асобная публічная ўлада з’явілася ў грамадстве таму, што папярэдняя форма арганізацыі ўлады, якая была ўласціва першабытнаму грамадству, не магла ва ўмовах сацыяльнай неаднароднасці грамадства і існавання супярэчлівых інтарэсаў гарантаваць цэласнасць грамадства, забяспечыць неабходныя ўмовы для яго функцыянавання і самаразвіцця.

Больш складаным аказалася сфармуляваць адказ на пытанне аб прызначэнні асобнай публічнай улады ў жыцці грамадства. Справа ў тым, што гістарычны вопыт развіцця і функцыянавання асобнай публічнай улады сведчыць аб наступным: 1) дзяржава ў форме асобнай публічнай улады вельмі часта выкарыстоўвалася раней і выкарыстоўваецца сёння дзеля забеспячэння інтарэсаў нейкай часткі грамадства. Пры гэтым пад часткай грамадства разумеюць альбо пэўныя класы, касты ці нейкія іншыя групы насельніцтва; 2) асобная публічная ўлада (дзяржава) ва ўсе часы свайго існавання ў большай ці меншай ступені, але заўсёды, забяспечвала агульныя (агульнасацыяльныя) інтарэсы ўсёй супольнасці, ад імя якой яна заўжды выступала і якой яна кіруе.

303

Забеспячэнне, ажыццяўленне дзяржавай агульнасацыяльных інтарэсаў часта ў навуковай і навучальнай літаратуры абазначаецца ў якасці выканання дзяржавай функцыі «агульных спраў». Адначасова трэба адзначыць, што ў юрыдычнай літаратуры сустракаюцца меркаванні аб наяўнасці сярод функцый дзяржавы ў якасці самастойнай функцыі агульных спраў. Уяўляецца, аднак, што функцыя вядзення агульных спраў – гэта агульнасацыяльныя задачы, якія вырашае дзяржава ва ўсе часы свайго існавання. Праўда, склад, сістэма гэтых спраў мяняюцца, але яны заўсёды прысутнічаюць у кожнай дзяржаве. Агульныя справы прысутнічаюць у кожнай з тых самастойных унутраных і знешніх функцый, якія ўласцівы дзяржаве – у эканамічнай, сацыяльнай, палітычнай, прыродарэсурсавай і г.д.

Можна прывесці дастаткова гістарычных прыкладаў і доказаў на карысць таго, што сучасная цывілізаваная дзяржава (сучасная асобная публічная ўлада) аддае перавагу агульнасацыяльным інтарэсам. Але ў той жа час нельга сцвярджаць, што для гэтай дзяржавы не існуе паняцця «вузкакласавага» інтарэса і яна не ажыццяўляе такіх мерапрыемстваў і спраў, якія б адпавядалі інтарэсам асобных груп насельніцтва. Справа тут у тым, што ніводная дзяржава не можа адмовіцца ад таго, каб праводзіць у жыццё «вузкакласавыя інтарэсы». Дзяржава з’явілася на свет таму, што яна змагла забяспечыць такія інтарэсы. «Вузкакласавы інтарэс» – гэта «радзімая адмеціна» дзяржавы, ад якой яна не ў стане пазбавіцца. Разам з тым, асобная публічная ўлада, якая ўзнікла ў сацыяльна неаднародным грамадстве, не магла адмовіцца ад таго, каб забяспечыць агульнасацыяльныя інтарэсы, якія ўласцівы ўсёй супольнасці. Асобная публічная ўлада змяняе ўладу першабытнага грамадства і вымушана вырашаць тыя праблемы і пытанні, якія забяспечвала ўлада першабытнага грамадства.

Такім чынам, дзяржава адначасова вымушана ажыццяўляць як агульнасацыяльныя інтарэсы, так і інтарэсы вузкакласавыя. Забеспячэнне агульнасацыяльных інтарэсаў – гэта спадчына асобнай публічнай улады, якую яна атрымала ад улады першабытнага грамадства, а вырашэнне, забеспячэнне і абарона вузкакласавых інтарэсаў – «радзімая адмеціна» асобнай публічнай улады, ад якой дзяржава ніколі не ў стане пазбавіцца. Два гэтыя віды інтарэсаў асобная публічная ўлада павінна забяспечваць і вырашаць адначасова. І, больш таго, забяспечваючы агульнасацыяльныя інтарэсы, дзяржава праводзіць, як правіла, у жыццё адначасова і вузкакласавыя інтарэсы, як, дарэчы, і наадварот. Забеспячэнне тэрытарыяльнай

304

цэласнасці і незалежнасці дзяржавы адпавядае інтарэсам як маламаёмасных слаёў насельніцтва, так і багатых. Гэтае ж самае можна сказаць і аб дзейнасці дзяржавы па пераадоленню тэхнагенных катастроф і аварый, ахове прыроды і «ўзнаўленню» прыродных рэсурсаў. Барацьба з беднасцю, дапамога маламаёмасным слаям насельніцтва заўсёды ўмацоўваюць згоду і спрыяюць ўзаемапаразуменню ў грамадстве, служаць забеспячэнню яго адзінства і цэласнасці.

У кожнага інтарэса ёсць свае сацыяльныя носьбіты, свае «ўладальнікі». Асобная публічная ўлада можа спрыяць рэалізацыі і забеспячэнню вузкакласавых інтарэсаў да таго часу і моманту, пакуль гэта не будзе ісці на шкоду забеспячэння адзінства і цэласнасці грамадства, а, наадварот, будзе спрыяць адзінству, згодзе ў грамадстве і яго цэласнасці.

Іншая справа, калі размова ідзе аб інтарэсах самой асобнай публічнай улады і яе носьбітаў (дзяржаўных служачых, чыноўнікаў і г. д.). Прызначэнне дзяржавы, асобнай публічнай улады ў жыцці грамадства не мае на мэце забеспячэнне гэтай групы «вузкакласавых інтарэсаў». Наадварот, такія «вузкакласавыя інтарэсы» дзяржава не можа і не павінна забяспечваць, а тым больш супрацьпастаўляць іх агульнасацыяльным ці іншым відам «вузкакласавых інтарэсаў». «Вузкакласавыя інтарэсы» самой дзяржавы пры вызначэнні яе сутнасці, яе ролі ў жыцці грамадства не павінны прымацца пад увагу. Дзяржава ў гэтых варунках разглядаецца ў якасці асобнага полюса, асобнай сілы, а грамадства – той сферы дзейнасці, адносна якой вызначаецца прызначэнне дзяржавы. Менавіта адносна агульнасацыяльных інтарэсаў і «вузкакласавых інтарэсаў», якія ўласцівы грамадству, і вызначаецца місія дзяржавы ў жыцці грамадства, а інтарэсы самой дзяржавы і тых, хто ажыццяўляе асобную публічную ўладу, застаюцца за межамі адказу на пытанне аб прызначэнні асобнай публічнай улады ў жыцці грамадства.

Спалучыўшы адказы на два вышэйакрэсленыя пытанні, атрымаем наступны адказ. Асобная публічная ўлада (дзяржава) заканамерна вырастае з патрэб і супярэчнасцей сацыяльна неаднароднага грамадства, узвышаецца над супярэчнасцямі і інтарэсамі грамадства, з’яўляецца той матэрыяльна ўвасобленай сілай, якая знаходзіцца над супярэчнасцямі грамадства. Адначасова гэтая сіла ўздзейнічае на грамадства, вырашае разнастайныя агульнасацыяльныя і вузкакласавыя патрэбы і інтарэсы грамадства. Яна гарантуе пры гэтым рэалізацыю інтарэсаў розных груп насельніцтва цывілізаваным шляхам і ў цывілізаваных формах і забяспечвае тым са-

305

мым цэласнасць грамадства, мір і спакой у грамадстве, самаразвіццё грамадства.

Па сваёй сутнасці дзяржава (асобая публічная ўлада) з’яўляецца ва ўмовах сацыяльна неаднароднага грамадства адзіна магчымай сілай (арганізацыяй, інстытутам), якая вырастае з супярэчнасцей грамадства, знаходзіцца над імі, утрымлівае іх і гарантуе (забяспечвае) вырашэнне ў цывілізаваных формах у інтарэсах усёй супольнасці, асобных яе груп і індывідаў.

Дзяржава існуе ў трох формах, мае тры іпастасі свайго існавання.

Па-першае, дзяржаўна-арганізаванае грамадства першапачаткова фармуецца і доўгі час існуе ў форме асобнай публічнай улады, якая не супадае з інтарэсамі ўсяго насельніцтва. Наяўнасць дадзенай улады праяўляецца ў наяўнасці асобай групы людзей, якія займаюцца толькі тым, што ажыццяўляюць асобную публічную ўладу. Наяўнасць дадзенай улады не дарэмна лічыцца самай істотнай прыметай дзяржавы. Без яе дзяржава ўвогуле існаваць не можа. І не дарэмна некаторыя навукоўцы вызначаюць сутнасць дзяржавы ў якасці асобнага публічна-прававога саюза, падкрэсліваючы, што самай істотнай рысай дзяржавы з’яўляецца асобная публічная ўлада.

Па-другое, існаванне асобнай публічнай улады, якая выдзелілася з грамадства, стала асобным відам грамадска-карыснай працы і ўвасобілася ў асобнай групе прафесійных кіраўнікоў, што асэнсоўваецца ў грамадскай свядомасці як непазбежны і патрэбны для грамадства факт у форме палітычнай свядомасці. Асэнсаванне прыроды асобнай публічнай улады і яе прызначэння ў жыцці грамадства – непазбежная і заканамерная форма існавання дзяржаўнай улады.

Па-трэцяе, асобная публічная ўлада, якая ажыццяўляецца асобнай групай прафесійных кіраўнікоў і асэнсоўваецца ў якасці заканамернага і непазбежнага факта існавання грамадства ва ўмовах яго сацыяльнай неаднароднасці, арганізоўваецца і знаходзіць свае «матэрыяльнае» ўвасабленне ў сістэме органаў і ўстаноў. Дадзеная форма існавання дзяржавы сведчыць аб тым, што яна набывае цалкам завершаны выгляд, цывілізаваную форму існавання.

Самыя першасныя дзяржаўныя ўтварэнні, ці тыя дзяржаўныя ўтварэнні, якія складваюцца на рэштках разбураных дзяржаў, не выпадкова называюцца варварскімі дзяржавамі, напрыклад, варварскія каралеўствы, якія ўзніклі на рэштках Рымскай імперыі, бо на самых першасных этапах свайго існавання яны маюць толькі

306

самую першасную форму існавання і праяўлення дзяржавы – асобны слой людзей, прафесійных кіраўнікоў, якія выконваюць асобную публічную ўладу. Можна разбурыць апарат, можна дэфармаваць палітычную свядомасць, але дзяржава як асобная сацыяльная рэчаіснасць будзе існаваць, праўда, у варварскім выглядзе. Але вось калі не існуе асобнай публічнай улады, якая ўвасабляецца ў асобнай групе людзей, не існуе і дзяржавы.

Далейшая логіка лекцыйнага курса заснавана на паслядоўным выкладанні і вывучэнні трох акрэсленых форм існавання дзяржавы. Пасля вызначэння сутнасці дзяржавы разглядаецца парадак арганізацыі асобнай публічнай улады. Гэта праблематыка разглядаецца ў тэме аб форме дзяржавы. Затым у тэме аб функцыях дзяржавы асвятляюцца праблемы функцыянавання дзяржавы і вывучаецца яе ўздзеянне на грамадства. І, нарэшце, у тэме аб апараце (механізме) дзяржавы ажыццяўляецца аналіз трэцяй формы яе існавання, яе матэрыяльнага ўвасаблення. Палітычная свядомасць і палітычная навука ў сучасных вучэбных планах і вучэбных праграмах па падрыхтоўцы спецыялістаў-юрыстаў вывучаюцца ў межах асобнай вучэбнай дысцыпліны – паліталогіі.

2.Уладасацыяльная,палітычнаяідзяржаўная. Прыметыдзяржаўнайулады(дзяржавы), якіяадрозніваюцьяеадіншыхвідаўпалітычнайулады

Сацыяльная ўлада з’яўляецца атрыбутам функцыянавання чалавечай супольнасці ва ўсе часы яе існавання. Сацыяльная ўлада – неабходная ўмова арганізацыі жыццядзейнасці грамадства і вельмі важны сродак забеспячэння яго адзінства, цэласнасці і самаразвіцця. Сутнасць і арганізацыя сацыяльнай ўлады заўсёды адэкватны зместу эканамічнай і сацыяльнай структур грамадства. З пераменамі ў гэтых сферах існавання чалавечай супольнасці мяняюцца арганізацыя і змест сацыяльнай улады. У сваю чаргу сацыяльная ўлада аказвае значны ўплыў на арганізацыю і функцыянаванне эканамічнай і сацыяльнай структур чалавечай супольнасці.

Станаўленне дзяржаўна-арганізаванага грамадства суправаджалася прынцыповымі зменамі ў сутнасці і арганізацыі сацыяльнай улады. У сацыяльна неаднародным грамадстве сацыяльная ўлада надалей не ў стане адлюстроўваць і забяспечваць у роўнай ступені інтарэсы ўсёй супольнасці, яна трансфармавалася ў публічную ўладу, якая не супадае з інтарэсамі ўсёй супольнасці. Асобная публічная ўлада выдзелілася з супольнасці ў якасна самастойны

307

від грамадска карыснай працы, чалавечай дзейнасці. Калі ў першабытным грамадстве сацыяльная ўлада супадала з насельніцтвам, то ў дзяржаўна-арганізаваным грамадстве яна ўзвышаецца над насельніцтвам. Узвышэнне асобнай публічнай улады над грамадствам азначае, што інтарэсы супольнасці і асобнай публічнай улады надалей ніколі не могуць быць тоеснымі.

У сацыяльна неаднародным грамадстве асобная публічная ўлада набыла такую якасць, якую можна абазначыць тэрмінам «палітычная». Асобную публічную ўладу называюць уладай палітычнай таму, што ў сваёй дзейнасці яна вымушана ўлічваць існуючыя ў грамадстве разнастайныя інтарэсы розных груп чалавечай супольнасці, узважваць гэтыя інтарэсы, прымаць іх пад увагу, прымаць на іх падставе агульнаабавязковыя для ўсёй супольнасці рашэнні. Сэнс палітычнасці, з’ява палітычнасці, такім чынам, зводзіцца да таго, што рашэнні асобнай публічнай улады ні тэарэтычна, ні практычна не могуць адпавядаць інтарэсам усіх існуючых у грамадстве сацыяльных груп.

Барацьба асобных слаёў насельніцтва за валоданне асобнай публічнай уладай называецца палітычнай барацьбой. Тая група насельніцтва, якая валодае асобнай публічнай уладай, мае магчымасць надаць сваім інтарэсам агульнаабавязковае значэнне і наўпрост праз дзейнасць асобнай публічнай улады, асабліва матэрыялізаванай яе часткі, забяспечыць рэалізацыю сваіх інтарэсаў у грамадскіх адносінах. У сучасных дзяржавах барацьба за валоданне асобнай публічнай уладай ажыццяўляецца ў разнастайных формах, шляхам стварэння палітычных партый, іншых аб’яднанняў і арганізацый палітычнага характару, суправаджаецца арганізацыяй і правядзеннем палітычных кампаній, выбараў і г. д.

Такім чынам, ва ўмовах сацыяльна неаднароднага грамадства сацыяльная ўлада мяняецца, ускладняецца. З’яўленне асобнай публічнай улады не азначае, што, акрамя яе, у грамадстве больш не існуе ніякіх іншых праяў сацыяльнай улады. Наадварот, падобна таму, як пры з’яўленні права, адбыўся распад монанарматыўнай сістэмы рэгулявання грамадскіх адносін на асобныя, адносна самастойныя віды правілаў паводзін, і ўзвышэнне права над усімі астатнімі відамі нарматыўных рэгулятараў, пераўтварэнне яго ў нарматыўны рэгулятар інтэгратыўнага характару, гэтаксама і пры з’яўленні асобнай публічнай улады адбылася дыферэнцыяцыя сістэмы сацыяльнага кіравання і ўлады. Асобная публічная ўлада вылучылася на першыя ролі ў сацыяльным кіраванні, пачала выконваць інтэгратыўныя функцыі адносна іншых праяў сацыяльнай

308

улады. Асобная публічная ўлада не ў стане замяніць сабой сацыяльную ўладу ў грамадстве цалкам. Яна сама з’яўляецца толькі адной з праяў сацыяльнай улады, дакладней, адной з самых важных праяў сацыяльнай улады. Іншыя праявы, іншыя віды сацыяльнай улады, напрыклад, улады бацькоўскай, родавай, пляменнай і г. д., уздзейнічаюць на асобную публічную ўладу, але знаходзяцца адносна яе ў падначаленым стане.

Пры распадзе сацыяльнай улады, якая была адзінай уладай першабытнага грамадства і супадала з насельніцтвам, на яе месцы фармуюцца розныя віды сацыяльнай улады. Гэтыя віды сацыяльнай улады ўсе разам і кожны паасобку не супадаюць з інтарэсамі тых сацыяльных груп, ад імя якіх яны дзейнічаюць. Іншымі словамі, усе віды сацыяльнай улады ў сацыяльна неаднародным грамадстве з’яўляюцца афіцыйнымі, публічнымі відамі ўлады. І толькі адзін з відаў публічнай улады, які з’явіўся ў сацыяльна неаднародным грамадстве, з’яўляецца асобнай публічнай уладай.

Асобная публічная ўлада ў дзяржаўна-арганізаваным грамадстве называецца дзяржаўнай уладай. Дзяржаўная ўлада адрозніваецца ад іншых відаў, форм сацыяльнай улады ў дзяржаўна-аргані- заваным грамадстве наступнымі прыметамі (рысамі):

1) дзяржаўная ўлада з’яўляецца адзінай уладай, якая выступае ад імя ўсёй супольнасці, прэзентуе ўсю супольнасць, незалежна ад жаданняў асобных груп насельніцтва і асобных грамадзян. Сучасная дзяржаўная ўлада атрымлівае такія «паўнамоцтвы» шляхам легітымацыі і легалізацыі, г. зн. перыядычнага пераабрання насельніцтвам на падставе норм дзеючага права;

2)дзяржаўная ўлада адрозніваецца ад іншых відаў улады ў дзяржаўнаарганізаваным грамадстве тым, што яна манапольна валодае і распараджаецца асобным спецыфічным апаратам кіравання і прымусу – армія, паліцыя, выведка, контрвыведка, турмы і г. д. Імкненне іншых відаў сацыяльнай улады стварыць аналагічныя сродкі кіравання і ажыццяўлення ўлады недапушчальна, гэта жорстка караецца дзяржаўнай уладай;

3)дзяржаўная ўлада, у адрозненне ад іншых відаў улады, манапольна валодае магчымасцю фармуляваць і выдаваць абавязковыя для ўсяго грамадства правілы паводзін (законы і іншыя віды крыніц права) і з дапамогай асобнага апарату кіравання і прымусу забяспечваць выкананне норм дзеючага права на тэрыторыі ўсёй дзяржавы і адносна ўсіх удзельнікаў грамадскіх адносін незалежна ад іх жадання;

309

4) дзяржаўная ўлада мае такую якасную ўласцівасць, якая завецца суверэнітэтам. Пад суверэнітэтам дзяржаўнай улады можна разумець абсалютнае вяршэнства дзяржаўнай улады над іншымі відамі сацыяльнай улады ў грамадстве ўнутры пэўнай краіны, самастойнасць дзяржаўнай улады пры вызначэнні ўнутранай і знешняй палітыкі і незалежнасць дзяржаўнай ўлады пры прыняцці рашэнняў ад дзяржаўнай улады, якая ўласціва іншым дзяржаўна-ўлад- ным утварэнням.

Вышэйакрэсленыя прыметы дазваляюць адмежаваць дзяржаўную (асобную публічную) уладу ад іншых праяваў сацыяльнай (публічнай) улады, якія суіснуюць адначасова, на адной і той жа тэрыторыі, у адным і тым жа дзяржаўна-арганізаваным грамадстве. Гэта трэба мець на ўвазе і не блытаць дадзеныя прыметы дзяржавы, што вельмі часта робіцца ў сучаснай вучэбнай літаратуры, з тымі прыметамі дзяржаўна-арганізаванага грамадства, якія дазваляюць дакладна акрэсліць яго адметнасці ў параўнанні з першабытным грамадствам і той уладай, якая існавала ў ім, правесці «гістарычныя межы» паміж першабытным і дзяржаўна-арганізаваным грамадствам.

Як вядома, для ўлады характэрна наяўнасць двух шчыльна ўзаемазвязаных кампанентаў (элементаў). Па-першае, улада фармулюе мэты і задачы развіцця, выяўляе пэўныя памкненні па развіццю ў пэўным кірунку (волю). Па-другое, улада заўсёды валодае пэўнымі сродкамі дасягнення мэтаў і вырашэння задач. Сродкамі ўлады могуць быць разнастайныя матэрыяльна-фінансавыя рэсурсы, духоўныя каштоўнасці, сацыяльныя групы насельніцтва, іх арганізацыі, з дапамогай якіх улада дасягае сваіх мэтаў і вырашае пэўныя задачы. Кожны від сацыяльнай улады валодае сваімі адметнымі сродкамі дасягнення мэтаў і вырашэння задач і кожны з відаў сацыяльнай улады фармулюе свае адметныя мэты і задачы, якія адпавядаюць прыродзе і характару ўлады. Напрыклад, бацькоўская ўлада не можа абапірацца на сродкі прымусу, якімі карыстаецца дзяржаўная ўлада.

У навуковай і вучэбнай юрыдычнай літаратуры выкарыстоўваюцца два шчыльна ўзаемазвязаныя паняцці, якія вельмі часта прымяняюцца як сінонімы – паняцце (тэрмін) дзяржаўнай улады і паняцце (тэрмін) дзяржавы. Але кожнае з гэтых паняццяў мае сваю спецыфіку, таму варта высветліць сітуацыю. Паколькі, як нам вядома, асобная публічная ўлада (дзяржаўная ўлада) у канцэнтраваным выглядзе прадстаўляе ўсё дзяржаўна-арганізаванае грамадства, то мы маем права паставіць знак роўнасці ці нават тоеснасці паміж

310